Сужэнская любоў

( 5 Votes )


Хвала Пану! Хацелася б сёння закрануць з Вамі тэму, без якой не магчыма ўявіць існаванне шчаслівай хрысціянскай сям’і – гэта сужэнская любоў.Не так даўно многія сужонкі віншавалі адзін аднаго з Днем усіх закаханых. І спадзяюся на тое, што многія яшчэ раз падзякавалі Пану Богу за сваю жонку(мужа), без якіх мы сёння не можам уявіць сваё жыццё. А што такое сужэнская любоў і якой яна павінна быць?

Сужэнская любоў з’яўляецца спецыфічным родам любові. Гэта любоў па-сапраўднаму чалавечая, гэта значыць, цялесная і духоўная, яна ахоплівае ўсе ўзроўні і сферы існавання чалавека(пачуцці, інстынкты, эмоцыі, розум).

Для гэтай любові характэрна таксама яе паўната, бо яна не абмяжоўваецца частковымі адносінамі паміж сужонкамі, але імкнецца да поўнага паяднання асобаў. Таму што сужонкі дзеляць паміж сабою ўсе праблемы штодзённага жыцця. Такая любоў – гэта ўменне ўважліва прыслухоўвацца да патрэбаў і справаў іншага чалавека. Сужэнская любоў- гэта своеасаблівая форма сяброўства паміж сужонкамі.
У сваю чаргу такія рысы любові як вернасць і выключнасць забяспечаць сужэнцам шчасце і пачуццё бяспекі. Навучаць іх адкрытасці і ўзаемнаму даверу. Сужэнская любоў адзначаецца таксама плоднасцю, гэта значыць, яна арыентавана на патомства і прымае яго ад Бога з вялікай радасцю.
Для кахання характэрна поўнае адданне сябе каханай асобе.Каб адорваць сабою, трэба спачатку сабою валодаць, а значыць быць сталым, адказным чалавекам. Гэта не можа стацца пад уплывам толькі мімалётных пачуццяў , але тут павінен быць свядомы і свабодны выбар , паводле якога чалавек шукае сапраўднага дабра для каханай асобы і гатовы прыносіць ахвяры дзеля яе. Абое павінны адчуваць сябе адказнымі адно за аднаго. Каханне заключаецца , з аднаго боку, у аддаванні сябе, а з другога боку-у прыняцці гэтага дару. Такім чынам аддаванне з’яўляецца адначасова прыняццем. Пры гэтым узаемны дар самога сябе, калі гэта сапраўдная любоў, павінен выключаць эгаізм.
« Калі задавальненне, бяспека і развіццё іншай асобы становяцца для цябе такімі ж важнымі, як твае ўласныя задавальненне, бяспека і развіццё, то гэта любоў», - сказаў амерыканскі псіхіятр Суліван. На практыцы гэта азначае, што мы гатовыя адмовіцца ад асабістых выгодаў, прысвяціць свой час і нават рызыкаваць уласнай бяспекай, каб забяспечыць развіццё, задавальненне і бяспеку іншай асобы. Мы не ставім ёй ніякіх умоваў, якія яна павінна выканаць, каб заслужыць любоў.
Існуе меркаванне, што каханне с цягам часу ўжо не такое, як некалі да шлюбу або ў першыя гады сумеснага жыцця. З’яўляюцца дзеці, шматлікія клопаты, і праблемы на працы, і твае адносіны да мужа або жонкі перарастаюць ў звычку.Уласны прыклад маёй сям’і, а таксама іншых сем’яў, сяброў, дае мне права не згадзіцца з гэтым меркаваннем. Адносіны ў сям’і залежаць ад саміх сужонкаў. І ў сапраўднага кахання няма тэрміну прыдатнасці. З цягам часу яно толькі мацнее. І гэтаму сведчаць усім вядомыя словы з Бібліі (1 Кор 13, 4-8).
Распачайся Вялікі Пост, многія з нас даюць сабе пастановы, імкнуцца стаць лепшымі, імкнуцца зрабіць нешта добрае і карыснае для бліжніх. Пачніце са сваіх сужонкаў! Магчыма нейкія клопаты перашкаджаюць Вам праводзіць дастаткова часу з мужам (жонкай). Паспрабуйце стаць яшчэ бліжэй! Зрабіце камплімент, маленькі падарунак проста так, словы падзякі за прыгатаваную гарбату, запіска са словамі кахання. Усе гэтыя маленькія ўчынкі наблізяць Вас адзін да аднаго і ўнясуць промень сонца і пяшчоты ў Вашу сям’ю і адносіны.

 

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 240 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай. З’яўляемся беларускім сектарам міжнароднага руху сужанскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамант шлюбу.

life :) (025) 759 13 62
МТС (029) 570 48 45
Vel.: (029) 968 26 06
Чакаем навіны на um5@tut.by