Вывучаючы марыйны культ ў зоне Акіяніі, нельга не прыгледзецца да Філіпін. Папа Пій XII, які меў асаблівую сімпатыю да гэтай краіны, назваў яе адзінай каталіцкай краінай у Азіі, якая з'яўляецца «Каралеўствам Марыі». Філіпінцы вельмі хутка прынялі хрысціянства і асаблівым чынам палюбілі набажэнства да Найсвяцейшай Панны Марыі. Яе імем названы многія гарады і паселішчы. Галоўны горны ланцуг – Сьера-Мадрэ (зямля Маці), а самая высокая кропка – Багародзіца. Першае ружанцовае брацтва было заснавана ўжо ў 1588 г. Наступныя, як грыбы пасля дажджу, узніклі амаль ва ўсіх філіпінскіх парафіях. Маці Божая Ружанцовая стала «Вялікай Пані Філіпін».
Самым прыгожым месяцам у годзе тут заўсёды з'яўляецца май, калі пастаянна адбываюцца ўрачыстыя працэсіі ў гонар Найсвяцейшай Панны. Малітоўныя і спяваючыя натоўпы нясуць фігуру Маці Божай, якая патанае ў кветках і на якую з балконаў і вокнаў падае дождж з пялёсткаў руж, гібіскуса і архідэй.
Аднак сэрцам марыйнага культу Філіпін з’яўляецца нацыянальны санктуарый у Антыпола, невялікім гарадку недалёка ад Манілi. Пабудаваная на гары святыня захоўвае ў сабе вядомую ласкамі фігуру названую Маці Божай Чорнавалосай, выразаную з чорнага лісцянага дрэва, якая трымае ў руцэ багата ўпрыгожаны скіпетр, што нагадвае па форме адміральскую булаву. Фігура дасягнула берагоў вострава Лусон у 1626 годзе на борце карабля, які плыў з Мексікі.
Праз трынаццаць гадоў, падчас кітайскага паўстання ўшанаваную фігуру кінулі ў агонь. Аднак, яна не згарэла. Раз’юшаныя гэтым кітайцы спрабавалі разламаць яе мячамі – і на гэты раз безвынікова. Фігура была перавезена ў бяспечную Манілу, дзе яна не толькі ўшаноўвалася ў касцёле, але і падарожнічала па моры, прымацаваная да носа караблёў. Паколькі кожнае падарожжа скончвалася паспяхова, філіпінцы надалі ёй тытул «Маці Божая Супакою і шчаслівых падарожжаў».
Аднак самы вядомы цуд, здзейснены Марыяй ў гісторыі каталіцкіх Філіпін, зацверджаны Касцёлам, адбыўся ў лютым 1986 года.
Але аб усім па парадку. У 70-я гады ХХ стагоддзя Філіпіны сталі таталітарнай дзяржавай, якой кіраваў бязлітасны прэзідэнт Фердынанд Маркас. Па-ранейшаму ненасытны ўладай дэспат распусціў парламент, зліквідаваў свабодную прэсу, пасадзіў у вязніцу ўсіх лідэраў апазіцыі і некалькі тысяч «няправільна думаючых» салдат і афіцэраў. У сувязі з эканамічным застоем, павелічэннем бездані паміж багатымі і беднымі грамадзянамі і росту карумпаванасці дзяржаўных органаў улады, галоўным чынам паліцыі, сітуацыя ў краіне станавілася ўсё больш невыноснай.
У 1983 годзе быў забіты апазіцыйны актывіст Беніньо Акіна, а яго жонка – Кoрасон – прыняла ўдзел у абвешчаных Маркасам прэзідэнцкіх выбарах. Як і варта было чакаць, выбары былі сфальсіфікаваныя, і хоць нацыя практычна аднагалосна падтрымала спадарыню Кoрасон, Нацыянальны сход абвясціў прэзідэнтам Маркаса. Далей падзеі пачалі разгортвацца імкліва. Міністр абароны Понсэ Энрыле і намеснік начальніка Генеральнага штаба генерал Фідэль Рамас разам з некалькімі сотнямі іншых вайскоўцаў, якім надакучыла шматгадовае злоўжыванне ўладай дэспатычнага прэзідэнта, адкрыта не падпарадкаваліся яму і зачыніліся ў Форце Агінальда на Алеі Святых. Атрымаўшы ад дыктатара 24-гадзінны ультыматум: безагаворачная капітуляцыя або смерць праз расстрэл, яны патэлефанавалі па параду любімаму народам кардыналу Сіну.
Кардынал, якога папрасілі аб дапамозе, горача памаліўся, а потым прыступіў да дзеянняў. Спачатку ён заклікаў законніц кантэмпляцыйных ордэнаў да посту і малітвы, а пасля звярнуўся да жыхароў сталіцы з заклікам: «Калі ласка, выйдзіце са сваіх дамоў, бо мы павінны абараніць жыццё гэтых салдат». Рэакцыя была імгненнай – на працягу некалькіх гадзін больш за два мільёны чалавек выйшлі на вуліцы з ружанцамі ў руках і малітвай на вуснах, акружыўшы схованку салдат, якія паўсталі супраць рэжыму.
У адказ на гэты ўчынак Маркас накіраваў пяць верталётаў, каб скінуць бомбы на сабраны натоўп. Аднак, калі прыляцелі верталёты, пілоты ўбачылі скрозь аблокі вялізны жывы крыж, які ўтварыў больш чым двухмільённы малітоўны натоўп. Гэтае відовішча настолькі іх шакавала, што яны адмовіліся выконваць загад. Моцнае ружанцовае набажэнства доўжылася чатыры дні і чатыры ночы. Святары цэлебравалі незлічоныя святыя Імшы, людзі спявалі марыйныя песні, а законніцы ў кляштарах ляжалі крыжам і пасціліся.
Прэзідэнт Маркас вырашыў накіраваць супраць дэманстрантаў 25 танкаў і некалькітысячнае войска. Аднак, калі салдаты ўжо набліжаліся да Алеі Аб’яўлення, раптам перад іхнімі вачыма з'явілася прыгожая жанчына і сказала ім: «Стойце, дарагія салдаты! Не ідзіце далей! Не крыўдзіце маіх дзяцей! Я каралева іх сэрцаў». Тут жа сярод войска з'явіліся дзеці з кветкамі; запіхвалі іх у ствалы салдацкіх вінтовак, святары па-братэрску абдымалі салдат, а жанчыны частавалі нядаўніх агрэсараў наспех прыгатаванымі бутэрбродамі.
Дыктатар не збіраўся здавацца – ён вырашыў разагнаць дэманстрантаў газам. Аднак дзве спробы гэтай аперацыі скончыліся правалам – кожны раз кірунак ветру раптоўна мяняўся і менавіта нападнікі пачыналі задыхацца і кашляць.
Тыранічны прэзідэнт усё яшчэ адмаўляўся здавацца і загадаў абстраляць бунтароў, якія зачыніліся ў будынку міністэрства, з мінамётаў. Стрэльбы наладзілі, але аказалася, што ніводзін снарад у іх не разарваўся.
Кардынал Сін, якога пазней спыталі, як стала магчымай гэтая бяскроўная рэвалюцыя, нязменна адказваў: «Няма адказу. Гэта быў цуд». А калі ён атрымаў ступень ганаровага доктара ў Бостанскім каледжы, ён публічна выказаў сваю перакананасць наступнымі словамі: «Я думаю, што ўвесь сцэнар тых падзей быў напісаны самім Богам. Думаю, што ўсім дзеяннем кіравала Найсвяцейшая Панна Марыя. Мы былі толькі акторамі, але наша моц паходзіла ад Бога». А ў іншым месцы ён дадаў: «Я перакананы, што ўсю хвалу, усю пашану і ўсю ўдзячнасць трэба аддаваць Найсвяцейшай Панне Марыі, а праз Яе – Яе Сыну, і разам з Ім –Айцу ў нябёсах, таму што Бог сапраўды глядзеў на нас ласкавым позіркам, Ён сапраўды дабраславіў Філіпіны і ўсіх нас дакрануўся Сваёй Ласкай».
Што да прыгожай жанчыны, якая спыніла жаўнераў, то кардынал Сін не сумняваецца, хто гэта была: «(…) У гэты момант перад імі з’явілася прыгожая жанчына. Не ведаю, з'явілася яна ў небе ці стаяла на зямлі. Некаторыя людзі казалі мне, што думалі, што перад танкам стаіць законніца ў сінім адзенні. Яна была вельмі прыгожая, і яе вочы надзвычайна блішчалі. Гэтая прыгожая жанчына звярнулася да іх такімі словамі: «Дарагія салдаты, спыніцеся! Ні кроку далей! Не турбуйце маіх дзяцей. Я Каралева гэтай зямлі!»
Пачуўшы гэта, яны заглушылі маторы, вылезлі з танкаў і далучыліся да людзей. Гэта быў канец лаялістаў. Я не ведаю, хто былі гэтыя салдаты. Ведаю толькі, што яны прыходзілі да мяне і плакалі. Не сказалі, што гэта Дзева Марыя. Казалі, што яна вельмі прыгожая законніца. Аднак, калі вы хочаце ведаць, я ведаю ўсіх законніц у Маніле, і ні адна з іх не прыгожая. Так што гэта павінна была быць Марыя! »
Жакліна і Міхал