АДКАЗНАЯ ПАРА СУПОЛКІ

Na podstawie oryginału francuskiego: «Le foyer, responsable d’Equipe»

 

Шаноўныя сябры!

Вашая суполка абрала вас сваёй «адказнаю параю», гэта значыць, даверыла вам клопат пра функцыянаванне суполкі і кіраванне ёю на шляху да Пана.

Вы прынялі гэтую адказнасць з усведамленнем сваёй слабасці, але поўныя даверу да Пана, які гаворыць вам тое, што казаў святому Пятру: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці» (2 Кар 12, 9). Таму вы павінны прысвяціць сябе Пану, аддаць Яму сваю волю, каб Ён мог дзейнічаць праз вас.

Аднак усё, што вы робіце, трэба рабіць у чалавечай перспектыве, каб вашая суполка была прыкладам братэрскай любові, каб яна развівалася ў напрамку, прапанаваным Суполкамі Маці Божай.

Безумоўна, вы задаяце сабе шмат пытанняў пра свае новыя абавязкі. Гэты дакумент быў распрацаваны для таго, каб дапамагчы вам адказаць на іх. У ім вы знойдзеце наступнае:

 

Частка І. Суполкі Маці Божай

Крыху гісторыі.

Што такое суполка Маці Божай?

Рух Суполак Маці Божай сёння: у Касцёле і ў свеце.

 

Частка ІІ. Адказная пара суполкі

Што такое адказная пара суполкі?

Абавязкі адказнай пары суполкі.

Як яна дзейнічае?

 

Частка ІІІ. Жыццё суполкі

Шлях суполкі Маці Божай.

Сустрэча суполкі.

Выбар адказнай пары і духоўнага дарадчыка.

Фармацыя адказнай пары.

Заданні адказнай пары.

 

Прачытайце гэты дакумент вельмі ўважліва і як мага хутчэй; звярніце асаблівую ўвагу на другую частку. Прызвычайцеся звяртацца да гэтага тэксту заўсёды, калі ўзнікне якое-небудзь пытанне ці сумненне. Аднак не ўспрымайце яго занадта літаральна. Суполка з’яўляецца жывым арганізмам, кожная з іх павінна мець сваю адметнасць. Вашая задача заключаецца ў тым, каб дапамагчы суполцы сцвердзіць сваю адметнасць, а пасля развіваць яе. Аднак даверцеся досведу тысячаў суполак з усяго свету, якія ўжо на працягу пяцідзесяці гадоў імкнуцца жыць паводле прынцыпаў, якія мы прапануем у гэтым дакуменце. Такім чынам вы пазбегнеце шмат цяжкасцяў.

Памятайце, што вы заўсёды маеце сувязную пару і адказную пару сектара, якія дапамогуць вам зразумець і прымяніць прынцыпы, што дзейнічаюць у руху Суполак Маці Божай.

Мы просім Бога, каб Ён спаслаў на вас свайго Духа і вы былі такой адказнаю параю, якая неабходна вашай суполцы.

 

З братэрскаю любоўю,

адказная суполка

 

Частка І.

СУПОЛКІ МАЦІ БОЖАЙ

 

Прымаючы адказнасць за рух Суполак Маці Божай, вы, безумоўна, жадаеце лепш зразумець яго, ведаць, як ён быў створаны, як развіваўся на працягу гадоў і якія сёння мае заданні, метады, структуры...

Адказы на гэтыя пытанні вы знойдзеце ў першай частцы. Яна складаецца з трох раздзелаў:

A.1. Крыху гісторыі

Гэты выклад гісторыі дапаможа вам прасачыць развіццё руху Суполак Маці Божай, пачынаючы з 1938 г.: яго нараджэнне, развіццё, паступовае сцвярджэнне яго месца ў Касцёле і прыстасаванне да сучаснасці — каб лепей адгукацца на патрэбы сённяшняга дня, адначасова захоўваючы вернасць пачатковым прынцыпам.

A.2. Што такое суполка Маці Божай?

Гэты тэкст, падрыхтаваны ў 1976 г. і спецыяльна адрэдагаваны дзеля большай сцісласці, акрэслівае сённяшнюю спецыфіку руху Суполак Маці Божай, вызначае яго агульны фундамент ва ўсім свеце — з’яўляецца крыніцаю ведаў для ўсіх. Ён актуалізуе «Дэкларацыю Суполак Маці Божай», якая была выдадзена ў 1947 г.

A.3. Рух Суполак Маці Божай сёння: у касцёле і ў свеце

Дзе сёння дзейнічае рух Суполак Маці Божай? Як ён арганізаваны? Як удзельнічае ў жыцці Касцёла? Адказы на гэтыя пытанні дапамогуць вам вызначыць месца нашай вялікай супольнасці і ўсвядоміць адказнасць, якую бярэ на сябе рух у Касцёле і ў свеце.

 

A.1. КРЫХУ ГІСТОРЫІ

 

Вытокі

1938 год. Чатыры маладыя сужэнствы, поўныя любові і хрысціянскай свядомасці, жадаюць перажыць сваю любоў у святле веры. Яны просяць ксяндза Кафарэля спадарожнічаць ім у гэтых пошуках. «Пойдзем разам», — адказвае ім ксёндз.

Захапляльныя сустрэчы. Паступова ім адкрываецца асаблівае месца сям’і ў Божым плане — гэта жывы вобраз любові, якая яднае Хрыста з Яго Касцёлам. Адначасова яны вучацца жыць у супольнасці, дзе рэалізуецца абяцанне Хрыста: «Бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20). Такім чынам, іх жыццё праходзіць у трох вымярэннях: еднасць у Богу, еднасць у сужэнствах і сем’ях, адкрытасць на патрэбы бліжніх.

 

Дапрацоўка

Падчас Другой сусветнай вайны ствараюцца новыя суполкі — з тым жа памкненнем, але ў больш складанай (па прычыне вайны) сітуацыі. Рэфлексія паглыбляецца. Веды пра хрысціянскае сужэнства вядуць да адкрыцця ўсёй паўнаты Божага плану, у якім цалкам напаўняюцца сэнсам. Такім чынам акрэсліваецца тое, што мы будзем называць «сужэнскай і сямейнай духоўнасцю», або «спосабам перажывання ў сужэнстве ўсяго багацця хрысціянскага жыцця».

У той жа час цяжкасці штодзённага жыцця ўмацоўваюць сяброўства паміж сем’ямі. Вопыт жыццёвых выпрабаванняў дапамагае ім лепш зразумець канкрэтныя патрэбы братэрскай любові Хрыста. Матэрыяльная ўзаемадапамога — разам з духоўнай  — становіцца характэрнаю рысаю гэтых суполак. Супольная малітва становіцца больш інтэнсіўнай, а практыка —  больш асэнсаванаю.

 

«Дэкларацыя»

У 1945 годзе скончылася вайна. Для сужэнскіх групаў зноў настае спрыяльны час. Дапамагаючы адна адной, суполкі пашыраюцца. Ці згубіцца народжаны рух у сваім уласным поспеху? Адчуваецца патрэба ў адзінстве і фарміраванні структур, апісаных у Статуце. Гэта час дапрацоўкі «Дэкларацыі», завершанай у 1947 г.

 

Развіццё

Абапіраючыся на «Дэкларацыю», рух Суполак Маці Божай хутка развіваецца ў Еўропе. Затым ён пашыраецца на іншых кантынентах. У 1950 г. дасягае Бразіліі, у 1953 г. з’яўляецца ў Сенегале і на востраве Маўрыкій, у 1955 г. — у Канадзе, у 1958 г. — у Злучаных Штатах Амерыкі, у 1961 г. — у Аўстраліі і Калумбіі, у 1962 г. — на Мадагаскары і ў В’етнаме, у 1963 г. — у Ліване, у 1966 г. — у Конга і Японіі, у 1969 г. — у Індыі.

Развіццё руху па-за межамі Францыі вымагае выбару паміж дзвюма яго формуламі: або ён будзе федэрацыяй падобных нацыянальных рухаў, або адным наднацыянальным рухам. Пасля шматлікіх дыскусій і разважанняў на гэтую тэму быў выбраны другі шлях. Ён падаецца больш прыстасаваным да эвалюцыі сённяшняга грамадства (унутраная незалежнасць краінаў, лёгкасць камунікацыі і абмену), да паўсюднага паклікання Касцёла і да братэрскай любові, якая не прызнае межаў.

 

Новая адказнасць

Першы крызіс у руху прывёў да абвяшчэння «Дэкларацыі» ў 1947 г. Але праз няпоўныя 10 гадоў з’яўляецца новая праблема. У той час, як некаторыя асяродкі, кіраваныя Духам, пасля некалькіх гадоў жыцця ў суполцы адчуваюць жаданне развівацца ў евангельскім жыцці, іншыя, наадварот, жывуць у руціне і выяўляюць прыкметы закасцянеласці. Як не падмануць даверу адных і заахвоціць да дзейнасці іншых?

Гэтая новая праблема паставіла перад рухам больш прынцыповае пытанне: або Суполкі Маці Божай павінны абмежавацца ўвядзеннем сваіх сяброў у патрэбы хрысціянскага сужэнскага жыцця, або, наадварот, іх задача — усё больш укараняць Евангелле ў сваё асабістае жыццё?

У першым выпадку не будзе плёну, бо праз некалькі гадоў рух спыніць сваё развіццё. У другім выпадку, наадварот, імкненні сужэнстваў змогуць развівацца ў руху на працягу ўсяго сужэнскага жыцця.

Пасля разважанняў над гэтым пытаннем можна зрабіць выснову, што Суполкі Маці Божай павінны выконваць абедзве гэтыя задачы: на працягу першых гадоў — увядзенне сужэнстваў у жыццё суполкі, а пазней — з часам — паглыбленне веры.

 

Май 1970 г.

Жыццё працягваецца. Другі Ватыканскі Сабор і глыбокія змены ў свеце і ў Касцёле ставяць Суполкі Маці Божай перад новым выклікам. Нагода для падвядзення вынікаў і новых пачынанняў з’явілася падчас сустрэчы ў Рыме ў маі 1970 г. Дзве тысячы сужэнстваў, якія прыбылі з 23 краінаў, на працягу пяці дзён атрымалі тут выключны досвед. З гэтай нагоды Папа Павел VI у прыгожай прамове ўрачыста пацвердзіў галоўную думку, якая спадарожнічала ўтварэнню першых суполак: чалавечая любоў з’яўляецца шляхам да святасці; сакрамэнтальнае сужэнства, галоўны вобраз Творцы, з’яўляецца «прыгожым і мірным абліччам Касцёла» і па гэтай прычыне яно мае сваё ўласнае пакліканне і своеасаблівае сведчанне для свету.

Падчас канферэнцыі, якая адбылася на наступны дзень, айцец Кафарэль прасіў і заахвочваў яе ўдзельнікаў супрацьстаяць атэізацыі сучаснага свету. Пакліканнем Суполак Маці Божай з’яўляецца дапамога сужэнствам ў абвяшчэнні Бога, які жыве ў іх любові, спазнанай ва ўсёй паўнаце. З гэтага пункту гледжання сужэнская духоўнасць набывае апостальскае вымярэнне. Для таго, каб падрыхтаваць сужэнствы да гэтага апостальства, неабходна паглыбіць чытанне Божага слова, малітву і аскезу. Робячы акцэнт на ўвядзенне гэтых элементаў у хрысціянскае жыццё, запрашаючы сваіх сяброў да больш поўнага ўдзелу ў наследванні Хрыста, Суполкі Маці Божай адгукаюцца на патрэбы сучаснага свету.

 

Наступны этап

У чэрвені 1973 г., пасля 35 гадоў служэння руху айцец Кафарэль, заснавальнік Суполак Маці Божай, вырашае пайсці на адпачынак і вызваліць сваё месца для маладзейшых кадраў. Ён пакідае ім наказ: прыкладаць і надалей вялікія намаганні ў малітве, рэфлексіі і развіцці «з моцным жаданнем адкрыць волю Бога ў руху і яго місіі, у вернасці яго караням і разуменні патрэбаў часу». На месцы духоўнага дарадчыка руху айца Кафарэля замяніў айцец Рожэ Тандоннэ, затым — у студзені 1986 г. — гэтыя абавязкі ўзяў на сябе айцец Бернар Аліўе (OP), якога ў лютым 1995 г. замяніў айцец Крыстобаль Сар’яс (SJ).

 

Верасень 1976 г.

1500 сужэнстваў і 200 духоўных дарадчыкаў зноў сустракаюцца ў Рыме, каб паразважаць над сваёй адказнасцю ў Касцёле і свеце. На працягу пяці дзён яны шукаюць адказу на пытанне: якім чынам можа рэалізаваць  сваё пакліканне хрысціянская сям’я, пакліканая да жыцця і сведчання пра Евангелле ў сучасным свеце. Іх прымае Папа Павел VI. У прамове, якая працягвае сказанае ў 1970 г., ён заклікае іх да «пашырэння ва ўсіх краінах галоўных каштоўнасцяў сужэнства і да павелічэння колькасці сем’яў, якія жывуць імі».

У апошні дзень айцец Тандоннэ акцэнтуе ўвагу на евангелізацыйнай місіі сям’і: ён прапануе ўсім сябрам руху тры пазіцыі, прадстаўленыя ў трох Евангельскіх сказах:

• «Ён паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых» (Лк 9, 2);

• «Нічога не бярыце з сабою ў дарогу» (Лк 9, 3);

• «Дух Айца вашага будзе гаварыць праз вас» (Мц 10, 20).

 

Верасень 1982 г.

На гэты раз у Рым прыехала 2400 сужэнстваў і каля 300 святароў з пяці кантынентаў. Яны прыехалі, каб правесці там тыдзень малітвы і абмену досведам, асэнсаваць шлях, пройдзены з 1976 г., і абраць новы шлях на новы час.

Папа Ян Павел ІІ прыняў іх вельмі цёпла і прапанаваў доўгія разважанні на тэму, якая была абраная для гэтай сустрэчы: «Калі б ты ведаў дар Божы, сужэнства і Эўхарыстыю». Папа заахвочваў сужэнствы END да развіцця.

На наступныя пяць гадоў быў выбраны напрамак: «Калі б ты ведала дар Божы» (Ян 4, 10), — і два яго дадаткі: «Вы ж — цела Хрыстовае» (1 Кар 12, 27) і «Будзьце заўсёды гатовымі даць адказ кожнаму, хто патрабуе ад вас слова пра вашу надзею» (1 П 3, 15).

 

Верасень 1988 г.

Новы сход, на гэты раз — у Люрдзе. Вынікам марыйнага года і падзякаю Богу — праз Марыю — за сорак гадоў «Дэкларацыі» стала прыняцце гімна «Магніфікат».

Міжнародная адказная суполка запрашае сем’і руху знайсці «другое дыханне», аднаўленне жыцця ў Духу Святым. Айцец Аліўе нагадвае, што хрысціянскае сужэнства служыць Любові, што яно з’яўляецца шляхам Шчасця і Святасці. Місія Суполак Маці Божай — абвяшчаць яго праз жыццё сваіх сяброў і іх дзейнасць у свеце.

 

Ліпень 1994 г.

У сусветны год сям’і сябры суполак з 49 краінаў «запрошаныя на Вяселле ў Кане», яны сустракаюцца ў Фаціме, пад апекаю Панны Марыі. Запрошаныя разам з Марыяй і Езусам, суполкі з усяго свету атрымліваюць парады на наступнае тысячагоддзе: «Не маюць віна», «Тое, што Ён скажа вам, зрабіце», «Напоўніце збаны вадою».

Запрошаныя на Вяселле і пасланыя з місіяй, яны адкрытыя на словы Пана, які просіць іх апекавацца ўбогімі.

 

Верасень 1996 г.

18 верасня 1996 г. у г. Бавэ айцец Кафарэль памірае, ідзе да Пана, якога так любіў і якому так верна служыў. Ён пахаваны на малых могілках у Труссюры, недалёка ад «Дома малітвы», у якім працаваў столькі гадоў, адкрываючы шляхі яднання з Богам для многіх тысяч жанчынаў і мужчынаў.

Няхай яго адыход будзе для нас нагодаю для новага адкрыцця ўсяго багацця яго сведчання пра чалавечую любоў і сакрамэнт сужэнства.

 

Снежань 1997 г.

6 і 7 снежня 1997 г. суполкі з Францыі, Люксембурга і Швейцарыі адзначалі пяцідзесяцігоддзе «Дэкларацыі» руху ў г. Вільпенце каля Парыжа. Гэтая сустрэча, на якую сабралася 7500 чалавек, праходзіла ў форме малітвы, спрыяла пабудове супольнасці і дзяленню жыццёвым досведам. У некалькіх інсцэніроўках былі прадстаўленыя галоўныя этапы жыцця руху, пачынаючы ад першай сустрэчы айца Кафарэля з сужэнствамі, якія жадалі перажыць сваю веру ў сужэнстве. У нядзелю, падчас дзялення жыццёвым досведам, удзельнікі сустрэчы выслухалі чатыры сведчанні, якія дазволілі пазнаць багацце асабістай малітвы, сужэнскай малітвы, абавязку сужэнскай размовы («Прысядзем разам!») і статута жыцця. Напрыканцы сустрэчы адбылася святая Імша, якую цэлебраваў арцыбіскуп Парыжа кардынал Жан-Мары Люстыжэ.

 

Верасень 2000 г.

«Быць сужэнствам сёння ў Касцёле і ў свеце» — такая тэма сабрала тысячы сужэнстваў Суполак Маці Божай, якія прыбылі ў Сант’яга дэ Кампастэла і знаходзіліся там з 18 па 23 верасня з нагоды IX Міжнароднага з’езду руху і Вялікага Юбілею 2000-га года.

Гэтая сустрэча сяброў руху, якія прыбылі з 58 краінаў, падкрэсліла важнасць вучэння Суполак Маці Божай, якое было згадана ў пасланні, дасланым з Дзяржаўнага Сакратарыяту Ватыкана.

У гэтыя дні, прымеркаваныя да вялікіх эўхарыстычных урачыстасцяў, суполкі працавалі над тэмамі: «Быць асобаю», «Быць сужэнствам» і «Быць слугою сужэнства і сям’і». Праца праходзіла ў форме канферэнцыі, сустрэчаў і дзялення досведам у суполках.

Пасля выступлення айца Сорджэ (нацыянальнага каардынатара езуіцкага цэнтра сацыяльных навук у Італіі) на тэму: «Сям’я — ячэйка Касцёла, якая служыць для развіцця грамадства», а затым доктара Яцэка Дамініяна (заснавальніка Цэнтра даследаванняў сужэнства ў Англіі) на тэму вернасці і прабачэння, Ксаўе Лакруа паставіў пытанне: «Ці здольны чалавек на ўсё жыццё з’яднацца з іншым чалавекам?» Каб паказаць сужэнцам рэальнасць гэтай «неабходнай немагчымасці», дэкан тэалагічнага факультэта Каталіцкага універсітэта ў Ліёне патлумачыў, што сужэнская сувязь — гэта вобраз узаемаадносінаў Святой Тройцы, яна павінна быць адначасова «воляй, мастацтвам і дарам».

У сваёй катэдры арцыбіскуп Сант’яга выклікаў агульнае захапленне, запрасіўшы ўсе сужэнствы да аднаўлення «ТАК», якое яны прамовілі падчас заключэння шлюбу, і паўторнага абмену пярсцёнкамі.

Напрыканцы гэтых пяці дзён сяброўства і супольных малітваў новая Міжнародная адказная пара — Марыя-Крыстына і Жэрар дэ Рабэрці — была запрошаная да таго, каб зноў распавесці сабраным сужэнствам, як іх праца над сужэнскаю духоўнасцю дазволіла ім стаць сведкамі вернасці — вернасці Хрыста свету, вернасці ахрышчаных паводле Евангелля, вернасці каштоўнасцям, якія пашыраюць чалавечнасць і, урэшце, вернасці сужэнцаў сакрамэнту, які яны атрымалі.

 

А.2. ШТО ТАКОЕ СУПОЛКА МАЦІ БОЖАЙ?

 

1. Агульнае ўяўленне

«Ідзі за Мною» — гэты заклік Хрыстус скіроўвае да кожнага з нас, да кожнага сужэнства, запрашаючы адкрыць нашыя сэрцы для Яго любові, каб сведчыць пра Яго там, куды Ён нас паклікаў.

Сужэнцы, якія жадаюць адказаць на гэты заклік, але ўсведамляюць сваю слабасць, давяраючы ласцы сакрамэнту сужэнства і верачы ў неабходнасць братэрскай дапамогі, у абяцанне Хрыста: «Бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там я ёсць сярод іх» (Мц 18, 20), — вырашаюць стварыць суполку і просяць рух дапамагчы ім у гэтым. Такім з’яўляецца агульнае ўяўленне пра сужэнствы Суполак Маці Божай.

 

2. Аблічча суполак

 

Суполкі Маці Божай — гэта хрысціянская супольнасць сужэнстваў.

Супольнасць

Ад пяці да сямі сужэнстваў з дапамогаю святара добраахвотна ствараюць суполку Маці Божай. Ніхто не ўступае і не застаецца ў ёй пад прымусам. Кожны прымае актыўны ўдзел у яе дзейнасці, захоўваючы вернасць Духу Святому.

Каб паспяхова рэалізоўваць свае задумы, сябры суполкі абавязаны прымаць актыўны ўдзел у яе жыцці.

Суполка падпарадкоўваецца ўласным правілам і патрабаванням, выбірае супольныя мэты сваёй дзейнасці і канкрэтныя спосабы іх рэалізацыі (гл. ч. 3); кожны сябар суполкі прымае гэты выбар як свой уласны.

Суполка сама па сабе з’яўляецца часткаю большага аб’яднання — міжнароднага руху Суполак Маці Божай, з якім ва ўсёй паўнаце падзяляе сваё жыццё.

Хрысціянская супольнасць

Суполкі Маці Божай — гэта не звычайная супольнасць; яна збіраецца «ў Імя Хрыста» і жадае дапамагаць сваім сябрам узрастаць ў любові да Бога і бліжняга, каб лепш адказаць на пакліканне Хрыста.

Хрыстус хацеў, каб чалавечая супольнасць прымала і практыкавала любоў, якую Ён нам перадаў. Ён сабраў супольнасць, паабяцаў сваю дапамогу, падарыў ёй свайго Духа, даверыў несці свету радасную навіну. Гэтаю супольнасцю з’яўляецца Касцёл, які ёсць целам Хрыста і які служыць супольнасці людзей.

Гэтая вялікая супольнасць складаецца з маленькіх супольнасцяў, прадстаўленых у розных формах. Нават калі гэтыя супольнасці маюць іншую  структуру, яны ўдзельнічаюць у жыцці Касцёла, гэтак жа, як кожная клетка ўдзельнічае ў жыцці ўсяго цела, у жыцці, якое з’яўляецца любоўю Хрыста да Айца і да людзей.

Суполка Маці Божай — адна з такіх невялікіх супольнасцяў; яна жадае жыць у еднасці з Айцом і Касцёлам і быць цалкам адкрытаю на свет. У гэтым заключаецца яе пакліканне. Святар, які «прадстаўляе Хрыста як Кіраўніка супольнасці» (Сінод біскупаў, 1971), падтрымлівае яе, каб яна не адхілілася ад сваёй канчатковай мэты.

Сужэнская супольнасць

Хрысціянскае сужэнства само па сабе з’яўляецца «хрысціянскай супольнасцю», якая мае ўласцівасці, апісаныя вышэй.

З аднаго боку, гэтая супольнасць абапіраецца на чалавечую рэчаіснасць: яна з’яўляецца дарам — свабодным, дасканалым, неабходным і плённым у дачыненні да любові сужэнцаў. З іншага боку, гэтая чалавечая рэчаіснасць у Хрысце становіцца сакрамэнтам, або знакам, які выражае любоў Бога да людзей, любоў Хрыста да Касцёла і робіць сужэнцаў саўдзельнікамі гэтай любові.

Так, Хрыстус асаблівым чынам прысутнічае ў сужэнскай супольнасці: Яго любоў да Айца і да людзей перамяняе чалавечую любоў. Таму чалавечая любоў, якая перажываецца па-хрысціянску, ужо па сваёй прыродзе з’яўляецца сведчаннем пра Бога, і ў яе паўнаце бярэ пачатак апостальскае служэнне сужэнства.

Узаемадапамога ў Суполках Маці Божай набывае асаблівую форму: сужэнствы дапамагаюць адно аднаму будаваць сваё жыццё ў Хрысце (гэты працэс з’яўляецца няспынным) і ахвяраваць сваю любоў для пашырэння Божага Валадарства.

Суполкі Маці Божай аддаюцца пад апеку Панны Марыі. Іх сябры такім чынам падкрэсліваюць сваю веру ў тое, што няма лепшага правадніка на шляху да Бога, чым Марыя, якая «... займае першае месца сярод пакорных і ўбогіх Пана, што з даверам чакаюць ад Яго збаўлення і атрымліваюць яго» (Lumen Gentium, 55).

 

3. Шлях

Для кожнага хрысціяніна існуе толькі адзін шлях — Езус Хрыстус, уцелаўлёнае Божае слова: «...шчаслівыя, хто слухае і захоўвае слова Божае» (Лк 11, 28).

Рух Суполак Маці Божай не прымушае сваіх сяброў практыкаваць канкрэтную духоўнасць: ён жадае дапамагаць сужэнствам ісці дарогай, якую вызначыў для іх Хрыстус.

Для гэтага ён прапануе:

• кірункі жыцця,

• канкрэтныя заданні,

• жыццё суполкі.

Кірункі жыцця

Галоўны кірунак жыцця Суполак Маці Божай вызначаны любоўю, якую прынёс нам Хрыстус:

«Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім розумам тваім, і ўсёю моцаю тваёй. ...Любі бліжняга твайго, як самога сябе.» (Мк 12, 30–31).

Узрастанне ў гэтай любові — задача ўсяго нашага жыцця. Рух Суполак Маці Божай прапануе сваім сябрам дапамогу; таму просіць іх:

• дапамагаць адно аднаму ўзрастаць у Божай любові праз:

- прысвячэнне дастатковай колькасці часу на малітву;

- рэгулярнае чытанне Божага слова і жыццё паводле Яго;

- няспыннае паглыбленне ведаў аб праўдах веры;

- частае прыняцце сакрамэнтаў, асабліва Эўхарыстыі;

- практыкаванне хрысціянскай аскезы;

• дапамагаць адно аднаму ўзрастаць у любові да бліжняга праз:

- сапраўдную сужэнскую дапамогу — слуханне, дыялог, абмен вопытам — ва ўсіх галінах, асабліва ў духоўных справах;

- няспынны клопат пра хрысціянскае выхаванне дзяцей;

- адкрытасць на патрэбы бліжняга і гасціннасць;

- канкрэтнае сведчанне пра любоў Хрыста — асабліва праз удзел у жыцці Касцёла і мясцовай супольнасці.

Канкрэтныя заданні

Вопыт паказвае, што без выканання канкрэтных заданняў абраны стыль жыцця можа застацца толькі на паперы. Таму рух Суполак Маці Божай прапануе сваім сябрам:

• выконваць шэсць дакладна вызначаных «заданняў»;

• рэгулярна кантраляваць рэалізацыю заданняў і дапамагаць адно аднаму ў іх выкананні. Гэтаму спрыяе «дзяленне» падчас штомесячных сустрэчаў.

Вось гэтыя заданні:

1) рэгулярнае «слуханне» Божага слова;

2) штодзённая непасрэдная «сустрэча» з Богам (асабістая малітва);

3) штодзённая сустрэча мужа і жонкі ў сужэнскай малітве (калі гэта магчыма — сямейнай);

4) штомесячны сапраўдны сужэнскі дыялог перад абліччам Пана (т. зв. заданне «Прысядзем разам!»);

5) устанаўленне «статута жыцця» і штомесячная справаздача аб яго выкананні;

6) штогадовы ўдзел у рэкалекцыях (прынамсі 48-гадзінных, калі гэта магчыма, разам з сужэнцам), каб адкрыта стаць перад абліччам Пана.

Жыццё суполкі

Суполка не з’яўляецца мэтаю сама па сабе, а служыць сваім сябрам і дае ім магчымасць:

• перажываць супольную малітву і дзяліцца досведам;

• плённа дапамагаць адно аднаму на шляху да Бога і даваць сведчанні пра Яго.

У жыцці Суполак Маці Божай як і ў жыцці кожнай хрысціянскай супольнасці, можна схематычна вылучыць тры аспекты, тры важныя моманты:

• З Хрыстом суполка імкнецца да Айца, каб прыняць Яго любоў;

• У Хрысце суполка дзеліцца гэтай любоўю: «Адзіныя сэрцам і душою...»; (Дз 4, 32);

• Пакліканая Духам Святым, суполка пасылае сваіх сяброў у свет, каб абвяшчаць гэтую любоў.

Гэтыя тры аспекты перажываюцца перш за ўсё падчас штомесячнай сустрэчы.

Этапы сустрэчы:

• пасілак, які з’яўляецца асаблівым часам для ўсталявання сяброўства;

• супольная малітва, якая з’яўляецца цэнтрам і вяршыняй сустрэчы і якая часам можа набываць форму Эўхарыстыі;

• дзяленне досведам аб рэалізацыі заданняў і жыццёвымі клопатамі (гэта час узаемадапамогі, асабліва духоўнай і апостальскай);

• разважанні над тэмаю месяца, якія з’яўляюцца асаблівым часам для паглыблення веры.

Жыццё суполкі не абмяжоўваецца штомесячнымі сустрэчамі. Малітва ў еднасці з іншымі сябрамі і ў іх інтэнцыях, абмен досведам, узаемадапамога ажыццяўляецца згодна са звычаямі кожнай суполкі.

Адказная сужэнская пара, якая выбіраецца сябрамі суполкі, сочыць за тым, каб усе сапраўды ўдзельнічалі ў жыцці суполкі і дзякуючы гэтаму ўзаемадапамога прыносіла плён, а кожны сябар адчуваў сябе прызнаным,  любым і ахінутым апекаю суполкі.

З гэтаю мэтаю яна прапаноўвае кожнаму канкрэтызаваць сваю прыналежнасць да руху Суполак Маці Божай:

• на ўзроўні суполкі:

- удзельнічаючы ў штомесячных сустрэчах,

- падрыхтоўваючы сустрэчы ў малітве і разважаннях і занатоўваючы плён разважанняў штомесячных сустрэчаў;

• на ўзроўні руху:

- сістэматычна сочачы за жыццём руху, у прыватнасці, чытаючы Ліст Суполак Маці Божай (слова адказнай пары руху),

- імкнучыся жыць паводле рэкамендацый руху і прымаючы ўдзел у яго духоўных пошуках,

- удзельнічаючы у сустрэчах, якія арганізоўваюцца на розных узроўнях,

- прымаючы удзел у жыцці руху і яго апостальскай місіі,

- прымаючы на сябе пэўную адказнасць,

- штогод ахвяруючы на дзейнасць руху матэрыяльны ўнёсак, роўны дзённаму заробку,

- молячыся за кожнага сябра руху.

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ

Рух Суполак Маці Божай — гэта рух сужэнскай духоўнасці. Ён прапануе сваім сябрам жыццё ў суполцы і канкрэтныя сродкі, каб дапамагаць ім ва ўзрастанні ў сужэнскай і сямейнай духоўнасці, у любові да Бога і да бліжняга. Такім чынам ён рыхтуе сужэнствы да сведчанняў, формы якіх самастойна выбіраюцца сужэнствамі. Хоць гэты рух не займаецца пэўнай грамадскай дзейнасцю, але ён жадае быць рухам актыўных людзей.

 

А.3. РУХ СУПОЛАК МАЦІ БОЖАЙ СЁННЯ:

У СВЕЦЕ І Ў КАСЦЁЛЕ

 

1. Дзе ў свеце існуюць Суполкі Маці Божай?

Па статыстыцы на 1 студзеня 2002 г. у свеце было 8 753 суполак Маці Божай, да якіх належала каля 45 000 сужэнстваў.

Вось статыстыка іх размяшчэння:

Еўропа:

Францыя (2100), Іспанія (918), Партугалія (749), Італія (597), Бельгія (376), Вялікабрытанія (133), Швейцарыя (70), Германія (56), Ірландыя (35), Венгрыя (15), Аўстрыя (14), Люксембург (13), Польшча (3), Румынія (3), Манака (1), Чэхія (1).

Афрыка:

Рэспубліка Конга (45), Маўрыкій (42), Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (28), Тога (25), Камерун (15), Габон (10), Буркіна-Фасо (8), Сенегал (8), Малі (7), Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка (6), Бенін (4), Рэюньён (4), Руанда (4), Гвінея (1).

Амерыка:

Бразілія (2179), ЗША (433), Калумбія (169), Канада (54), Мексіка (53), Пуэрта-Рыка (53), Аргенціна (51), Коста-Рыка (25), Эквадор (25), Перу (22), Трынідад і Табага (20), Дамініканская Рэспубліка (18), Гватэмала (15), Марцініка (12), Парагвай (11), Гвадэлупа (7), Чылі (4), Балівія (3), Гвіяна (Французская) (2).

Азія:

Індыя (38), Сірыя (37), Ліван (29), Філіпіны (3), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (1), Сінгапур (1).

Акіянія:

Аўстралія (176), Новая Зеландыя (5), Фіджы (2), Палінезія (2), Новая Каледонія (1).

 

2. Якім чынам арганізаваныя суполкі?

Напачатку не прадугледжвалася стварэнне арганізаванай структуры руху. Аднак з цягам часу для таго, каб палегчыць рэфлексію і абмен думкамі паміж сужэнствамі, каб практыкаваць братэрскую камунію і падтрымліваць духоўную актывізацыю, было вырашана стварыць пэўныя структуры.

Так паступова развіваліся наступныя служэнні:

• сувязная пара, якая павінна забяспечваць сувязь паміж некалькімі суполкамі;

• адказная пара сектара, якая разам з некалькімі сужэнствамі і святаром  актывізуе дзейнасць 10–20 суполак;

• адказная пара рэгіёна, якая падтрымлівае адзінства паміж шматлікімі сектарамі;

• адказная пара суперрэгіёна, якая наладжвае сувязь паміж некалькімі рэгіёнамі;

• Міжнародная адказная суполка (ERI), якая складаецца са святара і 5–7 сужэнстваў.

У 2002 г. у свеце існавала 430 сектараў, 70 рэгіёнаў і 7 суперрэгіёнаў.

Міжнародная адказная суполка працуе ў цеснай сувязі з адказнымі парамі суперрэгіёнаў, з якімі сустракаецца некалькі разоў на год у Парыжы або ў іх краінах.

Ёй дапамагае генеральны сакратарыят, які размяшчаецца ў Парыжы. Генеральны сакратарыят з’яднаны з мясцовымі сакратарыятамі розных краінаў. Сакратарыяты займаюцца адміністрацыйнымі справамі і дакументамі, якія рэдагуюцца на нямецкай, англійскай, іспанскай, французскай, італьянскай, партугальскай мовах, і нават на арабскай.

 

3. Якое месца суполкі займаюць у Касцёле?

«Адданыя Касцёлу, яны заўсёды імкнуцца адгукацца на просьбы свайго біскупа і сваіх святароў». Так на самым пачатку гэта акрэсліла «Дэкларацыя» Суполак Маці Божай. З таго часу ўсе сябры руху сочаць за тым, каб ён быў верны Касцёлу і з’яўляўся яго паўнапраўнаю часткаю.

Рух Суполак Маці Божай на працягу гадоў атрымліваў падтрымку ад касцёльнай іерархіі, у прыватнасці, ад:

• Папы Яна XXIII — 3 мая 1959 г.,

Папы Паўла VI — 9 чэрвеня 1965 г., 4 мая 1970 г. і 22 верасня 1976 г.,

• ад кардынала Фельтэна, арцыбіскупа Парыжа, як біскупа таго горада, дзе быў заснаваны рух, — 25 сакавіка 1960 г.,

• ад Папы Яна Паўла ІІ — 17 верасня 1979 г. і 23 верасня 1982 г.

Вось некалькі фрагментаў з прамоваў Папаў Паўла VI і Яна Паўла ІІ:

 

«З хрысціянскіх сужэнстваў вы ствараеце невялікія групы духоўнай узаемадапамогі, падтрыманыя святарамі. Як мы можам не радавацца гэтаму? Дарагія браты і сёстры, Папа ад усяго сэрца падтрымлівае вас і дае Божае благаслаўленне на вашыя пошукі» (Павел VI, 4 мая 1970 г.).

 

«Касцёл, жывымі і дзейнымі ячэйкамі якога вы з’яўляецеся, дае праз вашыя сем’і сведчанне моцы збаўчай любові і прыносіць плён святасці.  Сужэнствы вопытныя, сужэнствы шчаслівыя, сужэнствы верныя — вы рыхтуеце Касцёлу і свету новую вясну, першыя бутоны якой ужо радуюць нас. Бачачы вас, цешачыся думкаю пра мільёны хрысціянскіх сем’яў, рассеяных па ўсім свеце, я напаўняюся нястрымнай надзеяй і з даверам кажу вам: “Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах“ (Мц 5, 16)» (Павел VI, 4 мая 1970 г.).

 

«Вашыя суполкі створаныя ў крытычны момант гісторыі, калі жахлівая вайна пакінула пасля сябе руіны, з якіх самымі сур’ёзнымі былі маральныя і душэўныя. Ваш рух удзельнічаў у падтрымцы і развіцці ідэі хрысціянскай сям’і. Заставайцеся такімі, якімі вы хацелі быць з першага дня заснавання руху, рэалізуючы вашае пакліканне сапраўднай школы духоўнасці для сужэнстваў, глыбока верных вучэнню Касцёла ва ўсіх галінах: дактрынальнай, літургічнай і маральнай» (Павел VI, 22 верасня 1976 г.).

 

Да ксяндзоў, душпастыраў Суполак Маці Божай: «“Старэйшых сярод вас я заклікаю як адзін са старэйшых, як сведка цярпенняў Хрыстовых і супольнік славы, што павінна адкрыцца” (1 П 5, 1), не вагайцеся аддаць тое, што ў вас найлепшае — здольнасці, сілы, душпастырскую руплівасць — на гэтую асаблівую апостальскую працу. Вы знойдзеце тут частку Касцёла, пастырамі якога з’яўляецеся. Няхай вам не падаецца, што ваша душпастырская праца абмяжоўваецца малою групаю хрысціянаў. Вашая дзейнасць памножыцца праз шматлікія сужэнствы. Дапамагайце ім у паглыбленні хрысціянскага жыцця — і няхай вашае жыццё паглыбіцца ў такой жа ступені» (Павел VI, 22 верасня 1976 г.).

 

«Умілаваныя браты і сёстры, вы жывяце ў самым цэнтры сакрамэнту яднання, вашае сужэнства ўзбагачаецца Эўхарыстыяй, і Эўхарыстыя асвячаецца праз ваш сакрамэнт сужэнства — у гэтым будучыня свету. Нягледзячы на вашую недасканаласць і слабасць, няхай вашае святло пакорна і адначасова верна свеціць сярод людзей. Людзі нашага часу шукаюць столькі забруджаных крыніцаў! Няхай усё вашае жыццё вядзе іх да студні Якуба, няхай вашае сужэнскае і сямейнае жыццё абвяшчае ім: “Калі б ты ведаў Божы дар!” Бачачы вашае жыццё, няхай яны радасна адказваюць “ТАК” Богу, сапраўднай Любові! Няхай усё вашае жыццё дазволіць ім пачуць заклік Хрыста: “Хто прагне, няхай прыйдзе да Мяне і п’е. Хто верыць у Мяне, у таго, як сказана ў Пісанні, з улоння пацякуць рэкі вады жывой“ (Ян 7, 37–38).

Няхай Божая Маці дапаможа вам прыняць Дар Божы і перадаць яго людзям так, як гэта зрабіла Яна!» (Ян Павел ІІ, 23 верасня 1982 г.).

 

З пункту гледжання кананічнага права Суполкі Маці Божай —  каталіцкая арганізацыя, якая мае свецкі статус. Адказваючы на пажаданне Апостальскай Сталіцы, у 1986 г. рух END склаў праект статута.

END падтрымлівае цесныя адносіны:

• з Папскай Радай па справах свецкіх і Папскай Радай па пытаннях сям’і ў Рыме [Conseil Pontifical les Laics i Conseil Pontifical pour la Famille];

• з Канферэнцыяй Біскупаў і ў прыватнасці з арганізацыямі, якія займаюцца праблемамі сем’яў і сужэнстваў у кожнай краіне;

• з біскупам дыяцэзіі і рознымі дыяцэзіяльнымі арганізацыямі.

Сужэнства з END у якасці слухачоў ўдзельнічала ў апошняй сесіі Другога Ватыканскага Сабору. Яшчэ адно сужэнства ўдзельнічала ў Сінодзе на тэму свецкіх. У наш час адна з параў удзельнічае ў Папскай Радзе па пытаннях сям’і.

Ва ўсіх краінах, дзе шырока распаўсюджаны END, сужэнствы, якія да іх належаць, з’яўляюцца ўдзельнікамі арганізацыі свецкіх і камітэтаў па пытаннях сям’і.

 

Частка ІІ.

АДКАЗНАЯ ПАРА СУПОЛКІ

 

Вы, зразумела, ужо былі пакліканыя да выканання сацыяльных, прафесійных, палітычных, касцёльных абавязкаў. Аднак, несумненна, адчулі пэўны страх, калі вашая суполка папрасіла, каб вы былі яе «адказнаю параю».

Адказнасць у Суполках Маці Божай мае асаблівы характар. Гэта найперш адказнасць, якую нясуць двое (магчыма, вы яшчэ не падзялялі яе ў іншых справах, апроч сямейных), і перадусім — духоўная адказнасць, гэта значыць, такая, найважнейшыя элементы якой застаюцца па-за нашаю увагаю.

У другой частцы вы знойдзеце розныя парады, якія дапамогуць зразумець сутнасць гэтай адказнасці, а таксама шэраг рэкамендацый для выканання вашых абавязкаў і вынікі досведу вашых папярэднікаў.

Яны сабраныя ў тры раздзелы:

Б.1. Што такое адказная пара?

Б.2. Абавязкі адказнай пары суполкі

Б.3. Як дзейнічае адказная пара?

Вы не знойдзеце тут практычных парадаў, яны прадстаўленыя ў трэцяй частцы.

 

Б.1. ШТО ТАКОЕ АДКАЗНАЯ ПАРА СУПОЛКІ МАЦІ БОЖАЙ?

 

Каб адказаць на гэтае пытанне, задумаемся над кожным словам гэтага выразу.

Адказная...

Слова «адказны» часта разумеецца няправільна. Часта яно адназначна азначае таго, хто сам прымае рашэнні, хто ні перад кім не павінен даваць справаздачу аб сваёй дзейнасці. Аднак насамрэч гэты тэрмін азначае таго, хто «адказвае» за штосьці перад кімсьці. Менавіта ў гэтым сэнсе слова «адказны» ўжываецца ў Суполках Маці Божай.

За што адказвае адказная пара? За належны напрамак супольнасці ў духу Суполак Маці Божай.

Перад кім яна нясе адказнасць?

• перад сябрамі суполкі, якія яе выбралі,

• перад рухам: суполка згаджаецца вырашаць задачы супольнага жыцця,

• і найперш — перад Богам: прыняць адказнасць у Суполках Маці Божай — гэта ў першую чаргу адгукнуцца на пакліканне Пана, які даверыў нам абавязак дапамагаць нашым бліжнім на шляху да Яго.

Каб выканаць гэтае заданне, адказная пара імкнецца развіць у суполцы пачуццё супольнай адказнасці: развіццё суполкі ўрэшце з’яўляецца супольнаю справаю, і заўсёды, калі гэта магчыма, рашэнне прымаецца супольна, у атмасферы сапраўднай любові да бліжняга.

Гэта аднак не змяншае ролі «адказных» — тых, каго суполка выбрала для стымулявання яе развіцця і хто атрымаў ад Пана ласку, неабходную для выканання гэтай функцыі. Таму не вагайцеся, калі трэба падкрэсліваць сваё значэнне. Нягледзячы на гэта, не забывайцеся, што кожная адказнасць з’яўляецца найперш служэннем: «Бо і Сын чалавечы прыйшоў не для таго, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё дзеля адкуплення многіх» (Мц 20, 28), а «ўлада — гэта скіраванне сілы на служэнне веры бліжніх, таму асноваю улады з’яўляецца не шуканне ў дадзенай сітуацыі сілы ці перавагі, а натхнёнае шуканне любові» (магістр Калліні).

...Пара...

У Суполках Маці Божай, сужэнскім руху, усе абавязкі выконваюцца сужэнствамі.

Што трэба ад іх чакаць? Дзве рэчы:

1. Адказнасць за давераныя абавязкі нясуць абодва сужэнцы. Некаторыя заданні павінны быць падзеленыя паміж мужам і жонкаю паводле іх магчымасцяў і харызмы, але абодва сужэнцы павінны разам разважаць над імі, разам вырашаць, разам дзейнічаць. Гэта самае важнае, гэта нават з’яўляецца асаблівасцю сакрамэнту сужэнства, з якога яны жадаюць чэрпаць сілы, неабходныя для іх супольнай апостальскай дзейнасці. Для некаторых гэты досвед будзе новым, напачатку часцей за ўсё — цяжкім, але наколькі ён узбагачае сужэнства!

2. Святар і адказная пара не дзеляцца абавязкамі. Святар з’яўляецца «духоўным дарадчыкам», гэта значыць, яго роля заключаецца ў дапамозе адказнай пары ў нясенні ўсёй адказнасці без яго.

...Суполкі Маці Божай

Суполка Маці Божай мае свае ўласныя асаблівасці. Сужэнствы ўступаюць у рух, каб знайсці падтрымку на сваім шляху да Бога. Яны дапамагаюць адно аднаму ў суполцы паводле прынцыпаў, якія прапануе ім рух.

Такім чынам, адказная пара сочыць за тым, каб, развіваючы сваю індывідуальнасць, суполка не аддалілася ад гэтых спецыфічных прынцыпаў. Яна захоўвае суполку і ад расчараванняў: многія суполкі папракаюць рух у цяжкасцях, якія яны сустракаюць, скажаючы такім чынам той шлях, які прапануе ім рух.

 

Б.2. АБАВЯЗКІ АДКАЗНАЙ ПАРЫ

 

Абавязкі адказнай пары можна падзяліць на тры часткі: актывізацыя, наладжванне сувязі і кіраванне.

Актывізацыя

Актывізаваць — значыць, рабіць актыўным, у дадзеным выпадку — натхняць, адухаўляць.

Айцец Кафарэль любіў казаць: «Суполкі Маці Божай — гэта рух духоўнасці; нават калі гэты тэрмін сустракаецца сёння рэдка, ён мае вельмі вялікае значэнне — падкрэслівае першынство дыхання Духа ў арганізацыі і яе сістэме; выразна акрэслівае мэту, да якой яна імкнецца: духоўнае, або хрысціянскае, жыццё, якое адухаўляецца Духам Святым».

Адказная пара — перш за ўсё духоўны актывізатар. Яна нястомна нагадвае сужэнствам суполкі, што яны сабраныя ў імя Хрыста, каб дапамагаць адно аднаму больш любіць Бога і бліжняга; яна запрашае сяброў суполкі да большай адкрытасці на дыханне Духа Святога.

Адказная пара робіць суполку сапраўднай хрысціянскай супольнасцю:

• супольнасцю, якая разам з Хрыстом пакорна звяртаецца да Айца, каб прыняць Яго любоў, ведаючы, што без Яго мы нічога не можам зрабіць і што малітва ва ўсіх яе формах вельмі патрэбная для асабістага жыцця і жыцця суполкі;

• супольнасцю, якая ў Хрысце дзеліцца гэтай любоўю, гэта значыць, супольнасцю, у якой любоў да бліжняга — не пустое слова, у якой сапраўды практыкуецца ўзаемадапамога ва ўсіх сферах жыцця, сябры якой маюць патрэбу адзін у адным; супольнасцю, у якой пануе і з якой выпраменьвае атмасфера дзялення;

• супольнасцю, якую вядзе Дух Хрыста і якая пасылае сваіх сяброў у свет, каб яны паказвалі гэтую любоў, стараючыся як мага актыўней удзельнічаць у служэнні Касцёлу і свету згодна са сваім пакліканнем; супольнасцю, якая пасылае сваіх сяброў, каб яны давалі прыклад братэрскай любові, рэалізуючы сябе ў суполцы, каб яе сябры маглі выбраць і выконваць свае абавязкі.

• нарэшце, супольнасцю, якая, з’яўляючыся вынікам любові да бліжняга, ёсць жывое сведчанне для свету.

Метады Суполак Маці Божай, якія ўтвараюць адзінае цэлае, прыстасаваныя да гэтых духоўных заданняў. Аднак часам яны мала вядомыя і часта няправільна разумеюцца, як па духу, так і па змесце. Гэта прыводзіць да іх скажэння, нават да адмаўлення, што заўсёды з’яўляецца шкодным для суполкі.

Адказная пара прыкладае асабістыя намаганні для таго, каб зразумець мэты і метады руху, каб добра ўсвядоміць сваю пазіцыю. Акрамя таго, яна клапоціцца пра тое, каб суполка са свайго боку таксама зразумела мэты і метады руху і правільна перажывала. Кожны раз, калі ўзнікне такая патрэба, адказная пара павінна праводзіць больш глыбокія разважанні над самымі цяжкімі пытаннямі.

Яна павінна сачыць і за тым, каб у якую-небудзь сям’ю ці ва ўсю суполку не пракралася руціна або расчараванне.Таму яна павінна быць крэатыўнай, каардынаваць рытм штодзённага жыцця суполкі, крытыкаваць некаторыя звычаі, не аддаляючыся ад харызмы руху.

Каб усё гэта выканаць, адказная пара павінна дзейнічаць спрытна і ў духу любові да бліжняга. Нельга аднак забывацца пра тое, што гэтая любоў патрабуе намаганняў: дарога па слядах Хрыста — нялёгкая.

 

Наладжванне сувязі

Суполка Маці Божай не жыве ў ізаляцыі. Яна з’яўляецца часткаю вялікай сям’і, што, з аднаго боку, для яе з’яўляецца набыткам, а з іншага — адказнасцю. Набыткам, бо суполка карыстаецца вопытам (мінулым і сучасным) тысячаў іншых суполак, надзейнай дапамогай многіх сем’яў і святароў, якія прысвячаюць сябе руху, карыстаюцца малітоўнай падтрымкай усіх сяброў Суполак Маці Божай ва ўсім свеце. Адказнасцю, бо суполка са свайго боку дзеліцца сваім вопытам, выконвае сумесныя абавязкі і моліцца за іншых.

Адказная пара клапоціцца пра тое, каб іх суполка была адкрытаю на рух, каб была забяспечана двухбаковая камунікацыя, каб кожны адчуваў сябе адказным за жыццё супольнасці і актыўна ў ім удзельнічаў.

Для дасягнення гэтых мэтаў адказная пара выкарыстоўвае ўсе сродкі, якія лічыць неабходнымі. У прыватнасці, як гэтага патрабуе рух, яна заахвочвае сяброў суполкі да таго, каб яны:

• удзельнічалі ў жыцці руху,  рэгулярна чытаючы Ліст Суполак Маці Божай, асабліва рэдакцыйныя артыкулы;

• жылі мэтамі руху і ўдзельнічалі ў супольных пошуках;

• бралі ўдзел у сустрэчах на розных узроўнях;

• прымалі на сябе абавязкі, якія ім давераць;

• своечасова ўносілі свае ахвяраванні (дзённы заробак);

• штодзень чыталі малітву Суполак Маці Божай у еднасці з усімі сем’ямі руху, у сваёй інтэнцыі і ў інтэнцыях усіх сужэнстваў руху;

• прымалі апостальскую адказнасць руху, асабліва клапоцячыся пра іншыя сужэнствы і дзелячыся з тымі, хто іх атачае, багаццем, якое яны адкрываюць дзякуючы Суполкам Маці Божай.

Адказная пара клапоціцца таксама пра тое, каб досвед, радасць і смутак, якія перажываюцца ў суполцы, былі карысныя для іншых. Яна назірае за тым, што адбываецца ў іншых суполках і што можа быць карысным для іх уласнай.

Каб выканаць усе гэтыя заданні, адказная пара падтрымлівае пастаянны кантакт з сувязной парай і з адказнай парай сектара, пра асаблівыя абавязкі якой будзе напісана ніжэй (глядзі Б.3). У штомесячнай справаздачы адказная пара інфармуе сувязную пару пра жыццё суполкі.

 

Кіраванне

Не будзе актывізацыі без мінімальнай арганізацыі — кіравання. Адказная пара павінна:

• арганізоўваць жыццё суполкі на працягу года;

• перадаваць сябрам суполкі запрашэнні, парады і інфармацыю з сектара, рэгіёна і руху;

• рэгулярна падаваць у сектар і сакратарыят руху неабходныя адміністрацыйныя звесткі.

Гэта некаторыя з заданняў, пералічаных у трэцяй частцы дакумента.

 

Б.3. ЯК ДЗЕЙНІЧАЕ АДКАЗНАЯ ПАРА?

 

Адказная пара суполкі дзейнічае ў духу служэння, карыстаючыся дапамогаю духоўнага дарадчыка, сувязной пары і адказнай пары сектара, але найперш абапіраючыся на малітву.

 

У духу служэння

Уся адказнасць у Суполках Маці Божай зводзіцца да служэння; адказная пара служыць сваім братам у суполцы і праз гэта Касцёлу. Яна робіць гэта:

у поўнай пакоры

Яна не мае спецыяльнай падрыхтоўкі для таго, каб дапамагаць іншым на шляху да Хрыста; наадварот, яна цалкам усведамляе свае недахопы і слабасці, аднак згаджаецца выкарыстоўваць свае недасканалыя чалавечыя сродкі для служэння суполцы. Яна цалкам прысвячае сябе Хрысту, каб Ён мог дзейнічаць праз яе, яна перакананая, што «моц удасканальваецца ў слабасці», як нагадвае нам святы Павел;

з вялікай любоўю

«Каб любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас» (Ян 13, 34). Адказная пара  не зможа паспяхова дапамагаць сваім братам у суполцы, калі не навучыцца глядзець на іх так, як глядзіць Хрыстус — позіркам любові, які не асуджае, не ганьбуе, а стымулюе, дадае надзеі, дапамагае пераўзыходзіць сябе і перамяняе.

прымаючы пэўныя невыгоды

Ці было б добрасумленна ўзяць на сябе абавязак, але не быць гатовым прысвяціць яго выкананню ўсе неабходныя сродкі? Суполка будзе патрабаваць часу: два ці тры вечары кожны месяц (у тым ліку штомесячныя сустрэчы суполкі), дво выходныя штогод (у тым ліку рэкалекцыі). Дзейнасць адказнай пары панясе пэўныя дадатковыя выдаткі: ліставанне, тэлефонныя размовы, пасілкі, удзел у сустрэчах (зразумела, што ў тых выпадках, калі важныя справы суполкі патрабуюць большых выдаткаў, яе сябры дапамагаюць адказнай пары); магчыма, абавязкі вымусяць змяніць некаторыя жыццёвыя звычкі. Адказная пара прымае ўсё гэта (а таксама тое, што яна не прадбачыла), прысвячаючы сваё служэнне братам у суполцы, ведаючы, што служэнне Богу патрабуе адрачэння, і ўсведамляючы, што яно будзе крыніцаю Божай ласкі для суполкі і для іх саміх.

 

З дапамогаю святара і сужэнстваў

Адказная пара не адна. Ёй дапамагаюць святар (духоўны дарадчык суполкі), сувязная пара і адказная пара сектара. Яны існуюць не для таго, каб навязваць адказнай пары пэўны спосаб дзеяння, а для таго, каб дапамагчы распазнаць пакліканне Хрыста і лепш адказаць на яго, згодна са шляхам, які прапануе рух.

Святар — духоўны дарадчык

Абавязкі ў руху Суполак Маці Божай выконваюцца сужэнствамі не толькі на ўзроўні арганізацыі, але перш за ўсё на ўзроўні супольнага духоўнага досведу. Святар не выконвае за адказную пару яе абавязкі, а дапамагае ёй у поўнай рэалізацыі гэтай духоўнай адказнасці. Ён адкрывае перад імі розныя аспекты адказнасці, стымулюе да дзеяння, калі гэта патрэбна, і пастаянна скіроўвае іх у бок галоўнай мэты — дапамогі кожнаму з сяброў суполкі ў пошуку Бога і Яго волі.

Прысутнасць святара ўносіць у суполку іншае вымярэнне: сапраўды «святарскае служэнне наглядна паказвае прысутнасць Хрыста як Кіраўніка грамадства...» (Сінод Біскупаў 1971). Святар запрашае суполку да перажывання яе найглыбейшага вымярэння як ячэйкі Касцёла, часткі містычнага цела, Галавой якога з’яўляецца Хрыстус.

Адказная пара запрашае духоўнага дарадчыка да як мага паўнейшага ўдзелу ў жыцці суполкі, сем’і хочуць падзяляць з ім сваю радасць і заняткі, удзельнічаць у апостальскім жыцці свайго духоўнага дарадчыка. Адказная пара просіць святара даць суполцы дактрынальныя веды, душпастырскі досвед, але найперш — падзяліцца з сябрамі суполкі сваім святарствам.

Калі ў Касцёле адчуваецца недахоп святароў, католікі могуць чакаць ад аднаго з іх служэння суполцы толькі тады, калі яго прысутнасць дасць ім тое, што з’яўляецца спецыфічным для яго святарства, тое, чаго яны не атрымаюць ад верніка, які не з’яўляецца святаром.

Сувязная пара

Сувязная пара прызначаецца для кожнай суполкі.

Гэтае сужэнства, з’яўляючыся сябрам іншай суполкі, выбіраецца адказнай парай сектара і павінна несці служэнне ў трох або чатырох суполках.

Як гаворыць само азначэнне, «сувязная пара» забяспечвае двухбаковую сувязь паміж суполкаю і рухам. Яна служыць у суполках не для таго, каб кантраляваць іх ці навязваць якое-небудзь рашэнне, а каб дапамагаць штосьці зразумець, заўважыць, каб дапамагаць жыць.

Сувязная пара забяспечвае сувязь:

• суполкі з сектарам і рухам

Яна інфармуе адказную пару сектара пра развіццё суполкі, пра яе поспехі, цяжкасці, памкненні, патрэбы, не парушаючы адначасова даверу, які быў аказаны ёй у тых справах, якія не павінны выходзіць па-за кола сяброў суполкі;

• сектара і руху з суполкаю

Сувязная пара перадае суполцы заклікі руху і сектара, але найперш тлумачыць метады і напрамкі развіцця руху — дапамагае суполцы зразумець іх і выкарыстоўваць;

• паміж суполкамі, для якіх выбрана сувязная пара

Вялікаю дапамогаю для сужэнстваў адной суполкі можа быць знаёмства са станоўчым і адмоўным досведам іншых суполак. Таму сувязная пара займаецца абменам досведам паміж імі, час ад часу арганізоўваючы сустрэчы адказных параў.

Аднак сувязная пара не абмяжоўваецца забеспячэннем сувязі ў вузкім значэнні гэтага слова. Калі суполка, у прыватнасці, адказная пара, захоча прыняць сужэнцаў сувязной пары з даверам і пакораю, як дапамогу на шляху да Пана, яны стануць сябрамі суполкі і ахвяруюць ім позірк збоку, так неабходны для развіцця. Адказная пара зможа папрасіць парады, калі перад суполкаю паўстане нейкая праблема, а таксама зможа падзяліцца з ёю сваёй радасцю і цяжкасцямі. Іерархічныя адносіны паміж імі перарастуць у братэрскае паразуменне двух сужэнстваў, якія нясуць аднолькавую духоўную адказнасць.

Адказная пара сектара

У склад сектара, як правіла, уваходзіць ад 10 да 20 суполак. Гэтымі суполкамі кіруе сужэнства — адказная пара сектара. Ёй дапамагае суполка, якае складаецца са святара і двух або трох сужэнстваў.

Гэтая невялікая суполка з’яўляецца апошнім звяном паміж Міжнароднаю адказнаю суполкаю (ERI) і асобнымі суполкамі. Яе задача — дапамагаць суполкам свайго сектара на шляху да Бога і больш дакладна інфармаваць іх пра напрамкі развіцця, усталяваныя рухам, якім адказная пара сектара перш за ўсё надае актуальны характар, звяртаючы ўвагу на мясцовыя ўмовы і патрэбы сужэнстваў свайго сектара. Акрамя таго, яна выконвае шматлікія кіраўнічыя функцыі.

Адказная пара суполкі падтрымлівае сувязь з адказнаю параю і адказнаю суполкаю сектара — непасрэдна ці праз пасрэдніцтва сувязной пары. Яна таксама ўдзельнічае ў сустрэчах адказных параў, якія рэгулярна арганізоўваюцца сектарам.

Яна дзейнічае такім чынам, каб сужэнствы, якія належаць да суполкі, сапраўды ўдзельнічалі ў жыцці сектара і прымалі адказнасць за яго, каб адгукаліся на яго заклікі і былі гатовыя дапамагчы іншым суполкам.

 

Абапіраючыся на малітву

Святы Павел казаў: «Зямны ж чалавек не прымае таго, што ад Духа Божага» (1 Кар 2, 14). Адказная пара ўскладае давер на Бога і ажыццяўляе ўсё ў чалавечай сферы, каб суполка была месцам сяброўства, дапамогі і г.д. Сужэнцы прысвячаюць сябе Богу, каб Ён мог дзейнічаць праз іх, і даручаюць Яму сяброў суполкі, просячы для іх святла і моцы Яго Духа.

Таму важную ролю ў іх жыцці адыгрывае малітва, у прыватнасці:

• штодзённая малітва, падчас якой адказная пара прысвячае сябе Богу, слухаючы Яго Слова, прымаючы Яго Дух;

• штодзённая сужэнская малітва, разам з малітваю Суполак Маці Божай, якая чытаецца разам з сябрамі суполкі і ва ўсіх іх інтэнцыях;

• удзел у святой Імшы прынамсі раз на тыдзень, падчас якой сужэнцы прысвячаюць Пану сваю радасць, клопаты, цяжкасці сужэнстваў суполкі, заступаюцца за іх, памятаючы, што яны маюць да гэтага асаблівае пакліканне.

Яны таксама клапоцяцца пра тое, каб супольная малітва займала важнае месца ў жыцці суполкі па-за штомесячнымі сустрэчамі і падчас усіх іншых сустрэчаў у коле сужэнстваў і сем’яў.

Частка ІІІ.

ЖЫЦЦЁ СУПОЛКІ

 

У гэтай частцы вы знойдзеце канкрэтную інфармацыю, якая датычыць розных аспектаў жыцця супокі ў руху END.

В.1. Шлях суполкі

В.2. Сустрэча суполкі

В.3. Выбар адказнай пары і духоўнага дарадчыка

В.4. Фармацыя адказнай пары

В.5. Задачы адказнай пары

Пазаёмцеся з гэтым матэрыялам як мага хутчэй і звяртайцеся да яго заўсёды, калі ўзнікне якая-небудзь праблема.

 

В.1. ШЛЯХ СУПОЛКІ

 

Згодна з развіццём суполкі рух прапануе ёй прайсці розныя этапы:

 

Азнаямленне (першы год)

Перыяд азнаямлення ахоплівае адзін год жыцця суполкі (8 сустрэчаў) і адныя выходныя (якія разглядаюцца як 9-тая сустрэча).

Каб суполцы было лягчэй распачаць працу, адказная пара сектара вызначае сужэнства з іншай суполкі, задача якога — кіраваць новаю суполкаю, дапамагаць ёй у першы год існавання.

Тэмаю разважанняў на працягу першага года служыць брашура пад назваю «Сабраныя ў імя Хрыста», якая прадстаўляе погляд на сутнасць суполкі, сужэнства і методыку дзейнасці руху.

У выходныя, пра якія была гаворка вышэй, падводзяцца вынікі пражытага года. Гэта ажыццяўляецца праз удзел у лекцыях, сведчанні і практыку духоўнага жыцця ў сужэнстве і суполцы.

Выходныя завяршаюцца прыняццем Дэкларацыі, якая дае адказ на пытанні:

• ці з’яўляецца шлях, які прапануе END, адпаведным шляхам да Бога для нашага сужэнства?

• калі так, то ці згаджаемся мы з мэтамі і метадамі руху, ці гатовыя мы стаць «часткаю цэлага» руху, прыняць выклік супольнага жыцця?

 

Жыццё ў Суполках Маці Божай

...не мае вызначаных межаў.

Суполкі запрашаюць сужэнцаў да больш поўнага адказу на заклік Хрыста: «Ідзі за Мною».

Гэта значыць, што, акрамя дапамогі сужэнствам у хрысціянскім жыцці, якая мае месца ў першыя гады працы, рух жадае перадаць ім заклік да святасці, адказаць на які можна праз хрысціянскі стыль жыцця, прадстаўлены ў Евангеллі.

Жыццё суполкі з’яўляецца трамплінам да ўдзелу ў служэнні Касцёлу і свету.

 

У восень жыцця

Калі для сужэнцы падыходзяць да пенсійнага ўзросту і адбываюцца ўсе звязаныя з гэтым змены, END прапануе супольнае разважанне над тым, як можна перажыць гэты новы этап, і ўзаемную дапамогу (сесія і дні «Восень жыцця»).

 

В.2. СУСТРЭЧА СУПОЛКІ

 

Штомесячныя сустрэчы з’яўляюцца для суполкі важнаю падзеяй.

Адказная пара павінна клапаціцца пра тое, каб:

• яны былі добра падрыхтаваныя;

• усе маглі ўдзельнічаць у іх у атмасферы павагі, малітвы і яднання;

• сустрэчы адбываліся ва ўмовах, вызначаных рухам;

• сустрэчы прыносілі вынікі.

 

1. Падрыхтоўка

Для кожнай сустрэчы суполка выбірае:

• месца (як правіла, сустрэчы адбываюцца па чарзе  ва ўсіх сужэнстваў)

• тэкст малітвы

• тэму разважанняў

• пару актывізатараў (кожную сустрэчу можа ўзначаліць іншае сужэнства).

Сябры суполкі павінны таксама падрыхтаваць змястоўны бок сустрэчы. З гэтаю мэтаю яны рыхтуюць разважанні і дасылаюць іх адказнай пары за 8 дзён перад вызначанай датай сустрэчы. Суполка можа прыняць рашэнне, што за падрыхтоўку і правядзенне сустрэчы кожны раз будзе адказваць іншае сужэнства.

Адказная пара можа пракансультавацца наконт разважанняў з духоўным дарадчыкам незадоўга перад сустрэчай суполкі (напр., запрасіўшы святара на вячэру). Яны разам вызначаюць ход сустрэчы.

 

2. Удзел

Усе сябры суполкі павінны мець магчымасць удзельнічаць у штомесячных сустрэчах. Адказная пара клапоціцца пра тое, каб даты сустрэчаў вызначаліся загадзя, у выпадку неабходнасці — за 2–3 месяцы да іх.

Калі ўзнікаюць якія-небудзь непрадбачаныя абставіны (хвароба, прафесійныя справы), якія камусьці з сяброў суполкі не даюць магчымасці ўдзельнічаць у сустрэчы, дату трэба перанесці.

Адказная пара павінна таксама звярнуць увагу на тое, каб усе актыўна ўдзельнічалі ў сустрэчы, бо на ёй можна прысутнічаць, але не ўдзельнічаць, калі думкі паглынаюць прафесійныя справы, непаразуменні паміж сужэнцамі або сужэнствамі і інш. Актыўны ўдзел лягчэй наладзіць, калі сустрэча будзе праходзіць у атмасферы сапраўднай хрысціянскай супольнасці, калі кожны будзе мець адчуванне, што слухае Хрыста, які прамаўляе да яго праз іншых, і што па-сапраўднаму выражае сябе.

 

3. Ход сустрэчы

Сустрэча звычайна складаецца з 5 частак: пасілак, дзяленне жыццёвымі клопатамі, малітва, справаздача аб рэалізацыі заданняў, абмен думкамі (па тэме, абранай для разважання).

 

Пасілак

Гэта час для паглыблення сяброўства. Сціплы пасілак (часам складаецца толькі з бутэрбродаў) з’яўляецца нагодаю для размовы, абмену навінамі пасля тыдняў расстання. Аднак трэба звярнуць увагу на тое, каб не было павярхоўных размоваў у групках.

 

Дзяленне жыццёвымі клопатамі

«Падчас штомесячных сустрэчаў трэба прызначыць час (можна падчас або пасля пасілку) на тое, каб сябры суполкі маглі падзяліцца сваімі  сямейнымі, прафесійнымі, грамадскімі, касцёльнымі клопатамі, поспехамі і няўдачамі, адкрыццямі, радасцю і смуткам».

Гэты фрагмент «Дэкларацыі» вельмі добра паказвае розніцу паміж «дзяленнем жыццёвымі клопатамі» і «справаздачай аб рэалізацыі заданняў»: падчас справаздачы мы падводзім вынікі пражытага месяца з пункту гледжання мэтаў, якія разам абралі. Падчас «дзялення» мы давяраем суполцы нашу радасць, боль, цяжкасці, сумненні. Мы просім парады, часам дапамогі ва ўсіх сферах жыцця, асабліва ў выкананні апостальскіх заданняў.

Такім чынам, дзяленне — гэта асаблівы час, калі суполка дапамагае нам лепш зразумець разнастайныя задачы, якія стаяць перад хрысціянамі ў свеце.

Час, прызначаны на сустрэчу, не дазваляе, каб кожны занадта падрабязна распавядаў пра свае разнастайныя заданні і абавязкі, а таксама пра спосабы іх выканання. Аднак неабходна, каб такое глыбокае сведчанне мела месца прынамсі раз на год.

Як гэтага дасягнуць? Ёсць дзве магчымасці (зразумела, можна выкарыстаць і іншую):

• кожны месяц сужэнствы па чарзе распавядаюць пра свае разнастайныя заданні, спосаб іх выканання і пра сваё жыццё ў святле гэтых заданняў (індывідуальных і сужэнскіх). Неабходна, каб сужэнства прадумала сваё выказванне да сустрэчы, атрымаўшы такое заданне на папярэдняй сустрэчы;

• кожны месяц суполка выбірае адзін аспект заданняў: сямейны, грамадскі, прафесійны, супольнасны... Кожнае сужэнства выказваецца аб рэалізацыі сваіх заданняў у гэтым полі дзейнасці.

Незалежна ад таго, які з гэтых двух варыянтаў вы выбераце, трэба дзейнічаць гнутка. Напрыклад, калі адзін з сяброў суполкі сутыкаецца з важнаю праблемаю, якою хоча падзяліцца з суполкаю, папярэдняя праграма павінна быць зменена.

 

Малітва

Звычайна яна адбываецца адразу пасля пасілку і вядзецца духоўным дарадчыкам.

Кожная суполка па-свойму праводзіць малітву.

Ніжэй прадстаўлена схема, якая выкарыстоўваецца ў большасці суполак.

Некаторыя распачынаюць малітву заклікам да Духа Святога, іншыя —  кароткай хвілінай цішыні. Далей малітва складаецца з некалькіх частак,  больш ці менш акцэнтаваных.

Чытанне Божага слова

Найбольш натуральны шлях да Бога ідзе праз Яго слова. На кожны месяц рух выбірае пэўны фрагмент Святога Пісання, аднак суполка можа  выкарыстаць для малітвы іншы фрагмент, калі вырашыць, што ён больш адпавядае дадзенай сітуацыі.

Святое Пісанне звычайна чытае святар.

Асабістая малітва

Пасля прачытання Святога Пісання надыходзіць час, калі кожны стараецца, каб Божае слова пранікнула ў найглыбейшыя куточкі яго душы, затым адказвае на яго ў цішыні сэрца або ўголас перад іншымі. Такая асабістая малітва з’яўляецца не выражэннем стану душы ці рэфлексіяй над пачутым тэкстам, а адказам на тое, што Бог кажа нам праз cваё слова, адказам, які ідзе з нашага сэрца, а не толькі розуму. Кожны можа (але не павінен) выказаць услых адну ці некалькі асабістых просьбаў. Важней за ўсё тое, каб усе гаварылі спантанна і малітва была сапраўды «супольнаю» — каб кожны найбольш поўна ўключаўся ў малітву іншых.

Асабістыя інтэнцыі

Пасля малітвы праслаўлення, падзякі і перапрашэння надыходзіць момант просьбы: кожны ўголас выказвае свае інтэнцыі, асабістыя або агульныя інтэнцыі свету і Касцёла. Такім чынам гэтыя просьбы, якія выражаюць галоўны клопат кожнага з сяброў суполкі, давяраюцца супольнасці. Яны будуць згадвацца ў малітве кожнага з сяброў суполкі на працягу месяца.

Малітва святара

Святар можа падагульніць інтэнцыі — і тыя, што былі выказаныя ўголас, і тыя, што засталіся ў сэрцах вернікаў, — ахвяруючы іх Богу ў малітоўнай еднасці з усім Касцёлам.

Літургічная малітва

Каб пашырыць малітву за свет і Касцёл, яе завяршаюць чытаннем тэксту, узятага з літургіі Касцёла. Звычайна гэта некалькі вершаў псальма — такім чынам гэта малітва яднаецца з малітваю ксяндзоў і законнікаў, якія кожны дзень ва ўсім свеце праслаўляюць Пана.

 

Справаздача аб рэалізацыі заданняў

Братэрская любоў — гэта адзін з элементаў жыцця END. Мы вырашылі утварыць суполку, бо, жадаючы развівацца ў любові да Бога, адчуваем сябе занадта слабымі, каб дасягнуць гэтай мэты самастойна. Таму мы разлічваем на дапамогу і падтрымку з боку суполкі. Каб гэтая любоў была канкрэтнаю, мы прынялі 6 прапанаваных рухам заданняў: сужэнскую малітву, асабістую малітву, чытанне Божага слова, абавязак сужэнскай размовы («Прысядзем разам!»), захаванне статута жыцця і штогадовыя рэкалекцыі. Кожны месяц у духу ўзаемадапамогі мы робім перад суполкаю справаздачу аб рэалізацыі гэтых шасці заданняў, несучы за іх сумесную адказнасць.

Гэтая частка сустрэчы адбываецца звычайна пасля малітвы і перад дыскусіяй па абранай тэме. Гэта добры момант з таго пункту гледжання, што малітва паглыбляе атмасферу засяроджанасці, даверу і неабходнага тут сяброўства. Справаздача можа быць таксама перанесена на іншы момант сустрэчы, калі суполка палічыць гэта патрэбным.

Падчас гэтай справаздачы кожны па чарзе распавядае суполцы, якая ўважліва слухае яго, як ён на працягу месяца спраўляўся са сваімі абавязкамі, гаворыць пра тое, што ўдалося, расказвае пра новыя адкрыцці, а таксама пра няўдачы, цяжкія сітуацыі, у якіх ён можа прасіць суполку аб дапамозе. Гэта дапамога можа выражацца праз параду, падказку, падтрымку, нават праз заклік да парадку — рашучы, але ў духу братэрскай любові. Суполка можа  дапамагчы і малітваю.

Пасля гэтага сведчання пра поспехі і няўдачы можна яшчэ раз падагульніць тыя моманты, якія выклікалі найбольшыя цяжкасці ў сяброў суполкі.

Нядрэнна час ад часу затрымацца над адным з заданняў крыху даўжэй, каб паглыбіць абмен досведам па гэтай тэме. Калі хто-небудзь з сяброў суполкі не можа прысутнічаць на сустрэчы, папярэдне ён дасылае свае разважанні адказнай пары.

Ходам справаздачы заўсёды кіруе адказная пара (нават калі суполка вырашыць, што сустрэчу праводзіць кожны раз іншае сужэнства), якая клапоціцца пра тое, каб выказванні не былі штучнымі, каб яны не абмяжоўваліся сухім пералічэннем тыпу «зрабіў» і «не зрабіў», а каб кожны мог падзяліцца найлепшым досведам. Адказныя стараюца тактоўна ставіць пытанні, не баючыся быць патрабавальнымі, калі адчуюць пэўнае расслабленне ў суполцы: сапраўдная любоў патрабавальная.

 

Абмен думкамі (па тэме, абранай для сустрэчы)

Нагадаем найперш тое, што павінна было быць зроблена перад сустрэчай:

• напрыканцы апошняй сустрэчы суполка выбрала тэму на наступны месяц (магчыма, тэму прапаноўвае сужэнства, якое будзе весці дыскусію);

• на працягу месяца кожны сужэнец індывідуальна разважае над прапанаванаю тэмаю, пасля чаго дзеліцца сваімі думкамі з сужэнцам і разам яны дасылаюць свае разважанні адказнай пары (або пары, якая будзе праводзіць абмен думкамі);

• адказная пара (або пара, якая будзе праводзіць абмен думкамі) сустрэлася з духоўным дарадчыкам, каб падрыхтаваць дыскусію для сустрэчы.

Падчас сустрэчы пастараемся адказаць адно аднаму на магчымыя пытанні, але найперш пастараемся паглыбіць разуменне Божай волі і дапамагчы адно аднаму ажыццявіць яе ў нашым жыцці.

Як павінен праходзіць абмен думкамі? Не існуе ніякіх абавязковых правілаў. Кожная суполка імкнецца знайсці такую форму дыскусіі, якая будзе для яе найбольш адпаведнаю. Час ад часу неабходна змяняць яе, каб не трапіць у руціну.

Аднак пара, якая праводзіць абмен думкамі, не павінна забывацца, што правядзенне дыскусіі не тоеснае чытанню прамовы. Мы павінны клапаціцца пра тое, каб ўсе мелі магчымасць выказацца. Трэба пазбягаць так званых «візантыйскіх» дыскусій, якія з’яўляюцца толькі інтэлектуальнаю гульнёю, а не тым, чым яны павінны быць падчас сустрэчы— пакорным пошукам праўды ў прысутнасці Пана.

 

Заключная малітва

Сустрэча завяршаецца супольнаю малітваю: духоўны дарадчык можа ў некалькіх словах падвесці вынікі сустрэчы, каб ахвяраваць Пану яе плён. Напрыканцы чытаецца гімн «Магніфікат» у інтэнцыі ўсіх сужэнстваў руху.

*** Узгадаўшы розныя этапы сустрэчы суполкі Маці Божай, трэба нагадаць яшчэ два важныя аспекты.

 

Супольная святая Імша суполкі

Падчас стварэння першых суполак руху Касцёл не дазваляў цэлебраванне «хатніх» Імшаў для малых аднародных групаў. Не было таксама і думкі пра тое, каб далучыць Эўхарыстыю да праграмы сустрэчы.

Але ў 1969 годзе, падчас літургічнай рэформы, Касцёл згадзіўся на такія Імшы пры пэўных умовах. Перад рухам паўстала пытанне, ці трэба ўключаць святую Імшу ў праграму кожнай сустрэчы суполкі? Думка падавалася прыцягальнай, але яна патрабавала новага асэнсавання структуры сустрэчы, каб увесці Эўхарыстыю ў якасці яе цэнтральнага моманту.

У той жа час у шматлікіх краінах пачала зніжацца колькасць святароў, і ўзнікла небяспека, што не ўсе суполкі будуць мець магчымасць карыстацца  паслугамі духоўнага дарадчыка на сустрэчы. Акрамя таго, хутка стала зразумела, што можна трапіць у руціну падчас такіх «хатніх» Імшаў: узнікла рызыка «спрашчэння» Эўхарыстыі замест «узвышэння яе каштоўнасці».

Рух не мог больш пагадзіцца на тое, каб кожная сустрэча ўключала святую Імшу, і ў выніку структура сустрэчы не была зменена.

Не было таксама поўнай упэўненасці, што Эўхарыстыя, якая з’яўляецца вяршыняю хрысціянскага жыцця, унясе ў сустрэчу новае вымярэнне. Суполкам рэкамендавана пры магчымасці сустракацца падчас святой Імшы адзін або два разы на год — падчас важных момантаў у жыцці суполкі, напрыклад, сустрэчы, якая распачынае ці заканчвае фармацыйны год, гадавіны стварэння суполкі і інш.

Якую форму надаць эўхарыстычнай цэлебрацыі? Касцёл на аснове свайго досведу ўстанавіў некалькі правілаў для цэлебрацыі такой Імшы. Гэтыя правілы сабраныя ў дакументах Кангрэгацыі Божага культу ад 15 мая 1969 г. У большасці краінаў Канферэнцыі біскупаў удакладнілі некаторыя з іх (у Бельгіі — у сакавіку 1970, у Францыі — у лютым 1970 г.). Кожная суполка павінна даведацца, якія правілы дзейнічаюць ў яе дыяцэзіі, і прыстасоўвацца да іх.

 

Госці

Ці можна запрасіць да ўдзелу ў сустрэчы суполкі святара або сужэнства?

Гэта можа быць добрай ідэяй, але пры трох умовах:

• каб гэта не адбывалася занадта часта;

• каб гэта адбылося са згоды ўсіх сяброў суполкі і толькі пры той умове, што суполка з’яўляецца дастаткова адкрытаю і ніхто не будзе адчуваць сябе няёмка. Ход сустрэчы не можа быць парушаны з-за прысутнасці гасцей, перадусім нельга абмінаць справаздачы аб рэалізацыі заданняў;

• каб запрошаныя госці загадзя атрымалі інфармацыю пра Суполкі Маці Божай і пра ход сустрэчы.

Гасцямі могуць быць:

• святар, які жадае пазнаёміцца з рухам Суполак Маці Божай;

• сужэнства, якое сімпатызуе суполцы, і жадае прыняць удзел у сустрэчы перад тым, як увайсці ў склад руху;

• сужэнства, якое належыць да іншай суполкі і жадае пазнаёміцца з досведам іншых;

• адно ці некалькі дарослых дзяцей сужэнстваў, якія належаць да суполкі.

 

4. Пасля сустрэчы суполкі

Адразу пасля сустрэчы адказная пара суполкі піша кароткую справаздачу, апісваючы важныя моманты сустрэчы, асноўныя праблемы, якія былі ўзнятыя, прынятыя рашэнні, вынікі сустрэчы і г.д.

Справаздача дазваляе:

• захоўваць і пры неабходнасці ўзнаўляць тое, што было зроблена і сказана падчас сустрэчы,

• пры неабходнасці нагадаць некаторым сябрам суполкі пастановы,  якія яны зрабілі падчас сустрэчы (на працягу месяца),

• сувязной пары атрымліваць актуальную інфармацыю пра жыццё суполкі.

Гэтая справаздача можа быць складзена адвольна або паводле ўзору, які вызначаны адказнаю параю сектара.

***

Адказная пара клапоціцца пра тое, каб жыццё суполкі не абмяжоўвалася штомесячнымі сустрэчамі. Яна павінна выкарыстоўваць усе сродкі, якія палічыць неабходнымі, каб малітва ў еднасці з усімі і ў іх інтэнцыях, дзяленне поспехамі і цяжкасцямі, узаемадапамога ў евангельскім сведчанні адбываліся на працягу ўсяго месяца паводле патрэбаў і магчымасцяў суполкі.

 

В.3. ВЫБАР АДКАЗНАЙ ПАРЫ І ДУХОЎНАГА ДАРАДЧЫКА

Як выбіраецца адказная пара суполкі?

Адказную пару выбіраюць сябры суполкі.

Выбары адбываюцца абавязкова раз на год, падчас майскай сустрэчы. Гэта дазваляе новаабранай пары разам з яе папярэднікамі падрыхтаваць чэрвеньскую сустрэчу, якая завяршае фармацыйны год.

Адно сужэнства можа выконваць функцыі адказнай пары максімум 2 гады запар. Павялічванне гэтага тэрміну не вельмі карыснае для суполкі.

Як правесці выбары?

Кожны сябар суполкі галасуе самастойна і тайна. Галасы перадаюцца духоўнаму дарадчыку, які не ўдзельнічае ў галасаванні. Спачатку выбіраецца сужэнства, якое атрымлівае больш за палову галасоў. Калі ніводнае з сужэнстваў не атрымлівае патрэбную колькасць галасоў, у другім туры выбіраецца тое сужэнства, якое набірае адносную большасць галасоў. Калі і пасля гэтага не будзе большасці, у трэцім туры духоўны дарадчык выбірае адказную пару сярод тых, хто мае аднолькавую колькасць галасоў. Пасля кожнага тура святар паведамляе толькі тое, ці выбрана адказная пара і ці патрэбны яшчэ адзін тур, не раскрываючы нічога болей. Ён не павінен паведамляць колькасці галасоў, называць прозвішчы сужэнстваў з аднолькавай колькасцю галасоў або прозвішчы сужэнстваў, якія атрымалі прызнанне.

Гэтая працэдура можа падацца складанаю, для некаторых — нават непатрэбнаю: чаму б не паведаміць пра свой выбар услых, пры адкрытым галасаванні? Аднак, як паказвае вопыт, толькі тайнае галасаванне дазваляе пазбегнуць цяжкіх сітуацый, асабліва такіх, якія могуць нанесці крыўду камусьці з сяброў суполкі.

Сутнасць справы заключаецца не ў форме, а ў духу. Такое рашэнне дазваляе:

• з аднаго боку, убачыць прысутнасць Бога падчас выбараў;

• з іншага боку, выбраць сужэнства, якое зможа найлепш дапамагчы суполцы на шляху да Пана ў дадзены перыяд. Асабістыя крыўды не павінна перашкаджаць у ажыццяўленні гэтай мэты.

Адказная пара павінна стварыць такую атмасферу выбараў, каб яны адбыліся ў як мага лепшых умовах.

Адказная пара, якая перадае свае паўнамоцтвы, павінна як мага хутчэй паведаміць пра вынікі выбараў сувязной пары, адказнай пары сектара і руху.

 

Як выбіраецца духоўны дарадчык суполкі?

Святара-дарадчыка выбіраюць сужэнствы, якія ўваходзяць у склад суполкі.

Выбар духоўнага дарадчыка не павінен суполцы нікім навязвацца. Аднак святар мусіць атрымаць дазвол ад касцёльнай іерархіі.

Перад тым, як абвясціць пра сваё рашэнне, суполка просіць парады ў адказнай пары сектара, якая па ўважлівай прычыне можа параіць змяніць выбар дадзенага святара.

Выбар духоўнага дарадчыка не павінен аднаўляцца штогод у адрозненні ад выбару адказнай пары суполкі. Аднак суполка можа змяніць дарадчыка, калі палічыць гэта неабходным для свайго далейшага развіцця. Але яна не павінна прымаць такое рашэнне, не параіўшыся з адказнаю параю сектара.

 

В.4. ФАРМАЦЫЯ АДКАЗНАЙ ПАРЫ СУПОЛКІ

 

Адказнасць за суполку Маці Божай з’яўляецца найперш духоўнай адказнасцю. Таму адказная пара чэрпае сілы для выканання сваіх абавязкаў перш за ўсё з малітвы. Аднак ёй не трэба адмаўляцца ад чалавечых сродкаў. Перадусім яна павінна імкнуцца здабываць і пашыраць свае веды пра рух.

Для дасягнення гэтай мэты рух выкарыстоўвае:

• сустрэчы адказных;

• сесіі;

• дакументы.

 

Сустрэчы адказных

Адказная пара і духоўны дарадчык суполкі запрашаюцца да штогадовага ўдзелу:

• у сустрэчах, якія арганізоўваюцца на пачатку года;

• у дзвюх або трох сустрэчах працягласцю некалькі гадзінаў, якія арганізоўваюцца сектарам на месцах.

Сустрэчы, у прыватнасці тыя, што арганізоўваюцца на пачатку года,  маюць на мэце дапамагчы іх удзельнікам лепш зразумець і выконваць свае абавязкі. Гэта ажыццяўляецца праз:

• паглыбленне ведаў пра рух Суполак Маці Божай і яго місію ў Касцёле;

• паведамленне пра агульныя напрамкі развіцця руху на дадзены год;

• планаванне сустрэчаў і абмену думкамі з прадстаўнікамі іншых рэгіёнаў і іншых узроўняў.

Аднак найперш сустрэчы дазваляюць дзякуючы атмасферы малітвы і сяброўства падзяліцца жыццёвымі клопатамі і натхненнем, якое немагчыма перадаць пісьмова.

 

Сесіі

На працягу года рух арганізоўвае сесіі для ўсіх сужэнстваў і духоўных дарадчыкаў Суполак Маці Божай.

Сесіі дапамагаюць:

• у духоўнай фармацыі (асабліва фармацыі сужэнскай духоўнасці);

• у азнаямленні з асаблівасцямі руху, яго вучэннем і метадамі;

• у адкрыцці месца і місіі руху ў Касцёле і ў сучасным свеце;

• у канкрэтнай фармацыі сужэнстваў для жыцця ў малітве і жыцця ў суполцы.

Пра тэрміны правядзення сесіі паведамляецца ў Лісце Суполак Маці Божай (магчыма, на інтэрнэт-старонцы). Уся інфармацыя павінна быць таксама  ў адказнай пары сектара або рэгіёна (магчыма, у асобы, якая займаецца каардынацыяй сесій і рэкалекцыямі).

Удзел у сесіях асабліва рэкамендуецца сужэнствам, якія другі ці трэці год жывуць у суполцы, а таксама ўсім тым, хто бярэ на сябе абавязкі адказных у руху.

 

Дакументы

Рух Суполак Маці Божай выдае шэсць серый публікацый: Ліст Суполак Маці Божай, дакументы аб метадах дзейнасці суполак, бюлетэні аб разнастайных абавязках і аб тэмах, прапанаваных суполкам для разважання, выданні, якія паглыбляюць веды пра рух, і матэрыялы, якія распаўсюджваюць сужэнскую і сямейную духоўнасць.

Ліст Суполак Маці Божай

Ліст Суполак Маці Божай — гэта бюлетэнь, які забяспечвае сувязь у нашай вялікай супольнасці. Ён выходзіць штоквартал.

Яго задачы:

• стымуляваць сужэнствы ў жыцці і веры;

• дапамагаць ім у паглыбленні ведаў пра метады і мэты Суполак Маці Божай;

• развіваць пачуццё супольнасці.

Стварэнне Ліста — супольная справа. Важна, каб усе сужэнствы, акрамя яго рэгулярнага чытання, удзельнічалі ў працэсе яго стварэння, дасылаючы ў рэдакцыю сведчанні, дзелячыся сваім досведам, крытыкай, прапановамі...

Ліст аўтаматычна дасылаецца ўсім святарам і сужэнствам, якія з’яўляюцца сябрамі суполкі. Ён можа дасылацца і асобам, якія не належаць да руху — сябрам, бацькам і г.д. Ліст можа быць добрай магчымасцю падзяліцца з імі багаццем руху.

Дакументы аб метадах дзейнасці суполак

Рух Суполак Маці Божай патрабуе ад сваіх сяброў выкарыстання пэўных сродкаў для паглыблення ўзаемадапамогі на шляху да Бога: выканання абавязку «Прысядзем разам!», малітвы сужэнцаў, штогадовых рэкалекцый і інш.

Аўтары дакументаў аб метадах дзейнасці Суполак Маці Божай імкнуцца паказаць гэтыя сродкі, спасылаючыся на некаторыя асноўныя паняцці, а таксама абапіраючыся на канкрэтны досвед. Гэта вельмі карысная дапамога тым, хто хоча пазбегнуць руціны.

Дакументы, у якіх апісваюцца разнастайныя абавязкі

Адказная пара суполкі, пара, якая кіруе новымі суполкамі, сувязная пара не могуць выконваць свае абавязкі без адпаведнай падрыхтоўкі. Рух сабраў у выданнях, падобных да таго, якое вы зараз чытаеце, дакументацыю, неабходную для сужэнстваў, якія выконваюць пэўныя абавязкі ў руху Суполак Маці Божай.

Тэмы для разважанняў

Рух прадстаўляе спіс тэмаў, сярод якіх суполкі выбіраюць галоўную тэму на бягучы год.

Некаторыя з іх былі сфармуляваныя спецыяльна для Суполак Маці Божай. Сярод дакументаў з працоўнымі тэмамі ёсць асабліва важныя матэрыялы на тэму сужэнскай і сямейнай духоўнасці.

Дакументы, прызначаныя для паглыблення ведаў пра рух Суполак Маці Божай

Тут маецца на ўвазе серыя дакументаў для тых, хто не ўваходзіць у рух. Аднак сябры суполак у іх таксама могуць знайсці для сябе карысную інфармацыю. Некаторыя матэрыялы прызначаныя для вузкага кола чытачоў, іншыя могуць выкарыстоўвацца больш шырока.

 

В.5. ЗАДАННІ АДКАЗНАЙ ПАРЫ СУПОЛКІ

У другой частцы гэтага дакумента мы імкнуліся прадставіць абавязкі адказнай пары. Варта яшчэ дадаць крыху практычнай інфармацыі, якая можа дапамагчы вам у дзейнасці.

 

Гадавы цыкл працы ў суполцы

У Еўропе фармацыйны год пачынаецца ў верасні. Звычайна ён уключае  дзесяць штомесячных сустрэчаў, якія працягваюцца да чэрвеня. (Пры неабходнасці суполка можа прызначыць дадатковыя сустрэчы).

Тры сустрэчы маюць асаблівае значэнне:

• вераснёвая сустрэча — першая пасля летняга перапынку. На ёй вызначаецца гадавая праграма на аснове рашэнняў, прынятых на чэрвеньскай сустрэчы, калі падводзіліся вынікі мінулага фармацыйнага года.

• майская сустрэча. На ёй адбываецца выбар адказнай пары на чарговы год (глядзі дакумент В.3),

• чэрвеньская сустрэча — выніковая. Падчас яе суполка задумваецца над тым, як яна перажыла цэлы фармацыйны год, і вызначае мэты на наступны год.

 

Рэгулярныя заданні адказнай пары

Штомесяц:

падрыхтаваць сустрэчу на наступны месяц: вызначыць дату, месца, тэкст малітвы, тэму для абмеркавання (магчыма, і пару, якая будзе праводзіць сустрэчу);

• падвесці вынікі сустрэчы: перадаць сувязной пары справаздачу разам з заўвагамі і рэфлексіяй (на працягу 5 дзён пасля сустрэчы), пры неабходнасці — нагадаць сябрам суполкі прынятыя рашэнні.

У верасні:

нагадаць усім сябрам суполкі дату і месца першай сустрэчы ў новым фармацыйным годзе, перадаць усю інфармацыю неабходную для яе падрыхтоўкі,

• падчас сустрэчы нагадаць вынікі мінулага фармацыйнага года, падведзеныя ў чэрвені, і вызначыць праграму на наступны год;

• ініцыяваць у суполцы абнаўленне сужэнствамі абяцанняў вернасці харызме руху і пастановам Дэкларацыі,

• кантактаваць з сувязной парай.

У кастрычніку:

прадставіць суполцы справаздачу аб сустрэчы адказных параў суполак, у якой адказная пара павінна была ўдзельнічаць разам з духоўным дарадчыкам, у прыватнасці, паведаміць тэмы, прапанаваныя рухам на гэты год.

У лістападзе і снежні:

прапанаваць сябрам суполкі запісацца на штогадовыя рэкалекцыі і на сесіі (глядзі В.4);

• на наступных сустрэчах паўтарыць гэты заклік так, каб кожны сябар суполкі прыняў удзел у рэкалекцыях і зрабіў у іх свой унёсак, а таксама сур’ёзна задумаўся над магчымасцю ўдзелу ў сесіі.

У студзені:

нагадаць пра штогадовае ахвяраванне на патрэбы руху (Суполкі Маці Божай просяць кожнае сужэнства раз на год уносіць ахвяраванне, роўнае плёну аднаго дня працы, якое дазволіць забяспечыць існаванне і развіццё руху ў свеце).

У маі:

удакладніць, ці ўсе дзённыя ахвяраванні былі ўнесеныя;

• правесці выбары адказнай пары на наступны год (глядзі В.3);

• праінфармаваць аб тым, што наступная сустрэча будзе выніковаю;

• адразу пасля сустрэчы разам з духоўным дарадчыкам і новаю адказнаю параю падрыхтаваць апытальнік на чэрвеньскую сустрэчу і выслаць яго ўсім сужэнствам суполкі.

У чэрвені:

правесці выніковую сустрэчу і скласці справаздачу аб усіх прынятых на ёй рашэннях,

• даслаць сувязной пары справаздачу пра выніковую сустрэчу.

 

Заданні, абумоўленыя пэўнымі абставінамі

Змена адраса

Калі адказная пара суполкі або хтосьці з сужэнстваў змяняе свой адрас, адказныя суполкі абавязаныя паведаміць пра гэта адказнай пары сектара і ў сакратарыят руху.

Выхад сужэнства з суполкі

Калі сужэнства вырашае выйсці з суполкі, адказная пара:

• неадкладна паведамляе пра гэта адказнай пары сектара;

• паведамляе ў сакратарыят руху: ці канчаткова гэтае сужэнства  выходзіць з руху, ці яно пераязджае на новае месца жыхарства і жадае далучыцца да іншай суполкі (калі так, сакратарыят арганізуе для яго сувязь з адказнаю параю суполкі на новым месцы жыхарства).

Прыняцце новага сужэнства

Суполка можа прыняць новае сужэнства пры ўмове, што яно цалкам згаджаецца з прынцыпамі і мэтамі руху і згодна супрацоўнічаць з ім. Суполка павінна пераканацца, што новае сужэнства з’яднанае сакрамэнтальным саюзам і жадае развівацца ў духу Суполак Маці Божай.

Калі новае сужэнства ўжо раней прынамсі год належала да руху Суполак Маці Божай, яно прымаецца без дадатковых патрабаванняў. У гэтым выпадку адказная пара інфармуе адказную пару сектара і сакратарыят руху пра яе ўступленне ў суполку, уключаючы дадзеныя пра суполку, да якой сужэнства належала раней.

Аднак, калі сужэнства раней не належала да руху Суполак Маці Божай або належала да яго менш за год, то яно яшчэ не было ўведзена ў рух. Нягледзячы на гэта, яно можа з’яўляцца часткаю суполкі, а адказная пара  павінна заняцца ўвядзеннем гэтага сужэнства ў суполку. Адказная пара павінна замовіць у сакратарыяце кніжачку «Сабраныя ў імя Хрыста» і парэкамендаваць новай пары вывучаць яе месяц за месяцам, адначасова ўдзельнічаючы ў жыцці суполкі. Гэтая падрыхтоўка вельмі важная, адказная пара павінна старанна яе праводзіць. Калі па нейкай прычыне яна не можа сама гэтым займацца, то неабходна прызначыць для гэтага іншае сужэнства суполкі.

Як і ў першым выпадку, адказная пара інфармуе адказную пару сектара і сакратарыят пра прыняцце новага сужэнства ў суполку.

Адказная пара клапоціцца пра тое, каб новае сужэнства (разам з адным сужэнствам суполкі) удзельнічала ў сесіі, якая праводзіцца для новых суполак на выходных.

Змена духоўнага дарадчыка

Калі духоўны дарадчык павінен пакінуць суполку, сябры суполкі выбіраюць яго наступніка (глядзі В.3). Калі дарадчык адыходзіць, адказная пара інфармуе пра гэта:

• адказную пару сектара

• сакратарыят руху (трэба паведаміць прозвішча і адрас новага дарадчыка, а таксама адзначыць, ці быў ён ужо духоўным дарадчыкам у Суполках Маці Божай. Калі так, паведаміць дату, месца і дадзеныя суполак, у якіх ён служыў.

Калі новы дарадчык яшчэ не выконваў гэтай функцыі, ён павінен прайсці падрыхтоўку. З гэтай мэтай:

• сакратарыят дасылае дакументы для ўвядзення ў Суполкі Маці Божай;

• новы дарадчык павінен сустрэцца з духоўным дарадчыкам сектара або, калі гэта не магчыма, з духоўным дарадчыкам іншай суполкі, які пазнаёміць яго з мэтамі і метадамі працы ў руху і патлумачыць, чаго суполка чакае ад духоўнага дарадчыка;

• адказная пара суполкі павінна сустракацца з новым духоўным дарадчыкам перад кожнай з некалькіх пачатковых сустрэчаў, каб дакладна растлумачыць яму, чым жыве суполка.

Змена адказнай пары суполкі падчас фармацыйнага года

Калі па якой-небудзь прычыне (хвароба, перасяленне і інш.) адказная пара павінна быць зменена падчас фармацыйнага года, суполка праводзіць выбары адказнай пары на звычайных умовах (глядзі В.3).

Пра змены інфармуюцца:

• адказная пара сектара;

• сакратарыят руху

Цяжкасці ў суполцы

Калі ў суполцы ўзнікаюць цяжкасці, адказная пара абмяркоўвае іх з духоўным дарадчыкам, сувязной парай ці адказнай парай сектара.

Equipes Notre-Dame

PARA ODPOWIEDZIALNA SEKTORA

АДКАЗНАЯ ПАРА СЕКТАРА

Lipiec 2004

Dokument ten zostal zredagowany przez Ekipę Satelicką do spraw formacji dla Międzynarodowego Ruchu Equipes Notre-Dame

ПРЭЗЕНТАЦЫЯ ДАКУМЕНТА

 

«...Суполкі аб’яднаныя ў сектары, а сектары — у рэгіёны. Пары, якія адказваюць за сектары, і пары, якія адказваюць за рэгіёны, адказваюць за добрую дзейнасць давераных ім суполак».

«Дэкларацыя Суполак Маці Божай», с.10

 

Такім чынам «Дэкларацыя Суполак Маці Божай» прадстаўляе сектар у структуры руху. Акрамя таго, падрыхтавана шмат дакументаў з мэтаю дакладна вызначыць ролю розных узроўняў адказнасці і актывізацыі ў Суполках Маці Божай.

Вось неакторыя з іх:

• «Адказнасць у Суполках Маці Божай» (ERI, май 1993г.)

• «Даведнік Суполак Маці Божай» (ERI, май  2001 г.)

• «Практыка калегіяльнасці ў Суполках Маці Божай» (ERI, ліпень 2002 г.)

• «Пакліканне да служэння ў Суполках Маці Божай» (ERI, 2004 г.)

Улічваючы развіццё Суполак Маці Божай і грамадскія змены, рух вырашыў утварыць дапаможныя суполкі для таго, каб выпрацаваць больш адпаведнае бачанне місіі і спосабаў выканання абавязкаў, якія Бог і рух ўскладаюць на сужэнствы і асобных людзей.

Узгаданыя вышэй дакументы былі выкарыстаныя для складання новага: «АДКАЗНАЯ ПАРА СЕКТАРА». Мэта гэтага новага дакумента — дапамога сужэнствам, якія бяруць на сябе адказнасць за сектар.

Ён будзе карысны для адказнай пары, асабліва ў пачатку яе служэння, дапаможа ёй глыбока пазнаёміцца з духоўнасцю місіі, лепш зразумець сваю ролю і належным чынам арганізаваць дзейнасць свайго сектара.

Мы хутка зразумелі, як цяжка стварыць дакумент, прыдатны да карыстання ў любой краіне. Галоўныя прынцыпы і напрамкі дзейнасці, якія апісваюць гэтае служэнне, вылучаныя з апораю на чынную адказнасць пары сектара. На практыцы мы імкнемся з пашанаю ставіцца да асаблівасцяў культуры, ментальнасці і пачуццёвасці кожнага народа.

Такім чынам міжнародны характар дзейнасці адказнай пары сектара захавананы ў прынцыпах і напрамках дзейнасці, але кожнай краіне прадстаўляецца пэўная свабода для таго, каб прыстасоўваць практыкаванне адказнасці і калегіяльнасці да сваіх асаблівасцяў.

 

РАЗДЗЕЛ І.

АПІСАННЕ СЕКТАРА

 

«Сектар складаецца з некалькіх суполак, якія імкнуцца падтрымліваць адна адну і развівацца па сумесным шляху. Яны ўтвараюць геаграфічную адзінку, якая ўключае ад пяці да дваццаці суполак, — дастаткова малую, каб можна было кантактаваць паміж сабою, але з дастатковаю колькасцю суполак, каб забяспечыць іх актывізацыю».

«Даведнік Суполак Маці Божай», с. 23 (ERI, май 2001 г.)

 

1.1. Сектар

Сектар — гэта супольнасць суполак, сябры якой пакліканыя да ахвяравання ў ёй сваіх талентаў і здольнасцяў паводле харызмы і схільнасцяў сужэнстваў, што належаць да руху. Адказныя пары сектара звязваюць між сабою супольнасці і ажыўляюць рух мацней, чым фармальныя структуры.

1.1.1. Месца сектара ў руху

Сектар знаходзіцца ў сэрцы арганізацыі і актывізацыі руху. Яго невялікі памер дазваляе адказнай пары сектара быць асабіста знаёмай з усімі сужэнствамі, адказнымі за суполкі, і большасцю сяброў кожнай суполкі, што з’яўляецца неабходным для жыцця руху.

Галоўная роля сектара — забяспечыць двайную сувязь: сувязь паміж суполкамі і сувязь суполак сектара з усім рухам. Без наяўнасці сектараў жыццё руху не дасягае сяброў суполак: суполкі адміраюць і знікаюць.

1.1.2. Значэнне адказнасці за сектар

Пасля таго, як скончыцца тэрмін кіравання новаю суполкаю, яна атрымлівае аўтаномію. Сектар — праз адказную пару — з’яўляецца першым звяном у ланцужку, які забяспечвае сувязь з іншымі суполкамі сектара і руху. Такім чынам, сектар — першая інстанцыя, да якой «прышчэпліваецца» суполка, каб забяспечыць сябе «жыццёвымі сокамі». Для кожнай суполкі гэта найважнейшая структура ў руху. Жыццё сяброў суполак і іх прыналежнасць да руху давераныя адказнай пары сектара і яе суполкі.

Тлумачэнне сутнасці адказнасці з’яўляецца непамерна важным для служэння адказнай пары, якое заключаецца найперш ў актывізацыі жыцця Суполак Маці Божай унутры сектара і ў забеспячэнні вернасці харызме руху.

Кожная суполка з’яўляецца сапраўднаю хрысціянскаю супольнасцю. Сектар — гэта першая ступень супольнасці ўсяго руху Суполак Маці Божай. Прастора, якую займае сектар, надае апошняму пэўныя рысы, характэрныя для еднасці. Трэба памятаць, што хрысціянскае жыццё заўсёды перажываецца ў супольнасці.

«Сектар — гэта супольнасць суполак, якія імкнуцца развівацца разам і дапамагаць адна адной. [...] Сектар з’яўляецца супольнасцю, неабходнай для жыцця суполак».

«Адказнасць у Суполках Маці Божай», с. 15 (ERI, май 1993г.)

 

1.2. Паўнамоцтвы

«Адказнасць за сектар ускладаецца ад імя руху на сужэнства, якое называецца адказнаю параю сектара і абапіраецца на «суполку сектара». Гэтая суполка складаецца з некалькіх сужэнстваў і святара, духоўнага дарадчыка сектара».

«Даведнік Суполак Маці Божай», с. 23 (ERI, май  2001 г.)

1.2.1. Выбар і прызначэнне на пасаду новай адказнай пары

Кожны рэгіён выпрацаваў сваю методыку выбару і прызначэння на пасаду новай адказнай пары сектара. Выбар ажыццяўляецца калегіяльна ў адказнай суполцы сектара, але афіцыйнае прызначэнне на пасаду ажыццяўляецца праз адказную пару рэгіёна.

«Усялякая адказнасць у Суполках Маці Божай — гэта служэнне. Рух пабудаваны не па прынцыпу палітычнай дэмакратыі. Мы «служым» не таму, што вылучылі сваю кандыдатуру, арганізавалі выбарчую кампанію, склалі праграму, і былі выбраныя большасцю галасоў. Мы пакліканыя не па прычыне нашых заслугаў, а таму, што Бог узглянуў на нас».

«Пакліканне да служэння  ў Суполках Маці Божай» (ERI, 2004 г.)

Афіцыйнае прызнанне падкрэслівае значэнне гэтай адказнасці і становіцца пасланнем з місіяй (пар. Лк 9, 1–6).

1.2.2. Тэрмін знаходжання на пасадзе

Тэрмін служэння адказнай пары сектара працягваецца тры гады.

«Яна прызначаецца на тры гады. Адказную пару сектара для выканання яе службовай функцыі прызначае адказная пара рэгіёна».

«Даведнік Суполак Маці Божай», с. 23 (ERI, май  2001 г.)

1.2.3. Адказная пара сектара

Адказнасць за сектар нясуць абое сужэнцы, якія разам ахвяруюць свае здольнасці, дары і таленты на служэнне сектару.

Адказная пара сектара павінна добра ведаць жыццё руху. Таму яна абавязана ўдзельнічаць у фармацыйных сесіях, якія адпавядаюць яе служэнню. Калі пара не можа гэтага рабіць, адказная пара рэгіёна таксама можа яе прызначыць на пасаду, заклікаючы ўсё ж як найхутчэй прыняць удзел у сесіях. На працягу ўсяго тэрміна служэння адказная пара рэгіёна дапамагае ёй распазнаваць патрэбы сектара.

Адказная пара сектара мае цэласнае і ўсебаковае ўяўленне пра свой сектар. Яна ведае патрэбы і праблемы, якія спазнаюць суполкі і іх сябры. Яна валодае засцерагальнымі метадамі, якія могуць дапамагчы ў вырашэнні напатканых цяжкасцяў.

У суполцы сектара адказная пара супрацоўнічае з іншымі сужэнствамі па прынцыпе калегіяльнасці, але перад рухам Суполак Маці Божай менавіта яна адказвае за ўсе прынятыя рашэнні і іх выкананне.

«Калі працэс калегіяльнага вырашэння праблемы не прыводзіць да паразумення, па просьбе суполкі адказная пара павінна прыняць канчатковае рашэнне згодна з уласным сумленнем. Яна павінна зрабіць гэта ў малітве,  цеснай еднасці з Духам Святым і ў духу служэння».

«Практыка калегіяльнасці ў Суполках Маці Божай», с. 14 (ERI, ліпень 2002 г.)

Адказная пара сектара клапоціцца пра добрую атмасферу  ў суполках і іх правільнае функцыянаванне. Яна таксама сочыць за ростам сужэнскай духоўнасці сяброў суполак, якія ёй даручаны. Адказная пара і суполка сектара павінны клапаціцца пра развіццё суполак сектара і рабіць гэта так, каб іх сябры чэрпалі як мага больш карысці з жыцця ў руху, якому даверыліся, і каб такім чынам былі сведкамі Бога.

1.2.4. Нясенне адказнасці

Нясенне адказнасці параю сектара заключаецца ў паняцці служэння. Яна развівае практыку калегіяльнасці ў дзейнасці суполак сектара, абапіраючыся на некаторыя істотныя правілы функцыянавання:

«яе першая функцыя на ўсіх узроўнях арганізацыі — гэта праца ў суполцы. Таму адказная пара сектара павінна ствараць атмасферу прыязнасці і даверу паміж усімі сябрамі суполкі. Абмен жыццёвым вопытам з гэтага пункту гледжання становіцца вельмі карысным сродкам, але неабходна таксама асабістая малітва, “бо без Мяне нічога не можаце зрабіць”» (Ян 15, 5);

адказная пара павінна старацца адкрываць і развіваць асаблівыя таленты кожнага сябра сваёй суполкі, сужэнстваў і духоўнага дарадчыка, кожнаму даваць магчымасць ахвяраваць свае здольнасці на карысць суполкі;

функцыя актывізацыі абавязвае адказную пару заахвочваць сяброў суполкі да роздуму праз навучанне і дыскусіі на розныя тэмы, якімі займаецца суполка. Адказная пара павінна забяспечыць кожнаму сябру суполкі свабоду выказвання сваіх меркаванняў;

адказная пара павінна дзейнічаць у духу братэрскай любові, быць пасрэднікам паміж сябрамі суполкі ў тых выпадках, калі яны разыходзяцца ў меркаваннях, каб можна было дасягнуць паразумення».

«Практыка калегіяльнасці ў Суполках Маці Божай», с. 14 (ERI, ліпень 2002 г.)

 

1.3. Суполка сектара

1.3.1. Навошта ствараецца суполка сектара?

Падставаю для стварэння суполкі Сектара з’яўляецца не толькі падзел заданняў. Узаемаадказнасць і калегіяльнасць спрыяюць таму, што пары імкнуцца ўзаемна ўзбагачацца разнастайнасцю меркаванняў, разважанняў, здольнасцяў і талентаў сужэнстваў, якія ўтвараюць суполку сектара. Актывізацыя сектара — гэта перадусім духоўнае ажыўленне, неабходнае для таго, каб адкрыцца на дзеянне Духа Святога. Для ўважлівага слухання Духа Святога добра ўваходзіць у суполку, якая чувае ў малітве, абменьваецца поглядамі і думкамі ў духу братэрства, шчырасці і пакоры. Менавіта дзякуючы ласцы і калегіяльнай разважлівасці на малітве магчыма сапраўднае распазнанне голасу Духа Святога.

1.3.2. Стварэнне суполкі сектара

Існуе некалькі спосабаў стварэння суполкі сектара. Немагчыма даць агульнага правіла для стварэння суполкі, бо на яе можа мець вялікі ўплыў мясцовая сітуацыя. Але вопыт паказвае, што для эфектыўнай дзейнасці суполка сектара не павінна быць занадта шматлікаю.

Яе склад у большай ступені залежыць ад патрэбаў і асаблівасцяў самога сектара, а таксама ад віду дзейнасці, які дамінуе ў рэгіёне. Аднак варта прытрымлівацца такога прынцыпу пры выбары сяброў суполкі сектара, каб яны добра дапаўнялі адзін аднаго і працавалі ў духу ўзаемаадказнасці і калегіяльнасці.

У суполку сектара па меры магчымасці павінны ўваходзіць прадстаўнікі рознага ўзросту. Яна ніколі не павінна ўтварацца з базавай суполкі.

Усе сябры суполкі сектара павінны малітоўна падтрымліваць сваю суполку. Паколькі малітоўнае заступніцтва не з’яўляецца афіцыйным заданнем руху Суполак Маці Божай, можна прасіць сяброў суполкі аб духоўнай падтрымцы. Такім чынам, заступнік моліцца, каб Дух суправаджаў і кіраваў суполкаю сектара ў выкананні абавязкаў.

1.3.3. Заданні суполкі сектара

У Даведніку Суполак Маці Божай чытаем:

«Суполка сектара мае наступныя заданні: духоўная актывізацыя, наладжванне кантактаў, фармацыя, арганізацыя дзейнасці, папулярызацыя руху».

«Даведнік Суполак Маці Божай», с. 24 (ERI, май 2001 г.)

 

1.4. Духоўны дарадчык

Духоўным дарадчыкам суполкі сектара з’яўляецца святар, які суправаджае адказную пару сектара і дае ёй парады. Пасля папярэдняга абмеркавання яго выбірае адказная пара сектара.

Пасада духоўнага дарадчыка выразна акрэслівае яго ролю: святар — духоўны дарадчык — дае парады суполцы сектара. У прыватнасці ён дапамагае суполкам адкрывацца на жыццё Касцёла і заставацца ў еднасці з ім. Суполка сектара запрашае святара да правядзення сумесных выбараў, прыняцця важных рашэнняў і далучае яго да сваёй дзейнасці.

Духоўнага дарадчыка неабходна своечасова і дакладна інфармаваць пра становішча ў сектары. Ён дапамагае суполцы сектара вырашаць праблемы ў святле Евангелля. Такім чынам, актывізацыя сектара ўзбагачаецца ўдзелам святара на сустрэчах суполкі сектара і ў яе дзейнасці. Унёсак святара асабліва важны ў арганізацыі рэкалекцый і сесій.

У супрацоўніцтве з адказнаю параю сектара ён рыхтуе сустрэчы духоўных дарадчыкаў і дапамагае іншым духоўным дарадчыкам сектара, якім могуць быць патрэбны яго тлумачэнні, падтрымка і разуменне. Акрамя таго, яго парады і дапамога могуць палегчыць наладжванне кантактаў з духоўнымі ўладамі і іншымі святарамі.

Паводле «Святар — духоўны дарадчык Суполак Маці Божай» (ERI, 1993г.)

 

1.5. Жыццё суполкі сектара

Жыццё суполкі сектара абапіраецца перадусім на малітву. На сустрэчах можна ненаўмысна аддаць занадта шмат арганізацыі дзейнасці і не пакінуць дастаткова часу на тое, каб адкрыцца на дзеянне Духа Святога. Таму неабходна ўраўнаважваць малітву і дзеянне.

Узаемная прыязнасць, братэрства і давер палягчаюць жыццё суполкі сектара. Прыналежнасць да суполкі сектара адрозніваецца ад прыналежнасці да базавай суполкі. Адна існуе для вашага сужэнства, для сужэнстваў вашай суполкі, а другая — для служэння сектару і руху. Адна — доўгатэрміновая, а другая — часовая, існуе для выканання дакладна вызначанай місіі. Гэта жыццё ў гатоўнасці да служэння.

Пасля малітвы, пра якую гаварылася вышэй, адбываецца падзел заданняў і абавязкаў паміж сябрамі суполкі. Пэўны час прысвячаецца на абмеркаванне справаў суполак сектара; праблемы заўсёды павінны абмяркоўвацца з захаваннем належнага такту. Не лішняй будзе і пастаноўка канкрэтных пытанняў, якія датычаць заданняў, ускладзеных на суполку сектара: правядзенне дзён сектара, арганізацыя сустрэчаў, інфармаванне, камплектаванне і стварэнне новых суполак, актывізацыя і г.д.

Фармацыя з’яўляецца вельмі важным аспектам жыцця сектара. У духу служэння, які павінен ажыўляць дзейнасць суполкі сектара і ў цесным супрацоўніцтве з духоўным дарадчыкам адказная пара павінна кожны год распрацоўваць план фармацыі. І таму падчас кожнай сустрэчы святар прадстаўляе кароткае разважанне паводле складзенага плану. Дыскусія і дыялог з духоўным дарадчыкам — гэта неад’емная частка фармацыі.

 

РАЗДЗЕЛ ІІ.

СЛУЖЭННІ СЕКТАРА

2.1. Служэнне, накіраванае на ўвядзенне іншых у жыццё руху

Гэтая назва акрэслівае ўсе віды служэння, звязаныя з інфармаваннем і дапамогаю ў стварэнні новых суполак. Перадусім вылучаюць:

• пашырэнне руху;

• інфармаванне;

• кіраванне новаю суполкаю.

2.1.1. Пашырэнне руху

Мэта пашырэння руху — у шырокім маштабе паказаць цудоўны Божы план адносна чалавечай любові:

хрысціянскае сужэнства —

гэта шлях Любові, Шчасця і Святасці.

Пашырэнне таксама мае на мэце расказаць пра рух:

• хрысціянскім сужэнствам;

• усім, хто рыхтуецца да сакрамэнту сужэнства;

• тым, хто жыве ў грамадзянскім шлюбе («пробным шлюбе» — пар. Familiaris Consortio 80) і спрабуе паглыбіць сумеснае жыццё.

Рух Суполак Маці Божай прадстаўляецца грамадскасці на ўсіх узроўнях мясцовага Касцёла, арганізацыям, якія працуюць на карысць сужэнства і сям’і. Кожная суполка сектара павінна стварыць план распаўсюджвання і папулярызацыі руху.

Існуюць розныя шляхі пашырэння руху:

• асоба асобе;

• інфармаванне ў групах (супольнасцях);

• інфармаванне ў парафіях і г. д.

Няма пэўнага спосабу, які быў бы лепшы за астатнія. Трэба быць гатовым да выкарыстання найбольш адпаведнага з іх, улічваючы сітуацыю ў кожным з сектараў.

2.1.2. Інфармаванне

Інфармаванне — гэта наступны крок пасля пашырэння руху.

Яно заключаецца ў больш дакладным тлумачэнні педагогікі сужэнскай духоўнасці, якую прапануе END. Такім чынам, інфармаванне адрасавана тым сужэнствам, якія сталі ўжо больш адчувальна адносіцца да сужэнскай духоўнасці і шукаюць спосабу яе перажывання.

Інфармацыйныя сустрэчы прызначаюцца для сужэнства або для групы сужэнстваў.

2.1.3. Кіраванне новаю суполкаю

Калі ствараецца новая суполка, сектар пасылае кіраўнічую пару, якая суправаджае гэтую суполку падчас выпрабавальнага перыяду, каб зрабіць яе здольнай да самастойнай дзейнасці пасля яго заканчэння.

Адказная пара сектара нагадвае новай суполцы некаторыя важныя прынцыпы:

• менавіта Бог збірае гэтыя сужэнствы разам;

• мэта, да якой імкнецца суполка Маці Божай, — удзел у агульначалавечым і духоўным развіцці праз практыкаванне сужэнскай духоўнасці;

8 ідэал, які прадстаўляе рух, можа быць дасягнуты. Важна тое, што, заданні з’яўляюцца не мэтаю, а толькі сродкам паступовага развіцця. У той жа час, сужэнствы павінны ўзмацняцца праз набліжэнне да мэты, якая перад імі стаіць, і прагнуць рухацца далей;

• дух заўсёды пераважае над літараю.

Пасля заканчэння перыяду кіравання новаю суполкаю адказная пара сектара забяспечвае ёй падтрымку і сувязь. Сектар вызначае спосаб наладжвання сувязі, каб арганізаваць кантакт з усімі суполкамі і стаяць на варце вернасці асновам руху і яго вучэнню.

 

2.2. Служэнне для наладжвання кантактаў

Гэтае служэнне праяўляецца найперш праз наладжванне кантактаў з суполкамі.

2.1.2. Ідэя кантактавання

Неабходнасць забеспячэння кантактаў з’явілася вельмі хутка ў працэсе развіцця Суполак Маці Божай. Ні айцец Кафарэль, ні адказныя за рух, ні адказныя за сектар не былі ў стане падтрымліваць з усімі непасрэдны кантакт. Мэта кантактавання — наладжванне сувязяў і такіх стасункаў паміж суполкамі, каб ўсе яны жылі ў непасрэднай сувязі найперш з рухам, а таксама паміж сабою.

У «Дэкларацыі» гаворыцца:

«Ліст Суполак Маці Божай хоць і з’яўляецца вельмі карысным, але ён недастатковы для таго, каб неабходныя сувязі паміж цэнтрам і суполкамі былі цесныя і плённыя. За наладжванне такіх сувязяў адказваюць розныя органы руху. [...] Маючы частыя кантакты з адказнаю суполкаю усяго руху, узгаданыя вышэй пары перадаюць іншым суполкам яе прапановы і сістэматычна інфармуюць яе аб жаданнях і патрэбах тых самых суполак. Дзякуючы гэтым кантактам адносіны паміж суполкамі і цэнтрам не маюць чыста адміністрацыйнага характару, а напаўняюцца братэрскай сардэчнасцю».

«Дэкларацыя Суполак Маці Божай», с. 10 (8 снежня 1947г.)

2.2.2. Кантактаванне

Для базавай суполкі кантактаванне — гэта погляд пары, якая прыбыла звонку, з іншай суполкі, адначасова аб’ектыўны, бесстаронні і братэрскі, які дазваляе справядліва ацаніць дзеянні суполкі і паказвае карысць, якую яна атрымлівае, калі захоўвае вернасць харызме руху END і яго методыцы. Кантактаванне нагадвае таксама пра карысць еднасці з іншымі суполкамі сектара і руху праз удзел у сумеснай дзейнасці і жыццё, згоднае з прыярытэтамі руху.

Наладжванне кантактаў — гэта служэнне на карысць і суполкі, і сектара. У выніку кантактаванне дазваляе сектару ацаніць жыццяздольнасць базавых суполак, зразумець іх патрэбы і цяжкасці, каб можна было планаваць дзейнасць і фармацыйныя сесіі з мэтаю абнаўлення ведаў пра рух.

Шматлікія формы, якія можа прыняць кантактаванне, дазваляюць палегчыць гэтую працу і зрабіць яе прыемнай, захапляльнай і жаданай. Гэтая функцыя выконваецца прызначанаю параю (так званаю сувязною параю) або якім-небудзь іншым чынам у залежнасці ад мясцовых умоваў.

Кантактаванне ўсталёўвае гарызантальныя сувязі паміж усімі базавымі суполкамі і вертыкальныя — з адказнаю параю сектара і ўзроўнямі адказнасці руху.

2.2.3. Формы кантактавання

Выбар спосабу кантактавання патрабуе дасведчанасці з боку адказнай пары сектара. Сярод фактараў, якія ўплываюць на належны выбар, трэба ўзяць пад увагу сродкі, якімі валодаюць пары, памер сектара, геаграфічныя адлегласці, сучасныя сродкі камунікацыі (інтэрнэт, факс, тэлефон і інш.)

Гарызантальныя сувязі — вельмі важная форма кантактавання. Адказная пара сектара (калі сектар малы па памеры) ці сувязныя пары (калі сектар больш вялікі) перыядычна сустракаюцца з адказнымі давераных ім суполак. Гэтая практыка дазваляе зрабіць больш плённымі адносіны ў абодвух напрамках і дадаткова паглыбляе сэнс іх прыналежнасці да базавых суполак.

Мы заўсёды будзем аддаваць перавагу:

«сувязям ... асабістым і візуальным; асабісты кантакт з’яўляецца крыніцаю жыцця і ўмацавання».

«Адказнасць у Суполках Маці Божай», с. 17 (ERI, май 1993г.)

 

2.3. Служэнне для паглыблення сувязі

Гэтая назва акрэслівае служэнне, якое ажыццяўляецца з мэтаю падтрымкі суполак праз:

• дзейнасць сектара;

• дні сектара;

• інфармацыйныя сесіі і рэкалекцыі;

• фармацыйныя сесіі;

• сесіі развіцця харызмы і педагогікі.

Кожны сектар паглыбляе свой вопыт у гэтых галінах згодна са сваёй спецыфікай і сродкамі, якімі ён валодае, а таксама згодна з патрэбамі атачэння пры дапамозе мясцовых ініцыятываў і ўласнай крэатыўнасці.

 

2.4. Служэнне для функцыянавання сектара

Сюды адносяцца віды служэння, неабходныя для функцыянавання сектара і распаўсюджвання інфармацыі:

• сакратарыят;

• скарбнік;

• бюлетэнь сектара;

сувязь з рэгіёнам.

2.4.1. Сакратарыят

Адказная пара сектара выбірае пару з суполкі сектара, якая бярэ на сябе сакратарскія функцыі.

Сакратарыят захоўвае ў сваіх архівах копіі асноўных дакументаў руху, тэмы міжнародных даследванняў і архівы сектара. Ён таксама распараджаецца карэспандэнцыяй і дакументамі, атрыманымі ад суполак.

Сакратар дасылае рэгіянальнаму сакратару наступныя дакументы:

• копію справаздачы аб сустрэчы суполкі сектара;

• адрасную кнігу сектара і бюлетэнь сектара (калі ён існуе).

2.4.2. Скарбнік

Час ад часу сектар мае ў распараджэнні пэўную суму грошай, атрыманых з ахвяраванняў суполак. Гэтыя грошы прызначаныя на фінансаванне кіравання і арганізацыю дзейнасці сектара.

Ахвяраванні дзеляцца паводле прынцыпаў, устаноўленых рухам, згодна з правіламі і патрабаваннямі руху.

Скарбнік сістэматычна вядзе дакументацыю. Што датычыць ахвяраванняў, то тут дзейнічае прынцып даверу.

2.4.3. Бюлетэнь сектара

Бюлетэнь сектара дазваляе распаўсюджваць і перадаваць інфармацыю аб жыцці сектара і руху. Гэта спрыяе салідарнасці і адчуванню прыналежнасці да сектара, стварае сувязі паміж суполкамі і сябрамі суполак.

Для публікацыі і распаўсюджвання бюлетэня сектара могуць выкарыстоўвацца ўсе сродкі масавай інфармацыі.

2.4.4. Сувязь з рэгіёнам

Сувязь неабходна як для жыццяздольнасці сектара, так і для жыццяздольнасці рэгіёна.

Дзякуючы частым кантактам паміж адказнаю параю рэгіёна і адказнымі парамі сектараў наладжваецца прыязнасць і давер. Такім чынам пара рэгіёна забяспечвае еднасць паміж рознымі сектарамі рэгіёна.

Гэтае яднанне з аднаго боку забяспечвае перадачу жыцця END у вертыкальным напрамку: суполкі сектара — рэгіён — рух, а з іншага боку — па гарызантальным напрамку: паміж суполкамі сектара.

Кантактаванне паміж сектарамі, падсектарамі і рэгіёнам наладжваецца праз калегію рэгіёна, якая складаецца з суполкі рэгіёна і параў, адказных за сектары.

Кантактаванне паміж рэгіёнам і адасобленымі суполкамі ажыццяўляецца з дапамогаю сувязной пары, прызначанай на гэтае служэнне рэгіёнам.

 

РАЗДЗЕЛ ІІІ.

СПОСАБЫ НЯСЕННЯ АДКАЗНАСЦІ ЗА СЕКТАР

 

«Калі хто прамаўляе, няхай прамаўляе, як словы Божыя; калі хто служыць, няхай служыць дзякуючы моцы, якою надзяліў яго Бог, каб ва ўсім праславіўся Бог праз Езуса Хрыста, якому слава і панаванне на вякі вечныя. Амэн» (1 П 4, 11).

«Розныя ёсць дары, але той самы Дух; розныя служэнні, але Пан адзін і той самы; розныя дзеянні, але той самы Бог, які робіць усё ва ўсіх. Але кожнаму даецца праяўленне Духа на карысць» (1 Кар 12, 4–7).

«Духоўная адказнасць — гэта дар, атрыманы ад Бога, і таму ён не можа быць прысвоены. Гэта значыць, што мы павінны заставацца ў еднасці з Тым, хто надзяліў нас гэтым дарам» (айцец Р. Тандоннэ).

 

Гэты раздзел вельмі добра адлюстроўвае доўгую традыцыю руху, якая выявілася ў публікацыях:

«Адказнасць у Суполках Маці Божай» (ERI, май 1993г.)

«Даведнік Суполак Маці Божай» (ERI, май  2001 г.)

«Практыка калегіяльнасці ў Суполках Маці Божай» (ERI, ліпень 2002 г.)

 

3.1. Евангельскія цноты

Прыняцце адказнасці ў Суполках Маці Божай — гэта місія, якая змяняе нас у атмасферы любові і зычлівасці. Адказнасць — паняцце шырокае і часта двухсэнсоўнае. Паспрабуем дакладней акрэсліць, што такое адказнасць у END.

3.1.1. Заклік

«З евангельскай прыпавесці паўстае перад нашымі вачамі вялізны вінаграднік Пана і натоўпы людзей, мужчын і жанчын, пакліканых Богам і пасланых туды на працу. Вінаграднік — гэта ўвесь свет (пар. Мц 13, 38), які павінен быць пераменены згодна з Божым планам у перспектыве апошняга прыйсця Валадарства Божага» (Christifideles laici, n. 1).

а) заклік Пана

Адказныя руху заклікаюць нас не ад свайго імя, гэта сам Бог заклікае нас праз іх пасрэдніцтва. Заклік да адказнасці — гэта перадусім любячы позірк Бога на нашае сужэнства, насуперак  нашым слабасцям і абмежаванасці.

Па той прычыне, што гэты заклік мае асабісты характар, а не супольны, адказнасць сужэнства ў адносінах да Бога і інстанцый руху, які выбраў гэтую пару, з’яўляецца таксама асабістай і поўнай.

б) заклік да большай любові

Гэта заклік да таго, каб любіць мацней: мацней любіць Бога, мацней любіць братоў і сясцёр, мацней любіць рух і Касцёл. Пан тройчы пытаецца ў Пятра: «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне больш, чым яны?», «Сымоне, сын Яна, ці любіш ты Мяне?» Пасля станоўчага адказу «Езус кажа яму: пасі авечак Маіх» (Ян 21, 17).

Першае пытанне, якое задае нам Пан перад тым, як ускласці на нас адказнасць, гэта пытанне аб любові (Ян 21, 15).

в) заклік да навяртання

Адказнасць, якую Бог ускладае на нас, павінна быць нагодаю для аднаўлення ў нас ласкаў Духа Святога. Падчас акту праслаўлення і падзякі, просьбы і перапрашэння Дух аднаўляе нас, запрашае пазнаваць праўду, выходзіць насустрач іншаму чалавеку, слухаць іншых і вучыцца ў іх, навяртацца Яго словам і служыць Яго Валадарству.

3.1.2. Адказ

а) адказ падзякі

Перакананасць пасланца сыходзіць з несумненнасці яго асабістай сустрэчы з Тым, Хто яго паслаў. Гэтая несумненнасць — аснова для вялікага энтузіязму, адвагі і прарочай паставы.

Радасць ад спазнання Божай дабрыні абуджае ў сужэнстве, якое прыме адказнасць, пэўны запал, таму што яна абапіраецца на любоў да Бога.

б) адказ даверу

Мы ніколі не бываем цалкам гатовымі да адказнасці і таго служэння, якога яна патрабуе. Пастава Марыі паказвае, як мы павінны паддацца дзеянню Духа Святога, каб дазволіць Яму нас весці. Мы павінны прыняць адказнасць у пакоры, з вераю і даверам да словаў Езуса: «Не бойся, таму што Я з табой...»

Трэба верыць, што Бог развівае здольнасці, якія даў нам, і гэтыя дары будуць неабходныя ў патрэбную хвіліну.

в) адказ адрачэння

Служэнне вымагае адрачэння ад самога сябе. «Слуга не вышэйшы за гаспадара свайго» (Мц 10, 24). Гатоўнасць ахвяраваць сябе дзеля іншых, аддаць ім сваё жыццё — гэта не толькі ахвяраванне сваёй працы, сваіх талентаў, свайго часу, але яшчэ і ахвяраванне самога сябе, без прымусу, з радасцю, дарэшты.

3.1.3. Служэнне

«Кожнае служэнне, якое існуе і выконваецца ў Касцёле, з’яўляецца адрознаю формаю ўдзелу ў служэнні Езуса Хрыста, добрага Пастыра, які дае жыццё сваё за авечак (пар. Ян 10, 11) і пакорнага слугі, які сябе самога складае ў ахвяру для збаўлення ўсіх (пар. Мк 10, 45)» (Christifideles laici, n. 21)

а) выкананне абавязкаў

Мы не з’яўляемся ўладарамі сваіх суполак і таго служэння, якое выконваем дзеля іншых. Пан — адзіны пастыр, адзіны правадыр. Мы нясём сваю долю адказнасці і радуемся дабротам, якія іншыя людзі могуць прынесці ў нашыя суполкі.

Адказнасць — гэта часовае служэнне. Мы не з’яўляемся незамяняльнымі, гэтаксама як не можам быць адзінымі вартаўнікамі вернасці дактрыне і адзінымі тлумачальнікамі харызмы. Наадварот, іншыя пары, якія маюць іншыя таленты, будуць працягваць справу і спрычыняцца да ўзбагачэння Суполак Маці Божай.

б) патрабаванні да сужэнскага служэння

Сакрамэнт сужэнства — гэта крыніца плённага служэння, і як сужэнства мы з’яўляемся знакам для іншых. Сужэнцы разам ахвяруюць гэтаму служэнню свае таленты і сваю еднасць з дапамогаю сужэнскага дыялогу, супольнай рэфлексіі і сукупнасці ўсяго, кім яны з’яўляюцца. Праз сужэнскую малітву Бог асабліва падтрымлівае і асвячае сужэнцаў.

в) служэнне, якое выконваецца ў суполцы

Адказнасць у Суполках Маці Божай не практыкуецца індывідуальна і ўладна. Адказныя павінны гуртаваць каля сябе суполку не толькі для таго, каб дзяліць працу, але перадусім для таго, каб разам, калегіяльна, з дапамогаю Духа Святога распазнаваць сапраўдныя духоўныя патрэбы суполак, за якія яны адказныя. Адказная пара павінна з упэўненасцю і энтузіязмам актывізаваць суполку, каб развіваць пачуццё еднасці, абуджаць здольнасці, таленты і натхняць да ахвяравання іх іншым людзям.

г) служэнне ў руху

Акрамя служэння, якое выконваецца ў суполцы, адказная пара сектара непасрэдна на сябе бярэ адказнасць перад рухам. Гэта значыць, што яна адкрытая на патрэбы сужэнстваў і суполак свайго сектара і ў той жа час дзейнічае ў еднасці з супольнасцю руху, захоўваючы вернасць яго харызме і кірункам дзейнасці.

д) служэнне ў Касцёле

Нашае служэнне спецыфічнае тым, што яго ажыццяўляе свецкая пара: яна абапіраецца на ўсеагульнае святарства верных і сакрамэнт сужэнства; яна цесна звязаная са служэннем святароў — духоўных дарадчыкаў. Адкрытыя на ўсе вымярэнні паўсюднага Касцёла і ў еднасці з ім, мы працуем для таго, каб зрабіць з Касцёла Народ Божы, а нашую адказнасць ператварыць у служэнне гэтаму Народу.

е) служэнне, укаранёнае ў Божым Слове і Эўхарыстыі

Мы не зможам нічога дасягнуць, калі не будзем чэрпаць з крыніцы Божай любові, калі не будзем слухаць адзінага Настаўніка — у маўчанні, у няспыннай малітве. Вырашаючы пэўныя справы, мы захоўваем Слова, скіраванае да нас. З дапамогаю ўнутранай медытацыі мы можам шукаць рашэння і разумець Божую волю.

3.1.4. Місія

Прыняцце такой адказнасці патрабуе разумення сэнсу нашай місіі і ўдзелу ў жыцці Касцёла і руху. Уключэнне адказнасці за сектар у місію руху дазваляе пазбегнуць бюракратычнага падыходу. Адказнасць за сектар укаранёная ў доўгай традыцыі руху, да якой дастасоўваюцца сучасныя метады рэалізацыі заданняў сектара.

Адказная пара і суполка сектара знойдуць натхненне ў наказах Евангелля, Дэкларацыі, тэкстах END і ў дакументах Касцёла, якія датычацца місіі свецкіх асобаў.

 

3.2. Чалавечыя цноты

Некаторыя чалавечыя цноты, укаранёныя ва ўзорах Евангелля, якіх мы хочам дасягнуць, захоўваць і развіваць, падтрымліваюць і ўзмацняюць нясенне адказнасці параю сектара падчас тэрміну яе служэння.

Адказная пара сектара не павінна валодаць усімі евангельскімі цнотамі. Яна павінна памятаць, што сілы і таленты ў сужэнстве ўзаемадапаўняюцца. Яна павінна таксама разлічваць на дапаўненне з боку сужэнстваў адказнай суполкі сектара, не забываючыся пра ласку, звязаную з ускладзенымі абавязкамі.

Пералік чалавечых цнотаў, прадстаўлены ніжэй, не з’яўляецца поўным і завершаным. Ён можа толькі дапамагчы ў роздуме над якасцямі асобы, якая прымае заклік да адказнасці за сектар, або над дадатковымі характарыстыкамі суполкі:

• Любоў да Суполак Маці Божай

• Любоў да людзей і сужэнстваў.

• Адкрытасць сэрца і розуму.

• Пашана да сябе і бліжніх;

• Праўдзівасць і тактоўнаць;

• Дынамізм і рашучасць;

• Упэўненасць у адносінах да сябе і суполкі;

• Запал;

• Разважлівасць;

• Рэалізм і пакора;

• Даверлівае прыняцце новых выклікаў;

• Пачуццё адказнасці;

• Дзеянні згодна з уласнымі магчымасцямі;

• Уменне абгрунтаваць свае рашэнні і меркаванні;

• Пашана да традыцыі і разам з тым імкненне да сучаснасці;

• Здольнасць вызначаць межы;

• Уменне ацаніць памеры задумаў;

• Уменне дзяліцца працаю;

• Уменне выкарыстоўваць сродкі, якія ёсць у распараджэнні;

• Уменне прымяняць узаемадапаўняльнасць асобаў.

 

3.3. Падрыхтоўка да адказнасці за сектар

Падрыхтавацца да адказнасці за сектар — значыць, знайсці стыль жыцця:

• які паглыбляе той, што ўжо існуе ў суполцы;

• які дапаўняе сэнс прынятай адказнасці.

3.3.1. У духоўнай сферы

Весці дыялог у тым выпадку, калі ўзнікаюць розныя погляды, таму што нясенне адказнасці за сектар ажыццяўляецца ў сужэнстве, і сужэнства павінна захоўваць гэтую раўнавагу.

Маліцца больш інтэнсіўна, найперш у інтэнцыі ўсіх сужэнстваў сектара і з думкаю аб усіх сужэнствах, якім END можа дапамагчы.

Мацавацца Божым словам і сакрамэнтамі, каб справіцца з місіяй, даверанай Богам.

3.3.2. У функцыянальнай сферы

Быць зацікаўленым у лепшым знаёмстве з рухам, адказнай параю рэгіёна, адказнымі за іншыя сектары.

Зрабіць апісанне сектара, каб лепей пазнаёміцца з ім: базавыя суполкі (склад, стаж, развіццё, асаблівыя рысы і г. д.), адказныя пары суполак, духоўныя дарадчыкі, пары, якія нясуць адказнасць і якія ўжо былі адказныя ў руху.

Павышаць сваю падрыхтоўку з дапамогаю сесій, прапанаваных рэгіёнам і рухам.

Мець апору, гэта значыць, стварыць суполку сектара, у якой сужэнствы дапаўняюць адно аднаго рознымі здольнасцямі, каб працаваць калегіяльна (гл.: «Раздзел І. Стварэнне суполкі сектара»).

3.3.3. Фармацыйныя сесіі

Перадача духу адказнасці, удзел у місіі руху праяўляецца не толькі праз перадачу дакумента, у якім апісаныя заданні і роля параў сектара.

Пажадана, каб парам, якія згадзіліся ўзяць на сябе адказнасць за сектар, была прапанавана фармацыйная сесія. Такім чынам, неабходна арганізаваць фармацыйную сесію паводле патрэбаў сектара. Дакументы, створаныя рухам, даюць каштоўную і дасканалую дапамогу, і будзем старацца шматразова чытаць іх з такою ўвагаю і зацікаўленасцю, каб яны кожнага натхнялі да роздуму над адказнасцю.

Адказная пара сектара і суполка сектара павінны мець асноўныя дакументы руху:

• «Дэкларацыя Суполак Маці Божай» (8 снежня 1947 г.);

• «Што такое суполка Маці Божай?» (верасень 1976 г.)

• «Адказнасць у Суполках Маці Божай» (ERI, май 1993г.)

• «Даведнік Суполак Маці Божай» (ERI, май  2001 г.)

• «Практыка калегіяльнасці ў Суполках Маці Божай» (ERI, ліпень 2002 г.)

Адказная пара сектара клапоціцца не толькі пра тое, каб выконваліся ўсе інструкцыі і парады руху, але і пра тое, каб суполкі добра разумелі дух, які з самага пачатку мелі Суполкі Маці Божай і які ажыўляе іх сёння.

Адказная пара сектара разумее і прымае прынцыпы, неабходныя для добрага функцыянавання сектара і ўсяго руху. Акрамя таго, яна ўдзельнічае ў фармацыйных сесіях, пазнае кірункі, прыярытэты і праекты руху, каб распаўсюдзіць іх у сектары.

 

РАЗДЗЕЛ ІV.

РОЛЯ АДКАЗНАЙ ПАРЫ СЕКТАРА

4.1. Роля адказнай пары сектара ў адносінах да суполак сектара

У адносінах да суполак сектара адказная пара і суполка сектара бяруцца за выкананне наступных заданняў: «духоўная актывізацыя, наладжванне кантактаў, фармацыя, арганізацыя дзейнасці, папулярызацыя руху» «Даведнік Суполак Маці Божай», с. 24.

4.1.1. Актывізацыя

Беручы пад увагу кірункі, прапанаваныя рухам, асаблівасці і патрэбы сектара і рэгіёна, адказная пара сектара і яе суполка:

• выбіраюць тое, што будзе дапамагаць сужэнствам сектара яшчэ больш пазнаваць ідэал, прапанаваны рухам;

• апрацоўваюць і рэалізуюць фармацыйны праект сектара і план дзейнасці на аснове падагульненняў.

Гэта пастаянная калегіяльная праца, якая выконваецца адказнаю параю разам з суполкаю сектара. Трэба брацца за яе выкананне загадзя, каб паспець своечасова. Малітва дапамагае зарыентавацца ў гэтым.

На практыцы размова ідзе пра наступную дзейнасць:

• пра дапамогу сужэнствам у поўным перажыванні іх сакрамэнту і развіцці актыўнай хрысціянскай пазіцыі;

• пра аказанне дапамогі суполкам, каб яны станавіліся сапраўднымі хрысціянскімі супольнасцямі;

• пра стварэнне і падтрыманне еднасці і згуртаванасці сектара, знаёмства паміж суполкамі і іх сувязь з рухам;

• пра распаўсюджванне і паглыбленне ведаў аб прынцыпах і кірунках развіцця руху, каб яны аказвалі дапамогу ў духоўным жыцці сужэнстваў;

• пра заахвочванне параў, якія належаць да Суполак Маці Божай, весці актыўную дзейнасць у самім руху і па-за ім.

«Адказнасць у Суполках Маці Божай», с. 16 (ERI,  май 1993 г.)

4.1.2. Сувязь

• Сувязь неабходная для будавання духу супольнасці ў руху, для разумення сэнсу яго існавання. Размова ідзе пра тое, каб рух стаў жывою «суполкаю з суполак»;

• Сувязь гарантуе перадачу жыцця ў вертыкальным кірунку (суполкі « рух) і гарызантальным (паміж суполкамі);

• Сувязь як кантактаванне — гэта не толькі вопыт узамаразумення, але таксама і сапраўднае абвяшчэнне Добрай Навіны; яна мае евангельскі характар;

• Сувязь павінна быць асабістаю і візуальнаю; асабісты кантакт з’яўляецца крыніцаю жыцця і падтрымкі;

• Форма і прынцыпы падтрымання сувязі павінны быць дастасаваныя да сітуацыі і магчымасцяў кожнага сектара; закасцянеласць гэтых формаў і прынцыпаў можа ўскладняць жыццё;

• Суполка сектара можа сама дбаць пра сувязь або звярнуцца па дапамогу да іншых сужэнстваў.

«Адказнасць у Суполках Маці Божай», с. 17 (ERI,  май 1993 г.)

4.1.3. Фармацыя

Разам са сваёю суполкаю і ў еднасці з адказнаю параю рэгіёна адказная пара сектара дбае пра фармацыю.

Такім чынам, адказная пара сектара клапоціцца:

• пра разуменне сябрамі суполкі духу метадаў і кірункаў руху;

• пра вывучэнне сябрамі суполкі дакументаў руху;

• пра абмен поглядамі на тэму жыцця Касцёла і грамадства;

• пра пабуджэнне сяброў суполкі да ўдзелу ў сустрэчах і дзейнасці сектара;

• пра заахвочванне сем’яў базавых суполак да больш поўнага перажывання сваёй веры і сакрамэнту сужэнства;

• пра разуменне сем’ямі прысутнасці Бога ў іх штодзённым, індывідуальным і грамадскім жыцці;

• пра тое, каб сужэнцы разважалі над сваёй дзейнасцю ў руху і па-за ім;

• пра навучанне параў, якія распачалі спецыфічнае служэнне, а менавіта: нясенне адказнасці за суполку, наладжванне кантактаў, інфармаванне, папулярызацыя руху, кіраванне новымі суполкамі.

«Сесіі з’яўляюцца важным часам у жыцці END. Іх мэта — фармаваць і паглыбляць веды пра духоўнасць і метады дзейнасці руху. Яны даюць магчымасць сябрам суполак больш глыбока вывучаць прапановы жыцця ў Суполках Маці Божай і актыўна ўдзельнічаць у іх ажыццяўленні. Дзякуючы ўдзелу ў сесіях сужэнствы лепш рэалізуюць ідэалы руху і больш адказна выконваюць свае абавязкі».

«Даведнік Суполак Маці Божай», с. 29 (ERI, май 2001 г.)

4.1.4. Арганізацыя дзейнасці ў сектары

Для рэалізацыі сваёй трайной місіі (духоўная актывізацыя, наладжванне кантактаў, фармацыя) адказная пара сектара і яе суполка разважаюць над тым, як праводзіць пэўныя віды дзейнасці: сустрэчы розных суполак, правядзенне дзён сектара, цэлебрацыю Эўхарыстыі сектара, малітоўныя сустрэчы, сустрэчы або дні сяброўства, рэкалекцыі, канферэнцыі, дні навучання і рэфлексіі і інш.

Важна, каб адказная пара сектара арганізоўвала перыядычныя сустрэчы духоўных дарадчыкаў суполак свайго сектара, каб праз абмен вопытам яны маглі яшчэ больш усвядоміць сваю ролю і значэнне ў суполцы.

4.1.5. Папулярызацыя руху

Для папулярызацыі руху роля адказнай пары сектара з’яўляецца найважнейшаю, бо на яе ўскладзена місійная адказнасць за ўвесь сектар і яна павінна быць яго актывізуючым фактарам.

Папулярызацыя мае два аспекты:

• паглыбленне сужэнскай духоўнасці і каштоўнасці хрысціянскага сужэнства (распаўсюджванне);

• пашырэнне самога руху (экспансія).

Дзейнасць адказнай пары сектара зразумелая. Яна рыхтуе праект пашырэння руху ў сектары (экспансія), які рэалізуецца:

• праз арганізацыю дзейнасці, адкрытай для як мага большай колькасці сужэнстваў, пры дапамозе параў, адказных за пашырэнне руху;

• праз кантактаванне з парафіямі і іншымі рухамі, стварэнне партнёрскіх асяродкаў;

• праз натхненне сяброў суполкі на выкананне місіі распаўсюджванне Добрай Навіны хрысціянскага сужэнства;

• праз аказанне дапамогі новым суполкам у распачынанні іх працы, у гэтым удзельнічаюць пары, адказныя за перадачу інфармацыі і кіраванне новымі суполкамі.

Пар. «Адказнасць у Суполках Маці Божай», с. 18 (ERI, май 1993 г.)

4.2. Роля адказнай пары сектара ў адносінах да руху

4.2.1. У дачыненні да ўсяго руху

Адказная пара сектара выконвае сваю місію разам з усім рухам. Сектары аб’яднаныя з рухам праз адказныя пары сектара. Больш за тое, адказная пара сектара павінна падтрымліваць сувязь з адказнаю параю рэгіёна. Такім чынам яна зможа перадаваць інфармацыю пра жыццё сектара ўсяму руху, улічваючы рэальныя мясцовыя праблемы.

Адказная пара сектара з’яўляецца ўдзельнікам калегіі рэгіёна і павінна ўдзельнічаць у яе сходах. Калі яна не можа ўдзельнічаць у іх, то павінна звязацца з адказнаю параю рэгіёна.

Калегія рэгіёна дазваляе руху захаваць кантакт з базавымі суполкамі праз пасрэдніцтва адказных сектара і перадаваць ім галоўныя кірункі і прыярытэты руху. Гэта спрыяе больш блізкаму знаёмству адказных параў сектара і адказнай пары рэгіёна, а таксама дазваляе руху перадаваць інфармацыю адказным сектара пра жыццё і дзейнасць руху і ўказваць ім адпаведныя кірункі працы.

Акрамя таго, сустрэчы даюць нагоду для больш шырокага разгляду праблематыкі жыцця руху — разгляду, у якім неабходны ўклад адказных параў, — і для больш багатага абмену рознымі пунктамі погляду.

Гэтыя сустрэчы духоўна і дактрынальна ўзбагачаюць адказныя пары сектара, што з’яўляецца прынцыповаю справаю.

 

4.2.2. У дачыненні да рэгіёна

Адказныя сектара і адказныя рэгіёна павінны падтрымліваць паміж сабою цесную сувязь. Адказныя рэгіёна маюць важнае заданне: апекавацца сектарамі. Адказныя сектара інфармуюць іх пра плёнасць працы суполак сваіх сектараў і пра цяжкасці, з якімі яны сутыкнуліся, асабліва пра ўсе далікатныя праблемы, якія могуць з’явіцца ў некаторых суполках. Нармальна ўспрымаецца тое, калі адказныя рэгіёна запрашаюцца да ўдзелу ў розных мерапрыемствах, арганізаваных у сектарах, нават калі яны не заўсёды могуць у іх удзельнічаць.

Калегія рэгіёна збірае два або тры разы на год усе адказныя пары сектараў і адказную суполку рэгіёна. Удзел у калегіі дазваляе адказным сектара супастаўляць свой вопыт з вопытам адказных іншых сектараў.

Сход калегіі — гэта добрая магчымасць для таго, каб задаваць пытанні, якія турбуюць адказных сектара. Калі пытанне канфідэнцыйнае, адказныя сектара могуць непасрэдна задаць яго адказным рэгіёна па-за пасяджэннямі калегіі.

Пытанне аб пераемнасці абавязкаў адказныя сектара разглядаюць з адказнымі рэгіёна. Выбар пары, якая зменіць адказных сектара, адбываецца на ўзроўні адказных рэгіёна (урэшце, менавіта яны будуць працаваць у наступным годзе з новымі адказнымі сектара), але трэба праводзіць гэты выбар разам з адказнаю параю сектара, якая добра ведае сужэнствы свайго сектара.

4.2.3. У дачыненні да свету

Для руху важна перш за ўсё збіраць і перадаваць інфармацыю праз пасрэдніцтва адказнай пары рэгіёна, якая:

• пераймае ад руху кірункі і прымае яго рэкамендацыі, каб перадаваць іх суполкам ва ўмовах, што дазволяць ім прыняць і рэалізаваць іх у жыцці;

• перадае руху тое, чым жывуць суполкі: іх радасці, цяжкасці, пытанні, імкненні, патрэбы.

Адказная пара сектара мае асаблівую місію ў руху. Яна павінна:

• быць «гарантам» свядомасці руху ў сектары;

• мець пачуццё супольнай адказнасці за жыццё ўсяго руху;

• удзельнічаць у сустрэчах руху;

• быць у кантакце і ў еднасці з рэгіёнам і суседнімі сектарамі;

• навучацца і разважаць над дакументамі і тэкстамі, выдадзенымі рухам;

• дзейнічаць згодна з кірункамі развіцця руху і выконваць яго патрабаванні.

«Адказнасць у Суполках Маці Божай», с. 18 (ERI, май 1993 г.)

 

4.3. Роля адказнай пары ў адносінах да Касцёла і грамадства

Адказная пара сектара з’яўляецца прадстаўніком руху на сваёй тэрыторыі, таму яна адказвае:

• за «папулярызацыю сужэнскай духоўнасці: перадачу маладому пакаленню яскравага сведчання пра цудоўны Божы план адносна чалавечай любові, захаванне каштоўнасці сужэнства як месца любові, шляху шчасця і спосабу дасягнення святасці;

• за знаёмства сужэнскіх параў, святароў і іерархіі Касцёла з рухам і з яго духоўным набыткам;

• за ўдзел у працы інстанцый, пакліканых для душпастырства сем’яў, падтрыманне адносінаў з іншымі рухамі і супольнасцямі, якія пашыраюць сужэнскую і сямейную духоўнасць;

•  за абуджэнне ў адказных параў усведамлення іх асабістай місіі ў Касцёле і ў свеце».

«Адказнасць у Суполках Маці Божай», с. 18 (ERI,  май 1993 г.)

за знаходжанне спосабаў перадачы ідэалу і духоўнасці Суполак Маці Божай. Для гэтага задання няма ніякай магічнай формулы. Суполка сектара павінна актывізаваць сваё ўяўленне. Кожны сектар павінен інтэгравацца ў грамадскі і тэрытарыяльны кантэкст, будуючы сваю еднасць і свядомасць для падтрымкі і развіцця руху;

• за чытанне новых «знакаў часу».

«Важна, каб Суполкі Маці Божай адгукаліся на заклік Касцёла да новай евангелізацыі, якая абапіраецца на чалавечую любоў і сямейнае жыццё. Сёння Касцёлу ўсё больш патрэбны свецкія вернікі, якія жывуць у сужэнскіх саюзах з багатай фармацыяй, дзе жыццё мацуецца вераю, а вера — жыццём. На хрысціянскіх сужэнствах ляжыць абавязак місійнай працы і дапамогі іншым сужэнствам, якім яны сапраўды павінны сведчыць і паказваць, што Хрыстус з’яўляецца адзінаю крыніцаю сужэнскага жыцця».

(Ян Павел ІІ, 50-я гадавіна Дэкларацыі, 1997 г.)

4.4. Роля адказнай пары ў адносінах да малых сектараў (падсектараў) і адасобленых суполак

4.4.1. Малыя сектары

Малыя сектары і адасобленыя сектары — гэта сектары з меншаю, чым звычайна, колькасцю суполак; таму і суполка сектара з’яўляецца меншаю, а колькасць параў, якія могуць выконваць розныя функцыі, больш абмежаваная.

Часта суполкі такога сектара распачынаюць працу адначасова або амаль адначасова, таму новыя сябры суполкі не могуць выкарыстоўваць у сектары вопыт старэйшых сяброў Суполак Маці Божай. У сувязі з гэтым важна «аб’яднацца» з найбліжэйшым сектарам.

Калі адлегласць паміж сектарамі невялікая, яны павінны быць не толькі «добрымі суседзямі», але і крыніцаю ўзаемнай дапамогі. Яны могуць запрашаць адзін аднаго да супольнай дзейнасці. Пры захаванні адметнасці кожнай адзінкі гэты абмен паляпшае дзейнасць адказных параў сектара. Кожны выкарыстоўвае вопыт іншых, новыя ідэі, узаемную падтрымку і малітву.

Больш за тое, адказная пара сектара не павінна баяцца прасіць дапамогі ў адказнай пары рэгіёна і звяртацца да «рэсурсаў» руху (асобаў, адказных за навучанне, сувязных параў і інш.).

4.4.2. Адасобленыя суполкі

Адасобленыя суполкі не могуць забяспечыць сваім сябрам магчымасць удзелу ў мерапрыемствах, якія рэальна можа арганізаваць END (напр., дні сектара, сесіі і інш.). У духу братэрскай дапамогі і па жаданні адказнай пары рэгіёна адказныя суседняга сектара павінны забяспечыць ім удзел у гэтай дзейнасці.

Сувязь з гэтымі адасобленымі суполкамі залежыць ад адказнай пары рэгіёна. Аднак адказная пара рэгіёна можа папрасіць адказную пару сектара аб часовай дапамозе ў наладжванні функцыянавання гэтых некалькіх суполак, якія знаходзяцца побач з яе сектарам. Пара рэгіёна можа таксама даручыць гэтыя адасобленыя суполкі сувязной пары, пакліканай для выканання такіх абавязкаў.

 

РАЗДЗЕЛ V.

СЛУЖЭННЕ АДКАЗНАЙ ПАРЫ СЕКТАРА

 

«Вельмі часта ў свецкім жыцці “адказнасць” з’яўляецца сінонімам сілы і ўлады. Калі Хрыстус абмыў ногі сваім вучням, ён паказаў нам іншы спосаб нясення адказнасці ў Суполках Маці Божай, які заключаецца ў служэнні нашым братам і сёстрам. У END адказнасць — гэта запрашэнне да большай любові; нясенне любой адказнасці — заклік да служэння.

Адказнасць у END сужэнцы нясуць не паасобку, а парамі. У выкананні абавязкаў ім дапамагаюць іншыя пары суполкі, якою апякуецца святар, духоўны дарадчык. Гэтая дапамога аказваецца ў атмасферы ўзаемнай адказнасці, калегіяльнасці, адзінства і даверу».

«Дапаможнік Суполак Маці Божай», с. 27 (ERI, май  2001 г.)

 

5.1. Арганізацыя

Адказная пара сектара займаецца арганізацыяй розных аспектаў свайго служэння. Аднак чатыры арганізацыйныя пункты, з якіх складаецца працэс вырашэння пэўнай праблемы, адносяцца да кожнага служэння і да кожнага тыпу дзейнасці.

5.1.1. Складовыя элементы арганізацыі дзейнасці

• ПРАЕКТ: праектаванне дзейнасці і развіцця сектара паводле наяўных магчымасцяў;

• ПЛАН: вызначэнне прыярытэтных кірункаў, якія павінны быць прынятыя калегіяльна суполкаю сектара;

• ПРАГРАМА: складанне гадавога плану дзейнасці паводле вызначаных прыярытэтаў;

• АРГАНІЗАЦЫЯ: рэалізацыя плану;

• АЦЭНКА: справядлівае ацэньванне рэалізацыі плану і вызначэнне мэты дзейнасці на наступны год.

Сёння нельга разлічваць толькі на ўласную высакароднасць і добрую волю, каб узяць на сябе адказнасць. Валанцёрства і захопленасць справаю павінны абапірацца на сучасныя метады дзейнасці, трэба выкарыстоўваць усе прыдатныя прынцыпы яе арганізацыі. Выкарыстанне новых метадаў дае адказнай пары ўпэўненасць у яе працы.

5.1.2. Калегіяльнасць

а) адкрытасць на калегіяльнасць

Калегіяльнасць можна растлумачыць як адданне супольнасці разнастайных і ўзаемадапаўняльных дароў, якімі Дух Святы надзяліў кожнага для супольнага пошуку праўды і поўнага яднання. Па сваёй сутнасці яна выключае аўтарытарныя адносіны і рэалізуецца ва ўзаемным удзеле ў пошуку праўды, а таксама патрабуе дысцыплінаванасці і сістэматычнай працы. Гэта не скасоўвае місіі адказнай пары. Калегіяльнасць пераўзыходзіць нашыя ўласныя магчымасці: яна не можа існаваць, калі не з’яўляецца плёнам Духа Святога.

б) трыванне ў калегіяльнасці

Індывідуальнасць кожнага сябра суполкі сектара мае каштоўнасць. Неабходна, каб кожны сябар суполкі адчуваў любоў і прыманне сябе  іншымі, каб кожны ведаў, што яго меркаванні паважаюцца, а яго ўнёсак — ацэнены.

в) калегіяльная дзейнасць

Калегіяльная дзейнасць патрабуе сувязі, празрыстасці, ўзаемадаверу і ўмення слухаць іншых. Яна складаная і патрабуе пастаяннага прыслухоўвання да іншых, адкрытасці і талерантнасці.

Трэба прыняць той факт, што мы адчуваем патрэбу ў іншых людзях, а яны — у нас; гэта несумненна. Таму трэба валодаць пачуццём здаровага розуму і рэалізму, праявіць поўную лаяльнасць да іншых і разлічваць на давер і лаяльнасць у адносінах да сябе.

Зразумела, што калегіяльная дзейнасць не вызваляе адказную пару сектара ад яе ўласнага абавязку — прыняцця канчатковага рашэння.

Паводле «Адказнасць у Суполках Маці Божай», с. 12–13 (ERI, май 1993г.)

5.1.3. Асновы калегіяльнасці

У гісторыі руху паступова развіваўся дух калегіяльнасці як спосаб дасягнення ўзаемаразумення і прыняцця рашэнняў. Каб практыкаваць калегіяльнасць, трэба ведаць наступныя правілы:

• Роўнасць дае кожнаму аднолькавыя правы і абавязкі і такім чынам забяспечвае ўмовы, неабходныя для стварэння сапраўднай калегіяльнасці.

• Празрыстасць дае свабоду выказвання тым, хто хоча выступіць у поўнай свабодзе і даверы.

• Дыскусія выключае спрэчкі наконт асобных меркаванняў і перакананняў, якія замінаюць калегіяльнай рэфлексіі і роздуму.

• Раўнавага паміж калегіяльнасцю і адказнасцю — добры знак таго, што сэнс служэння, адкрытасці і адказнасці быў захаваны падчас дыскусіі і прыняцця рашэння.

• Дух калегіяльнасці ахоплівае сукупнасць адказнасці і служэння ў руху. Кожны ўзровень адказнасці патрабуе здаровага розуму, празрыстасці, рэфлексіі і рашучасці.

Паводле «Практыка калегіяльнасці ў Суполках Маці Божай», с. 8–9 (ERI, ліпень 2002 г.)

5.1.4. Плён адказнасці

а) любоў і камунія

Кожная адказная пара павінна дзейнічаць так, каб пра суполку можна было сказаць: «Паглядзіце, як яны любяць адзін аднаго». Мы можам арганізоўваць сустрэчы, выдаваць артыкулы, прапаведваць прыгожыя тэорыі, але калі мы жывём у напружанасці, у крытыцы і зайздрасці, замест таго, каб жыць у праўдзе і ўзаемаразуменні, нашыя высілкі будуць марнымі.

Адказнасць вучыць нас жыць у супольнасці руху. Гэта ж дазваляе нам практыкаваць жыццё ў супольнасці Касцёла. Калі любоў і еднасць будуць спадарожнічаць нам у жыцці, мы будзем здольныя «перакідваць масты»: масты дыялогу, адкрытасці на іншых людзей і паяднання.

б) місійны дух

Калі сябар суполкі напоўнены місійным духам, ён пастаянна адчувае патрэбу «ісці далей», шукаць новыя шляхі, якія набліжаюць яго да новых сужэнстваў, новых асяроддзяў, іншых краінаў, да ўсіх тых, каму мы патрэбныя: да моладзі і старых, да параненых у любові і пазбаўленых надзеі, да бездапаможных і тых, хто дзеля веры ў Божую любоў павінен бачыць сужэнцаў, якія любяць адно аднаго, любяць бескарысліва.

в) будаванне Божага Валадарства

Нашая адказнасць у руху — гэта служэнне на карысць будавання Божага Валадарства. Яно праяўляецца ў той меры, у якой мы выконваем свае абавязкі ў Касцёле і ў еднасці з Касцёлам, абапіраючыся на харызму і спецыфіку нашага руху.

«Адказнасць у Суполках Маці Божай», с. 13–14 (ERI, май 1993г.)

5.1.5. Падручнік па актывізацыі і ацэньванні

Графік, змешчаны ніжэй, візуальна паказвае сінтэз розных аспектаў добрага функцыянавання базавай суполкі. Ён адлюстроўвае тры асноўныя ўзроўні функцыянавання і палягчае ацэньванне сустрэчы з пункту гледжання эфектыўнасці і выніковасці ўнёску сяброў суполкі ў рэалізацыю супольнага праекта, а таксама дапамагае дасягнуць мэтаў сустрэчы. Розныя аспекты гэтага ацэньвання дазваляюць ажыццяўляць канкрэтную дзейнасць для дасягнення пастаўленых мэтаў.

Важна пастаянна ўсведамляць мэту сустрэчы, час ад часу ставіць перад сабою пытанні, што дазваляе аб’ектыўна ацаніць ход сустрэчы і скіраваць дыскусію ў належны кірунак.

Адчуванне блізкасці паміж людзьмі вельмі спрыяе ўзаемаразуменню. Каб свабодна выказваць меркаванні і прапановы, патрэбная атмасфера даверу. Дух калегіяльнасці спрыяе «фармаванню суполкі» ў атмасферы пашаны і братэрства.

Для дасягнення мэты трэба прытрымлівацца пэўных правілаў, якія спрыяюць актыўнай дзейнасці ўсіх сяброў суполкі. Адказныя павінны карыстацца гэтымі сродкамі, каб забяспечыць патрэбны ход сустрэчы.

Тры ўзроўні (змест — атмасфера — працэдура) дапаўняюць адзін аднаго і адсутнасць таго ці іншага можа прывесці да няўдачы ў дасягненні вызначанай мэты разважанняў і гарманічнага правядзення сустрэчы.

 

ФУНКЦЫІ ТРОХ УЗРОЎНЯЎ

 

ЗМЕСТ

Высвятленне

1) вызначыць мэты

2) удакладніць паняцці

3) сфармуляваць заданні

4) устанавіць сувязі

5) зрабіць рэзюмэ

6) падвесці вынікі

7) зрабіць апытанне

 

АТМАСФЕРА

Палёгка

1) сустрэць сяброў

2) супакоіцца (пазбягаць празмернай эмацыянальнасці)

3) стварыць атмасферу адкрытасці і даверу

4) пазбягаць спрэчак

5) дбаць пра матэрыяльныя ўмовы

 

ПРАЦЭДУРА

Кантроль

1) устанавіць правілы

2) сачыць за часам

3) пабуджаць да актыўнасці

4) даваць голас

5) стрымліваць рэзкія выказванні

6) высвятліць ролі

7) прытрымлівацца парадку выказванняў

 

5.2. Каардынацыя ў суполцы сектара:

• Калегіяльна падзяліць заданні і адказнасць у суполцы сектара;

• Даць канкрэтныя паўнамоцтвы парам суполкі сектара;

• Даць спецыфічныя і абумоўленыя пэўнымі абставінамі паўнамоцтвы парам сектара;

• Заахвочваць і падтрымліваць пары ў выкананні іх абавязкаў;

• Ацэньваць разам з парамі вынікі іх дзейнасці ў межах дадзеных ім паўнамоцтваў.

 

5.3. Актывізацыя сектара

Адказная пара сектара павінна імкнуцца да духу калегіяльнасці. Падчас сустрэчы суполкі сектара трэба дастаткова шмат часу прысвяціць рэфлексіі і малітве, разумеючы, што зробленая праца прынясе плён толькі пры Божай дапамозе.

Не звужаючы ніводнага аспекту сваёй адказнасці, адказная пара сектара і сябры суполкі сектара разам вызначаюць план дзейнасці, якую яны распачынаюць, кіруючыся харызмаю руху і памятаючы пра захаванне наступных прынцыпаў:

• паважлівае стаўленне да сужэнстваў і базавых суполак як тых, хто ім давераны;

• дапамога сужэнствам ў іх хрысціянскім узрастанні;

• кіраўніцтва, якое ажыццяўляецца праз назіранні, прыцягванне ўвагі да руху і прапагандаванне яго харызмы;

• стварэнне і падтрыманне адзінства і згуртаванасці сектара, прыязных стасункаў паміж сябрамі суполкі і іх сувязі з рухам;

• інтэграванне прыярытэтаў руху ў духоўнае жыццё суполак;

• захаванне пачуцця меры ў дзейнасці, прапанаванай сужэнствам, якія часта могуць мець шмат іншых абавязкаў;

• распаўсюджванне харызмы END і сужэнскай духоўнасці.

 

5.4. Мабілізацыя

Для захавання пастаяннай актыўнасці асобных людзей і сужэнстваў, якія ўзялі на сябе адказнасць у сектары (інфармаванне, кіраванне новымі суполкамі, наладжванне сувязяў і г. д.), адказная пара сектара павінна на працягу года арганізоўваць сустрэчы.

Мы вылучаем тры этапы, якія рыхтуюць сужэнствы да прыняцця адказнасці:

1. Набор: падчас сустрэчы расказаць пра патрэбы сужэнстваў і сектара, ацаніць здольнасць выбраных асобаў да прыняцця адказнасці, распазнаць разам з імі знакі часу і ўбачыць у іх Божы заклік, запэўніць гэтых людзей у падтрымцы Хрыста і сведчыць ім пра радасць служэння.

2. Фармацыя: прапанаваць удзел у сесіі, якая падтрымае іх у прыняцці адказнасці, растлумачыць ім сэнс служэння і канкрэтызаваць заданні. Прыняццю любой адказнасці папярэднічае фармацыя, уласцівая для дадзенага служэння. Яна пацвярджае адказнасць і ўмацоўвае яе.

3. Падтрымка: кожны год арганізоўваць сустрэчы для ўсіх, хто бярэ на сябе адказнасць у сектары, каб яны ўзаемна ўзбагачаліся рэфлексіяй аб служэнні, заахвочвалі і падтрымлівалі адзін аднаго сведчаннямі, абуджалі запал на далейшае служэнне ў руху. Неабходна вызначыць час для абмену сведчаннямі, вопытам, дзялення клопатамі і цяжкасцямі. Мэтаю з’яўляецца ўзаемадапамога і заахвочванне да далейшага служэння. Гэта таксама добрая нагода для таго, каб падзякаваць за дзеянне Духа, якое рэалізуецца праз адказныя пары.

Адказная пара сектара больш актыўна працуе падчас трэцяга этапу. Усведамляючы цяжкасці, звязаныя з далучэннем асобных людзей да розных відаў служэння, адказныя сектара павінны прыкладаць шматлікія і сур’ёзныя намаганні, каб падтрымліваць іх матывацыю і энтузіязм падчас служэння.

 

5.5. Перадача адказнасці за сектар

5.5.1. Пераемнасць абавязкаў адказнай пары сектара

Калі новая адказная пара сектара будзе зацверджаная на пасадзе адказнаю параю рэгіёна, пажадана, каб папярэдняя пара абмеркавала з новаю сітуацыю ў сектары.

Хоць новазацверджаная пара дабравольна бярэ на сябе адказнасць за сектар, цалкам ахвяруючы сябе для гэтай справы, аднак яна павінна  забяспечыць устойлівасць у функцыянаванні сектара і працяг дзейнасці.

Новая адказная пара сектара рыхтуе апісанне сітуацыі, якая існуе ў сектары (пункт 3.3.2. дадзенага дакумента)

5.5.2. Перадача адказнасці

Вельмі важна падрыхтаваць перадачу адказнасці за сектар новай пары. Гэта трэба зрабіць найбольш адпаведным і эфектыўным для сектара спосабам. Мы перадаем не дакументацыю, а адказнасць за сектар. Перадача адказнасці ўключае ў сябе дзве рэчы: фармацыйную сесію, якая дапамагае зразумець сэнс гэтай адказнасці, і сустрэчу з адказнымі парамі. Належная перадача адказнасці забяспечвае ўстойлівасць сектара.

Не трапляючы ў залежнасць, якая магла б перашкодзіць крэатыўнасці, свабодзе дзеяння і ініцыятыве, новая адказная пара можа папрасіць дапамогі ў папярэдняй адказнай пары, калі ў гэтым ёсць патрэба.

 

РАЗДЗЕЛ VI.

РЭГУЛЯРНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ СЕКТАРА

 

6.1. Дэфініцыя задання

Значнасць гэтай адказнасці заключаецца ў перадачы жыцця Суполак Маці Божай, падтрыманні «цыркуляцыі сокаў» у руху.

Пажадана абмежаваць дзейнасць адказнай пары сектара так, каб яна большасць сваёй энергіі скіроўвала на ажыўленне духу сектара, яго гуртаванне, стымуляцыю і прапаганду руху. Каб дасягнуць гэтага, пара павінна дзяліць заданні і адказнасць паміж сябрамі суполкі.

 

6.2. Сустрэчы з адказнымі парамі базавых суполак

6.2.1. Мэты сустрэчаў:

• захаванне цеснай сувязі паміж адказнаю параю сектара, адказнымі базавых суполак і іх сябрамі;

• клопат пра еднасць сяброў суполак сектара ў вернасці руху;

• на пачатку года — арганізацыя сустрэчы адказных параў суполак. Для адказнай пары сектара гэта добрая нагода пазнаёміцца з новымі адказнымі сябрамі суполак і для іх саміх — пазнаёміцца адзін з адным;

• прадстаўленне адказным парам суполак розных спосабаў сувязі;

• узаемаабмен сведчаннямі з жыцця суполак;

• канфідэнцыйная справаздача перад адказнаю параю сектара аб выніковых сустрэчах у суполках. Такія справаздачы дапамагаюць адказнай пары сектара лепей зразумець патрэбы суполак, вылучыць прыярытэты, распрацаваць план дзеянняў і пабудзіць да ажыўлення дзейнасці сектара;

• перадача інфармацыі;

• ацэнка дзейнасці і жыцця сектара ў мінулым годзе паводле плану дзейнасці, падрыхтаванага на пачатку года.

6.2.2. Рэкамендаваны ход сустрэчы

Сустрэчы адказных параў суполак у цэлым маюць крыху адміністрацыйную мэту і характар. Яны павінны мець свой уласны стыль. Таму ім трэба надаць функцыянальны характар. Аднак не абавязкова пашыраць ход сустрэчы базавай суполкі, яго можна браць за аснову і ўключаць у сустрэчу наступныя элементы:

• малітву;

• дзяленне жыццёвымі клопатамі, якія датычаць жыцця базавай суполкі і (або) жыцця сектара;

• рэфлексію, якая паспрыяе ажыўленню іх саміх і іх базавай суполкі;

• абмен думкамі адносна пытанняў, якія датычаць напрамкаў дзейнасці і жыцця руху, прыярытэтаў сектара, педагогікі, харызмы END або плана дзейнасці сектара.

6.3. Сустрэчы з усімі сужэнствамі сектара

Адказная пара сектара і суполка сектара могуць адвольна вызначаць колькасць сустрэчаў сектара. Гэтыя сустрэчы не замяняюць штомесячных сустрэчаў базавых суполак.

Каб заахвоціць усіх да актыўнага ўдзелу ў жыцці сектара, гэтых сустрэчаў не павінна быць занадта шмат. Іх колькасць павінна быць вызначана паводле патрэбаў, выяўленых пры падвядзенні вынікаў. Разнастайнасць тэматыкі служыць на карысць будавання супольнасці, ажыўлення, паглыблення фармацыі, пачуцця прыналежнасці да руху і братэрства.

6.4. Практычныя парады

Каб заахвоціць сужэнствы да ўдзелу ў сустрэчах сектара, трэба разумець іх патрэбы і духоўны стан.

Вось некалькі практычных парадаў:

• браць пад увагу абмежаваную свабоду сужэнстваў, якія працуюць і выхоўваюць дзяцей;

• інфармаваць суседнія сектары аб арганізаванай дзейнасці, каб даць магчымасць удзельнічаць у ёй;

• дапамагаць новай пары ўвайсці ў суполку;

• заахвочваць сужэнствы да пэўнай дзейнасці ў сектары, якая служыць распаўсюджванню руху;

• падрыхтоўваць апытанне для выніковай сустрэчы базавай суполкі;

• тлумачыць, з якой мэтаю і на якія патрэбы выкарыстоўваюцца грашовыя ахвяраванні;

Вывады:

• Нясенне адказнасці ў сектары мае адначасова чалавечае і духоўнае вымярэнне.

• Удасканальвацца ў майстэрстве — гэта карысна. Але не менш карысным з’яўляецца набліжэнне да Пана Бога. Штодзённая малітва, цэлэбрацыя Эўхарыстыі і знаёмства са Словам — гэта найлепшы спосаб наблізіцца да Бога і прыняць Яго волю.

• Адказная пара сектара і суполка сектара павінны захоўваць вернасць сваім абавязкам з любові да Бога і да тых, за каго яны нясуць адказнасць.

• Адказная пара сектара выконвае ролю правадыра і апекуна.

• Роля адказных за сектар — духоўная актывізацыя. Актывізаваць сектар — гэта значыць адухаўляць яго, даваць яму жыццё.

• Адказная пара сектара прагне жыць па прыкладзе Хрыста: яна знаходзіцца ў сектары для таго, каб любіць і служыць іншым сужэнствам сектара, як гэта рабіў бы Хрыстус і як бы яна служыла Хрысту.

 

Версія Word

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 419 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай. З’яўляемся беларускім сектарам міжнароднага руху сужанскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамант шлюбу.

life :) (025) 759 13 62
МТС (029) 570 48 45
Vel.: (029) 968 26 06
Чакаем навіны на um5@tut.by