ДРУГАЯ СУСТРЭЧА
ШЛЯХ ДА СВЯТАСЦІ Ў СУЖЭНСТВЕ
Мэты:
- Прызнанне сакрамэнту сужэнства дарогай да святасці
- Падзяка сужэнцам за інтымнасць, якая ствараецца на духоўнай дарозе да святасці
- Забавязанне сужэнскай пары да ўзаемнага штодзённага самаўдасканалення на дарозе да святасці
Агульныя ўводзіны
“Бог не стварыў чалавека для жыцця ў смутку і самоце, але для шчасця, каб ён дзяліў сваё падарожжа з іншай асобай, якая была б да яго прыязнай (…) Гэта той самы план, які Езус (…) падсумоўвае ў наступных словах: “Але на пачатку стварэння мужчынай і жанчынай стварыў іх Ён. Таму пакіне чалавек бацьку свайго і маці, ды злучыцца з жонкаю сваёю, ды будуць двое адным целам; значыць іх ужо не двое, але адно цела” (Марка 10:6-8; параўнаць Быццё 1:27, 2:24). Бог “злучае сэрцы мужчыны і жанчыны, якія кахаюць адно аднаго – і яднае іх у адзінстве і непарыўнасці. Гэта азначае, што мэтай сужэнства з’яўляецца не толькі сумеснае жыццё назаўсёды, але і любоў назаўсёды! Такім чынам Езус аднаўляе першатворны лад і настаўляе (…) Толькі ў святле апантанага самазабыцця пасхальнай любові Езуса становіцца зразумелым апантанае самазабыццё любові сужэнскай, выключнай і аж да смерці”. (Сінод Біскупаў, XIV XIV Звычайнай рады Генеральнага сакратарыята „Пакліканне і місія сям'і ў Касцёле і сучасным свеце”. Выніковы дакумент па выніках Сіноду Біскупаў для Святога Айца Францішка, 24.10.2015, 1.)
Сужэнцы павольна, дзень за днём, дзякуючы Богу, праз сужэнскае і сямейнае жыццё дасягаюць святасці. Іх любоў, асвечаная Хрыстовым сакрамэнтам, застаецца нязломнай і вернай як фізічна, так і духоўна. Сужэнцы вучацца весці асвечанае жыццё, дзякуючы Божай ласцы. (ІІ Ватыканскі Сабор, Пастырская канстытуцыя пра Касцёл у сучасным свеце Gaudium et Spes, 49 (далей ПКК)
Айцец Кафарэль казаў, што “ласкі сужэнства з’яўляюцца дарэмнымі без супрацы сужэнцаў”, таму духоўнае багацце з’яўляецца непрадуктыўным, калі сужэнцы не карыстаюцца сужэнскімі дарамі, атрыманымі ад Бога ў сакрамэнце. Дарога да святасці хрысціянскага сужэнства з’яўляецца дарогай любові, на якой сужэнцы кахаюць адно аднаго ўсё мацней і лепш. Гэта дар Бога, які “запрашае да лепшай любові, шырэй адкрываецца на Божую міласэрнасць”. (Генры Кафарэль, “Супраца” (Cooperacao) у „Любоў і падзяка” (Amore a Graca), II раздзел – Вялікай ёсць таямніцай)
Як падцвярджае айцец Аліўе “глыбокая камунія праўдзівай сужэнскай пары – гэта без сумнення адзін з найцудоўнейшых досведаў, дзякуючы якому сужэнства пачынае квітнець. Гэта крыніца дзівоснага шчасця”. (Бернард Аліўе “Любоў, Шчасце і Святасць” (Amor, Felicidade e Santidade) апублікаваная у Super Region Brasil, 2010 г., ст. 74.)
Таму сужэнскае жыццё – гэта пагадненне любові з вялікім духоўным значэннем, у якім кожны з сужэнцаў з’яўляецца прыладай збліжэння з Панам. Ён не пакідае нас на дарозе да святасці. Ён кажа: “Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння свету” (Мацвея 28:20)
Тэкст са Святога Пісання
Кніга Быцця 2:18-24
18. Таксама сказаў Пан Бог: “Не добра быць чалавеку аднаму: зраблю яму дапамогу, падобную да яго”. 19. І ўфармаваў Пан Бог з зямлі ўсіх жывуноў палявых і ўсіх птушак паднябесных і прывёў іх да чалавека, каб пабачыць, як ён назаве іх; і як чалавек назваў кожную істоту жывую, такое і імя ёй уласцівае. 20. І так чалавек назваў сваімі імёнамі ўсіх жывёл, і ўсіх птушак паднябесных, і ўсіх звяроў палявых. Аднак чалавеку не знаходзіўся памочнік, падобны да яго. 21. Дык наслаў Пан Бог сон на чалавека. Калі ён заснуў, вынуў адну з яго рабрын, і запоўніў целам замест яе. 22. А з рабрыны, якую выняў з чалавека, Пан Бог фармаваў жанчыну і прывёў яе да чалавека. 23. І сказаў чалавек: “Гэта цяпер косць з касцей маіх ды цела з цела майго. Яна будзе называцца жонкаю, бо ўзята яна ад мужа”. 24. Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкаю сваёй; і будуць адным целам.
Малітоўнае чытанне Божага Слова
Прапануем кожнаму асобна і сужэнскім парам, каб на працягу месяца, абапіраючыся на тэкст са Святога Пісання, кіравацца за чатырма ступенямі малітоўнага чытання Божага Слова, такім чынам Чытаннем, Медытацыяй, Малітвай і Сузіраннем, згодна са схемай і пытаннямі змешчанымі ў дадатку 1.
Кароткая рэфлексія на тэму біблійнага тэксту
Таму пакіне мужчына бацьку свайго і маці і злучыцца з жонкаю сваёй; і будуць адным целам (Быццё 2:24)
Святы Айцец Павел VI, звяртаючыся да сужэнцаў “Equipes Notre-Dame”, сказаў: “Абавязковым ёсць бесперастаннае прыгадванне першай старонкі Бібліі, калі мы хочам зразумець, чым з’яўляецца і чым павінен быць саюз паміж людзьмі. Домам”. (Павел VI, Прамова да сужэнстваў Руху “Equipes Notre-Dame”, 4 мая 1970 г.)
Ён таксама дадаў: “Як вучыць нас Святое Пісанне, сужэнства, больш чым сакрамэнтам, з’яўляецца вялікай зямной рэчаіснасцю. Саюз паміж жанчынай і мужчынай адрозніваецца ад усіх іншых саюзаў паміж людзямі і з’яўляецца асаблівай рэчаіснасцю, а таксама з’яўляецца саюзам на базе дароў кожнага з сужэнцаў: “і будуць адным целам” (Быццё 2:24)
Еднасць, якую нельга скасаваць, з’яўляецца знакам саюзу людзей, якія ўжо ня паасобку, але якія становяцца адным целам (Быццё 2:24). Дзякуючы сужэнству гэтая еднасць прызнаецца сацыяльнай і судовай сістэмай і становіцца бачная ў супольным жыцці, выяўленнем якога з’яўляецца цялесны дар.
Дзякуючы саюзу, сужэнцы выказваюць волю належаць адно аднаму на працягу ўсяго жыцця і ўстанаўліваюць супольныя мэты, правілы і патрабаванні якіх даюць гарантыю, абарону, сапраўдную апору, як вы самі можаце пераканацца праз штодзённы досвед”. (Павел VI, Прамова да сужэнстваў Руху “Equipes Notre-Dame”, 4 мая 1970 г.)
Катэхізіс Каталіцкага Касцёла падцвярджае, што Бог, які стварыў мужчыну і жанчыну ў абсалютнай роўнасці, навучае, што яны былі створаныя адно для аднаго: “стварыў іх для супольнасці асобаў, у якой адзін можа быць “дапамогай” для іншага, бо яны з’яўляюцца роўнымі як асобы (“косць з касцей маіх…”) і дапаўняюць адно аднаго як мужчына і жанчына. Бог злучае іх у сужэнстве такім чынам, што яны становяцца “адным целам” (Быццё 2:24). Перадаючы сваім нашчадкам чалавечае жыццё, мужчына і жанчына як сужэнцы і бацькі асаблівым чынам супрацоўнічаюць з Творцам.” (Апостальская Сталіца, Катэхізіс Каталіцкага Касцёла (далей ККК), 372)
Дапаможныя тэксты
Хрысціянскае сужэнства з’яўляецца сакрамэнтам, які асвячае кожнага з сужэнцаў. Менавіта таму таксама супольнае жыццё з’яўляецца дарогай да святасці, спосабам асвячэння мужа і жонкі. Сілай таямніцы смерці і ўваскрасення Хрыста, у якую хрысціянскае сужэнства наноў улучаецца, сужэнская любоў атрымлівае ачышчэнне і асвячэнне, як пісаў святы Ян Павел ІІ. (Ян Павел ІІ, Апостальская адгартацыя Familiaris Consortio. Аб заданнях хрысціянскай сям’і ў сучасным свеце (далей FC), 56)
Нельга казаць аб святасці ў сужэнскім жыцці, не жывучы рэчаіснасцю, якая яе стварае, і не памятаючы аб патрабаваннях, якія яна прыносіць. Гэта азначае, што з сакраманту сужэнства сужэнцы чэрпаюць як дар, так і бласлаўленне Бога, але таксама абавязак штодзённага жыцця, асвечанага сакрамэнтам і саюзам любові.
Дар Бога ў сужэнстве невычарпальны, ён суправаджае сужэнцаў на працягу ўсяго жыцця. Як казаў святы Ян Павел ІІ: “таму, хто не прыме рашэння пакахаць назаўсёды, цяжка будзе кахаць па сапраўднаму хаця б на працягу аднаго дня”. (Ян Павел ІІ, Гамілія падчас св. Імшы для сем’яў, Кардова, Аргентына (8 красавіка 1987 г.), L`Osservatore Romano, польскае выданне, 6/1987, ст. 20)
Сужэнская любоў, якая вызначае стыль жыцця, з’яўляецца ўнутраным выклікам, “прыналежнасцю сэрца”, куды можа зазірнуць толькі Бог (параўнаць Мацвея 5:28). Таму “кожную раніцу пасля прабуджэння гэтае рашэнне вернасці аднаўляецца перад Богам, незалежна ад таго, што адбудзецца на працягу дня. Таксама кожны, кладучыся спаць, чакае, што пасля прабуджэння будзе працягваць гэтае падарожжа, спадзеючыся на Божую дапамогу”. (AL. 319)
Тэкст Папы Францішка
Усяго, што сказана, недастаткова, каб выразіць евангелле сужэнства і сям’і, асабліва, калі мы не прысвяцім крыху часу, каб больш дакладна пагаварыць аб любові. Мы не можам заахвочваць да дарогі вернасці і ўзаемнага паднашэння сябе, калі не абудзім развіцця, умацавання і паглыблення сужэнскай і сямейнай любові. Бо ласка сакрамэнту сужэнства мае ў сваёй сутнасці перадусім “удасканальваць любоў сужэнцаў”. (AL, 89)
Гімн святога Паўла, над якім мы разважаем, дазваляе нам перайсці да сужэнскай любові. Гэта любоў, якая яднае сужэнцаў (паглядзець 1-ае да Карынцянаў 13:4-7), асвячоная, узбагачаная і асвечаная ласка сакрамэнту сужэнства. Гэта “лучнасць волі”, духоўная і ахвярная, якая аднак заключае ў сабе чуласць сяброўства і эратычнае захапленне, але можа трываць нават тады, калі пачуцці і жарсць аслаблі. Папа Пій ХІ вучыць, што любоў пранікае ва ўсе абавязкі сужэнскага жыцця і “мае пэўны прыярытэт высакароднасці”. Гэта моцная любоў, пралітая праз Святога Духа, з’яўляецца адлюстраваннем непарыўнага запавету паміж Хрыстом і родам людскім, кульмінацыяй якога з’яўляецца ахвяра на крыжы: “Дух, якога Пан удзяляе, дае новае сэрца і здольнасць мужчыну і жанчыне любіць так, як палюбіў нас Хрыстос. Сужэнская любоў дасягае паўнаты, якой яна ўнутрана падпарадкаваная – сапраўднай сужэнскай “caritas”. (AL, 120)
Сужэнства гэта каштоўная азнака, бо “калі мужчына і жанчына заключаюць сакрамент сужэнства, Бог быццам “адлюстроўваецца” ў іх, дае ім ўласныя рысы і незнішчальны характар сваёй любові. Сужэнства з’яўляецца іконай любові Бога да нас. Таксама Бог з’яўляецца камуніяй: тры Асобы – Айцец, Сын і Дух Святы – жывуць спрадвеку і назаўсёды ў дасканалым адзінстве. І гэта і ёсць таямніца сужэнства: Бог з двух сужэнцаў стварае адну сутнасць. Гэта мае за сабой вельмі канкрэтныя штодзённыя наступствы, бо сужэнцы “сілай сакрамэнту атрымліваюць унікальную місію: пачаўшы ад простых звычайных рэчаў, адлюстроўваць такую любоў, якой Хрыстос любіць свой Касцёл, зноў і зноў аддаючы жыццё за яго”. (AL, 121)
Тэкст айца Кафарэля
Крыніца хрысціянскай любові месціцца не ў чалавечым сэрцы. Яна ёсць у Богу. Для сужэнцаў, якія хочуць любіць, якія хочуць вучыцца любіць усё мацней, існуе толькі адна добрая парада: шукайце Бога, любіце Бога, яднайцеся з Богам, пакіньце месца Яму.
Той, хто аддаляецца ад Бога, губляе любоў. І наадварот – яна расце разам з любоўю да Бога. Сужэнскі саюз надзейны настолькі, калі гаварыць пра якасць чалавечнасці і якасць жыцця, наколькі надзейны саюз сужэнцаў з Богам.
Чым больш вы адкрыецеся на Бога, тым больш багатай будзе ваша любоў. Перад вамі вялікія магчымасці: калі вы ведаеце, што можаце цалкам з’яднацца з дарам Бога, ваша любоў ніколі не перастане расці. Калі хочаце, каб ваша любоў заўсёды палымнела ясна і высока, любіце Бога кожны дзень усё мацней.
Дзякуючы малітве і сакрамэнтам сужэнцы могуць чэрпаць з крыніцаў Божай ласкі. Пакаянне падтрымлівае празрыстасць сэрцаў і падпітвае агонь, які Эўхарыстыя запальвае ў кожным, робячы больш светлым і цёплым сужэнскае жыццё.
Заняпад любові можна растлумачыць забыццём найважнейшых правілаў: аддаленнем ад Бога і злачынствамі супраць Яго. Гэта як чыніць грэх супраць любові праз аддаленне ад яе крыніцы. Адкіданне Бога гэта адмова свайму сужэнцу ў хлебе штодзённым: у любові. Падманвае той, хто кажа, што шануе любоў, калі адкідае Любоў.” (Генры Кафарэль, “Пакліканне да любові” (Vocacao do Amor) апублікаванае першапачаткова ў L’Anneau d’Or, Boletim de Ligacao 8/2011.)
Рэкамендацыі для падрыхтоўкі сустрэчы экіпы
Сустрэча групы як форма досведа Касцёла:
Першая ўмова: Вера
Хрыстос шмат разоў казаў кульгаваму і грэшніку, калі Яго прасілі аб дапамозе: “Верыш? Няхай стане табе паводле тваёй веры”.
Калі вы збіраецеся вечарам у доме аднаго з членаў суполкі на штомесяцовую сустрэчу, паслухайце, як Хрыстос пытаецца: “Верыш? Няхай стане табе паводле тваёй веры”. Ад вашай веры залежыць, ці стане ваша сустрэча досведам Касцёла.
Адсюль з’яўляецца незвычайна важная патрэба, каб члены вашай суполкі прынялі пэўнае бачанне веры. Каб не раўнялі гэтую сустрэчу з многімі іншымі, але каб паступова пераймалі бачанне веры, аб якім мы гаворым, каб усвядомілі таямнічую прысутнасць Бога паміж імі.
Прывітанне і пачатковая матывацыя
Пачынаючы нашую другую сустрэчу аб тым, што сужэнскі сакрамэнт з’яўляецца дарогай да святасці, мы разумеем, што пачаткам сужэнства і сям’і з’яўляецца ўзаемная любоў.
Дзякуючы акту любові расце і мацнее ўзаемная адданасць, якая бесперастанна падтрымліваецца сокамі сужэнскай любові.
Гэта патрабуе зменаў у сэрцы, патрабуе штодзённага паўтарэння: любіць значыць рабіць шчаслівым іншага чалавека. Менавіта на гэтым грунтуецца сужэнская духоўнасць.
Дзелімся жыццём
Пагаворым у групе аб досведзе з мінулага месяца, які быў важны як для вашага сужэнства, так і для кожнага з сужэнцаў.
Проста і зразумела засведчым, хаця б жэстам, аб тым, што мы перажылі (асабіста і/ці як сужэнства), і што паспрыяла нам на нашай дарозе да святасці.
Чытанне Божага Слова і медытацыя:
Кніга Быцця 2:18-24 (глядзі стар. 33)
Літургічная малітва
Псальм (глядзі стар. 17)
Падзелімся рэалізацыяй канкрэтных пунктаў намаганняў
Канкрэтныя Пункты Намаганняў, уведзеныя ў жыццё і перажытыя сужэнскай парай, уводзяць новы спосаб мыслення, адчування і дзеяння ў іх жыццёвых адносінах. Гаворка ідзе аб трох правілах:
Працавітае гадаванне адкрытасці на волю і любоў Бога,
Развіццё здольнасці жыцця ў праўдзе,
Павелічэнне здольнасці збліжэння і яднання.
Гэта вобраз дзеяння для кожнага хрысціяніна, але ў “Equipes Notre-Dame” яны становяцца сужэнскім правілам, бо перажываюцца супольна, удваёх.
У такім духу кожны дзеліцца з групай уласнымі перажываннямі канкрэтных пунктаў намаганняў у гэтым месяцы і распавядае аб тым, як стараўся перажываць жыццёвыя сітуацыі ў адносінах да канкрэтных пунктаў намаганняў.
Чым з’яўляецца абмеркаванне?
“Абмеркаванне з’яўляецца сутнасцю Сустрэчы экіпы, з’яўляецца момантам, у якім сужэнствы з адкрытым сэрцам дзеляцца сваім духоўным шляхам у атмасферы малітвы; калі мы па-братэрску з міласэрнасцю слухаем іншага, што, аднак, не выключае ўзаемнай патрабавальнасці, заахвочвання і ўзаемадапамогі.
Абмеркаванне павінна засяроджвацца на рэалізаваных высілках і прынятых правілах; гаворка павінна ісці не аб звычайным інфармаванні, ці выканалі мы тое, што было патрэбна выканаць, але пра абмеркаванне зменаў у нашым духоўным жыцці, як мы да іх дайшлі, аб цяжкасцях, якія мы сустрэлі на дарозе да зменаў”. (END “Фармацыйная тэма аб Сустрэчы экіпы”, 5 сустрэча, “Чым з’яўляецца абмеркаванне?”, май 2010)
Тэмы для сустрэчы экіпы
(Абмен думкамі на тэму фармацыі)
У гэты момант нас не цікавіць тэарэтычная рэфлексія аб святасці. Паразмаўляем у межах групы ў форме ўзаемадапамогі: як мы жывем і ці стараемся жыць у святасці ў нашым штодзённым жыцці.
Як з’яўленне дзяцей і апека над імі паўплывалі на пошук святасці і жыццё ў святасці?
Шмат год сужэнства ці няшмат год сужэнства – дапамагае гэта ці ўскладняе жыццё ў асвячэнні? Якія галоўныя цяжкасці?
Пенсія і “пустое гняздо” – спрашчаюць шлях ці з’яўляюцца пасткай на сужэнскай сцежцы да святасці?
Малітва аб беатыфікацыі слугі Божага Генры Кафарэля
Магніфікат
Накіраванне сужэнстваў на місіі