"Як быццам зноў перажылі шлюб". У Лагойску адбылося прыняцце Карты END

10 верасня ў Лагойску адбылася вельмі важная падзея для Руху Equipes Notre-Dame - нарадзілася новая суполка.

Тры пары – Загорскія Андрэй і Вольга, Наўроцкія Уладзімір і Настасся, Яцкевіч Віталій і Алена– прынялі Карту Суполак Маці Божай, а сужэнцы Бекіш Андрэй і Таццяна абнавілі прыняцце Карты.

 

На працягу года (12-ці сустрэч) сужэнцы знаёміліся з Рухам, яго практыкамі і інструментамі, якія дапамагаюць развіваць адносіны паміж сабой, з Богам і бліжнімі. За гэты час кожны змог ацаніць, наколькі яны дзейсныя, падыходзяць кожнаму з сужонкаў асобна і сужэнству ў цэлым. Гэты перыяд называецца пілатаж.

Мы, як пара Сектара, вельмі ўдзячныя сужэнству Манчынскіх, Генадзю і Алене, за тое, што яны пагадзіліся быць пілатуючай парай і на працягу гэтага года суправаджалі суполку.

Цырымонія адбывалася падчас Святой Імшы. Цікава, што ў касцёле ў Лагойску на бакававым (Марыйным) алтары знаходзіцца абраз Святой Сям'і, які быў напісаны спецыяльна для Руху END і з’яўляецца яго галоўным сімвалам.

Кс. Павел Слука MSF падчас казання закрануў такое сур'ёзнае пытанне, як фальшывая клятва ці прысяга. Ён патлумачыў, якія гэта можа мець наступствы. Таксама кс. Павел падзякаваў сем'ям, якія ўступаюць у END, за смеласць і мужнасць публічна агучыць сваё жаданне жыць сапраўды па-хрыціянску, з Богам, як вучыць Евангелле. Напрыканцы ён коратка расказаў пра Рух, яго заснавальніка, мэту – ісці да святасці. І запрасіў новыя сем'і далучацца!

Прыняцце Карты ў нашым Рэгіёне, як вядома, адбываецца праз прысвячэнне сям'і Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса. Цяжка перадаць велічнасць і ўзнёсласць гэтай цырымоніі. Пары пазней дзяліліся, што гэта быў вельмі хвалюючы і адказны момант: "Як быццам зноў перажылі шлюб".

Кожная сям'я па традыцыі атрымала ў падарунак «эндаўскі» абраз Святой Сям'і, як знак прыналежнасці да Руху. А таксама галоўны дакумент Руху – Карту суполак Маці Божай.

Потым было святкаванне. У Карце сказана, што суполка - гэта асобны арганізм. Так і ёсць. Кожная суполка святкуе прыняцце Карты па-іншаму, але аднолькава цёпла, сардэчна і гасцінна. Шмат добрых слоў было сказана  і ад суполкі пілатуючай пары, і ад пілатуючай пары сужэнцам. Мы зноў сталі сведкамі таго, як час пілатажу будуе адносіны, пашырае кола не проста знаёмых, але вельмі блізкіх па духу людзей.

Суполка на свой дзень нараджэння замовіла прыгожы высокі торт з лагатыпам END. Было пытанне – як жа яго падзяліць? Роўна, акуратна і каб усім хапіла. Бо нас было больш за 30 чалавек разам з дзецьмі. Цікава, што ўзяўся за гэта кс. Павел. І атрымалася выдатна - усім хапіла і нават засталося.

Напрыканцы святкавання суполка перайшла ў працоўны настрой. Дамовіліся аб першай сустрэчы, каб ісці з усім Рухам у адным рытме.

Божа, дзякуем Табе за наш Рух, за яго заснавальніка а. Анры Кафарэля, за ўсе сем’і, якія знаходзяць у ім шлях да святасці. Молімся і просім, каб новыя пары таксама змаглі адкрыць для сябе гэты шлях.

Хвала Пану!

Шымак Валерый і Алена, пара Паўночнага Сектара.

Фота – Маісееў Віталій, Загорскі Рафал, Шымак Валерый і Алена, іншыя удзельнікі.

 

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 179 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай. З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужанскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамант шлюбу.

+375333829439