ўрачыстасць Ахвяравання Пана

( 1 Vote )


Каталіцкі Касцёл у дзень 2 лютага святкуе ўрачыстасць Ахвяравання Пана. Гэта свята на працягу стагоддзяў змяніла не толькі сваю назву, але і характар. Раней літургія гэтага дня гаварыла аб Ачышчэнні Найсвяцейшай Панны Марыі. Сёння ж акцэнт робіцца на асобе Езуса Хрыста.

Ва ўсходняй традыцыі гэта ўрачыстасць называецца Стрэчаннем, бо ў дзень, калі Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню, Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам. Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні.

Галоўнай тэмай гэтага свята, якая праходзіць праз усю літургію, разам з асвячэннем грамніц, з’яўляецца святло. Святло свечкі, якая сімвалізуе Хрыста, — “святло праўдзівае, якое асвячае кожнага чалавека, што прыходзіць на свет” (Ян, 1,9).
Усё павінна прыпамінаць сцэну з Евангелля, па якой, згодна з яўрэйскім правам, Езус як Дзіцятка быў ахвяраваны Богу ў іерусалім-скай святыні. Убачыўшы Дзіцятка, старац Сімяон выказаў прароцтва, называючы Езуса “святлом на асвячэнне паганцаў і славай народу Твайго, Ізраіля” (Лк, 2,23-32).
Касцёл адзначае гэтае свята ўжо з IV стагоддзя. Традыцыйна гэту ўрачыстасць называлі і цяпер называюць святам Маці Божай Грамнічнай. Пачынаючы з IX стагоддзя, вернікі ў гэты дзень прыносяць у касцёл на благаслаўленне свечкі, якія называюць грамнічнымі.
Працэсія з запаленымі свечкамі на пачатку літургіі з’яўляецца знакам новага шляху праз жыццё ў яднанні з Езусам.
Раней грамнічную свечку абавязкова рабілі з пчалінага воску, і калі яе запальвалі, дом напаўняўся прыемным пахам. Асвечаную ў касцёле грамніцу неслі дадому, каб ад яе запаліць агонь, які павінен быў несці згоду і любоў у сям’ю. З запаленай свечкай абыходзілі ўсю гаспадарку, каб адагнаць зло. Асвечаныя свечкі, як знак Божага святла, запальвалі ў цяжкія хвіліны: у час буры ставілі на акне, дымам з іх крэслілі знакі крыжа на дзвярах, пячы і вокнах, якія ўспрымаліся як заслона ад няшчасцяў і зла. Запальванне грамніцы, якую давалі ў рукі паміраючаму, азначала, што ён з палаючай свечкай выходзіць на сустрэчу са сваім Улюбёнцам.
Па традыцыі грамнічныя свечкі захоўваюць у годным месцы і ўжываюць толькі ў рэлігійных мэтах.
Са святам Маці Божай Грамнічнай звязана таксама легенда, якая расказвае аб тым, як Маці Божая адганяе святлом грамніцы зграю ваўкоў. Такую выяву можна спаткаць на старых абразах або свечках.
У народнай традыцыі разам са святам Маці Божай Грамнічнай заканчваецца і спеў калядных песень, разбіраюцца яслі і ялінкі. І хоць літургічны час Божага Нараджэння заканчваецца значна раней, на свята Хросту Пана Езуса, ва ўрачыстасць Ахвяравання Пана Езус Хрыстос яшчэ як Дзіцятка прадстаўлены ў святыні.

 

Дадаць каментарый


Ахоўны код
Абнавіць

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 218 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай! З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт сужэнства.

+375333829439, +375293730091