Каханне - гэта справа Божая, кожны дзень, крок за крокам мы можам ўзрастаць у любові з дапамогай Госпада.
14 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае Дзень святых Кірыла і Мяфодзія, асветнікаў славян і заступнікаў Еўропы. Аднак гэтая дата больш вядомая ў свеце як Дзень святога Валянціна або Дзень усіх закаханых.
Сапраўды, на 14 лютага ў Касцёле таксама прыходзіцца ўспамін каталіцкага святога Валянціна, біскупа і мучаніка. Як ставіцца хрысціянам да свецкага Дня святога Валянціна, тлумачыць пробашч гомельскай рымска-каталіцкай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы айцец Славамір Ласкоўскі.
- Тыя, хто мае намер браць шлюб, у гэты дзень таксама могуць маліцца разам, каб прасіць у Госпада сіл для кахання. Касцёл не супраць гэтага свята: ніколі не дрэнна памаліцца пра дары Божыя для тых, хто рыхтуецца да шлюбу ці ўжо стварыў сям’ю. У такім выпадку ёсць сэнс маліцца святому Валянціну, прасіць яго заступніцтва. Аднак дзень святога Валянціна - неабавязковае свята ў Касцёле, а добраахвотнае - вернікі могуць адзначаць яго па ўласным жаданні. Сапраўды, такі святы ёсць, і яго можна лічыць апекуном закаханых.
Пра гэтага святога захавалася вельмі мала звестак. Ён быў біскупам у італьянскім горадзе Тэрні, дзе каля 268 года прыняў пакутніцкую смерць, абставіны якой не вядомыя. Паводле легенды, тагачасны імператар лічыў, што самотны мужчына - без сям’і, жонкі і абавязкаў - лепш змагаецца на поле бітвы, і забараніў мужчынам жаніцца. Святы Валянцін ўпотай асвячаў шлюбы, за што яго кінулі ў турму і адсеклі галаву.
Але перад смерцю святы Валянцін напісаў ліст у форме сэрца да сляпой дачкі наглядчыка і вылечыў яе. Так і з’явіліся «валянцінкі». Легенда паказвае на тое, што каханне святога Валянціна зусім не такое, якое дэкларуе сучасны свет. Святы паказвае сваім учынкам хрысціянскую любоў - любоў да ворага.
Няма нічога дрэннага ў тым, каб вернікі дарылі адзін аднаму сэрцайкі. Але аказваць знакі павагі і любові хрысціянскім сужанцам варта штодня, а не толькі раз у год. Шырока святкаваць гэтую дату прыдумалі ў камерцыйных колах, каб зарабіць на валянцінках і іншых падарунках грошы. А каханне - гэта справа Божая. Кожны дзень, паступова, крок за крокам мы можам ўзрастаць у любові з дапамогай Госпада.






