Духоўнасць сужонкаў

( 1 Vote )

Узаемная дапамога

1. Без жывой веры не можа быць хрысціянскага жыцця. Няма жывой і развітай веры без рэфлексіі (разважанняў). Звычайна большасць хрысціянскіх сужэнстваў не практыкуюць медытацыі і паглыблення ведаў, бо недаацэньваюць іх вартасць, не маюць на гэта часу, духоўнага правадніка, навыкаў. Таму іх вера застаецца беднаю і кволаю, Божая воля і вучэнне Касцёла вядома ім толькі ў агульных рысах, фрагментарна. Нямногія ведаюць пра тое, што неабходна імкнуцца да еднасці з Богам. Яны маюць цьмянае ўяўленне пра рэаліі сямейнага жыцця: сужэнства, любоў, бацькоўства, выхаванне і г. д. У выніку яны малаактыўныя ў рэлігійным жыцці і не адкрываюцца на іншага чалавека. Сужэнствы Суполак Маці Божай імкнуцца пазбегнуць гэтага. І таму стараюцца паглыбляць свае рэлігійныя веды, прымаць вучэнне Хрыста, каб паводле яго фармаваць усё сваё жыццё. Над гэтым яны працуюць разам.

2. Суполкі імкнуцца не толькі пазнаваць Бога і Яго вучэнне, але і сустрэцца з Ім, таму да навучання і разважання неабходна далучыць малітву. У Суполках Маці Божай мы дапамагаем адно аднаму ў навучанні, разважаннях і малітве. Мы молімся разам, молімся адны за адных.

«Зноў жа, сапраўды, кажу вам, што, калі б двое з вас на зямлі згодна прасілі нейкай рэчы, то станецца ім ад Айца Майго, які ў нябёсах. Бо, дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 19–20).

Памятаючы абяцанне Пана, сужэнствы Суполак Маці Божай стараюцца памятаць пра прысутнасць Хрыста сярод іх і з радасцю і даверам практыкуюць супольную малітву.

3. Ці будзе дапамога сябрам у духоўным жыцці сапраўднаю, калі яна не дапамагае перажываць клопаты і цяжкасці? Менавіта таму сужэнствы Суполак Маці Божай дапамагаюць адны адным — як маральна, так і матэрыяльна, — выконваючы параду св. Паўла: «Насіце цяжар адзін аднаго і так выканаеце закон Хрыстовы» (пар. Гал 6, 2).

Гэтыя сужэнствы стараюцца спраўляцца з чацвярным патрабаваннем братэрскай любові: даваць, прымаць (што значна цяжэй, чым даваць), прасіць (яшчэ цяжэй), умець адмаўляць (у просьбе можна адмовіць, асабліва тады, калі яе выкананне немагчымае).

Узаемная дапамога павінна забяспечыць ім пачуццё бяспекі, якое многія чакаюць ад грошай.

Сведчанне

Першыя хрысціяне, пра якіх гаворыцца ў Дзеях Апосталаў (пар.4, 32): «Адзін дух і адно цела ажыўлялі ўсіх, хто верыў. Ніхто не называў сваім тое, чым валодаў, але ўсё мелі агульнае», — выклі калі здзіўленне ў паганаў: «Паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго». А гэтае здзіўленне выклікала жаданне далучыцца да іх. Хіба ў ХХ стагоддзі братэрская любоў страціла сваю моц выпраменьвання і захаплення, тую моц, якую мела ў першыя стагоддзі жыцця Касцёла? Сужэнствы Суполак Маці Божай перакананыя, што сёння, як і ў той час, няверуючыя будуць здабытыя для Хрыста, калі ўбачаць сужэнствы, якія любяць і дапамагаюць адны адным у пошуках Бога і ў служэнні бліжнім.         Такім чынам братэрская любоў, якая стаіць вышэй за ўзаемную дапамогу, становіцца сведчаннем.

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 104 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай! З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт сужэнства.

+375333829439, +375293730091