Пане, навучы нас маліцца. Пазнаваць, каб любіць
Ці павінен я прызнацца, што твая пагарда да разважання здаецца мне некалькі падазронай? Маеш рацыю, лічачы, што малітва павінна быць не практыкаваннем розуму, а момантам блізкасці з Богам, калі розум павінен саступіць першынство сэрцу. Але, баюся, пад выглядам таго, што аддаеш перавагу сэрцу, ты недаацэньваеш пазнанне Бога. Між тым, гэта важны аспект малітвы. Такім чынам, выходзіш на дарогу, на якую лёгка ўцягваюцца жанчыны, у той час як мужчыны больш схіляюцца да інтэлектуалізму. Абедзве тэндэнцыі небяспечныя. Трэба перасцерагчы мужчын ад той небяспекі, якая ім пагражае, і якая для іх тым горш, што іх унутранае жыццё раздробленае, і паміж розумам, сэрцам і воляй не заўсёды — выражаючыся даслоўна —існуюць сувязі. Але пазнанне не абавязкова прыводзіць іх да любовi.
Наадварот у малітве пачуццяў, якую справядліва шануеш, ёсць небяспека таго, што любоў, недастаткова сілкуючыся пазнаннем, ператворыцца ў сентыментальнасць.
Насамрэч, такое некалькі непаважлівае стаўленне да разважання ўласціва не толькі жанчынам, але і ўсяму вашаму пакаленню. Гэта, безумоўна, рэакцыя на метады разважанняў, якія цяпер аспрэчваюцца, абвінавачваючы іх у тым, што яны захапілі душу, а не далі ёй крылы.
Шкада толькі, што гэтая больш-менш абгрунтаваная дыскрэдытацыя некаторых метадаў разважанняў ахапіла ўсе намаганні, звязаныя з пазнаннем Бога.
Успомніце канферэнцыю, на якой вы з мужам прысутнічалі ў мінулым месяцы. Я тады казаў, што сужэнская любоў слабее, калі сужэнцы не імкнуцца кожны дзень выходзіць на пошукі адзін аднаго. Тое ж самае і ў нашых адносінах з Богам: любоў падвяргаецца небяспецы, калі спыняецца высілак пазнання.
Пазнанне і любоў, іншымі словамі, вера (fides) і любоў (caritas), ўзаемазвязаны. Так што не абмяжоўвай сябе прытупленай верай, дрымотным пазнаннем Бога. Абудзі Веру! Як? Як раніцай вы будзіце ад сну свайго малога Марка: ён ледзьве расплюшчвае сонныя павекі, не пазнае вас і зноў засынае. Пры вашым наступным званку ён нарэшце прачынаецца, і яго свядомы позірк сустракаецца з вашай усмешкай. Потым ён таксама ўсміхаецца і раптам пачынае цікавіцца днём, які вы яму прадказваеце. Дык дай позірку вашай веры тое, што можа прыцягнуць яе ўвагу, прымусь яе зноў павярнуцца да аблічча Бога, якога ў сваім паўсне яна ўжо не пазнавала.
Аднак нельга ні за некалькі імгненняў, ні нават за некалькі тыдняў абудзіць дрымотную веру, зрабіць яе жывой, інтэнсіўнай, пранізлівай. Лепшы спосаб прабудзiць яе, зрабіць жыццёва важнай — гэта малітва, і гэта малітва —разважанне. Тыя, у каго ёсць жывая вера, таму што падтрымліваюць яе, вывучаючы і разважаючы, молячыся, могуць усё больш і больш любіць Бога, яны падрыхтаваныя да гэтага. Іншыя павінны цярпліва і старанна практыкаваць сябе ў пазнанні Творцы праз малітву-разважанне. Аднак паступова іх вера прачнецца і ажыве, адначасова абуджаючы іх любоў, што зноў будзе спрыяць паглыбленню малітвы.
Таму раю табе час ад часу прамаўляць гэтую малітву святога Аўгустына, якая абудзіць патрэбу спазнання Бога і заахвоціць цябе шукаць Яго:
Пане, Божа мой, мая адзіная надзея, выслухай мяне! Не дазваляй мне з-за ляноты перастаць шукаць Цябе, а прымушай мяне горача шукаць Тваё аблiчча. Дай мне сілы шукаць Цябе, Ты, які зрабіў, што знаходжу Цябе ўсё больш і больш. Перад Табой мая сіла і мая слабасць, перад Табой мае веды і невуцтва; там, дзе адкрыў мне, прымі мяне; тое, што зачыніў ад мяне, адкрый па маёй просьбе.
Крыніца: Анры Кафарэль, Сто лістоў аб малітве