І дарослых, і дзяцей аб’ядноўвае чаканне свята Нараджэння Езуса Хрыста. Вельмі прыемна, што ўдзельнікі руху “EQUIPES NOTRE – DAME” кожны год традыцыйна збіраюцца разам, каб перажываць вялікую радасць – Нараджэнне Збаўцы.
Вігілійная сустрэча ўдзельнікаў руху сямейнай духоўнасці ў гэтым годзе адбылася 15 снежня ў парафіі Адведзіны Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Ганцавічы Брэсцкай вобласці. Менавіта там, дзе больш як шэсць гадоў існуе ў парафіі гэты сужэнскі рух. Рух, дзякуючы самааадданай працы ксяндза-пробашча Алега Шпеця, развіваецца і ўмацоўваецца.
У Аплатковай сустрэчы ўдзельнічалі сем’і з розных куткоў Беларусі. Нават вялікая адлегласць (дзвесце і болей кіламетраў), снег, мароз, завея не маглі перашкодзіць святарам і сем’ям сабрацца, каб супольна маліцца ў інтэнцыях руха. Усіх удзельнікаў урачыстасці аб’ядноўвала жаданне разам перажываць чаканне Нараджэння Езуса.
Сустрэча распачалася Адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Кожны ўдзельнік змог пабыць у споведзі. Затым адбылася Святая Імша. Прыгожае музычнае афармленне ўрачыстасці напаўняла ўсіх радасцю і натхненнем.
Ад імені ўсіх прысутных хочацца скіраваць словы ўдзячнасці душпастыру сем’яў Пінскай дыяцэзіі ксяндзу Пятру Бялевічу за Слова Божае, скіраванае да прысутных, змястоўнае казанне аб ролі бацькі і маці ў сям’і.
“Мужчына ў сям’і павінен быць апекуном, прыкладам для сваіх дзяцей. Ён не павінен адыходзіць ад праблем, якія існуюць у сям’і”, – адзначыў айцец Пётр. Размова была пабудавана на прыкладзе асабістых дзіцячых перажыванняў святара ў сям’і, аб якой айцец гаворыць з вялікай любоўю і павагай.
“Жанчына выконвае важную ролю ў сям’і. Галоўным яе абавязкам з’яўляецца малітва, - гаварыў святар.- Яна павінна няспынна маліцца да апякункі, да Маці Божай аб умацаванні сваёй сям’і, за сужонка і дзяцей”. Святар заклікаў жыць без абортаў.
Дзякуем ксяндзу Андрэю Сіповічу, духоўнаму дарадцу руха; ксяндзу Алегу Шпецю, ксяндзу Пятру Шарко, ксяндзу Адаму Самсэлю, ксяндзу Сяргею Ангуру, ксяндзу Дзянісу Шастаковічу, ксяндзу Сяргею Дабрагосту за сумесную малітву ў інтэнцыях нашага руху. Прысутнасць святароў з розных экіп руху прынясла вялікі духоўны плён, які будзе моцнай падтрымкай для усіх сужэнстваў.
Усмешкі, радасныя твары - усё было прасякнута надыходзячым святам. На Аплатковай сустрэчы з кавалкам белага хлеба кожны дзяліўся часцінкай свайго сэрца, сэрца якое нованароджаны Езус гатовы напаўняць сваімі Ласкамі і Любоўю.
Падчас сустрэчы словы ўдзячнасці за добрую арганізацыю ўрачыстасці, прыгажосць у касцёле, змястоўную працу з сем’ямі, за цудоўны спеў былі выказаны ксяндзу Алегу. Усім сужэнствам парафіі хочацца шчыра падзякаваць за іх актыўнасць і адкрытасць на справы Божыя.
Хвала Пану за сустрэчу! Дзякуй усім яе ўдзельнікам. З надыходзячым святам!






