Ліст 80. 3. Ліст ERI, Міжнароднай адказнай экіпы. Эклезіялагічны сэнс існавання Суполак Маці Божай

Версія Word

Версія PDF

Кларыта і Эдгардо Берналь, ERI

Дарагая сям'я Суполак Notre-Dame!

Гэты ліст трапляе ў вашы рукі праз некалькі месяцаў пасля выдатных момантаў, перажытых намі ў Асізі, падчас штогадовага Міжнароднага калегіума, у якім, дзякуй Богу, мы змаглі прысутнічаць асабіста, выконваючы належныя меры засцярогі, неабходныя ў перыяд постпандэміі.

 

На сустрэчы ERI, якая звычайна адбываецца перад калегіумам, мы прысвяцілі палову дня для сустрэчы з Супер Рэгіёнам Італія, у дадзеным выпадку нашымі гаспадарамі. Сустрэліся з экіпай Супер Рэгіёна і многімі парамі італьянскіх суполак, якія з радасцю прыехалі з розных месцаў, нават вельмі далёкіх ад Асізі.

На гэтай сустрэчы мы паспелі абмяняцца думкамі і меркаваннямі. У сувязі са шматлікімі пытаннямі, якія ўзніклі адносна несакрамэнтальных сужэнстваў (што не з’яўляецца тэмай гэтага ліста), мы распачалі размовы на тэму, якую мы лічым фундаментальнай – захаванне вернасці прынцыпам нашага Руху.

Рух Equipes Notre-Dame трэба разумець у двух аспектах – мы павінны ўлічваць яго харызматычнае і эклезіяльнае вымярэнне.

У папярэдніх лістах ERI (айцец Рыкарда Лондоньо і іншыя сужэнствы ERI) спасылаліся на ХАРЫЗМАТЫЧНАЕ ВЫМЯРЭННЕ нашага Руху. У гэтым лісце мы хочам больш падрабязна разгледзець ЭКЛЕЗІЯЛЬНАЕ ВЫМЯРЭННЕ і сэнс існавання END з гэтага пункту гледжання. Мы даследуем ролю і місію, якую мы павінны выканаць як супольнасць або асобны суб'ект ў Касцёле.

Мы заўсёды казалі, што ўражаныя прароцкім і пазачасавым характарам пасланняў а. Кафарэля. Нам вельмі пашчасціла, што мы можам падрабязна вывучаць артыкулы, якія айцец Кафарэль пісаў для Ліста Месяца END, або для Залатога пярсцёнка. Мы шукаем у іх прасвятлення, каб заставацца вернымі яго ідэі, якая з'яўляецца нашай духоўнай спадчынай.

Каб лепш зразумець гэты ліст, мы хочам звярнуцца да першых гадоў існавання Руху. Чытанне чацвёртага рэдакцыйнага артыкула Ліста Месяца END 1954 года, напісанага нашым Заснавальнікам, дарэчы пра пілігрымку, арганізаваную ў санктуарый у Лурдзе, можа дапамагчы нам у нашым разважанні:

«Знаходзячыся пад занадта моцным уплывам індывідуалістычнага выхавання, часам нам занадта цяжка пераканаццца, што дары Бога дасягаюць нас толькі ў Касцёле і праз Касцёл, як казаў святы Кіпрыян: «Не можа мець Бога за бацьку той, хто не мае Касцёла за маці». Важна разумець, што мы пасланы шукаць багаццяў сужэнства не ў далёкіх краінах, але знайсці іх у невычэрпнай скарбніцы нашай маці – Касцёле. Мы атрымалі іх з Яе рук.

Мы не маем права прысвойваць гэтыя багацці, як хцівыя ці паразіты. Паколькі мы атрымалі іх ад Касцёла, Касцёл павінен быць іх першым карыстальнікам. Наша ўдзячнасць не можа быць пустым словам, але дарам з самога сябе.

Дар з сябе – гэта гарачае і свядомае жаданне аддаць нашы сем’і на службу Касцёлу:

  • каб нашы дзеці былі Яго дзецьмі;
  • быць гатовым ахвяраваць Яму тых, каго Бог паклікаў да «найвышэйшага служэння»;
  • працаваць з усіх сілаў, перадаючы тое, што мы чулі аб сужанстве тым сужанствам, якія Яго не ведаюць і чакаюць Яго;
  • працаваць у Яго місіянерскай справе, пачынаючы з нашых парафій».

Суполкі Маці Божай пачалі фарміравацца ў 1939 годзе і, нягледзячы на цяжкасці вайны, не спынілі сваё існаванне. Наадварот, яны дзейнічалі як дражджавая закваска і пачалі памнажацца пасля вайны. У 1947 годзе а. Кафарэль вырашыў усталяваць «правіла», якое прыняло форму Карты, папярэдне пераканаўшыся, што гэтая сіла не зыходзіла ад мімалётнага імпульсу, а чэрпала энэргію з харызмы, якая зыходзіла з гэтага захапляльнага росту.

Харызма СУЖЭНСКАЙ ДУХОЎНАСЦІ выявілася тады як крыніца, якая асвятліла дарогу нашага жыцця і была дарам не толькі для Руха, які нараджаўся, але дарам для Касцёла.

У працытаваным артыкуле відавочна, што з самага пачатку END, а. Кафарэль усвядоміў, што Рух і яго члены не могуць пазбегнуць эклезіяльнага вымярэння гэтага дару, і што ён павінен быць назаўсёды замацаваны на дарозе нашага жыцця. Ён рабіў акцэнт на небяспеку ўспрымання гэтага шляху як асабістага адкрыцця або, тым больш, як падарунка для задавальнення «нашага індывідуалістычнага я».

Праз шмат гадоў, 9 сакавіка 2006 г., арцыбіскуп Станіслаў Рылка, які быў старшынёй Папскай Рады па справах Свецкіх, адкрываючы першы Кангрэс эклезіяльных рухаў і новых супольнасцяў у Лацінскай Амерыцы, сказаў:

«Сярод шматлікіх плёнаў Другога Ватыканскага Сабору для жыцця Касцёла асаблівае месца, несумненна, займае «новая эпоха аб’яднанняў» свецкіх вернікаў.

Дзякуючы эклезіялогіі і тэалогіі свецкіх, разгорнутых Саборам, побач з традыцыйнымі аб'яднаннямі ўзніклі шматлікія групы, якія сёння называюцца «эклезіяльнымі рухамі» або «новымі супольнасцямі». Святы Дух ізноў умяшаўся ў гісторыю Касцёла, прапанаваўшы Яму новыя харызматы, якія нясуць неверагодны місійны дынамізм і своечасова адказваюць на вялікія і драматычныя выклікі нашага часу».

У той жа прамове ён звярнуўся да святога Яна Паўла II, які падчас свайго пантыфікату не пераставаў выказваць глыбокае перакананне, што эклезіяльныя рухі з'яўляюцца выразам «новага місійнага адвэнту», «вялікай вясны хрысціянства», падрыхтаванай Богам для надыходу трэцяга тысячагоддзя Збаўлення.

Ян Павел II казаў: «у нашым свеце, дзе часта пераважае культура секулярызму, якая распаўсюджвае ўзоры жыцця, адарванага ад Бога, вера многіх людзей падвяргаецца цяжкаму выпрабаванню, а нярэдка слабее і згасае. Таму мы адчуваем вострую патрэбу ў эфектыўным абвяшчэнні веры і ў трывалай і глыбокай хрысціянскай фармацыі. Якая ж вялікая патрэба сёння ў сталых хрысціянах, усведамляючых сваю ідэнтычнасць, дадзеную ім праз хрост, усведамляючых сваё пакліканне і місію ў Касцёле і ў свеце!»

Хрыстус, заснаваўшы свой Касцёл, даў нам ясную і канкрэтную місію: «навучайце ўсе народы» – гэта місія на ўчора, на сёння і на заўтра, яна з'яўляецца сэрцам нашага хрысціянскага паклікання, сэрцам Касцёла і сэрцам нашага Руху, паколькі мы таксама з'яўляемся Касцёлам.

«Агора» (мейсца) нашай евангелізацыйнай місіі знаходзіцца ўсюды, куды  мы можам прынесці святло, загаіць раны і навучаць, як навучыў нас Езус Хрыстус (абапіраючыся на атрыманы дар, праз які мы былі сфармаваныя, перажываючы ласкі сакрамэнту Сужэнства і харызму сужэнскай духоўнасці).

Суполкі Маці Божай, як сказаў Ян Павел II, «гэта сталыя, хрысціянскія асобы, свядомыя сваёй ідэнтычнасці ахрышчанай асобы, свайго паклікання і місіі ў Касцёле і ў свеце». І менавіта ў гэтым заключаецца эклезіялагічны сэнс існавання END – мы ідзем нашай дарогай, кіруючыся парадамі і рэкамендацыямі, інструментамі, якія дае нам Рух. Нас кіруе таксама святло, якім адорвае нас Папа і пастыры, якія, з’яўляючыся Касцёлам (якім і мы таксама з'яўляемся), клапоцяцца пра свой статак.

Просім Маці Божую, каб ахоўвала нас і заступалася за нас, каб мы па Яе прыкладзе маглі паслухмяна выконваць тое, што Ён кажа нам, заўсёды застаючыся вернымі нашаму харызмату і нашай місіі.

Няхай так станецца,

Кларыта і Эдгардо Берналь.

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 219 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай! З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт сужэнства.

+375333829439, +375293730091