2 красавіка 2011 года ў касцеле св. Сымона і Алены ў г. Мінску прайшла практычная канферэнцыя па пытаннях абароны годнасці чалавечага жыцця пад назвай “Захаваем жыццё”. На ёй былі разгледжаны з розных бакоў праблемы абароны жыцця. Нашы сумесныя намаганні павінны прынесці добры плён на нашай зямлі, а сапраўдныя хрысціянскія сямейныя каштоўнасці павінны быць моцнымі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адкрыў канферэнцыю і прадставіў прысутным сумныя лічбы статыстыкі, паводле якой за мінулы год насельніцтва Беларусі зменшылася на 19 тысяч чалавек. Аб навуцы Касцёла на тэму абароны жыцця гаварыў біскуп Антоні Дзям’нка, старшыня рады па справах сем’яў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. З рэлігійна-этычнай экспертызай праекта Закона РБ “Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях і гарантыях правоў грамадзян пры іх прымяненні” выступіў Протаіерэй Георгій Рой.
“Людзі павінны пачуць, што жыццё − гэта дар Божы”, − заявіла Алена Богдан, начальнік Аддзела медыцынскай дапамогі маці і дзецям Міністэрства аховы здароўя РБ.
На гэтую канферэнцыю былі запрошаны сем’і з руху “EQUIPES NOTRE – DAME”. Былі прадстаўлены фотаматэрыялы аб дзейнасці руха. Насычанай была праца ў групах. Усе адчулі, што усе разам мы можам паўплываць на тое, каб не забіваліся ненароджаныя дзеці.
Вельмі важна помніць, што сям’я — гэта не толькі людзі, з якімі мы праводзім шмат часу, але перш за ўсё месца нашага сталення, там, дзе нас вучаць сапраўдным каштоўнасцям і жыццю ў любові. Але, на жаль, не пазбаўлена яна праблемаў, якія з кожным днём становяцца ўсё больш разнастайнымі і складанымі. Таму так важна хрысціянскім сем’ям даваць сведчанне ўласным жыццём, прыклад змагання з праблемамі і іх вырашэння. Цудоўна што ў нас ёсць сужэнскі рух “EQUIPES NOTRE – DAME”.
Рух “EQUIPES NOTRE – DAME” супраць абортаў!!!
Нашы дзеянні:
- супольна молімся за ненароджанае дзіця (духоўнае ўсынаўленне) з 25 сакавіка з урачыстасці Звеставання НПМ на працягу 9-ці месяцаў;
- маем гэтую інтэнцыю ў супольнай вячэрней малітве, у “Сямейным вяночку” (малітва ўсіх удзельнікаў руху ў 1-ю, 3-ю нядзелю месяца ў 2100), у начным чуванні перад Вялікаднем, у малітвах заступнікаў;
- працуем з сем’ямі іншых парафій;
- займаемся падрыхтоўкай пар да шлюбу.
Божа! Здзейсні так, каб кожная сям’я на Зямлі
станавілася сапраўднай святыняй жыцця
і любові для новых пакаленняў.






