Адбыўся дзень Паўночнага Сектара Руху END

“Душа квітнее і радуецца”

17 чэрвеня 2023 года адбыўся дзень Паўночнага Сектара Руху Equipes Notre-Dame на Беларусі. На сустрэчу сабралася 21 сужэнства, 4 духоўных дарадчыка і 40 дзяцей. Так, дзяцей было шмат і каб усе маглі добра і карысна правесці час быў выбран менавіта Івянец, які гасцінна прыняў усіх: дзецям файная вялікая дзіцячая пляцоўка і нават мінізаапарк, а дарослым – вялікае памяшканне і кухня з паварамі.

Па прыездзе ўсе сужанствы атрымалі цішоткі з лагатыпам Руху END і выявай заснавальніка  - а. Анры Кафарэля.

Сама сустрэча распачалася з праслаўлення Бога ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Пасля была Святая Імша, літургію падрыхтавалі самі сужэнствы: спевы, чытанне, псальм, малітва верных і прыгожая працэсія з дарамі. Уразіла, што падчас святой Камуніі амаль усе лаўкі былі пустыя, бо кожная сям’я ішла прыняць Езуса.

Пасля Святой Імшы дзяцей чакалі гульні з аніматарамі на дзіцячай пляцоўцы, а дарослых – канферэнцыя псіхолага-канфліктолага Вольгі Дзмітрыевай пра бар’еры камунікацыі і тое, як адкрыта казаць пра свае пачуцці і жаданні. Час канферэнцыі праляцеў вельмі хутка, бо было цікава і пазнавальна.

Пасля канферэнцыі ўдзельнікаў чакаў вельмі смачны абед. Добра падмацаваўшыся, мужчыны і дзеці з жарам кінуліся гуляць у футбол. А жанчыны ў гэты час добра бавілі час,  балеючы за каханых сужонкаў, або, утульна седзячы ў альтанцы – спявалі на хвалу Пану Богу.

Кожны мог знайці сябе мейсца, каб адпачыць і добра правесці час у такі сонечны цудоўны дзень. Кацярына Петрашкевіч піша: “Хачу выказаць падзяку ўсім арганізатарам сённяшняга свята!!! І ўсім, хто прыехаў сёння. Якія ж важныя нашыя хрысціянскія сустрэчы! Гледзячы на нашу вялікую хрысціянскую сям'ю душа квітнее і радуецца. Дзякуй за вашыя малітвы, усмешкі, дзяленне радасцю і вопытам, за вашыя размовы па душам, за футбол і спевы. Дзякуй за падтрымку і проста, што вы ёсць побач”.

Хвала Пану!

 

Тэкст - Вольга Саладкевіч

Фота - Маісеева Маша

Відэа - Капуста Паліна

 

Каб паглядзець фатаграфіі ў добрай якасці перайдзице па спасылцы: Фатаграфіі ў добрай якасці

 

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 191 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай! З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт сужэнства.

+375333829439, +375293730091