а. Рыкарда Лондоньо
Духоўны дарадчык ERI
Калі мы размаўляем аб сувязях, або прыналежнасці да пэўнай групы людзей, гэта заўсёды звязана з некаторымі абавязкамі, якія вынікаюць з гэтых адносінаў. У Экіпах заснавальнікі акрэслілі пэўныя правілы, якія вызначаюць харызмат Руху. У сувязі з тым, што харызмат звязаны з сужэнскай духоўнасцю, імкненнем да святасці, і з’яўляецца адказам на абавязкі, якія вынікаюць з Сакрамэнту Сужэнства, то высілкі, прапанаваныя ў суполках, павінны адносіцца як да сужэнскай духоўнасці, так і да сакрамэнтальнасці сужэнства.
У Карце END, у раздзеле «Дысцыпліна Экіп», згадваюцца абавязкі, якія бярэ на сябе кожнае сужэнства.
Вельмі цікава, што гаворка заўсёды ідзе пра дзеянні і абавязкі, якія нараджаюцца з глыбокага жадання адказаць на прысутнасць Езуса Хрыста ў нашым жыцці і прыналежнасці да Касцёла. Гэта рэчы, якія не прыходзяць звонку. Яны ідуць знутры. Гэты ўнутраны голас неабходна пастаянна ўмацоўваць.
Сёння мы называем гэтыя абавязкі канкрэтнымi пунктамi высiлку.
Яны з'яўляюцца дапамогай у пабудове сапраўднага жыцця ў адзінстве. Яны паказваюць нам, што значыць належаць да суполкі, быць часткай Руху і часткай Касцёла.
Калі сужэнствы, члены суполак, разумеюць сваю слабасць і абмежаванні, тады цэняць неабходнасць дапамогі і ўсведамляюць свой абавязак дапамагаць іншым. Яны прызнаюць, што слуханне Божага Слова, асабістая і сужэнская малітвы, сужэнскі дыялог, правілы жыцця, духоўныя рэкалекцыі і г.д. з’яўляюцца асновай, на якой будуецца сужэнская духоўнасць. Гэта дазваляе ім рухацца ў кірунку да святасці.
Немагчыма пераацаніць ролю пунктаў высілку ў пабудове сапраўднага сужэнскага жыцця ў адзінстве, жыцця ў суполках. Калі мы ўважліва паглядзім на тое, што называем педагогікай Руху, павінны бачыць у пунктах высілку інструменты, якія дапамагаюць нам у нашым духоўным, сужэнскім развіцці, дапамагаюць нам у нашым служэнні.
Паколькі гэта дзейнасць практычная, для пастаяннага развіцця яна патрабуе рэгулярнай практыкі. Нягледзячы на тое, што кожнае сужэнства мае свой уласны рытм, свой стыль, гэтыя патрабаванні павінны быць дакладна вызначаны для ўсіх. Гэта дзеянні, якія патрабуюць пастаяннага высілку, увагі і клопату.
Рух прысвяціў час і прыклаў намаганні, каб паглыбіць значэнне, вартасць і канкрэтныя магчымасці кожнага з гэтых пунктаў высілку.
Падрыхтаваныя матэрыялы − каштоўны падарунак для членаў суполак, для тых, хто хоча паглыбіць свае веды і практыку. Яны заслугоўваюць пастаяннай увагі, рэгулярнага чытання і прымянення.
Выказваем удзячнасць і захапленне кс. Кафарэлю і сужэнствам, якія з самага пачатку сфарміравалі педагогіку руху Экіпаў Notre-Dame. Няхай сталая практыка суправаджае нас на шляху нашай духоўнасці.
а. Рыкарда Лондоньо