Арцём і Жанна
МЫ ПАЗНАЁМІЛІСЯ у 2004 годзе пры засяленні у студэнцкі інтэрнат. Так здарылася, што пад дзвярамі інтэрнату ў той дзень была вялікая чарга (стаялі амаль цэлы дзень). Усе першакурснікі, амаль ніхто нікога не ведае і, вядома, у чарзе і знаёміліся. Калі адзін з новых знаёмых сказаў: Жанна, знаёмся, гэта Арцём, і мы глянулі адзін на аднаго, то я адчула, як ёкнула у сэрцы. Пазней выяснілася, што і ў Арцёма ўзнікла нейкае дзіўнае пачуццё.
Але сустракацца мы пачалі толькі праз тры гады. Дагэтуль былі звычайнымі сябрамі-аднакурснікамі. Пра тое ёканне у сэрцы неяк забылася Але Пан Бог паслаў і другі знак. Перад адным з экзаменаў падчас зімовай сесіі мы сустрэліся у мінскай катэдры. Прыйшлі туды паасобку, не дамаўляючыся. І калі я (уся ў хваляваннях перад экзаменам) заўважыла ў натоўпе Арцёма, то на сэрцы стала неяк спакойна, утульна і цёпла. У хуткім часе мы пачалі сустракацца.
І ЎЖО ПРАЗ год МЫ ЗРАЗУМЕЛІ, што тыя знакі былі невыпадковымі і што мы павінны ісці па жыцці разам.
І УЗЯЛІ ШЛЮБ 8 чэрвеня 2008 годаў Паставах у касцёле Св. Антонія Падуанскага.
РАЗАМ МЫ ЎЖО 6 год. ЗА ГЭТЫ ЧАС мы не разу не засумняваліся ў рашэнні быць разам. У нас два цудоўныя сыночкі(Максім і Лёша). Мы - адно цэлае, мы - сям'я. Зараз нават цяжка ўявіць, што калісьці мы былі проста Арцём і проста Жанна.
Да адметных момантаў нашага жыцця можна аднесці многія. Асабліва хочацца вызначыць нараджэнне нашых дзяцей. Аднак САМЫМ ЦУДОЎНЫМ МОМАНТАМ НАШАГА СУМЕСНАГА ЖЫЦЦЯ з'яўляецца наша далучэнне да руху EQUIPES NOTRE-DAMЕ.
ДА СУПОЛКІ EQUIPES NOTRE-DAME МЫ ДАЛУЧЫЛІСЯ дзякуючы Кс. Паўлу Слука, які падчас душпастырскага наведвання семяў, сказаў, што ёсць такая магчымасць сустракацца сем'ямі. Мы зацікавіліся і нас запрасілі на сустрэчу першай суполкі г. Лагойска. Мне вельмі спадабалася, аднак згадзіліся не адразу, былі нейкія сумненні (малыя дзеці, дзе знайсці час і г. д.)
Прайшло каля году, а мы ўсё не маглі вызначыцца быць нам у суполцы ці не. Аднойчы адзін са святароў параіў паўтараць фразу: "Езус, увайдзі ў маё жыццё у любы час, як толькі прыйдзе ў галаву!" і убачыце, як зменіцца ваша жыццё. З таго часу я пачала паўтараць гэтую фразу. Аднак да суполкі далучацца не спяшаліся. І аднойчы асяніла - я ж прашу Езуса ўвайсці у маё жыццё, а сама ў той жа час зачыняю дзверы, кажучы малыя дзеці і няма часу. Так мы вырашылі далучыцца да руху.
Год у пілатаванні і 12 ліпеня 2014 года мы прынялі карту руху.
І СЁННЯ МЫ МОЖАМ ЗАСВЕДЧЫЦЬ : нашае жыццё кардынальна змянілася, наша вера паглыбілася, змяніўся позірк на жыццё, памяняліся каштоўнасці, мы знайшлі адказы на шмат пытанняў.
ДЭВІЗ НАШАЙ СЯМ'І: Давяраем жыццё Богу.
І МЫ ЎПЭЎНЕНЫ, што з Божай дапамогай у нас усё атрымаецца.
ІНШЫМ СЕМЯМ НАШАГА РУХУ МЫ ЖАДАЕМ давяраць сваё жыццё Богу!