Сувязная пара

(Пераклад з польскай паводле дакумента: «Para łącznikowa»)


Дарагія сябры!

Адказная пара вашага сектара папрасіла вас быць «сувязною параю», г. зн. злучальным звяном паміж некалькімі суполкамі і рухам. Вы ж, цэнячы тое багацце, якое адкрылі для свайго сужэнства ў Руху Суполак Маці Божай, адказалі: «Цяпер нашая чарга ўнесці свой сціплы ўклад ў будаванне супольнасці». Такім чынам вы згадзіліся прыняць на сябе апостальскую адказнасць у нашай вялікай супольнасці. Выказваем вам за гэта вялікую ўдзячнасць!

Вы згадзіліся, хоць усведамлялі сваю слабасць, бо маеце давер да Бога, які гаворыць вам тое ж самае, што казаў св. Паўлу: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці» (2 Кар 12, 9). Перш за ўсё аддайцеся ў рукі Пана, каб ён мог дзейнічаць у вас і праз вас.

Самі ж рабіце ўсё, што дазваляюць чалавечыя магчымасці, каб гэтая сувязь захоўвалася і была эфектыўнай. Несумненна, у вас з’явіцца шмат пытанняў. Прачытайце гэты дакумент з вялікаю ўвагаю. Навучыцеся зазіраць у яго заўсёды, калі будзеце задаваць сабе тое ці іншае пытанне.

Не ўспрымайце яго занадта просталінейна. Кожная суполка, для якой вы будзеце забяспечваць сувязь з іншымі суполкамі і рухам, жыве сваім уласным жыццём, кожная мае сваю адметнасць. Вашая ж роля будзе заключацца ў падтрымцы і ўзмацненні гэтай адметнасці, а таксама ў тым, каб яна была ахопленая рамкамі, якія прапануе рух.

Даверцеся вопыту сваіх папярэднікаў — і такім чынам пазбегнеце многіх праблемаў. Разам з вамі мы просім Бога, каб Ён шчодра адарыў вас святлом і сілаю свайго Духу, каб дазволіў вам быць «сувязною параю», якая патрэбная давераным вам суполкам.

З братэрскаю любоўю,

Міжнародная адказная суполка

 

 

 

Хутчэй за ўсё, вам ужо здаралася прымаць на сябе пэўную адказнасць у грамадскай, прафесійнай, палітычнай або рэлігійнай сферы. Аднак жа, несумненна, вы спазналі якісьці страх, калі адказная пара вашага сектара прапанавала вам быць «сувязною параю».

Вы добра ведаеце, што азначае быць адказным у суполках Маці Божай, калі былі адказнымі ў вашай суполцы: гэтая адказнаць не падобная да якой-кольвек іншай. Па-першае, гэта духоўная адказнасць, якая пераўзыходзіць чалавечыя магчымасці. Па-другое, гэта адказнасць, якую прымаюць двое, — адказнасць сужэнскай пары.

Якая ж вашая роля ў такіх варунках? І як вы павінны яе выканаць? Дзякуючы вопыту вашых папярэднікаў вам удасца знайсці тое, з чаго складаюцца адказы на гэтыя два пытанні.

Адказы ж гэтыя згрупаваныя ў тры раздзелы:

А.1 Якую функцыю выконвае сувязная пара?

А.2 Якую яна нясе адказнасць?

А.3 Як працуе сувязная пара?

Тут вы таксама знойдзеце некалькі канкрэтных практычных парадаў.

 

А.1 Якую функцыю выконвае сувязная пара?

 

На самым пачатку існавання руху яго заснавальнік айцец А. Кафарэль штомесяц збіраў у сваім парыжскім бюро адказныя пары першых суполак: такім чынам адбывалася непасрэдная перадача інфармацыі.

У Францыі і Бельгіі вельмі хутка ўзнікалі новыя суполкі. Тады ў Парыжы было выбрана некалькі пар, якія з’яўляліся пасрэднікамі паміж новымі — «аддаленымі» — суполкамі і адказнымі з Парыжа, каб дапамагчы новым суполкам заставацца ў еднасці з рухам. Такім чынам з’явіліся першыя сувязныя пары.

Вельмі хутка аказалася, што адным з галоўных заданняў гэтых пар была арганізацыя добрай сувязі, каб суполкі мелі не толькі непасрэдны кантакт з рухам, але і паміж сабою ды дзякуючы гэтаму маглі дзяліцца досведам, практыкаваць узаемную дапамогу, дапамагаць адны адным у малітве. Адсюль паходзіць назва «сувязная пара».

Рух развіваўся далей. Трэба было ўтвараць новыя структуры. Сфера адказнасці сувязных пар была ўдакладнена і пашырана. На першы план выйшла заданне актывізацыі — анімацыі руху. Гэта асаблівае заданне, якое часам патрабуе нават мяккасці, незвычайнай далікатнасці і ўзаемнага даверу.

Пасля гэтага кароткага гістарычнага нарысу паспрабуем адказаць на пытанне: кім з’яўляецца сувязная пара ў суполках Маці Божай? Для гэтага засяродзімся на кожным са складнікаў пастаўленага пытання.

 

«Пара»

 

У суполках Маці Божай уся адназнасць кладзецца на сужэнскую пару.

Відавочна, абавязкі павінны быць раўнамерна падзелены паміж мужам і жонкаю ў залежнасці ад іх здольнасцяў, схільнасцяў і магчымасцяў. Сужэнцы разам задумваюцца над сваімі абавязкамі, разам прымаюць рашэнні, дзейнічаюць аднадумна. Яны дзеляцца адно з адным сваёй адказнасцю.

Гэта не заўсёды проста, кожны чалавек індывідуальны, мае свае ідэі, свае спосабы вырашэння праблем. І гэта важна. Такая рэчаіснасць. Але сужэнцы, паддаючыся дзеянню Духа Святога і карыстаючыся ласкамі сакрамэнту сужэнства, будуць у стане ўзяць на сябе поўную апостальскую адказнасць за суполку.

 

«Сувязная»

 

Слова «сувязь» азначае цесныя зносіны паміж кім-небудзь (гл. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы пад рэд. М.Р. Судніка, М.Н. Крыўко).

Ніводная пара не можа доўга жыць у ізаляцыі, у адарванасці ад супольнасці — так паказвае вопыт. Таму сувязная пара клапоціцца пра сувязь паміж некалькімі суполкамі (3–5) і рухам у абодвух кірунках, як мы ўбачым далей. Сувязь гэта не пасіўная, але асабовая, жывая, дынамічная — сувязь, якая служыць стварэнню супольнасці. Гэта не тая сувязь, якая правярае, заклікае да дысцыпліны, навязвае спосабы дзейнасці, але тая, якая дапамагае лепш разумець, выразней бачыць, распазнаваць, захоўваць трываласць і таварыскасць.

Вось у чым сэнс выразу «забяспечваць сувязь» — сэнс шырокі, але адначасова і глыбокі. І калі суполкі згодныя рэалізаваць гэтую сувязь з поўным узаемадаверам і пакораю, яна хутка стане для іх незаменным і верным сродкам, дапаможа ім атрымаць погляд на саміх сябе звонку, так неабходны для поспехаў у наследаванні Хрыста.

 

«У суполках Маці Божай»

 

Суполкі Маці Божай маюць сваю характэрную рысу. Сужэнцы прыходзяць у іх, шукаючы дапамогі суполкі на шляху да Пана. Яны прымаюць прынцып узаемнай дапамогі з выкарыстаннем сродкаў і метадаў, якія прапануе ім рух.

Гэта дакладна акрэсленае заданне, у рэалізацыі якога сувязная пара дапамагае суполкам, аддадзеным пад яе апеку. Таму яна павінна разумець неабходнасць бесперапыннага паглыблення сваёй фармацыі, ведаў пра дух, кірункі і метады дзеяння руху. Такім чынам яна будзе ў стане ацаніць іх поспехі ў зносінах і імкненні да лепшага жыцця. Многія суполкі абвінавачваюць рух у тых цяжкасцях, з якімі сутыкаюцца, у той час як на самай справе яны жывуць толькі карыкатураю таго, што прапануе ім рух.

 

А.2 Якую адказнасць нясе сувязная пара?

 

Сувязная пара саўдзельнічае ў агульнай адказнасці руху: дапамагчы сужэнствам лепш адказаць на словы Хрыста: «Ідзі за Мною».

Сувязной пары даручаецца ад  3 да 5 суполак на перыяд ад 4 да 5 гадоў. Яна павінна быць злучальным звяном, што падтрымлівае сувязь суполкі з рухам, як пра гэта вельмі добра выказалася адно з партугальскіх сужэнстваў: «Тое, што робіць сувязная пара, — гэта звяно ў ланцужку ўзаемнай дапамогі паміж малымі супольнасцямі, якімі з’яўляюцца нашыя суполкі, і большаю супольнасцю, якою з’яўляецца сектар. Прыняцце гэтай рэальнасці вымагае ад сужэнстваў поўнага ўсведамлення таго, што суполка — гэта не востраў, наадварот, яна павінна ўдзельнічаць у жыцці больш шырокай супольнасці, дзе для яе таксама ёсць месца».

Паспрабуем апісаць гэтую адказнасць сувязной пары, з аднаго боку, у адносінах да кожнай з давераных ёй суполак, і, з другога боку, у адносінах да руху. Пасля ўбачым, у якім духу гэта адказнасць павінна быць перажытая.

У першую чаргу нагадаем адно фундаментальнае палажэнне: з’яўляючыся пасрэднікам паміж адказнаю параю суполкі і адказнаю параю сектара, сувязная пара не называецца адказнаю, гэта значыць, што яе функцыі маюць зусім іншае вымярэнне: іх можна хутчэй параўнаць з такімі адносінамі, што існуюць паміж намі і нашымі сябрамі або паміж намі і нашым дарадчыкам...

Сувязная пара не можа замяніць ні адказных суполкі, ні адказных сектара, але павінна дапамагаць сваімі дзеяннямі і адным, і другім, каб яны лепей рэалізавалі ўскладзеную на іх адказнасць і, маючы поўную характарыстыку сітуацыі, маглі прымаць рашэнні, якія вынікаюць з іх адказнасці.

 

Адказнасць у адносінах да кожнай суполкі

 

Сувязная пара дапамагае суполцы ісці да Пана па шляху, прапанаваным суполкамі Маці Божай, у еднасці з рухам і Касцёлам.

Паразважаем над кожным з гэтых слоў.

 

«Дапамагае суполцы ісці да Пана»

 

Кожная суполка мае свой уласны шлях. Не трэба навязваць ёй пэўнага плану, трэба дапамагчы ёй лепш распазнаць заклік Пана і лепш адказаць на яго. Гэта менавіта тое, аб чым будзе клапаціцца сувязная пара.

Назіраючы за жыццём суполкі звонку і бачачы жыццё іншых суполак, яна стараецца дапамагчы суполцы больш уважліва зірнуць на сябе, дазваляючы ёй такім чынам захаваць дасягненні ўласнага духоўнага шляху. Шматлікія небяспекі пагражаюць кожнай супольнасці: закрадванне руціны, занядбанне асноўных абавязкаў, узнікненне дробязных пытанняў, якім надаецца перабольшанае значэнне...

Усё гэта не схаваецца ад уважлівага і любячага позірку: любоў праніклівая і патрабавальная.

Менавіта таму сувязная пара павінна шмат бачыць, шмат чуць і шмат маліцца з суполкаю і за суполку. Яна павінна старацца адказваць на пытанні суполкі, на яе просьбы аб парадзе. Павінна дадаваць ёй адвагі, а часам перасцерагаць.

Пры нагодзе сувязная пара можа прапанаваць тую ці іншую ініцыятыву, аднак павінна рабіць гэта дыскрэтна, лепш за ўсё ў форме падказкі.

Калі ёй удасца стварыць сапраўдную атмасферу даверу, тады суполка заўсёды папросіць у яе парады, калі будзе такая неабходнасць, каб вырашыць складаную справу або атрымаць штуршок для таго, каб ісці наперад.

 

«Па шляху, прапанаваным суполкамі Маці Божай»

 

Сужэнствы, якія прыходзяць у суполкі Маці Божай, без прымусу прымаюць прапанаваныя ім заданні і метады. А гэта выразна акрэслены шлях, і ісці па ім суполцы дапамагае сувязная пара.

З гэтаю мэтаю сувязная пара павінна сама прыкласці ўсялякія намаганні, каб добра пазнаць гэты шлях. Тады яна зможа дапамагчы сужэнствам суполкі ў адкрыванні гэтага шляху і крочанні па ім. Плён досведу тысячы іншых суполак будзе карысным толькі тады, калі аднолькава зразумелыя яго «дух» і «літара», а таксама калі ён будзе выкарыстоўвацца з вераю і разважлівасцю.

Сувязная пара існуе не для таго, каб выконваць функцыі «кантралёра», ахоўніка «літары». Яна дапамагае суполцы лепш зразумець мэты і метады руху, каб лепей спасцігнуць «дух». Таму яна не вагаючыся, з усёй пакораю дасць сваё асабістае сведчанне або падзеліцца (з той дыскрэтнасцю, якой заслугоўвае дадзеная суполка) досведам, перажытым у іншых суполках: ён будзе нашмат больш пераканальны, чым тэорыя. Часам яна можа папрасіць іншых распавесці пра тое, што ім самім не ўдалося рэалізаваць: усе ж мы з’яўляемся пілігрымамі на гэтым свеце.

Часам сувязная пара вымушана будзе выпраўляць сітуацыю па ўзаемнай згодзе: некаторыя суполкі могуць свядома ці несвядома аддаліцца ад шляху, прапанаванага рухам. Сувязная пара павінна будзе дзейнічаць рашуча і спрытна: рашуча — у адносінах да прынцыпаў, спрытна — у адносінах да сродкаў, каб паступова вярнуць суполку на шлях руху. Усё гэта павінна заўсёды адбывацца ў атмасферы адкрытага і даверлівага дыялогу.

 

«У еднасці з рухам і Касцёлам»

 

Суполка Маці Божай не існуе ў ізаляцыі. Яна з’яўляецца часткай вялікай сям’і, што ёсць адначасова багаццем і адказнасцю для яе. Багаццем — таму што дзякуючы гэтаму яна карыстаецца досведам тысячы іншых — былых і цяперашніх — суполак, эфектыўнаю дапамогаю шматлікіх сужэнстваў і святароў, якія прысвячаюць сябе руху, карыстаецца малітоўнаю падтрымкаю удзельнікаў суполак Маці Божай ва ўсім свеце. Адказнасцю — таму што суполка, далучаючыся да іх, у сваю чаргу таксама дзеліцца з іншымі сваім досведам, падзяляе адказнасць іншых і моліцца за іх.

Мы добра ведаем, што часам суполка мае тэндэнцыю замыкацца ў самой сабе. Такім чынам яна адасабляецца ад дынамізму супольнасці.

Таму сувязная пара павінна дапамагчы суполцы ўсвядоміць багацце гэтага жыцця ў супольнасці, пабуджаць яе браць поўны ўдзел у ім, прымаць яго дары, а таксама аддаваць. Апрача таго, яна павінна стымуляваць узаемную дапамогу, заахвочваючы суполкі, якімі яна апякуецца, да абмену досведам і прымання ўзаемнай адказнасці.

Сувязная пара павінна таксама дапамагчы суполцы ўсвядоміць сваю прыналежнасць да Касцёла: суполка з’яўляецца часкаю цела Хрыста, якая можа жыць толькі застаючыся ў цеснай сувязі з тым целам, якім ёсць Касцёл. Сувязная пара павінна пабуджаць удзельнікаў суполкі да разумення адказнасці, якая вынікае з гэтага факту, і поўнага яе прыняцця.

 

Адказнасць у адносінах да руху

 

Адказная пара сектара павінна своечасова атрымліваць інфармацыю пра жыццё суполак сектара, пра іх радасці і клопаты, іх «багацце» і «ўбоства», пра цяжкасці, якія яны могуць напаткаць на сваім шляху, пра іх рэакцыю на прапановы руху, а таксама пра іх пажаданні... Усё гэта дапаможа адказным лепш кіраваць сваім сектарам. Менавіта сувязная пара, маючы непасрэдны кантакт з суполкамі, інфармуе адказную пару, паведамляе ёй усю неабходную інфармацыю.

Здараецца так (хоць гэта рэдкія выпадкі), што сувязная пара ад імя даверанай ёй суполкі прадстаўляе яе справы перад сектарам, каб абгрунтаваць прынятае суполкаю рашэнне, атрымаць дапамогу, распавесці пра магчымыя сумненні... Яна не вагаючыся робіць так кожны раз, калі палічыць гэта неабходным для дабра руху.

І наадварот, адказнай пары сектара трэба перадаваць суполкам розную інфармацыю, даручэнні, запрашэнні, прапановы... Часам яна гэта робіць непасрэдна, вусна (падчас сустрэчы) або пісьмова; часам жа звяртаецца да сувязной пары. Апошняя заўжды дбае пра тое, каб суполка атрымлівала інфармацыю з сектара, тлумачыць, канкрэтызуе пэўныя тэарэтычныя, абстрактныя пытанні, дапамагае спасцігнуць «дух», расстаўляе прыярытэты ў тым выпадку, калі суполка губляецца перад шматлікімі або спрэчнымі выклікамі.

Сувязная пара забяспечвае падвойную сувязь: суполкі з сектарам і сектара з суполкаю. Акрамя таго, яна арганізуе сувязь паміж суполкамі, якімі апякуецца.

Выпрабаванні, перажытыя суполкаю (як негатыўныя, так і пазітыўныя),  у выніку становяцца павучальнымі не толькі для яе самой, але і для іншых суполак, і такім чынам прыносяць больш карысці, чым усялякія тэорыі і правілы. Сувязная пара стварае для суполак магчымасць супастаўляць свае канцэпцыі, дзяліцца досведам, поспехамі і цяжкасцямі. Кожная суполка знойдзе для сябе падтрымку, а дух супольнасці будзе актывізаваны.

Дзейнічаючы такім чынам, сувязная пара дбае пра тое, каб адносіны супольнасці пашыраліся не толькі на гэтыя некалькі суполак. Падчас такіх сустрэч яна стараецца адкрыць суполкі на вялікую супольнасць Equipes Notre-Dame і дапамагчы ім усвядоміць іх адказнасць у адносінах да гэтай «суполкі суполак», якую мы ўтвараем усе разам.

 

Еднасць: дух еднасці

 

Гэтыя разважанні пра адказнасць сувязной пары былі б няпоўныя, калі б мы не згадалі напрыканцы пра дух еднасці. Калі еднасць не перажываецца двухбакова або перажываецца абы-як, калі яна не з’яўляецца адказам на патрэбы руху, то гэта стварае рызыку, што яна прынясе больш шкоды, чым карысці.

Для таго, каб еднасць з суполкамі Маці Божай была поўнаю, трэба, каб сувязная пара клапацілася пра яе ў духу служэння, а суполкі прымалі сувязную пару як пасланцаў Пана.

 

У духу служэння

 

Несці адказнасць у суполках Маці Божай — гэта служэнне: сувязная пара адказвае на пакліканне Пана, аддаючыся пад Яго кіраванне ў служэнні сваім братам. Усё гэта вымагае ад сувязной пары наступнага:

 

  • вялікай пакоры.

Сувязная пара не мае нейкай асаблівай «кваліфікацыі» ў тым, каб дапамагаць іншым сужэнствам крочыць да Хрыста: наадварот, яна ўсведамляе, што мае свае слабасці і недахопы, аднак адважваецца скарыстацца сваімі сціплымі чалавечымі сродкамі ў служэнні некалькім суполкам і ўсё аддае ў распараджэнне Пана, каб Ён мог дзейнічаць у ёй і праз яе. Сувязная пара павінна верыць, што «моц удасканальваецца ў слабасці», як нам пра тое нагадвае св. Павел.

 

  • вялікай любові.

«Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (Ян 13, 34). Сувязная пара можа аказаць эфектыўную дапамогу сваім братам толькі тады, калі будзе глядзець на іх позіркам, поўным любові, які паходзіць ад Хрыста, тым позіркам, які не асуджае, не ганьбуе, а стымулюе, узмацняе, дапамагае ўзрастаць, перамяняе.

 

  • пэўных адрачэнняў.

Ці добрасумленна было б прыняць служэнне, не жадаючы пры гэтым ахвяраваць дзеля яго неабходныя сродкі? Арганізацыя сувязі вымагае часу і пэўных выдаткаў: гэта перш за ўсё лісты, тэлефонныя званкі, пасілкі, выезды, сустрэчы... Гэта можа запатрабаваць часовай змены тых ці іншых звычак. Сувязная пара прымае ўсё гэта (нават тое, што непрадбачанае), ведаючы, што не можа быць служэння Богу без самаадрачэння, і ахвяруючы гэтае служэнне за братоў, ім давераных. Сужэнцы сувязной пары павінны быць перакананыя, што гэтыя невялікія адрачэнні будуць для іх крыніцаю ласкі і прынясуць плён ёй самой.

 

  • больш інтэнсіўнай малітвы.

Сувязная пара пакладае сваю надзею перш за ўсё ў Богу. Услухоўваючыся ў Яго словы, яна аддаецца Яму, давяраючыся дзеянню Яго Духа, які кіруе ёю. Сувязная пара штодзённа даручае Яму суполкі, якім яна служыць.

 

Па гэтай прычыне сувязная пара шмат месца ў сваім асабістым жыцці прысвячае малітве. Галоўным чынам яна застаецца вернаю:

  • штодзённай малітве;
  • штодзённай сужэнскай малітве, да якой далучае «малітву суполак», што чытаецца ў еднасці з сябрамі суполак і ў іх інтэнцыі;
  • святой Імшы, у якой прымае ўдзел прынамсі раз на тыдзень і падчас якой ахвяруе Пану радасці, клопаты і цярпенні сем’яў, якія ёй давераныя, заступаецца за іх, памятаючы, што яна мае асаблівае пакліканне да гэтага.

 

Як пасланцы Пана

 

Кожны хрысціянін — гэта пасланец Пана ў адносінах да бліжніх. Гэтак жа выглядае справа з сувязной парай у адносінах да суполак, якія ёй давераны. Калі еднасць усведамляецца і перажываецца так абодвума бакамі, і гэта дае станоўчыя вынікі, то сувязь паміж сувязною параю і суполкаю набывае трансцэндэнтны характар.

Сувязная пара павінна ўсведамляць, што такім чынам яна спрычыняецца да перадачы досведу суполак Маці Божай. Гэты духоўны досвед паходзіць не ад яе самой, і яна павінна клапаціцца пра тое, каб стаць добрым пасрэднікам у яго перадачы.

Суполка са свайго боку павінна прымаць сувязную пару з вераю і поўнаю пакораю; сябры суполкі атрымліваюць ад яе духоўнае пасланне, якое сувязная пара перадае ім як дар ад Бога.

 

Сувязная пара

 

не з’яўляецца:

  • звычайным пасрэднікам, які займаецца перадачай інфармацыі з цэнтра ў перыферыю і з перыферыі ў цэнтр, таму што яе ўдзел у руху прадугледжвае адказнасць за поспехі ўсіх і кожнага;
  • «следчаю» параю, прызначанаю для таго, каб правяраць «легальнасць» метадаў, якія выбірае суполка, і кантраляваць яе актыўнасць;
  • «суперпараю», поўнаю сілаў; параю, якая не мае вялікіх праблемаў, дасягнула пэўнага духоўнага і чалавечага росту без асаблівых намаганняў.

 

стараецца быць:

  • параю, убогаю ў сваёй істоце (пар. 1 Кар 2, 1–5), настроенаю на тое, каб слухаць, яна выходзіць насустрач сваім братам і сёстрам, з’яднаным у суполцы, каб служыць ім у Божай любові;
  • параю, якая актывізуе (анімуе), падтрымлівае пэўны стан духу на шляху да мэты, далікатна і з пашанаю стымулюе да поспехаў кожную суполку, кожную пару ў суполках і кожнага з сужэнцаў;
  • параю, галоўнае заданне якой — пабуджаць да дзейнасці, прымаць удзел у хрысціянскім жыцці і назіраць за індывідуальнымі поспехамі.

 

А. 3 Як працуе сувязная пара?

 

Цяпер разгледзім, як сувязная пара рэалізуе ў жыцці тую адказнасць, якую мы ахарактарызавалі. З гэтаю мэтаю паслядоўна даследуем сувязі, які яна падтрымлівае з суполкаю, сектарам і ўсім рухам; затым складзем спіс яе канкрэтных абавязкаў.

 

Сувязная пара і суполка

 

Не можа быць эфектыўнай сувязі без добрага, узаемнага знаёмства. Першым абавязкам сувязной пары павінна быць узаемнае знаёмства з суполкаю, яе «прыручэнне», як сказаў бы Маленькі прынц з кнігі Сэнт-Экзюперы.

Гэта вельмі далікатная справа, часта яна бывае працяглаю і вымагае шмат тактоўнасці. Некаторыя суполкі асцерагаюцца «позірку звонку». Кожная сувязная пара павінна працаваць над гэтым «прыручэннем» так, як ёй будзе здавацца правільным, згодна з асабістаю харызмаю і індвідуальнасцю суполкі. Вось некалькі парадаў, якія з’яўляюцца плёнам досведу іншых людзей і могуць дапамагчы ў гэтым збліжэнні:

  • пазнаёміцца з гісторыяй суполкі, з яе імкненнямі ад часоў яе заснавання, даведацца пра яе духоўны рост, перажытыя выпрабаванні, змены, якія ў ёй адбываліся... Усё гэта неабходна для таго, каб лепш зразумець рэакцыі суполкі і яе імкненні;
  • устанавіць больш блізкія адносіны з адказнаю параю суполкі. У гэтых адносінах павінна быць прыязнасць, шчырасць, узаемадавер і ўзаемадапамога;
  • зацікавіцца асабістым жыццём кожнага сужэнства ў суполцы: сямейнай і прафесійнай сітуацыяй сужэнцаў, іх радасцямі і клопатамі... Гэта датычыць таксама духоўнага дарадчыка суполкі;
  • прадставіць сябе суполцы з усёй шчырасцю, прастатою і пакораю: распавесці пра сваё асабістае жыццё, радасці і цяжкасці, а таксама пра свой духоўны досвед;
  • урэшце, самае галоўнае — прыняць на сябе абавязак маліцца за ўсю гэтую суполку, кожнага яе ўдзельніка і штодзённа даручаць іх Пану. Лепшага спосабу паглыбіць сяброўства проста няма.

 

Калі ідзе гутарка пра новую суполку, то сувязная пара ў першую чаргу ўсталёўвае кантакты з суправаджальнаю параю і распытвае ў яе пра кіраванне суполкаю. Першая сустрэча з суполкаю адбываецца ў прысутнасці суправаджальнай пары, што дапаможа ва ўсталяванні новых адносінаў. Для таго, каб палегчыць знаёмства з суполкаю, сувязная пара можа прыняць удзел у наступных мерапрыемствах:

  • ва «ўік-эндзе», якім заканчваецца суправаджэнне новых суполак;
  • у апошняй сустрэчы суполкі падчас перыяду суправаджэння;
  • у першай сустрэчы пасля «ўік-энда» новых суполак, у прысутнасці суправаджальнай пары.

 

Такім чынам, знаёмячыся з суполкаю, сувязная пара можа дапамагаць ёй ісці па шляху да Пана. Таму яна:

 

Падтрымлівае рэгулярныя кантакты

з адказнаю параю суполкі

 

Сувязная пара павінна рэгулярна атрымліваць інфармацыю пра жыццё суполкі, галоўным чынам пра штомесячныя сустрэчы, але таксама і пра ўсе падзеі, якія яе датычацца, таму што жыццё суполкі не абмяжоўваецца штомесячнымі сустрэчамі.

Для гэтага неабходна вусная (або лепш пісьмовая) справаздача аб кожнай сустрэчы. Гэта павінна быць сапраўдная справаздача, а не «сачыненне», у ёй павінен быць раскрыты дух, а не толькі знешні бок дзейнасці суполкі, распаведзена пра яе радасці і цяжкасці, поспехі і няўдачы... У справаздачы паведамляецца пра ўсе важныя, неспадзяваныя здарэнні, якія адбыліся ў перыяды паміж сустрэчамі. Справаздача аб заключнай сустрэчы заўсёды павінна быць пісьмоваю.

Сувязная пара заўсёды павінна рэагаваць на гэтыя справаздачы. Узаемадапамога не будзе рэалізавацца, калі камунікацыя будзе толькі аднабаковаю, дый адказная пара хутка страціць зацікаўленне ў такім кантакце, калі яе справаздачы будуць заставацца без адказу.

Адказная пара звяртаецца па параду перад кожным важным этапам жыцця суполкі: перад заключнаю сустрэчаю, перад выбарам тэмы года, перад прыняццем новай пары, зменаю духоўнага дарадчыка... Яна робіць гэтак заўсёды, калі ў суполцы ёсць сур’ёзныя праблемы, але не павінна «прывязвацца» да меркавання сувязной пары.

Сувязная пара павінна праяўляць ініцыятыву і выкарыстоўваць свае кантакты для таго, каб праверыць, ці атрымала і ці зразумела адказная пара тое ці іншае запрашэнне сектара і руху. Гэта могуць быць запрашэнні да ўдзелу ў розных сустрэчах, да знаёмства з кірункамі дзеяння ў дадзеным годзе, да пэўнай дзейнасці ў суполцы або па-за ёю...

Кожны раз сувязная пара павінна старацца асабіста перадаць запрашэнне, таму што ліст, асабліва цыркулярны, заўсёды безасабовы, бяздушны.

Роля сувязной пары асабліва важная ў момант выбару новай адказнай пары, якая яшчэ ніколі не прымала на сябе такой адказнасці. Сувязная пара дапамагае ёй правільна зразумець тое, чаго чакае ад яе рух, а таксама атрымаць добрае веданне духу і метадаў суполак Маці Божай.

 

Раз на год па магчымасці ўдзельнічае

ў сустрэчы суполкі

 

Цяжка пазнаць суполку, калі хоць аднойчы не паўдзельнічаць у яе сустрэчы. Таму пажадана, каб сувязная пара рабіла гэта час ад часу. Аднак яна не павінна прысутнічаць на такіх сустрэчах занадта часта, бо ёсць пытанні, якія не закранаюцца ў суполцы ў прысутнасці «чужых». У сустрэчы суполкі сувязная пара павінна ўдзельнічаць раз на год, прычым выбар канкрэтнай даты даручаецца суполцы.

Падчас сустрэчы сувязная пара стараецца паводзіць сябе тактоўна, так, каб не парушыць звычайны ход працы. Таму яна павінна шмат слухаць і мала гаварыць, каб іншым не падалося, што яна прыйшла толькі асісціраваць, павучаць або кантраляваць. Сувязная пара ўдзельнічае ў сустрэчы нароўні з іншымі парамі: вывучае тэму, з поўнай пашанаю і пакораю бярэ ўдзел у малітве і абмене досведам.

 

Рэгулярна сустракаеца з духоўным дарадчыкам

 

Важна, каб духоўны дарадчык час ад часу мог сустракацца з параю, якая не належыць да суполкі, аднак добра ведае яе. Гэта дазволіць дарадчыку паставіць пытанні адносна яго ўласнай ролі, таго ці іншага аспекту жыцця суполкі або падзяліцца цяжкасцямі, якія перажывае суполка. Такія сустрэчы ініцыюе не святар. Гэта адносіцца да кампетэнцыі сувязной пары і павінна мець месца, як правіла, раз на год. Сувязной пары сустрэчы з дарадчыкамі ў сваю чаргу дазваляюць паглыбіць веды пра суполкі, якім яна забяспечвае сувязь. З гэтай нагоды яна можа таксама вызначыць, ці добра духоўныя дарадчыкі разумеюць дух і прынцыпы, якія прапануе рух, асабліва што датычыць кірунку працы ў бягучым годзе.

Асаблівую важнасць такія сустрэчы набываюць у выпадку змены духоўнага дарадчыка, тым больш, калі суполка маладая, і новы дарадчык яшчэ ніколі не меў кантактаў з рухам.

 

Не ўмешваецца непасрэдна

ў жыццё сужэнстваў суполкі

 

Яшчэ раз падкрэсліваем, што сувязная пара ні ў якім выпадку не павінна замяняць адказных суполкі. За выключэннем асаблівых выпадкаў і настойлівых просьбаў адказнай пары, сувязная пара ўстрымліваецца ад ўсялякага непасрэднага ўмяшальніцтва ў жыццё якога-небудзь сужэнства суполкі.

Гэта не можа пашкодзіць сяброўскім адносінам паміж сувязною параю і сужэнствамі суполкі.

 

Запрашае адказную пару

на сустрэчы з адказнымі іншых суполак

 

Тэорыя — гэта адно, а практыка — гэта іншае. Магчымасць параўнаць свой досвед з досведам іншых — вельмі павучальная. З гэтаю мэтаю сувязная пара адзін-два разы на год запрашае адказных з суполак, якімі апякуецца, сустрэцца разам, найлепш — пры пасілку.

Падчас гэтых нефармальных сустрэч (на якіх павінен быць адведзены час і на малітву)  сувязная пара заахвочвае ўдзельнікаў паразважаць над усім, што датычыцца іх адказнасці ў суполках, запрашае да малітвы адны за адных і інфармуе іх аб жыцці сектара і руху.

Усяму гэтаму сувязная пара па магчымасці павінна надаваць вельмі асабісты характар. Аднак яна павінна быць уважлівай і адрозніваць свае ўласныя прыярытэты ад таго, што ўласціва суполцы або яе сацыяльнаму асяроддзю. Сувязная пара не павінна апрыёры вырашаць, як павінна дзейнічаць суполка. Замест гэтага ёй трэба прыкласці ўсе намаганні да таго, каб выявіць, што ёсць добрага ў яе дзейнасці, што ўзбагачае яе, і дапамагаць ёй рухацца ад гэтага далей.

 

Увага! Сувязная пара не мае права заплюшчваць вочы на нядбайнасць або пэўныя адхіленні і пускаць усе справы на самацёк; у такім выпадку яе актыўная пазіцыя адпавядае інтарэсам суполкі. Яна абавязана зычліва, але рашуча дамагацца таго, каб суполка прыняла адпаведныя меры, або павінна ў духу братэрскай міласэрнасці ўказаць, што перашкаджае суполцы ў паглыбленні яе духоўнага жыцця. Пры неабходнасці сувязная пара перадае свае заўвагі адказнай пары суполкі ў пісьмовай форме. Калі суполка пажадае, то можа сустрэцца з сувязной параю, каб падыскутаваць па пэўных спрэчных пытаннях.

 

Сувязная пара і сектар

 

Перш за ўсё падкрэслім, што сувязную пару выбірае адказная пара сектара. Да выканання гэтай місіі яна запрашае тое сужэнства, што добра ведае рух і не належыць ні да адной з суполак, якім павінна будзе забяспечваць сувязь, а таксама мае схільнасці да такой дзейнасці. Адказная пара сектара інфармуе выбраную пару аб сітуацыі ў суполках, якія будуць ёй даручаныя, і аб функцыянаванні сувязі ўнутры сектара. Гэтую інфармацыю можа дапоўніць сужэнства, якое дагэтуль выконвала абавязкі сувязной пары і перадае сваім наступнікам дакументацыю кожнай суполкі, а таксама ўсе неабходныя тлумачэнні (асабліва копіі дакументаў, якія датычацца папярэдніх заключных сустрэч).

Адказныя за сектар павінны добра арыентавацца ў сітуацыі кожнай суполкі сектара (пра гэта мы казалі раней) не для таго, каб весці статыстыку, а каб на аснове гэтых ведаў вызначыць, якія спосабы «ажыўлення» (анімацыі) найбольш адпавядаюць сектару. Сувязная пара інфармуе адказную пару сектара:

  • пра тое, чым жывуць суполкі, і пра спосабы іх дзейнасці;
  • пра іх меркаванні, асабліва іх рэакцыю на тое, што прапануе ім сектар і рух, а таксама на важныя падзеі ў жыцці Касцёла;
  • пра іх патрэбы, выказаныя ўслых і нявыказаныя;
  • пра выпрабаванні, перажытыя пэўнай суполкай, якімі варта зацікавіць іншых;
  • пра магчымыя змены (напр., прыход або сыход пэўнага сужэнства і г.д.);
  • пра ўсё тое, што дапаможа сектару лепш пазнаёміцца з жыццём суполак і лепш іх разумець;
  • пра заключныя сустрэчы (да гэтай інфармацыі трэба далучаць справаздачы).

З іншага боку, адказная пара сектара мае патрэбу ў кантактах з суполкамі, каб паведамляць ім аб праектах, радасцях і клопатах руху, стымуляваць дух супольнасці, заклікаць да большай адкрытасці на іншых, удзельнічаць у іх духоўным росце... З гэтаю мэтаю пара сектара выкарыстоўвае розныя спосабы камунікацыі: ліст, бюлетэнь сектара, сустрэчы... Час ад часу яна звяртаецца таксама да сувязной пары. Аднак павінна памятаць пра тое, што неабходна правяраць, ці правільна былі зразуметыя яе паведамленні з пункту гледжання зместу і духу.

Па гэтай прычыне сувязная пара павінна мець частыя кантакты з адказнаю параю сектара або з сужэнствам, якое належыць да суполкі сектара і прызначана спецыяльна для кантактаў з імі. Час ад часу ёй неабходна сустракацца таксама з іншымі сувязнымі парамі, каб супаставіць свае погляды і досвед з іхнымі. Сувязная пара можа быць запрошана да ўдзелу ў сустрэчы суполкі сектара або да членства ў ёй. Якую б форму ні мелі кантакты сувязной пары з суполкаю сектара, галоўнае, каб гэтая сувязь была рэгулярнаю і шчыраю, пры гэтым асабліва важна, каб адказныя не забыліся пра галоўную мэту свайго служэння: дапамагаць сужэнствам ісці за Хрыстом.

Відавочна, не трэба нагадваць пра тое, што сувязная пара заўсёды павінна захоўваць у тайне інфармацыю пра пачутыя ў суполках асабістыя праблемы або тое, што ёй даверана пад сакрэтам.

 

Сувязная пара і рух

 

Сувязная пара звычайна не падтрымлівае непасрэднай сувязі з рухам (рэгіёнам, суперрэгіёнам, суполкаю рэгіёна), акрамя кантактаў, якія яна мае з адказнаю параю сектара.

Аднак паколькі сувязная пара мае заданне дапамагаць суполкам жыць тым, што прапануе ім рух, яна павінна быць асабліва ўважліваю да гэтах прапановаў. Таму яе асноўны клопат — глыбока пазнаваць мэты і метады руху, а таксама ўвасабляць іх у жыццё.

Для гэтага сувязная пара:

  • па меры магчымасці ўдзельнічае ў сесіях END (калі не мела такой нагоды на працягу апошніх пяці гадоў);
  • вывучае дакументы «Адказная пара суполкі» і «Святар — духоўны дарадчык суполкі»;
  • рэгулярна і ўважліва чытае «Ліст END»;
  • знаёміцца з кірункамі дзейнасці, вызначанымі на дадзены год, і стараецца іх рэалізаваць;
  • заўжды цікавіцца жыццём руху ў рэгіёне і ў свеце;
  • удзельнічае ў сустрэчах, арганізаваных для адказных пар суполак або спецыяльна для сувязных пар.

Аднак сувязная пара не павінна не толькі «браць» штосьці ад руху, але і «аддаваць», таму яна:

  • дзеліцца досведам, атрыманым у пэўнай суполцы, калі ён настолькі важны, што можа зацікавіць іншыя суполкі;
  • дзеліцца сваімі ідэямі, меркаваннямі і разважаннямі наконт таго, што прапануе рух;
  • далучаецца да рэфлексіі ўсіх адказных пар руху: праз запаўненне анкет або ўдзел у сустрэчах;
  • самае галоўнае — моліцца за ўвесь рух, асабліва тых, хто так, як і яна, удзельнічае ў яго актывізацыі.

Усе мы нясем адказнасць за рух, за яго штодзённае жыццё, развіццё, за перамены ў ім, каб ён усё больш адпавядаў патрэбам сужэнстваў і справіўся са сваёй апостальскай адказнасцю ў Касцёле. Кожны з нас можа дзейнічаць у розных галінах яго адказнасці і яго харызмы.

 

Заданні сувязной пары

 

Пасля разважанняў над тым, як працуе сувязная пара, паспрабуем скласці храналагічны спіс яе рэгулярных абавязкаў.

 

Верасень

 

• Як толькі скончацца вакацыі, устанавіць кантакт з адказнымі парамі ўсіх суполак. Высветліць, ці гатовыя суполкі распачаць працу, ці не патрэбна ім дапамога ў выбары новага духоўнага дарадчыка або тэмы года (калі гэта не было зроблена раней).

• Высветліць, ці не адбыліся якія-небудзь змены ў складзе суполак; калі так, то неабходна сустрэцца з адказнымі парамі і ў выпадку далучэння новых сужэнстваў вызначыць спосабы ўвядзення іх у рух (хто будзе гэтым займацца і г.д.).

• Праінфармаваць адказную пару сектара пра сітуацыю ў кожнай з суполак.

 

Заўвага: Вельмі важна, каб кожная суполка добра распачала фармацыйны год. Сувязная пара павінна загадзя належным чынам паклапаціцца пра гэта.

 

Кастрычнік–лістапад

 

• Прыняць удзел у штогадовай сустрэчы адказных пар суполак, арганізаванай рухам, і прасачыць, каб адказныя пары і па магчымасці духоўныя дарадчыкі суполак прысутнічалі на гэтай сустрэчы (калі адказная пара па важнай прычыне не можа ўдзельнічаць, яе павінна замяніць іншае сужэнства з суполкі).

• Дбаць пра тое, каб інфармацыя пра кірункі дзейнасці, вызначаныя рухам на дадзены год, абвешчаныя ў «Лісце END» і абмеркаваныя падчас сустрэчы адказных пар суполак, была правільна зразуметая адказнымі парамі і перададзеная імі суполкам. Занадта часта здараецца так, што адказная пара пакідае тое, што пачула, толькі пры сабе.

 

Лістапад–снежань

 

• Сустрэцца з адказнымі парамі суполак — паасобку або з усімі разам, каб сумесна ацаніць пачатак новага фармацыйнага года.

• Нагадаць ім пра:

— кірункі руху;

— праграму сектара на бягучы год (сустрэчы, розныя выклікі, асаблівыя патрэбы і г.д.);

— штогадовыя рэкалекцыі (высветліць, ці запланавалі ўжо сужэнствы свой выезд, ці ёсць якія-небудзь цяжкасці і як можна дапамагчы сужэнствам);

— грашовы ўнёсак у памеры дзённага заробку пары (ён павінен быць разлічаны сумленна і перададзены як мага хутчэй, самае позняе — да сакавіка; неабходна нагадаць парам пра важнасць гэтага ўнёску);

— сустрэчы, арганізуемыя рухам (высветліць, ці ўдзельнічалі ўжо адказныя пары на іх; паразважаць над тым, як пераканаць сужэнствы ў важнасці гэтых сустрэч; пры нагодзе нагадаць пра апостальскае вымярэнне ўсялякага служэння ў руху і адказнасці кожнага ўдзельніка ў гэтай галіне).

• Падрыхтаваць квартальную справаздачу для адказнай пары сектара, калі гэта не было зроблена раней.

 

Студзень–люты–сакавік

 

• Паўдзельнічаць у сустрэчах суполак.

• Сустрэцца з духоўнымі дарадчыкамі.

• Падрыхтаваць квартальную справаздачу.

 

Красавік

 

• Сабраць адказныя пары суполак, каб абмеркаваць з імі падрыхтоўку і ход дзвюх апошніх сустрэч суполак: маёвай сустрэчы з выбарам новай адказнай пары і заключнай сустрэчы ў чэрвені; паразважаць з адказнымі парамі над выбарам тэмы на наступны год, вызначыць патрэбы суполак і кірункі руху (калі сектар не вызначае іх для ўсіх суполак).

 

Чэрвень

 

• Завязаць сяброўскія адносіны з новаабранымі адказнымі парамі суполак, даведацца пра іх патрэбы і пажаданні, паказаць, якім чынам сувязная пара хоча ім дапамагчы ў наступным годзе.

• Перад вакацыямі перадаць адказнай пары сектара гадавыя вынікі ўсіх суполак, паведаміць пра магчымыя змены, якія мяркуецца ўвесці ў верасні, а пры неабходнасці — распавесці пра патрэбы суполак.

 

Заўвага: у гэтым раздзеле не вялося гутаркі пра звычайныя штомесячныя кантакты сувязной пары з адказнымі сужэнствамі суполак, бо гэта было апісана ў парагафе «Сувязная пара і суполка».

 


Роля «знешняга вока»

 

«Я ўсё больш пераконваюся, што супольнасці — як малыя, так і вялікія — не могуць самі пераадолець усе цяжкасці. Вельмі часта ўдзельнікі не ўмеюць самі вырашаць свае праблемы і маюць патрэбу ў дапамозе, каб заўважыць перамены ў супольнасці і знайсці новыя структуры для розных этапаў яе духоўнага росту. Мне здаецца, што кожнай супольнасці добра было б мець „знешняе вока“, якое рэгулярна будзе наведваць яе, інакш кажучы, кагосьці, каму ўсе ўдзельнікі змогуць даверыцца пры неабходнасці, асабліва таго, хто зможа быць дарадчыкам для іх або адказнай пары, дапамагчы супольнасці ажыццявіць змены і распазнаць Божае пасланне, схаванае ў цяжкасцях, з якімі сутыкаецца суполка.

...Супольнасці патрэбна такое „знешняе вока“, якое будзе з’яўляцца час ад часу, каб „ажыўляць дух“ і нармалізаваць многія сітуацыі, слухаць і ставіць пытанні. Удзельнікі бываюць так паглынутыя асобным момантам, што страчваюць здольнасць бачыць цэлае. Ім патрэбны чалавек, які ставіў бы перад імі пытанні аб іх уяўленнях, педагогіцы, методыцы іх сустрэч. Гэты чалавек не абавязкова павінен быць экспертам, спецыялістам, псіхолагам, галоўнае, каб ён валодаў асабістым жыццёвым вопытам і ведамі пра міжасобасныя адносіны, а таксама любіў супольнасць з яе асноўнымі мэтамі.

Такое „знешняе вока“, альбо, як яго яшчэ можна вобразна назваць, „губка“, што паглынае неспакой, павінна дапамагаць супольнасці таксама ў самаацэнцы... Трэба ўмець кожны момант праўдзіва ацэньваць сваё ўласнае жыццё ў супольнасці, заўважаць, дзе трэба прыкласці больш намаганняў, адчуваць, калі страчваецца крэатыўнасць і пачынаецца прызвычаенне і руціна; трэба ўмець ацэньваць сустрэчы, бачыць, якую яны маюць вартасць і ці з’яўляюцца жыватворнымі, ці не прыводзяць да пустой траты часу».

 

Жан Ванье

«Супольнасць як месца прабачэння і асвячэння»

Версія Word

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 98 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай. З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужанскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамант шлюбу.

+375333829439