Зварот духоўнага дарадчыка рэгiёна да ЭНДаўцаў з нагоды малiтоўнай падрыхтоўкi да юбiлейнага 2025 года хрысцiянства

Любыя ЭНДаўцы, шаноўныя духоўныя дарадчыкі!

Перад намі важная падзея ў жыцці Паўсюднага Касцёла — Юбілейны 2025 год хрысціянства. Папа Францішак зацвердзіў дэвіз Юбілею — «Пілігрымы надзеі», а мітрапаліт Мінска-Манілёўскі Юзаф Станеўскі ў сваім пасланні прадставіў духоўную праграму для Беларусі — «Прысвячэнне Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі». Між іншым ён напісаў: «Шчыра запрашаю і заахвочваю манаскія, рэлігійныя супольнасці і рухі, любую моладзь і ўсіх вернікаў да гэтай малітоўнай акцыі, падчас якой будзем дзякаваць за 2025 гадоў хрысціянства і перапрашаць Бога за грахі свету. Праз набажэнства да Божай Міласэрнасці будзем выпрошваць у Міласэрнага Бога літасці для свету і нашай краіны, для ўсіх нас, нашых сем’яў і супольнасцяў, будзем прасіць аб спакоі ў свеце, давяраючы Яму лёс свету і лёс кожнага чалавека. Будзем прасіць Міласэрнага Езуса, каб схіліўся над намі, грэшнымі, вылечыў нашую слабасць, знішчыў усялякае зло і дазволіў усім жыхарам зямлі спазнаць Яго міласэрнасць, каб у Табе, Трыадзіны Божа, яны заўсёды знаходзілі крыніцу надзеі».

Дарагія ЭНДаўцы, хочам усім сэрцам далучыцца да гэтай малітоўнай акцыі духоўна і фізічна, каб святкаванне важнай падзеі прынесла і пакінула трывалы плён у жыцці кожнага сужэнства, экіп і цэлага рэгіёну. Дазвольце скіраваць да вас некалькі думак, якія, спадзяюся, дапамогуць нам глыбей увайсці ў змест гэтай падзеі. Словы Хрыста няхай будуць для нас святлом на гэтым шляху!

«У той час, адказваючы, Езус сказаў: “Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы. Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае Сына, апроч Айца; і Айца ніхто не ведае, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць. Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі”» (Мц 11, 25-30).

Выраз, які дазволіць нам увайсці глыбей, — «адкрыў гэта дзецям». Арыгінальны грэчаскі тэкст падае́ — «немаўлятам», «малым дзецям». Менавіта ў святле гэтага слова хочам паглядзець на сваё жыццё. Гэта значыць, пачуць ад Бога словы, поўныя любові: «Дачка мая, сын мой, дзіця маё!». Хочам навучыцца быць духоўнымі дзецьмі нашага Бога і адкрыць Яго як свайго Айца!

Слова-ключ «немаўля» вельмі істотнае, таму што Езус гаворыць пра Бога як пра «Айца». Паглядзіце, што ў разважаным тэксце ў трох сказах слова «айцец» гучыць пяць разоў. У нашай духоўнасці ёсць вялікая розніца паміж тым, калі адкрываем і пазнаём Бога як Стварыцеля, і тым, калі Бога пазнаём як Айца. Тэкст вядзе нас да таго, каб пазнаваць Бога-Айца, будучы пры гэтым «немаўлятамі».

Якім чынам дзіця пазнае бацьку? Напэўна, не так, як «мудрыя і разумныя»: не чытае пра свайго бацьку кніжак, біяграм ці энцыклапедый. «Вучоныя» менавіта так пазнаюць рэчаіснасць і людзей — чытаючы пра іх. Дзіця ж пазнае бацьку тады, калі бацька бярэ яго на рукі, калі цалуе, калі бацька з ім размаўляе, калі чуе яго голас, калі яго корміць, мые, кладзе спаць. Мяркую, што гэта вельмі знаныя для кожнага з вас жэсты і сітуацыі. Дзіця пазнае бацьку ў блізкіх, асаблівых адносінах і ў спатканні, а не з кніжак ці апавяданняў. Езус тут гаворыць пра сябе, бо такім чынам Ён сам пазнае Айца. «Усё перададзена Мне Айцом Маім» — гэта менавіта так як, у адносінах дзіцяці з бацькам. Дзіця «ўсё» атрымлівае ад сваіх бацькоў і такім чынам іх пазнае! Гэта вельмі канкрэтны досвед і канкрэтнае пазнанне.

Падчас Юбілею Касцёл запрашае нас менавіта да такога пазнавання Бога і да будавання такіх адносін з Ім. Гэта запрашэнне да пазнавання Бога ў спатканні, блізкасці і абдараванні. Будаванне ў сваім сэрцы пачуцця і свядомасці Дару: усё, што я маю, — гэта дар ад Бога! Што гэта «ўсё», што можна атрымаць ад Бога? Адным словам — Міласэрнасць. Маем жыццё — бо Бог Міласэрны; веру, любоў, каханне, сужэнца, дзяцей, супольнасць — усё гэта з Божай Міласэрнасці да нас.

Найважнейшае пытанне для кожнага з нас — «Ці я сапраўды ма́ю ў сабе прагненне і патрэбу прыняць міласэрнасць ад Бога? Што гэта значыць у маім асабістым, у нашым сужэнскім ці сямейным жыцці?».

«Хрысціянін, які не прымае міласэрнасці Божай — гэта атэіст і толькі “перапрануты” ў хрысціяніна!» — гэтыя моцныя словы Папы Францішка няхай паслужаць нам у якасці рахунку сумлення. Пра Бога можна ўсё ведаць, прачытаць шмат кніжак, але калі не пазнаў яго Міласэрнасці, то ты — атэіст. Патрэбныя нам вера і давер дзяцей, якія не чытаюць разумных кніжак, але маюць досвед абдаравання. Менавіта гэтае абдараванне змяняе нас, развівае, дае адчуваць сябе бяспечна, дае адчуваць сябе любімым.

У «Дзённічку» святой сястры Фаўстыны можам сустрэць такія словы Езуса, Які кажа, што не палохаюць яго чалавечыя грахі, але палохае Яго нашае бязвер’е ў Божую Міласэрнасць. Недавер таму, што Езус — гэта Любоў, якая прабачае. Ніводзін грэх, нават найцяжэйшы, не баліць Езусу так, як адмова прыняцця Міласэрнасці. Гэта тая самая думка, якую выказаў Папа Францішак.

Для гэтага патрэбная пакора, каб убачыць сябе як беднае дзіця, што патрабуе прабачэння і разграшэння і міласэрнай любові. «Злы дух перамагае толькі пахлівых і баязлівых, бо пакорныя маюць сілу!» — чытаем у «Дзённічку» сястры Фаўстыны. Часам пакора ў нас атаясамліваецца са слабасцю, ніякасцю, але гэта не так. Яна мае ў сабе сілу, калі мы давяраем Богу — не сабе, а Яму. У Богу ўся наша сіла!

Чаму так важна, каб мы прынялі міласэрнасць ад Бога? Бо калі яе не прымем, то мы самі ніколі не будзем міласэрнымі. Даю тое, што атрымаў. Гэта правіла веры і сапраўднай міласэрнасці. Менавіта гэта нас акрэслівае як каталіцкія сужэнствы і сем'і, асабліва як членаў Суполак Маці Божай. Гэта відавочна не толькі ў верным выкананні пунктаў высілку, але і перш за ўсё ў міласэрным «стылі» нашага сужэнскага і сямейнага жыцця. Бачым гэта мы самі, нашыя дзеці, суседзі і ўсе іншыя. Становімся праз гэта апосталамі міласэрнасці, знакам надзеі ў сучасным свеце і святлом праўды Хрыстовай.

Практычным спосабам нашага духоўнага ўдзелу і глыбейшага перажывання Юбілею хрысціянства няхай будуць адмысловыя дні засяроджанасці на ўзроўні паасобных экіп ці вызначаных гарадоў у нашым Рэгіёне. Падчас такога малітоўнага спаткання прапануем падзяліцца сваім досведам прыняцця Божай Міласэрнасці. Калі будзе такая воля і магчымасць, то можна іх запісаць і пераслаць інфармацыйнай пары для таго, каб потым апублікаваць на сайце. Потым зрабіць набажэнства перапрашэння падчас адарацыі. Заахвочваем да прачытання выбраных урыўкаў з «Дзённічка» сястры Фаўстыны, на падставе якіх можна зрабіць рахунак сумлення. На заканчэнне адарацыі кожная сям’я можа прысвяціць сябе Божаму Сэрцу. Наступна заахвочваем перажыць разам Эўхарыстыю ў духу ўдзячнасці, а пасля прыняцця Святой Камуніі разам заспяваць Magnificat. На заканчэнне спаткання памаліцца разам Вяночак да Божай Міласэрнасці і літанію.

Прапануем наступны парадак правядзення такіх дзён засяроджанасці ў паасобных частках нашага Рэгіёну:

Снежань —      Мінск

Студзень     —      Барысаў

Люты          —      Пінск

Сакавік       —      Лагойск

Красавік     —      Баранавічы і Новая Мыш

Май            —      Негарэлае

Чэрвень      —      Нясвіж і Ганцавічы

Спадзяемся, што гэтыя духоўныя разважанні і малітоўныя ініцыятывы нанова распаляць нашыя сэрцы на прыняцце Божай Міласэрнасці. Езу, давяраем Табе!

Злучаемся ў малітоўнай еднасці перад Панам і аддаёмся пад апеку Марыі, нашай Апякункі. Тваёй абароне аддаёмся…

 

Кс. Андрэй Лысы SChr,

духоўны дарадчык Рэгіёну

Спасылкi на Пасланне и Распараджэнне:

1. ПАСЛАННЕ з нагоды малітоўнай падрыхтоўкі да прысвячэння Божай Міласэрнасці і Беззаганнаму Сэрцу Марыі Мінска-Магілёўскай Мітраполіі ў 2025 Юбілейным годзе хрысціянства

2. РАСПАРАДЖЭННЕ. Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 193 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай! З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт сужэнства.

+375333829439, +375293730091