2-4 жніўня 2013 года ў невялікім польскім горадзе Канстанцін-Езёрна, размешчанага ля Варшавы, адбылася міжнародная канферэнцыя сужэнстваў з Усходняй Еўропы. Удзел у ёй прынялі прадстаўнікі Славакіі (3 сужэнствы), Літвы (1 сужэнства), Украіны (1 сужэнства і духоўны дарадца), Беларусі (2 сужэнствы і духоўны дарадца). Нам пашчасціла прыняць удзел у дадзенай сустрэчы. Канферэнцыя праходзіла ў рэкалекцыйным доме, у якім былі створаны ідэальныя ўмовы для яе правядзення. Асноўная мэта – даць неабходную інфармацыю аб развіцці Руху ЕND у свеце, расказаць аб фармацыі Руху і ролі духоўных дарадцаў і матываваць яго распаўсюджанне ў краінах Усходняй Еўропы. Была выказана надзея на тое, што Езус нам дапаможа трывала аб’яднаць сужэнствы ў розных краінах свету і гэтая сувязь дапаможа у нашым духоўным развіцці.
У першы дзень сустрэчы адбылося знаёмства сямейных пар з розных краін.
Мы разумелі адзін аднаго праз нашы сэрцы. Аповяд сужэнстваў быў надзвычай цікавы. Сямейная пара з Літвы прыехала разам з перакладчыцай, якая дапамагала нам атрымаць усю неабходную інфармацыю і справілася з гэтым цудоўна. У выніку нашага знаёмства мы пераканаліся, што ва ўсіх сужэнствах розных краін ёсць шмат агульнага і гэта дазваляе нам разам ісці па дарозе да Бога.
У суботу 3 жніўня адбылося некалькі канферэнцый. Гэты дзень прайшоў “на адным дыханні”. Арганізатары сустрэчы падрыхтавалі прэзентацыі аб развіцці Руху ў розных рэгіёнах і супер-рэгіёнах свету, пазнаёмілі з адказнымі парамі і ўсе мы адчулі, наколькі дынамічна развіваецца на Рух, асабліва ў Бразіліі і краінах Афрыкі. Адначасова мы ўсвядомілі, што ў краінах Усходняй Еўропы патрэбна яшчэ зрабіць шмат для евангелізацыі і ўмацавання сямейных . На сустрэчы адбылася цікавая дыскусія, на якой мы пачулі аб тым, як развіваецца Рух у розных краінах, як праходзяць сустрэчы экіп, рэкалекцыі і ўзялі для сябе шмат цікавага. Арганізатары сустрэчы адказалі на вялікую колькасць пытанняў, якія былі зададзены яго ўдзельнікамі. Асаблівую актыўнасць праявіла сямейная пара і духоўны дарадца з украінскага горада Адэсы, дзе Рух толькі-толькі распачынаецца.
У апошні дзень сустрэчы адбыліся канферэнцыі на тэму “Роля духоўных дарадцаў у экіпах” і “Фармацыя Руху ЕND “. Першая канферэнцыя прайшла з непасрэдным удзелам духоўных дарадцаў. Наш ксёндз Андрэй Сіповіч засяродзіў увагу на ролі духоўнага дарадцы ў духоўным развіцці суполак. Адначасова была звернута ўвага на тыя праблемы, якія маюць месца. Так, гэта частая зменлівасць святароў, ці іх адсутнасць. Шэраг з іх яшчэ не праявілі зацікаўленасці ў развіцці Руху ў сваіх парафіях. Але перспектывы і надзея ўсё ж ёсць.
Падводзячы вынікі сесіі неабходна адзначыць, што яна прайшла плённа і вынікова. Асаблівую ўдзячнасць хочацца выказаць за арганізацыю канферэнцыі новай адказнай пары нашага рэгіёну з Польшчы Луцыне і Крыштафу Высоццы, а таксама былой адказнай пары Марыі і Лешеку Кукулка за высокі ўзровень у яе арганізацыі. Дзякуем за унікальную магчымасць паўдзельнічаць у канферэнцыі, пазнаёміцца з сужэнствамі з розных краін.
Мы яшчэ больш пераканаліся, што наш Рух мае вялікія перспектывы ў духоўным развіцці і ўмацаванні сужэнстваў.
Хвала Хрысту!
Уладзімір і Валянціна Паплёўкі, г. Лагойск