З 23 па 25 лiстапада 2012 года ў Баранавiчах адбылiся рэкалекцыi, прысвечаныя абавязкам сужэнстваў руху “EQUIPES NOTRE-DAME”. Нягледзячы на шматлiкiя перашкоды рэкалекцыi атрымалiся плённымi. Кожны з удзельнiкаў атрымаў вялiкi духоўны зарад на далейшае штодзённае жыццё.
Ксёндз Андрэй Сiповiч правёў канферэнцыi, у якiх звярнуў увагу на асабiстую i сужэнскую малiтву, на неабходнасць штодённага чытання Божага Слова, неабходнасць сужэнскага дыялюгу, некаторыя моманты дасканалай споведзi. Таксама быў адведзены час на дыскусiю, падчас якой кожнае сужэнства дало сведчанне таго, як Бог дзейнiчае ў iх жыццi.
Суботнiм вечарам удзельнiкi рэкалекцый сабралiся за салодкiм сталом з гарбатай, дзе з цiкавасцю слухалi аповед кс. Андрэя, Марыi i Алега Несцеравых аб iх падарожжы ў Бразiлiю.
У нядзелю прайшла падагульняючая канферэнцыя, дзе сужэнствы маглi выказацца аб тым, што iм далi гэтыя рэкалекцыi i свае пажаданнi на будучыню.
Пад час Святой Iмшы да руху “EQUIPES NOTRE-DAME” далучылася яшчэ адна сям’я. У добрым настроi пары вярталiся дамоў, духоўна узмоцненыя, з вялiкiм запалам на далейшае жыццё.