Сям'я Цімашчук Васілій і Руткоўская Галіна

Пазнаёміліся мы 13.04.1980 г. на вяселлі  сяброў з розных бакоў,  напрыканцы гэтага ж года распісаліся. Я з каталіцкай сям'і, у далёкім дзяцінстве прыступіла да Першай Святой Камуніі, наведвала рэгулярна касцёл толькi ў школьныя гады. Муж  -  намiнальна праваслаўны,  веру не практыкаваў. Так і пражылі амаль 34 гады.

У пілігрымцы Баранавічы - Лагішын

У 90-я гады я зноў вярнулася ў касцёл, але нельга сказаць, што хадзіла рэгулярна. З цягам часу мая прысутнасць у касцёле стала больш частай. Без сакрамэнту шлюбу  я не магла прыступаць да споведзі i атрымлiваць Камунію, доўга малілася ў гэтай iнтэнцыi. Калі спрабавала пагаварыць з мужам пра шлюб, то ён і слухаць не хацеў аб гэтым. Ішоў час. Мой муж пачаў мяняць свае адносіны да веры, на вялікія ўрачыстасці быў разам са мною ў касцёле. І вось нечакана для мяне пасля Вялікадня ў 2014 годзе   прапанаваў узяць шлюб.  Гэта цудоўная падзея адбылася 18 верасня 2014 года ў Пінскай катэдры. З таго часу мы заўсёды разам у касцёле. Зараз  на пенсіi, бываем  у касцёле  кожную раніцу (калі жывём у горадзе), молімся на Ружанцы перад Святой Імшой. Муж дапамагаў у рамонце нашай Катэдры, ды і зараз па магчымасці далучаецца да такіх спраў, бо па прафесіі - будаўнік. Я карэкціравала нашу касцёльную газетку (яе выпуск арганізаваў былы пробашч, айцец Пётр Бялевіч), малітоўнік "Бог Добры", "Агенду" і іншыя выданні. Двойчы мы разам  удзельнічалі ў сямейнай аднадзённай пілігрымцы ў Будслаў. Я хадзіла яшчэ i ў iншыя пiлiгрымкі (па 3-4 дні, упершыню далучылася да гэтай справы перад сваiм 60-гадовым юбілеем). У нас дарослая дачка і двое ўнукаў. На жаль, яны далёка ад Касцёла, але старэйшага ўнука хрысцілі ў касцёле.

Як мы даведалicя пра рух END?

Восенню 2017 года пробашчам нашай парафіі стаў кс. Павел Врубель, аднаго разу пасля нядзельнай Святой Імшы ксёндз запрасіў сужонкаў на сустрэчу ў парафіяльны дом, каб пазнаёміць з рухам END.  Нас гэта зацікавіла, і з той пары мы не прапусцілі ніводнай сустрэчы.  Афiцыйна далучылiся да руху END у 2023 годзе (прынялі Карту 12.06.2023 г.). З 2023 па 2024 гг. неслi служэнне адказнай пары i зараз з упэўненасцю можам сцвярджаць, што суполка - гэта наша вялікая сям'я. Хвала Пану!

Галiна Руткоўская

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 193 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай! З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт сужэнства.

+375333829439, +375293730091