Кананічны статут

( 0 Votes )

Мэты Статута:

• клапаціцца пра еднасць руху і яго ўзрастанне, захоўваючы вернасць яго першапачатковым ідэям і дапускаючы неабходную адаптацыю да новых патрэбаў, якія могуць з’явіцца ў новы час і ў новым месцы;

• забяспечыць у Касцёле ўкараненне першапачатковых ідэй заснавальнікаў руху Суполак Маці Божай і такім чынам атрымаць прызнанне яго спецыфікі;

• быць пунктам суаднясення для сяброў руху і яго адказных, а таксама своеасаблівай гарантыяй для касцёльных уладаў;

• вызначаць інстытуцыйныя адносіны паміж Суполкамі Маці Божай і Апостальскай Сталіцай.

Артыкул 1. Назва і азначэнні

Афіцыйная назва руху — Equipes Notre(Dame (Суполкі Маці Божай), у скарачэнні — END. Гэтая назва з’яўляецца агульнаю для ўсяго руху, аднак не выключаецца магчымасць яе афіцыйнага перакладу на іншыя мовы. У такім выпадку пераклад назвы суправаджаецца падзагалоўкам «Рух сужэнскай духоўнасці». Назва Equipes Notre(Dame можа быць перакладзена з дазволу

Міжнароднай адказнай суполкі (ERI) на мовы тых краінаў, дзе рух дзейнічае.

Суполкі Маці Божай як рух свецкіх асобаў з’яўляецца «прыватным міжнародным аб’яднаннем вернікаў», «якім кіруюць вернікі» згодна з Кодэксам Кананічнага Права, абвешчаным 25 студзеня 1983 года, і гэтым Статутам. У Касцёле гэты рух з’яўляецца духоўнай супольнасцю паўсюднага характару.

Артыкул 2. Сядзіба

Сядзіба руху знаходзіцца ў Парыжы: 49, rue de la Glacie`re, 75013 Paris, France. Рашэннем Міжнароднай адказнай суполкі яна можа быць перанесена ў іншае месца.

Артыкул 3. Мэта і сутнасць

Мэтаю Суполак Маці Божай з’яўляецца дапамога сужэнствам у адкрыцці і рэалізацыі ўсіх вымярэнняў сакрамэнту сужэнства з захаваннем вернасці вучэнню Касцёла. Суполкі Маці Божай як «рух духоўнай фармацыі і аднаўлення дапамагае сваім сябрам развіваць любоў да Бога і бліжняга; заклікае да братэрскай узаемадапамогі, каб яго сябры маглі — асобна і разам з сужэнцамі — прымаць рэаліі сужэнскага, сямейнага, прафесійнага і грамадскага жыцця згодна з Божаю воляю; абуджаюць у сужэнствах усведамленне іх евангелізацыйнай місіі ў Касцёле і ў свеце праз сведчанне сужэнскай любові і іншую дзейнасць у залежнасці ад іх выбару».

Артыкул 4. Сябры суполак

Сябрамі Суполак Маці Божай з’яўляюцца хрысціянскія сужэнствы, з’яднаныя сакрамэнтам сужэнства і згодныя рэалізоўваць у жыцці мэты і метады руху, акрэсленыя ў апошнім выданні Дэкларацыі (май 1972 г.), у асноўных дакументах, якія яе актуалізуюць, а таксама ў гэтым Статуце.

«Даведнік Суполак Маці Божай», выдадзены Міжнароднаю адказнаю суполкаю ў маі 2001 года з дазволу Міжнароднай калегіі, абапіраецца на вышэйзгаданыя дакументы і на гэты Статут. У сваіх палажэннях ён удакладняе ва ўнутраным рэгламенце ўмовы функцыянавання руху і яго сяброў, з’яўляецца пунктам суаднясення пры вызначэнні асаблівасцяў функцыянавання руху і можа быць зменены толькі Міжнароднаю адказнаю суполкаю па дамоўленасці з Міжнароднаю калегіяй. Кожнае сужэнства, якое выконвае ўмовы, акрэсленыя ў першым абзацы артыкула 4, можа далучыцца да Суполак Маці Божай. Пасля перыяду азнаямлення з дзейнасцю суполкі, які працягваецца не менш за год, з дапамогаю пары, што суправаджае новае сужэнства і паказвае яму розныя аспекты жыцця суполкі, новая пара ўключаецца ў жыццё руху альбо вырашае пакінуць яго. Кожны сябар руху можа выйсці з яго ў любы момант. Па ўважлівых прычынах адказныя пары мясцовага ўзроўню могуць прыняць рашэнне пра выключэнне аднаго альбо некалькіх сужэнстваў руху, з захаваннем магчымасці звароту да Міжнароднай адказнай суполкі.



 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 108 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай! З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт сужэнства.

+375333829439, +375293730091