Дэкрэт

( 0 Votes )

PONTIFICIUM CONSILIUM
PRO LAICIS
1652/02/АІС-18

ДЭКРЭТ

Суполкі Маці Божай узніклі ў Францыі ў 1938 годзе па ініцыятыве некалькіх сужэнстваў, якія з дапамогаю святара, кс. Анры Кафарэля, вырашылі ўвесці звычай штомесячных сустрэчаў, каб нанова разам адкрываць сэнс і багацце сакрамэнту сужэнства. Першая сустрэча суполкі адбылася ў Парыжы 25 лютага 1939 года. У хуткім часе гэтыя сужэнствы спазналі столькі ласкі ў сваім сужэнскім жыцці, што прыцягнулі да сябе шмат іншых сужэнстваў, якія хацелі выкарыстоўваць іх вопыт. 8 снежня 1947 была абвешчана Дэкларацыя Суполак Маці Божай, прызнаная ўстаноўчым актам руху.

Суполкі Маці Божай — гэта рух сужэнскай духоўнасці. Ён узнік для таго, каб адказаць на патрэбы хрысціянскіх сужэнстваў, якія прагнуць напоўніцу перажываць сакрамэнт сужэнства. Згодна са Статутам, Суполкі Маці Божай як «рух духоўнай фармацыі і аднаўлення дапамагаюць сваім сябрам развіваць у сабе любоў да Бога і бліжняга; заклікаюць да ўзаемнай братэрскай дапамогі, каб іх сябры — як асабіста, так і разам з сужэнцам — маглі згодна з Божаю воляю прымаць рэаліі сужэнскага, сямейнага, прафесійнага і грамадскага жыцця; абуджаюць у сужэнствах усведамленне іх евангелізацыйнай місіі ў Касцёле і свеце, якая заключаецца ў тым, каб даваць сведчанні сужэнскай любові і ажыццяўляць іншую дзейнасць у залежнасці ад іх выбару» (Статут, арт. 3).

Падкрэсліваючы сэнс і годнасць сужэнскай еднасці, Ян Павел ІІ ў Юбілейны Год сказаў, што «ў сакрамэнце сужэнства сужэнцы (...) стараюцца любіць адно аднаго і даваць свету сведчанне гэтай любові; любові моцнай і непарыўнай, такой, якою Хрыстус палюбіў свой Касцёл». Гэта «вялікая таямніца», як гаворыць св. Апостал Павел (Эф 5, 32) (Ян Павел ІІ, Гамілія на Юбілей Сем’яў, 15 кастрычніка 2000 года, 4).

Другі Ватыканскі Сабор і паслясаборавае вучэнне асаблівае значэнне надаюць супольнасным формам удзелу ў жыцці Касцёла і аказваюць ім вельмі глыбокую павагу і прызнанне (гл. Дэкрэт пра апостальства свецкіх Apostolicam actuositatem, 18, 19, і 21; Ян Павел ІІ, апостальская адгартацыя Christifideles laici, 29).

У гэтым жа духу на парозе трэцяга тысячагоддзя Папа Ян Павел ІІ піша: «для захавання еднасці вельмі важным абавязкам з’яўляецца падтрымка аб’яднанняў розных формаў, як традыцыйных, так і новых касцёльных рухаў, таму што яны надаюць Касцёлу жыццёвасць, якая ёсць Божым дарам і праяваю сапраўднай “вясны Духу”» (Апостальскі ліст Novo Millenio Ineunte, 46).

Таму,

• беручы пад увагу тое, што Папская Рада па справах свецкіх дэкрэтам ад 19 красавіка 1992 г. прызнала Суполкі Маці Божай міжнародным прыватным аб’яднаннем вернікаў кананічнага права, якое валодае правамоцай, і зацвердзіла іх Статут ad experimentum;

• адказваючы на просьбы, скіраваныя да Папскай Рады 11 сакавіка 2002 года Жэрарам і Марыяй-Крыстынай дэ Робэрці — адказных Міжнароднай суполкі Маці Божай — аб канчатковым прыняцці Статута;

• адначасова зацвярджаючы змены, уведзеныя ў тэкст Статута;

• беручы пад увагу апостальскае служэнне руху, якое назіраецца на працягу апошніх гадоў, і паглыбленне фармацыі сяброў Суполак Маці Божай, якія служаць сям’і і грамадству, дапамагаюць сужэнцам па-хрысціянску перажываць іх сужэнскае жыццё, адкрываць і рэалізаваць у штодзённым жыцці Божую волю адносна іх;

• згодна з артыкуламі 131–134 Апостальскай Канстытуцыі Pastor bonus пра Рымскую Курыю, а таксама з канонамі 312 § 1,1° Кодэкса Кананічнага Права, Папская Рада па справах свецкіх пастанавіла:

1) прызнаць рух Суполак Маці Божай міжнародным прыватным аб’яднаннем вернікаў, якое валодае правамоцай, згодна з канонамі 298–311 і 321–329 Кодэкса Кананічнага Права;

2) канчаткова зацвердзіць Статут Суполак Маці Божай, арыгінал якога захоўваецца ў архіве Папскай Рады па справах свецкіх.

 

Дадзена ў Ватыкане, дваццаць шостага ліпеня
дзве тысячы другога года, у дзень літургічнага ўспаміну
св. Яўхіма і св. Ганны, бацькоў благаслаўлёнай Панны Марыі

Станіслаў Рылко                   кард. Джэймс Франсіс Стафорд
сакратар                                                         прэзі
дэнт

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 110 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай. З’яўляемся беларускім сектарам міжнароднага руху сужанскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамант шлюбу.

life :) (025) 759 13 62
МТС (029) 570 48 45
Vel.: (029) 968 26 06
Чакаем навіны на um5@tut.by