ДЗЕНЬ СЯМ'І 2015
18 ліпеня, ва Уздзе, адбылося свята сям’і, любові і вернасці, арганізатарамі якога выступілі: рух сямейнай духоўнасці Equipes Notre-Dame / Суполкi Мацi Божай (END) і супольнасць Місіянераў Святой сям’і (MSF). На свяце прысутнічалі сем святароў – духоўных дарадчыкаў руху END, а таксама каля 40 сем’яў з розных куткоў нашай краіны.
Распачалося свята Адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту, якую цудоўна прыгатавалі і правялі сем’і з Баранавіч. Падчас Адарацыі, калі сем’і дзякавалі Богу за дар жыцця і сямейнага дабрабыту, была магчымасць скарыстацца Сакрамантам Споведзі, пасля якой словы ўдзячнасці Пану, былі яшчэ больш узнёслымі.
Найважнейшым момантам свята была Святая Імша, якую ўзначаліў ксёндз Андрэй Сіповіч – духоўны дарадчык руху END на Беларусі. У гаміліі айцец Сяргей Дабрагост (MSF) з акцэнтаваў увагу аб важнасці кожнай сям’і ў планах Створцы, і нават паказаў “Дзённік Бога” у якім у падзеле “Важнае” была запісана кожная сям’я, якая прысутнічала на свяце. Актыўны ўдзел у Эўхарыстыі прынялі таксама і сем’і: чыталі Слова Божае, пелі псальмы, узносілі просьбы ў малітве верных, а падчас прынясення дароў сям’я Сасноўскіх з Гродзеншчыны, прынесла дары сваёй працы з уласнага гароду: прыгожы нацюрморт з рознай гароднінай, якую несла сям’я з пяццю дзеткамі, дзякуючы Богу за дар зямлі і працы, вельмі ўпрыгожыў працэсію з дарамі. Але гэта былі не ўсе дары сям’і Сасноўскіх, яны прывезлі з сабою столькі бульбы, якую яшчэ самі і пачысцілі, што хапіла накарміць больш сотні людзей і яшчэ раздаць лішкі.
Пасля Імшы, на дварэ каля касцёла, распачалася святочная праграма, якая працягвала паказваць аб важнасці кожнай сям’і ў Божых планах. Каб духоўна настроіцца, сем’ям было прапанавана прыпомніць сваё першае спатканне, першыя кветкі, першы пацалунак, ну і вядома - момант урачыстай прысягі адзін аднаму падчас Сакраманту Шлюбу. Праслаўляючы Бога спевамі, сем’і дзякавалі Яму за прысутнасць у сваім жыцці, за благаслаўленне дзеткамі, якіх на свяце было вельмі шмат. Ведаючы, што каля касцёла ва Уздзе ўсталяваны помнік ненароджаным дзеткам, маліліся таксама і за іх, а сімвалам гэтай малітвы сталі паветраныя шарыкі, якія дзеткі са сцэны выпусцілі ў неба, за тых, каму не наканавана было нарадзіцца.
Сем’ям, якія ў гэтым годзе святкуюць юбілей сужэнскага жыцця, былі ўручаны памяткі з віншаваннямі. На свяце прысутнічала 11 юбіляраў з тэрмінамі сумеснага жыцця ад 5 да 35 гадоў, якія засведчылі аб Божым благаслаўленні ў сваім жыцці.
Пакуль дарослыя спявалі разам з артыстамі са сцэны знаныя песні, удзельнічалі ў конкурсах, дзеці бавілі час за гульнямі, скакалі на батуце (на якім пазней скакалі і дарослыя), выяўлялі пераможцаў па настольным футболе.
Пасля кс. Андрэй паблагаславіў святочны абед, прыгатаваць які дапамаглі жанчыны з Легіёну Марыі і клерыкі MSF. Да ўжо агучанай бульбы далучыліся смачныя каўбаскі і розныя салаты, не абышлося і без прысмакаў, якія так любяць дзеці.
Падчас абеду весела гучала музыка, і падсілкаваўшыся, госці паціху пачалі прытупваць, ну і вядома, распачаліся танцы. Пад песню “Касіў Ясь канюшыну” атрымаўся вельмі забаўны і вясёлы ручаёк. Час за танцамі ляцеў весела і непрыкметна, але хатнія клопаты звалі вяртацца да сваіх дамоў, хоць рабіць гэта вельмі не хацелася. Блізіўся вечар, і са шчаслівымі ўсмешкамі сем’і, дзякуючы Богу за праведзены час, пачалі раз’язджацца, абяцаючы што абавязкова сустрэнуцца на наступным свяце Сям’і. Хвала Пану!
Таццяна і Мікалай Меляшкевічы