Дзень Сектара ў Клецку

( 0 Votes )

EQUIPES NOTREDAME” пачынае новы фармацыйны год.

15 верасня 2012 года, у суботу, у касцёле Святой Троіцы ў г. Клецку адбылася сустрэча ўдзельнікаў руха “EQUIPES NOTREDAME” (END), прысвечаная пачатку 2012/2013 фармацыйнага года. На ўрачыстасць быў запрошаны ксёндз-прэлат Андрэй Стэцкевіч, генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама духоўны кіраўнік руха “EQUIPES NOTREDAME” на Беларусі Андрэй Сіповіч, духоўныя дарадцы і адказныя пары экіп. Распачаўся Дзень Сектара Святой Імшой.

Пасля Імшы адбылася змястоўная канферэнцыя ксяндза-прэлата Андрэя Стэцкевіча, падчас якой былі закрануты пытанні сямейных адносін і правільнага выхавання дзяцей. “У сям’і не павінна быць насілля, як у адносінах паміж мужам і жонкаю, так і ў адносінах дзяцей. Ніхто не можа дзіцяці замяніць сям’ю. Лепшым прыкладам для яго з’яўляюцца толькі бацькі, якія павінны перадаць яму веру, любоў да бліжняга, духоўныя каштоўнасці. Аднак і пра патрабавальнасць з боку бацькоў не трэба забывацца”.

Затым з пажаданнямі плённай працы з сем’ямі звярнуўся да святароў ксёндз Андрэй Сіповіч. У яго выступленні гучала падзяка святарам за працу ў руху “EQUIPES NOTREDAME”. Ён нагадаў, што гэта праца вельмі важная, адказная і патрэбная сем’ям. Таксама духоўны кіраўнік пажадаў плённага фармацыйнага году.

Арганізацыйныя пытанні былі разгледжаны пасля смачнага абеду. Запланаваны мерапрыемствы, вырашаны пытанні рэкалекцый, тэм працы, малітвы. Спадзяёмся, што праведзены Дзень Сектара прынясе плён у духоўным развіцці нашых экіп.

Ад шчырага сэрца ўдзячны за прысутнасць і падтрымку ксяндзу-прэлату Андрэю Стэцкевічу, генеральнаму вікарыю Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама ксяндзу Андрэю Сіповічу, духоўнаму кіраўніку руха “EQUIPES NOTREDAME” на Беларусі, духоўным дарадцам: ксяндзу Пятру Шарко, ксяндзу Алегу Шпець, ксяндзу Паўлу Врубелю, ксяндзу Дзянісу Шастаковічу, ксяндзу Сяргею Дабрагосту і гасціннаму ксяндзу Адаму Самсэлю.

Жадаем Вам, паважаныя святары, заўсёды выпраменьваць Святло Хрыстуса, радасць і нястомную дабрыню свайго сэрца, памнажаць у сэрцах людзей Божую любоў, непахісную веру і надзею, а ў крыніцы Божых ласкаў чэрпаць сілу і моц для працы. Аддзяч, Вам Божа!

Дзякуй таксама ўсім прысутным на ўрачыстай сустрэчы. Сем’ям хочацца сказаць наступнае: “Не бойцеся ўсхваляць Бога. Наш рух – гэта Дар Божы, гэта моц, гэта вялікая падтрымка для ўсіх нас. Няхай Добры Езус Вам заўжды дапамагае і благаславіць вашым дзецям, а Маці Божая аберагае вас, як сваіх дзяцей”.

Людміла і Андрэй Шкраба

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 40 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай! З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт сужэнства.

+375333829439, +375293730091