21 верасня ў Клецку адбылася сустрэча адказных пар Equipes Notre-Dame. У гэты невялікі гарадок Мінскай вобласці прыехалі сужэнскія пары, прадстаўнікі суполак з розных куткоў Беларусі.
Ксёндз Адам, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Клецку, шчыра вітаў гасцей з розных куткоў Беларусі: з Дзяржынскага раёна (пас. Негарэлае), Ганцавіч, Нясвіжа, Гарадзеі, Салігорска, Баранавіч, Мінска, Мікашэвіч, Іўеўскага раёна (Геранёны, Суботнікі).
Сустрэча распачалася Святой Імшой, якую цэлебравалі духоўныя дарадцы суполак на чале з ксяндзом Андрэем Сіповічам, духоўным дарадчыкам беларускага сектара END.
Вельмі сімвалічна, што гэтае спатканне адбылося ў дзень успаміну Святога Мацвея, Апостала і Евангеліста.
“Ідзі за Мною” – словы Езуса, скіраваныя некалі да мытніка Мацвея, сталі дэвізам на пачатак новага фармацыйнага года Ekipеs Notr Damе. У наш час, калі вартасць сям’і і сужэнскага жыцця нішчыцца з-за здрады, разводаў, п’янства і наркаманіі, вельмі важна пачуць голас Хрыста: “Ідзі за Мною!”. “Ідучы за Хрыстом, мы не страцім сваёй чалавечай і сужэнскай годнасці, не патрапім у багну граху”, адзначыў падчас гаміліі кс. Сяргей Ангур.
Пасля Імшы адбылася нарада адказных пар суполак. Асноўныя накірункі працы ў 2013/2014 годзе акрэсліла адказная пара за рух на Беларусі: Таццяна і Мікалай Меляшкевічы.
Аб неабходнасці сужэнскага духоўнага ўзрастання, пашырэнні руху на Беларусі гаварыў кс. Андрэй Сіповіч. “Як многа ёсць яшчэ пар, - адзначыў святар, - якія акрамя матэрыяльнага дабрабыту шукаюць яшчэ і духоўнага багацця. І як гэтай духоўнасці ў наш час не хапае нашым сем’ям”.
Тэрэса і Віктар Юрушы