10 снежня ў Нясвіжскай святыні адбылася ўрачыстая Імша, прысвечаная 20-годдзю з дня смерці ксяндза Гжэгажа Каласоўскага, пробашча, які ўсё сваё жыццё прысвяціў самаадданай працы ў парафіі Божага Цела. На Святую Імшу прыехалі святары, сёстры, клерыкі, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, прысутнічалі сем’і руху “EQUIPES NOTRE – DAME”.
Пасля Імшы было выказана шмат слоў удзячнасці арцыбіскупу Тадэвушу, біскупам Антонію і Казіміру, усім святарам за прысутнасць і супольную малітву менавіта ў такі знамянальны дзень. Словы віншаванняў гучалі для ксяндза Пятра і ксяндза Уладзіміра з нагоды 10-годдзя іх святарскай паслугі.
Пасля благаслаўлення адбылося дзяленнем Аплаткам. Сужэнствы мелі магчымасць атрымаць благаслаўленне арцыбіскупа, біскупаў, святароў, якія дзяліліся сваёй моцнай верай і Любоўю да Бога. Адчувалася, што Маленькі Езус ужо зусім блізка. Натхнёныя, з добрым настроем вярталіся ўсе дадому, каб падзяліцца гэтай радасцю са сваімі блізкімі, знаёмымі.
З нагоды надыходзячага вялікага свята Божага Нараджэння, хочацца, каб Народжаны Збавіцель адарыў нас усіх здароўем, радасцю, супакоем і сваім благаславеннем. Хвала Пану!
Няхай Пан Бог благаславіць святароў у такой цяжкай і адказнай пастырскай паслузе, каб кожны дзень іх будзе напоўнены Божай Любоўю, а пачэсная праца прыносіла радасць і вялікі плён.
Шчыра дзякуем Добраму Богу за Святую Імшу, Аплатковую сустрэчу і благаслаўленне.
![header=[IMG0342n] body=[]](https://end.of.by/images/morfeoshow/____________-9996/thumbs/IMG_0342n.jpg)
![header=[IMG0307n] body=[]](https://end.of.by/images/morfeoshow/____________-9996/thumbs/IMG_0307n.jpg)
![header=[IMG0304n] body=[]](https://end.of.by/images/morfeoshow/____________-9996/thumbs/IMG_0304n.jpg)