Карта ЭНД

( 3 Votes )

 

Структура Суполак Маці Божай

Адказная пара суполкі

Яе ролю і яе значэнне вызначае наступная кароткая формула: яна адказвае за братэрскую любоў. Ёй трэба рабіць усё для таго, каб суполка была супольнасцю евангельскай любові і каб кожнае сужэнства знайшло ў ёй неабходную дапамогу. Рыхтуючыся да штомесячных сустрэчаў, яна павінна супрацоўнічаць з духоўным дарадчыкам суполкі. Адказная пара забяспечвае сувязь з цэнтрам, а праз яе — з усім рухам Суполак Маці Божай. Кожны месяц яна дасылае сувязной пары справаздачу аб дзейнасці сваёй суполкі. Гэтыя справаздачы спрыяюць таму, каб праз Ліст Суполак Маці Божай кожная суполка выкарыстоўвала досвед іншых. Акрамя таго, яны дазваляюць пазнаць ступень унутранага развіцця дадзенай суполкі, у выніку чаго адказная суполка можа прымаць адпаведныя рашэнні. Кожная суполка, якая не жадае альбо не можа выконваць патрабаванняў руху, выключаецца з яго.

Як правіла, групы пакрысе перастаюць функцыянаваць, калі перагрувашчваюцца пасіўнымі сябрамі, якія ў свой час не былі выключаныя.

Калі адказная пара вымушана выключыць адно з сужэнстваў, якое не выконвае заданняў Суполак Маці Божай, яна павінна растлумачыць гэтым сужэнцам, што, хоць супольнае дабро і вымагае іх выключэння, прывязанасць сяброў суполкі да іх застаецца нязменнай. Адказная пара павінна дбаць пра тое, каб сяброўскія сувязі і кантакты засталіся такімі ж блізкімі, як і раней.

Адказная пара выбіраецца сужэнствамі падчас заснавання суполкі, а затым — напрыканцы фармацыйнага года. Сужэнства, якое выконвала абавязкі адказнай пары ў мінулым годзе, можа быць выбрана і на наступны тэрмін. Адказная суполка мае права «вета» (забароны) адносна гэтага выбару.

Адказнае сужэнства не можа добра справіцца са сваёю місіяй без малітоўнай падтрымкі. Таму сужэнцы абавязаны (за выключэннем уважлівых прычынаў) раз у тыдзень удзельнічаць у святой Імшы і штодзённа 10 хвілін прысвячаць малітве.

Роля святара ў суполцы

Кожная суполка павінна быць забяспечана пастаяннаю дапамогаю святара. Ніякія, нават найлепш апрацаваныя планы дзейнасці не заменяць яго дактрынальнага і духоўнага ўнёску. Менавіта ён не толькі акрэслівае прынцыпы дзейнасці, але таксама дапамагае сужэнствам захоўваць іх у штодзённым жыцці. Гэтае супрацоўніцтва прыносіць плён. Святары і сужэнствы вучацца разумець адно аднаго, шанаваць і падтрымліваць: сужэнствы прымаюць ад святара важныя апостальскія інтэнцыі; святар згадвае падчас святой Імшы гэтыя сужэнствы, намаганні, барацьба і жаданні якіх яму добра вядомыя.

Пакліканне новай суполкі

Пакліканне новай суполкі — справа далікатная. Занадта паспешнае распачынанне дзейнасці без дакладнага вызначэння мэтаў і сродкаў, як правіла, прыводзіць да паражэння. Таму неабходны як мінімум тры сустрэчы — для чытання і каментавання Дэкларацыі з дапамогаю пары, якая кіруе новаю суполкаю.

Пасля таго, як міне прыблізна адзін год, сужэнствы новай супольнасці запрашаюцца да ўступлення ў рух. Затым у прысутнасці пары, якая прадстаўляе адказную суполку, яны абяцаюць захоўваць дух і патрабаванні Дэкларацыі Суполак Маці Божай.

Прыняцце новага сужэнства ў суполку

Новапрынятае сужэнства павінна пазнаёміцца з Дэкларацыяй. З дапамогаю адказнай пары або аднаго з сужэнстваў суполкі яно вывучае Дэкларацыю, а затым стараецца паступова выконваць акрэсленыя ў ёй абавязкі. Пасля гадавога выпрабавальнага тэрміну яно прымаецца ў суполку пры той нагодзе, калі іншыя сужэнствы аднаўляюць свае абяцанні.

Якім чынам новаму сужэнству можна перадаць фармацыю, атрыманую сужэнствамі суполкі падчас абмеркавання асноўных тэмаў? Адказная пара павінна дапамагчы яму пазнаёміцца з асноўнымі тэмамі, дапускаючы магчымасць часовага вызвалення яго ад разважанняў на чарговыя тэмы, узнятыя ў суполцы.

Ліст Суполак Маці Божай

Паміж адказнаю суполкаю і суполкамі, якія ёй падпарадкоўваюцца, незалежна ад іх геаграфічнай аддаленасці, павінен быць усталяваны цесны кантакт. Не менш важная братэрская сувязь паміж самімі суполкамі, якая ўзнікае дзякуючы дапамозе, малітве і ўзаемапазнанню.

Ліст Суполак Маці Божай, адрасаваны кожнаму сужэнству, стварае і падтрымлівае двайную сувязь — перпендыкулярную і вертыкальную. У ім можна знайсці самыя новыя звесткі пра суполкі, самыя цікавыя сведчанні, вышэйзгаданы рэдакцыйны артыкул, тэксты малітваў на штодзённыя сустрэчы, інфармацыю і г. д.

Сувязныя пары — сектары — рэгіёны

Ліст Суполак Маці Божай хоць і з’яўляецца вельмі карысным, але ён недастатковы для таго, каб неабходныя сувязі паміж цэнтрам і суполкамі былі цесныя і плённыя. За наладжванне такіх сувязяў адказваюць розныя органы руху. Кожная суполка даверана апецы сувязной пары (яна апякуецца трыма–пяццю суполкамі). Акрамя таго, суполкі аб’яднаныя ў сектары, а сектары — у рэгіёны. Пары, адказныя за сектары, і пары, адказныя за рэгіёны, адказваюць за добрую дзейнасць давераных ім суполак.

Маючы частыя кантакты з адказнаю суполкаю усяго руху, узгаданыя вышэй пары перадаюць іншым суполкам яе прапановы і сістэматычна інфармуюць яе аб жаданнях і патрэбах гэтых жа суполак. Дзякуючы такім кантактам адносіны паміж суполкамі і цэнтрам не маюць чыста адміністрацыйнага характару, а напаўняюцца братэрскай сардэчнасцю.

Адказная суполка

Яна складаецца са святара і сужэнстваў. Гэта не толькі адміністрацыйны орган, але і рухаючая сіла ўсяго гэтага вялікага арганізма, які складаецца з усіх суполак. Яе місія заключаецца ў падтрымцы жывой духоўнасці і цвёрдай дысцыпліны. Адказная пара павінна быць блізкаю да Бога ў малітве і блізкаю да суполкі ў сардэчнай прыязнасці да яе. Сябры Суполак Маці Божай павінны падтрымліваць яе малітваю і дапамагаць сваёй увагаю і прапановамі.

Сужэнствы павінны ўспрымаць сваё ўступленне ў Суполкі Маці Божай і прыняцце Дэкларацыі не як вынік свайго шляху, а як яго пачатак. Закон хрысціянскага сужэнства — любоў. А любоў жа не ведае межаў, яна ніколі не стамляецца.

 

8 снежня 1947 г. у свята Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі



 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 250 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай. З’яўляемся беларускім сектарам міжнароднага руху сужанскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамант шлюбу.

life :) (025) 759 13 62
МТС (029) 570 48 45
Vel.: (029) 968 26 06
Чакаем навіны на um5@tut.by