СУСТРЭЧА ЭКІПЫ БЕЛАРУСКАГА СЕКТАРА
23 жніўня ў Мінску адбылася чарговая сустрэча Экіпы беларускага Сектара. На пачатку сустрэчы кіруючая пара Мікалай і Таццяна Меляшкевічы агучылі дэвіз на будучы фармацыйны год – "Вось я, пашлі мяне!" Іс(6,8).
Пад час свайго выступа Мікалай звярнуў увагу ўсіх прысутных на тое, што сам Бог пасылае кожнага з нас будаваць Яго валадарства на зямлі. Таксама Мікалай падкрэсліў, што менавіта на нас, хрысціянскія сем’і, узложана важная місія – каб праз наша служэнне, штодня новыя сэрцы адчыняліся на Божую Любоў і Міласэрнасць.
А вось Таццяна звярнулася да прысутных з заклікам “Нясеце сваю місію з радасцю!” і на прыкладах з свайго уласнага жыцця падкрэсліла наколькі важна да ўсіх сваіх справаў (нават хатніх) ставіцца з радасцю і аптымізмам.
Максім і Аліна Угорычы падзяліліся з удзельнікамі спаткання сваімі ўраджаннямі наконт сустрэчы Экіпы Рэгіёну, якая адбылася ў пачатку жніўня пад Кракавам. Асаблівую ўвагу яны звярнулі на тое, што ў Польшчы некалькі канферэнцый былі прысвечаны менавіта дзейнасці сувязных пар.
Спецыяльна да сустрэчы экіпы былі распрацаваны і выдадзены "Дзеннікі сувязных пар", якія, маем надзею, дапамогуць сувязным парам нашага Сектара ў выкананні іх міссіі.
Пад час сустрэчы былі таксама падведзены вынікі мінулага фармацыйнага года. Сям’я Доўнараў падрыхтавала справаздачу па рэкалекцыях, а сям’я Варашэвічаў - па фінансавых справах. Уладзімір і Валянціна Паплёўкі падзяліліся сваім меркаваннем наконт пілатавання экіп ў новых рэгіёнах.
Моцным момантам сустрэчы стала урачыстая цэрымонія абнаўлення сваіх абавязкаў. Мікалай і Таццяна пыталіся кожную сям’ю аб гатоўнасці прыняць на сябе тыя ці іншыя абавязкі, а сям’я гучна адказвала:“Вось я, пашлі мяне!” Пасля гэтых слоў кс. Андрэй удзяляў персанальнае благаслаўленне кожнай сем’і на будучы фармацыйны год.
На прыканцы спаткання Мікалай і Таццяна агучылі планы і кірункі на будучы год. Усе згадзіліся з тым, што год нас усіх чакае актыўны і цікавы. Маем вялікую надзею, што Пан Бог Усемагутны дапаможа нам ва ўсіх запланаваных справах!
Просім аб малітве за ўсе сем’і нашага руху. На наступным тыдні мы зробім усе магчымае для таго, каб наш рух змог пазнаеміцца з усімі прадстаўнікамі руху беларускага Сектара больш дасканала.












