Каханыя Сем’і руху END, шаноўныя духоўныя дарадчыкі нашага Беларускага рэгіёну!
Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа – гэта для нас асаблівая нагода, каб падзякаваць Богу за пакліканне да святасці дарогай сужэнскай і сямейнай любові і кахання. Сёння, калі аднаўляеце свае сужэнскія абяцанні і выказваеце вашую падзяку Богу, пакорна просім, каб удзел у фармацыі Суполак Маці Божай дапамагаў паглыбляць і развіваць у нашых Сем’ях усе неабходныя дары і ласкі сужэнскай і сямейнай духоўнасці.
З вялікай надзеяй і вераю ўглядаемся ў прыклад Святой Сям’і і вучымся ад яе таму, чаго нам яшчэ не стае да паўнаты святасці ў нашых асяроддзях. Запавет любові і вернасці, якім жыве Святая Сям’я з Назарэта, пралівае святло на прынцып, які надае форму кожнай сям’і і дазваляе ёй лепш спраўляцца са зменлівасцю жыцця і гісторыі. На гэтым падмурку кожная сям’я таксама ў сваёй слабасці можа стаць святлом у змроку свету. Святы Папа Павел VI так казаў
у Назарэце: «Тут мы разумеем спосаб жыцця ў сям’і. Няхай Назарэт сам нагадае, чым ёсць сям’я, чым ёсць еднасць любові, яе суровая і простая прыгажосць, яе святы і непарушны характар. Няхай ён дазволіць нам убачыць, якім салодкім і незаменным ёсць выхаванне ў сям’і, няхай навучыць нас, што ў грамадскай сферы яно мае першачарговае і непараўнальнае значэнне».
З нагоды Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа складаю ўсім сем’ям, сужонкам, дзецям і ўнукам сардэчныя пажаданні. Жадаю Вам адкрытасці на Божае благаслаўленне, апекі Святой Сям’і, сапраўднай любові, пашаны адно да аднаго, умеласці ў цярплівым дыялогу, прабачэння таго, што было злом, пачуцця, што кожны важны і патрэбны адзін аднаму, і ўдзячнасці за тых, хто з намі побач. Абяцаю малітву за ўсе нашыя сем’і, асабліва за тых, хто перажывае крызіс. Добрага Вам святкавання ў сем’ях і суполках.
Запрашаю таксама да супольнай малітвы да Святой Сям’і:
«Езус, Марыя і Юзаф, у вас мы сузіраем бляск сапраўднай любові, да вас звяртаемся з даверам. Святая Сям’я з Назарэта, учыні таксама нашыя сем’і асяродкам еднасці i Вячэрнікам малітвы, праўдзівай школай Евангелля
і маленькім хатнім Касцёлам. Святая Сям’я з Назарэта, няхай больш ніколі
ў нашых сем’ях ніхто не зведвае насілля, замкнёнасці i падзелаў: калі хтосьці паранены ці згоршаны, няхай неадкладна атрымае суцяшэнне i аздараўленне. Святая Сям’я з Назарэта, адары кожнага разуменнем сакральнага i непарушнага характару сям’і, яе прыгажосці ў Божых намерах. Езус, Марыя i Юзаф, пачуйце, выслухайце нашыя просьбы!»
Кс. Андрэй Лысы SChr,
духоўны дарадчык пары Рэгіёну
Мінск, 31 снежня 2023 г.