Артыкул 7. Святары — духоўныя дарадчыкі
Святары ўносяць у жыццё суполак бясцэнную ласку сакрамэнту святарства. Яны не выконваюць кіраўнічай функцыі. Таму іх называюць духоўнымі дарадчыкамі. Святар, духоўны дарадчык, выбіраецца сябрамі суполкі сярод святароў, якія законна нясуць святарскае служэнне згодна з канонам 324, § 2 Кодэкса Кананічнага Права. Святар-дарадчык сектара або іншай суполкі, якая выконвае пэўнае служэнне, выбіраецца сярод духоўных дарадчыкаў суполак адказнаю параю гэтай суполкі па ўзгадненні з адказнаю параю, якой падпарадкоўваецца гэтая суполка. У выпадку неабходнасці святар можа звярнуцца да свайго кіраўніцтва, каб атрымаць дазвол на выкананне гэтай функцыі. Яго служэнне працягваецца ад трох да пяці гадоў.
Святар-дарадчык Міжнароднай адказнай суполкі выбіраецца сябрамі адказнай суполкі; яго прызначэнне зацвярджаецца Апостальскай Сталіцай. Служэнне святара ў суполцы працягваецца да шасці гадоў.
Артыкул 8. Кіраванне маёмасцю
Фонд руху складаецца са штогадовых грашовых унёскаў яго сяброў, а таксама з падарункаў, датацый і магчымых завяшчанняў. Гэтая маёмасць прызначана для пакрыцця выдаткаў, звязаных з функцыянаваннем, актывізацыяй руху і яго развіццём. Рух можа набываць нерухомасць праз акт пакупкі, даравання або па завяшчанні пры ўмове, што гэтая маёмасць будзе выкарыстана для рэалізацыі мэтаў руху. Кожны, хто карыстаецца фінансавымі сродкамі руху, абавязаны даць справаздачу пра выкарыстанне атрыманых сродкаў. Штогод Міжнародная адказная суполка вызначае фінансавую палітыку руху, у прыватнасці, акрэслівае памер міжнароднага фінансавага ўнёску суперрэгіёнаў або рэгіёнаў і сочыць за яго зборам. У краінах, дзе дзейнічаюць Суполкі Маці Божай, дапускаецца магчымасць утварэння грамадзянскіх, нацыянальных або рэгіянальных аб’яднанняў, якія маюць правамоц. Як іх утварэнне, так і складанне іх статутаў патрабуе дазволу Міжнароднай адказнай суполкі. Гэтыя аб’яднанні могуць кіраваць і распараджацца маёмасцю, якая належыць Суполкам Маці Божай, штогод даючы аб гэтым справаздачу адказным руху на дадзенай тэрыторыі. Дзеля празрыстасці дзеянняў і ўзаемнага даверу бухгалтарскія дакументы грамадскіх аб’яднанняў, утвораных рэгіёнамі і суперрэгіёнамі, а таксама тых аб’яднанняў, у якіх яны ўдзельнічаюць, штогод дасылаюцца адказным таго ўзроўню актывізацыі, якому яны падпарадкоўваюцца. Гэта ж датычыць Міжнароднай адказнай суполкі, якая перадае ў калегію бухгалтарскія дакументы ўсіх аб’яднанняў, сябрам якіх яна з’яўляецца. У выпадку ліквідацыі якога-небудзь з гэтых аб’яднанняў пераразмеркаванне сродкаў будзе праведзена паводле законаў, дзейных на дадзенай тэрыторыі. Аднак Міжнароднае аб’яднанне павінна дбаць пра тое, каб гэтыя сродкі былі выкарыстаныя на карысць сяброў руху або інстытутаў, якія клапоцяцца пра сужэнствы і сем’і ў краінах, што ўваходзяць у сферу зацікаўленасці дадзеных аб’яднанняў. У выпадку ліквідацыі Міжнароднага аб’яднання Суполак Маці
Божай правы на валоданне яго маёмасцю паводле канона 310 Кодэкса Кананічнага Права будуць перададзены ў першую чаргу аб’яднанням, якія рэалізоўваюць падобныя мэты.
Артыкул 9. Змены ў Статуце
Усялякія змены ў дадзены Статут могуць быць унесеныя альбо па ініцыятыве Міжнароднай адказнай суполкі, або па прапанове дзвюх трэціх ад колькасці адказных параў у суперрэгіёне. Змены прымаюцца Міжнароднай адказнай суполкаю пасля нарады з суперрэгіёнамі пры дапамозе той жа працэдуры, якая прымянялася пры распрацоўцы дадзенага Статута. Яны павінны быць зацверджаныя Апостальскай Сталіцай.
Артыкул 10. Заключныя пастановы
Міжнародная адказная суполка і пары, адказныя за суперрэгіёны, сочаць за тым, каб унутраныя і афіцыйныя дакументы руху адпавядалі дадзенаму Статуту.
Парыж, 10 сакавіка 2002 года