"....Сёння перад жанчынаю адкрываюцца новыя магчымасці больш глыбокага зразумення і больш поўнай рэалізацыі чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў, неад’емных ад сужэнскага жыцця і мацярынства; яе інтэлігентнасць, любоў і рашучасць могуць схіліць мужчыну — мужа і бацьку — перамагчы звычку да пастаяннай альбо амаль пастаяннай непрысутнасці, больш таго, могуць давесці да ўзнікнення паміж імі новых адносін міжасабовай камуніі...."
Апостальская Адгартацыя "Christifideles laici"
У паслясінадальнай Апостальскай Адгартацыі Святога Айца Яна Паўла ІІ «Christifideles laici» аб пакліканні і місіі свецкіх у Касцёле і ў свеце дваццаць гадоў пасля Другога Ватыканскага Сабору (1988 г.) Айцы Сіноду, між іншым, прысвяцілі ўвагу сітуацыі і ролі жанчыны. Іерархі імнкуліся прызнаць і пацвердзіць важкі і незаменны ўклад жанчыны ў будаванне Касцёла і ў развіццё грамадства, а таксама дакладна прааналізаваць удзел жанчыны ў жыцці і місіі Касцёла.
«Асаблівым чынам трэба падкрэсліць справу, на якую Сабор паставіў вельмі выразны націск, а менавіта на актыўны і адказны ўдзел жанчын у жыцці і місіі Касцёла: „Паколькі ў наш час жанчыны прымаюць усё больш актыўны ўдзел ва ўсім жыцці грамадства, таму вельмі важна, каб яны больш актыўна ўдзельнічалі таксама ў розных галінах апостальскай дзейнасці Касцёла“», — чытаем у адгартацыі.
«Жанчыны, якія ўжо спаўняюць вельмі важную ролю ў перадачы веры і ў выконванні разнастайных паслугаў у жыцці Касцёла, — сцвярджаюць Айцы Сіноду, — павінны далучыцца да (…) місійных ініцыятываў, а таксама быць прызнанымі супрацоўніцамі місіі Касцёла ў сям’і, на месцы працы і ў грамадстве».
«Сёння перад жанчынаю адкрываюцца новыя магчымасці больш глыбокага зразумення і больш поўнай рэалізацыі чалавечых і хрысціянскіх каштоўнасцяў, неад’емных ад сужэнскага жыцця і мацярынства; яе інтэлігентнасць, любоў і рашучасць могуць схіліць мужчыну — мужа і бацьку — перамагчы звычку да пастаяннай альбо амаль пастаяннай непрысутнасці, больш таго, могуць давесці да ўзнікнення паміж імі новых адносін міжасабовай камуніі», — пісаў Ян Павел у паслясінадальнай Апостальскай Адгартацыі «Christifideles laici».
Яшчэ адным з заданняў жанчыны ў бачанні Каталіцкага Касцёла з’яўляецца «забеспячэнне культуры маральнага вымярэння, г.зн. таго, што робіць яе годнаю чалавека ў яго асабістым і грамадскім жыцці».
«Другі Ватыканскі Сабор заўважае сувязь паміж маральным вымярэннем культуры і ўдзелам свецкіх у валадарскай місіі Хрыста: „свецкія асобы павінны супольнымі сіламі так аздараўляць існуючыя на свеце ўстановы і ўмовы, калі яны дзесьці схіляюць да граху, каб усё гэта адпавядала нормам справядлівасці і, хутчэй, спрыяла практыкаванню дабрадзейнасцяў, чым перашкаджала гэтаму. Так робячы, яны абагацяць культуру і справы людскія маральнай каштоўнасцю“», — сцвярджаецца ў адгартацыі.
«Удзел жанчыны ў жыцці Касцёла і грамадства, рэалізуемы праз яе здольнасці, адначасова з’яўляецца шляхам яе самарэалізацыі, на якую слушна звяртаецца сёння асаблівая ўвага, і з’яўляецца своеасаблівым укладам ва ўзбагачэнне касцёльнай камуніі і ва ўзрастанне апостальскага дынамізму Люду Божага», — чытаем у Апостальскай Адгартацыі «Christifideles laici».
Паводле http://www.catholic.by/2/home/news/belarus/calendar/108202-misija-zhanchyn-u-kasciole.html