17 лістапада 2013 года адбылася сустрэча сем’яў у Нясвіжы, якія маюць жаданне пазнаёміцца з рухам “Equipes Notre-Dame”. На сустрэчы сужонкаў прысутнічаў ксёндз Пётр Шарко. Прыемна, што сямейныя пары, якія сабраліся на сустрэчу, жадаюць усхваляць і славіць Бога, будуваць сваё сужэнскае жыццё паводле запаведзяў Езуса Хрыста. На сустрэчы разважалі над многімі пытаннямі нашага жыцця, таксама над пытаннямі плённай малітвы, чытання Слова Божага. Падчас сустрэчы прысутныя мелі магчымасць знайсці адказы на хвалюючыя пытанні, пазнаёміцца з мультымедыйнай прэзентацыяй руху.
Мы, удзельнікі руху “Equipes Notre – Dame”, яшчэ раз задумаліся, як добра, што маем магчымасць усхваляць Добрага Бога разам у сем’ях. Для нас рух – падарунак ад Бога, падтрымка і моц у сям’і.
Вельмі добра, што ёсць такія сем’і ў Нясвіжы, якія хочуць будаваць сваё сужэнскае жыццё паводле запаведзяў Езуса Хрыста, тым самым станавіцца бліжэй да Бога, даваць гэтым станоўчы прыклад для сваіх дзяцей. Удзячныя ксяндзу Пятру за самаадданую працу з сем’ямі.
Людміла і Андрэй Шкраба