Ужо традыцыйна, кожную другую нядзелю месяца, ў парафіі Божага Цела ў Нясвіжы адбываюцца Святыя Імшы за ўдзельнікаў руха “Equipes Notre-Dame”, за сем’і і за святароў.
Так і 8 студзеня 2012 года не было выключэннем. Святая Імша была ўрачыстая з нагоды свята – Хроста Пана. Упрыгожаны, велічны касцёл для нас, сямей, здаваўся яшчэ прыгажэйшым і раднейшым. Нам было радасна, што мы ўсе разам сабраліся, каб супольна сустрэцца з Езусам. Мы ўсе добра ведаем, як патрэбна для нас гэта малітва, і якую яна мае сілу ў нашым жыцці.
Сужэнствы руха прымалі актыўны ўдзел у Імшы, тым самым усхвалялі Бога, дзякавалі Яму. Прыемна, што з намі - сёстры законныя, клерыкі. Няхай Добры Бог ім заўсёды благаслаўляе.
Малітвы таксама былі скіраваны за памерлага шаноўнага ксяндза Гжэгажа Каласоўскага, за душы памерлых з нашых сямей. Няхай Добры Бог прыме іх у сваё Валадарства ў Небе.
Сужэнствы “Equipes Notre-Dame” помнілі ў сваіх малітвах і ксяндза Эрвіна, молячыся аб Божым благаслаўленні для Яго. Няхай Усемагутны Бог адорыць святара моцным здароўем, патрэбнымі Ласкамі, стойкасцю ў служэнні Богу і людзям.
Ад імені усіх сямей хочацца падзякаваць пробашчу парафіі, ксяндзу Пятру Шарко, за вялікую працу з сем’ямі, за малітву ў нашых інтэнцыях.






