Па добрай традыцыі штогод удзельнікі руху “EQUIPES NOTRE – DAME” выходзяць на пікнік. Гэты год – не выключэнне.
У нядзелю, 30 чэрвеня, на «каўбаскі» сабраліся святары, сёстры, клерыкі, сем'і, парафіяне. Ніхто не сумаваў: ні дарослыя, ні дзеці. А дзякуючы Дзянісу Каўшару і клерыку Аўгусту, усе прысутныя маглі ўсхваляць Бога мілагучнымі спевамі. Шашлык, каўбаскі былі смачныя, а гульні – вясёлыя і займальныя. А паспрыяла гэтаму Божае благаслаўленне, добрае надвор'е і цудоўны настрой удзельнікаў.
Трэба адзначыць, што ў гэты дзень ксёндз Андрэй Сіповіч і сям'я Уладзіміра і Валянціны Паплёўка прадстаўляла рух “EQUIPES NOTRE – DAME” на Віцебшчыне, у Лучаях на сустрэчы сем'яў. Прыемна, што такія сустрэчы арганізоўваюцца. Магчыма, з Божай дапамогай наш рух будзе існаваць і на поўначы Беларусі.
Няхай і далей благаслаўленне Бога спрыяе не толькі нашаму цудоўнаму адпачынку, але і развіццю руха на Беларусі.
Андрэй і Людміла Шкраба






