Жыццё суполак

( 4 Votes )

Суполка павінна налічваць ад 4 да 7 сужэнстваў. Непажадана перавышаць гэтую колькасць, інакш могуць узнікнуць складанасці ў жыцці яе сяброў і ўсталёўванні трывалых сувязяў. Адно з сужэнстваў становіцца адказным за суполку.

Штомесячныя сустрэчы суполкі

На сяброўства дрэнна ўплываюць доўгія расстанні. Яно патрабуе сустрэчаў. Таму сябры суполкі сустракаюцца прынамсі раз на месяц. Удзел у штомесячных сустрэчах абавязковы (ад выканання гэтага абавязку, як і іншых, можна быць вызваленым па ўважлівых прычынах).

Сустрэча адбываецца ў наступным парадку:

• Сумесны пасілак.

Рэкамендуецца распачынаць штомесячныя сустрэчы з сумеснага пасілку, кожны раз у доме іншай сям’і (наколькі гэта магчыма). Людзі пакуль што не прыдумалі нічога лепшага, чым пасілак, для паспяховай сустрэчы і пазнання адзін аднаго: ці не эўхарыстычны пасілак збірае дзяцей Божых? У Дзеях Апосталаў гаворыцца пра першых хрысціянаў, якія, «...ламаючы ў дамах хлеб, прымалі пасілак з радасцю і простасцю сэрца» (пар. Дз 2, 46).

Супольная малітва.

Супольная малітва — цудоўны спосаб глыбейшага пазнання адзін аднаго, дасягнення адзінства душаў, усведамлення прысутнасці Хрыста ў супольнасці. Аднак яна не здзейсніць усяго гэтага, калі — дастаткова доўгая — не дапаможа супакоіцца, забыцца пра клопаты. Малітве неабходна прысвяціць прынамсі 15 хвілін перад тым, як пачаць абмен думкамі. Перад малітваю сужэнствы называюць свае інтэнцыі. Каб яны былі прынятыя ўсімі сябрамі суполкі, неабходна прадставіць іх дастаткова падрабязна і такім чынам, каб было зразумела, што яны блізкія сэрцу тых, хто іх называе. Пасля называюцца і даручаюцца супольнай малітве актуальныя інтэнцыі вялікай каталіцкай сям’і (напрыклад, пераследаванні хрысціянаў, патрэбы місіі, апостальская дзейнасць, святарскія пакліканні і г. д.).

Каб супольная малітва ўзбагаціла сэрцы і мацней з’яднала суполку з жыццём Касцёла, у яе павінны ўключацца псальмы, малітвы і гімны з брэвіярыя і Імшала, якія прапанаваныя ў Лісце Суполак Маці Божай.

Далейшая частка малітвы кожнаму дае магчымасць уголас выказаць свае думкі і пачуцці, выкліканыя тэкстам Святога Пісання, які ўказаны ў Лісце Суполак Маці Божай. Неабходна запланаваць і хвіліну цішыні, каб кожнаму даць магчымасць атрымаць больш блізкі кантакт з Богам.

• Дзяленне жыццёвымі клопатамі.

На штомесячных сустрэчах неабходна прызначыць час (можна падчас або пасля пасілку) на тое, каб сябры суполкі маглі падзяліцца сваімі сямейнымі, прафесійнымі, грамадскімі, касцёльнымі клопатамі, поспехамі і няўдачамі, адкрыццямі, радасцю і смуткам.

Пасля малітвы неабходна прысвяціць некаторы час на тое, кааб сябры суполкі расказалі пра сваю рэалізацыю заданняў, акрэсленых у Дэкларацыі. Кожнае сужэнства шчыра расказвае, ці выканала яно з часу апошняй сустрэчы заданні, ускладзеныя на яго Дэкларацыяй. Безумоўна, ёсць інтымная і асабістая сфера, якой не трэба раскрываць нават перад сябрамі. У Суполках Маці Божай мы змагаемся з гэтым, занадта частым сёння, няўменнем захоўваць таямніцу ў некаторых сужэнствах, якія не саромеюцца выяўляць свае сужэнскія праблемы. З такой перадумоваю дзяленне праблемамі і шчырая ўзаемная братэрская дапамога адпавядае сапраўднай евангельскай любові. Колькі ж сужэнстваў уратавана ад пасрэднасці і нават распаду дзякуючы таму, што яны не былі пакінутыя на адзіноце са сваімі праблемамі!

Абмен думкамі.

Размовы, якія не адбываюцца ў прысутнасці Бога, могуць лёгка стаць павярхоўнымі: пачуцці кіруюць розумам, сэрцы адпрэчваюць праўду, якая патрабуе пераменаў. У Суполках Маці Божай сужэнствы імкнуцца да абсалютнай шчырасці; кожная праўда, глыбей пазнаная, павінна ўпісвацца ў жыццё. Абмен думкамі толькі тады будзе плённым, калі ён падрыхтаваны загадзя. Таму сужэнцы павінны разам прадумаць тэму для абмеркавання і за некалькі дзён да сустрэчы прадставіць свае разважанні ў пісьмовай форме сужэнству, якое адказвае за правядзенне абмену думкамі. Гэты абавязак штомесячнай супольнай рэфлексіі можа прынесці вялікі плён. Узаемная дапамога ў разважаннях заключаецца ў тым, каб да абмену думкамі рыхтаваліся ўсе; у гэтай сферы дапамога яшчэ больш неабходная, чым у сферы матэрыяльнай, дзе кожны мае цяжкасці з прыняццем дапамогі, калі сам не можа даць нічога іншым. Тэмы для абмену думкамі суполка не можа выбіраць па сваім жаданні. Іх прапаноўвае адказная суполка. Такі парадак устаноўлены не для самавольнага злоўжывання ўладаю, а для таго, каб дапамагчы сужэнствам сфармаваць найбольш шырокі стыль хрысціянскага мыслення і сапраўдную сужэнскую і сямейную духоўнасць.

Першыя тры гады існавання суполкі прысвячаюцца абмеркаванню асноўных тэмаў, якія датычацца любові, сужэнства, сужэнскай духоўнасці.

Пасля гэтых трох гадоў суполкі могуць выбіраць з вялікай серыі тэмаў, да якіх, як і раней, далучаецца план працы, пытанні і рэкамендацыі. Відавочна, суполкі могуць арганізоўваць дадатковыя сустрэчы для новага абмену думкамі альбо для паглыблення сяброўства.

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 114 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай. З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужанскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамант шлюбу.

+375333829439