Дзеці ў касцёле

( 1 Vote )


Дзеці, як вядома, гэта не толькі кветачкі жыцця, але часам і сапсаваныя нервы дарослых. Дзеці ў касцёле — не выключэнне. Кожны час ад часу становіцца сведкам ці ўдзельнікам сітуацыі, калі неспакойнае дзіця сваімі паводзінамі перашкаджае вернікам маліцца падчас святой Імшы. Па-­рознаму ў гэтых сітуацыях рэагуюць і бацькі: ад спробаў жорстка падавіць «бунт на караблі» да здзіўлення незадаволенасцю дарослых — яно ж малое, што вы ад яго хочаце?
Показать полностью…

Зразумела, што, калі б дзеці паводзілі сябе ціха, то ўсім было б лепш. Здавалася, якім шчасцем было б знайсці нейкія магічныя словы — і гатова, парадак наведзены — сядзяць анёлкі нашыя, ручкі склаўшы, пазіраюць на алтар, слухаюць ксяндза.

Аднак не існуе такога ўніверсальнага рэцэпту, таму давайце паспрабуем калі не разабрацца, то прынамсі акрэсліць: што мы можам вымагаць ад дзіцяці, якім чынам, у якім узросце? І, як ні дзіўна гучыць, навошта?

Малыя дзеткі — малыя бедкі. Ад немаўляці сапраўды нічога вымагаць немагчыма. Яно нічога не разумее, сябе не кантралюе і плача таму, што не мае іншага спосабу данесці да дарослых нейкую сваю патрэбу (яшчэ паспрабуй здагадайся, якую!). Калі таткавы «люлі­-люлі» і мамчыны прытулянні не дапамагаюць, то застаецца адно — выйсці з малечай з касцёла і вярнуцца толькі тады, калі дзіця супакоіцца. Ёсць яшчэ адзін даволі спрэчны варыянт — не браць з сабою немаўля ў касцёл увогуле. Хтосьці з бацькоў павінен будзе застацца дома з дзіцем, пакуль другі сходзіць на Імшу. Можна папрасіць пасядзець «на дзяжурстве» бабулю. Першы мінус у тым, што насамрэч добра хадзіць у касцёл усёй сям’ёю разам — гэта сапраўды ўмацоўвае адносіны і паміж членамі сям’і і паміж Богам і сям’ёй як цэласнай адзінкай. Па­-другое, узнікае пытанне: а калі тады пачынаць прыносіць дзіця ў касцёл? Адказ відавочны: як мага раней. Вось дылема...

Вялікія дзеткі — вялікія бедкі. Вось ляціць хлопец уздоўж цэнтральнай навы, пры самым алтары ледзьве паспявае «затармазіць», забірае ўправа і падлятае да нейкай цёткі. «А ў мяне ёсць лега­-ніньзя, хочаш пакажу?» — пытаецца на ўвесь касцёл. Збянтэжаны ксёндз за амбонай ажно забыў, што хацеў сказаць, а хлопец працягвае: «А як цябе завуць? Мяне — Міша», і, не дачакаўшыся адказу, нясецца да канфесіянала. Ну цікава ж, што там унутры! Тым часам мама стаіць недзе пад хорамі і з замілаваннем глядзіць на сваё «сонца». На заўвагі прысутных адказвае: «Вы што — не ведаеце, што дзіця мае патрэбу рухацца?».

Патрэбы мы ўсе маем. Аднак мы маем таксама і сілу волі, каб кантраляваць сябе. З дзецьмі больш складана. Трохгадовая малеча сапраўды не вытрывае спакойна цэлай гадзіны, але шасцігадовае дзіця ўжо можа прынамсі пастарацца. Супакойваць дзяцей мы можам рознымі спосабамі, і кожны, ведаючы сваё дзіця, павінен знайсці тыя словы, жэсты, якія ў дачыненні менавіта да яго сына ці дачкі будуць найбольш эфектыўнымі. Але, акрамя таго, каб атрымаць чаканы эфект, важна тлумачыць дзецям, чаму мы вымагаем ад іх паводзіць сябе менавіта так, а не інакш. Сапраўды, дзіця мае патрэбу ў руху, але касцёл — гэта не спортпляцоўка, і з цягам часу (зразумела, не адразу), згодна са сваім узростам і тэмпераментам дзіця павінна навучыцца правільна паводзіць сябе ў касцёле.

І тут можна спытаць — навошта? Ці толькі для таго, каб не перашкаджаць дарослым маліцца? Ці толькі з пашаны да прысутных? Ці, можа, перш за ўсё з пашаны да самога Бога?

Таму першы крок у практыцы правільных паводзінаў — гэта вячэрняя сямейная малітва. Менавіта яшчэ дома дзіця павінна даведацца ад бацькоў пра тое, што ёсць Бог, што Ён добры, што касцёл, святыня — гэта дом Божы, што мы ідзем туды, каб сустрэцца з Богам, бо Ён нас кліча. Менавіта на прыкладзе бацькоў дзеці павінны ўбачыць павагу і пашану да Бога і сур’ёзнае стаўленне да рэлігіі. Потым дзеці будуць глядзець, як паводзяць сябе бацькі падчас Імшы, як яны моляцца. І што насамрэч нашыя дзеці бачаць? Як мы трымаем рукі ў кішэнях і час ад часу нецярпліва пазіраем на гадзіннік? Ці, наадварот, нашае захапленне Богам, нашае жаданне яднацца з Ім? Гэта тыя моманты, якія не дадуць хуткага эфекту, але закладуць падмурак, на якім у доўгатэрміновай перспектыве ўгрунтуюцца не толькі паводзіны, але і стаўленне да малітвы, да ўдзелу ў святой Імшы. Наша задача не ў тым, каб прымусіць дзяцей сядзець ціха, а ў тым, каб дапамагчы ім навучыцца адчуваць sacrum, шанаваць святое.

Акрамя патрэбы рухацца, дзеці маюць не менш важную патрэбу пазнаваць свет. Яны цікаўныя. Ім сапраўды важна даведацца, што там унутры канфесянала і чаму свеціць той чырвоны агеньчык каля табэрнакулюма. І мы можам задаволіць іх цікаўнасць, расказаўшы, што вунь там — алтар, а там — арган і хоры, растлумачыўшы, што знаходзіцца ў той залатой скрыначцы з дзіўнаю назваю табэрнакулюм. Можна прыйсці «на экскурсію» ў час, калі няма Імшы, і спакойна пахадзіць, нікому не перашкаджаючы — падняцца на хоры, дазволіць дакрануцца да некаторых рэчаў, адказаць на пытанні. Можна праводзіць такія «экскурсіі» і дома з дапамогай камп’ютара і інтэрнэту. І тады дзіця не будзе лезці ў канфесіянал менавіта ў той час, калі там спавядае ксёндз, і не будзе ўзбіраца на амбону падчас Імшы.

Цудоўна, калі ў вашай парафіі ёсць асобная Імша для дзяцей. Па-­першае, яна ніколі не бывае доўгай. Па-­другое, зазвычай ксёндз рыхтуе казанне, разлічанае на дзяцей, а не на інтэлектуалаў. Па-­трэцяе, ніхто не будзе скардзіцца на неспакойныя ўмовы, бо гэта Імша для дзяцей. Але варта мець на ўвазе, што больш талерантнае стаўленне да дзяцей не азначае, што на дзіцячай Імшы можна паводзіць сябе абы-як. Людзі сцерпяць, але як быць з пашанай да Бога?

Застаецца яшчэ шмат пытанняў. Ці дазваляць дзецям браць на Імшу цацкі (асабліва машынкі, якія так цудоўна ездзяць па лаўках і спінах вернікаў), ці можна браць з сабою ежу, напрыклад, печыва? Як апранацца? Як правільна рэагаваць на шумных дзяцей святарам? Бо часам і ад іх такія заўвагі можна пачуць, што ў бацькоў надоўга знікае ахвота наведваць касцёл, прынамсі, у гэтай парафіі.

Як бачым, не ўсё проста і не ўсё адназначна — часам нервова, часам канфліктна. Дакладна ведаю толькі тое, што паміж словамі нашага Збаўцы: «Дазвольце дзецям і не забараняйце ім прыходзіць да Мяне» (Мц 19, 14) і «Дом Мой назавецца домам малітвы» (Мц 21, 13) ёсць дастаткова прасторы для праяўлення ўзаемнай павагі.

 

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 256 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай! З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт сужэнства.

+375333829439, +375293730091