Кожную другую нядзелю месяца на Нясвіжчыне адбываецца Святая Імша за сужэнствы парафіі, а асабліва за ўдзельнікаў сужэнскага руху “Equipes Notre-Dame”. Ініцыятарам гэтай добрай справы з’яўляецца ксёндз парафіі Божага Цела ў Нясвіжы Пётр Шарко, які працуе з трымя суполкамі (экіпамі) Маці Божай.
9 лютага не стала выключэннем. Імша адбылася ў замкавай капліцы палаца Радзівілаў у Нясвіжы ў гадавіну яе асвячэння. Для нас, удзельнікаў руху, было вельмі прыемна, што Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Прысутнічаў парафіяльны хор горада Нясвіжа, які ўпрыгожваў Святую Імшу сваім цудоўным спевам.