Ліст 81. 3. Канферэнцыя а. Кафарэля

Версія Word

Версія PDF

 

Усё пачалося ў сакавіку 1923 года, роўна 50 год таму. Аднойчы я даведаўся пра існаванне Хрыста, пра жыццё Хрыста, любоў Хрыста, адносіны любові паміж Хрыстом і чалавекам, якая з’яўляецца сутнасцю хрысціянскага жыцця. Гэта было для мяне, як лінія водападзелу. Для мяне жыццё дзеліцца на тое, якое было да сакавіка 1923 года і тое, якое стала пасля сакавіка 1923 года.

Гэта вызначыла мяне, і з таго часу меў толькі адно жаданне: увайсці самому як найглыбей у гэтыя блізкія (інтымныя) зносіны  з Хрыстом. Было таксама і другое: прывесці  да гэтых зносін іншых, бо для мяне гэта было найважнейшым у жыцці, дало мне радасць жыцця, зачараванне жыцця, энергію жыцця. Я не магу не жадаць гэтай сустрэчы з жывым Хрыстом таксама і іншым, гэтага адкрыцця, што Бог ёсць любоў.

Вось чаму з таго часу, як я стаў святаром, я ўвесь час адчуваю імпульс весці людзей, якіх сустракаю, да такой сустрэчы, а затым дапамагаць ім узрастаць у гэтай блізкасці.

І вось, калі 35 год таму – тут я падыходжу да вытокаў Экіп – я сустрэў некалькі сужэнстваў, якія проста папрасілі мяне дапамагчы ім адкрыць Хрыста і з’яднацца з Ім (не побач, не між іншым, а ў сужэнстве і праз сужэнства), аднавілася ўва мне даўняе прагненне дапамагаць іншым у гэтым адкрыцці.

Aле гэта было нешта вельмі новае для мяне. Мяне не пыталі аб тым, якім шляхам павінен ісці хрысціянін, але аб тым,  як хрысціянскія сужанцы могуць зрабіць гэта адкрыццё – мужчыны і жанчыны, напоўненыя прыгожай чалавечай любоўю (нельга забываць, што Суполкі Маці Божай складаліся з маладых сямейных пар, каханне якіх мела вясновыя фарбы, было ўсхваляваным, радасным, поўным – не сказаў бы ілюзій, але чаканняў). Калі гэтыя мужчыны і жанчыны, якія перажываюць прыгожую і радасную чалавечую любоў, прыйшлі да мяне, пытанне, якое прыйшло ў галаву, не было: як прымірыць гэтую чалавечую любоў з гэтай вельмі сапраўднай любоўю да Хрыста, якую яны адчувалі; але як зрабіць, каб гэта была адна і тая ж любоў. Яны значна больш клапаціліся аб узрастанні ў любові да Хрыста, чым аб узрастанні ў чалавечай любові. Іх жаданне было вельмі моцным, і менавіта гэты пошук Бога, гэтае жаданне адказаць на поўны любові заклік Хрыста падштурхнулі  іх прасіць мяне працаваць з імі.

(пераклад – Н. Сухоцкая)

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 219 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай! З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт сужэнства.

+375333829439, +375293730091