Абавязкі кожнага сужэнства
Сужэнствы ўступаюць у Суполкі Маці Божай у пошуках дапамогі. Аднак яны не вызваляюцца ад уласных намаганняў. Таму, каб скіраваць іх на правільны шлях і падтрымаць, Суполкі Маці Божай патрабуюць ад іх наступнага:
а) распрацоўкі асабістых правілаў жыцця (разнароднасць сужэнстваў не дае магчымасці прапанаваць нолькавыя правілы для ўсіх). Без правілаў жыцця адвольнасць вельмі часта кіруе рэлігійным жыццём сужэнцаў і робіць яго хаатычным. Гэтыя правілы жыцця (кожнае сужэнства распрацоўвае свой уласны) акрэсліваюць намаганні, якія прыкладае кожнае сужэнства, каб лепей выконваць Божую волю.
Тут маецца на ўвазе не павелічэнне абавязкаў, а іх удакладненне, што дапаможа сужэнствам узмацніць сваю волю і пазбегнуць адступніцтва і здрады. Парады і дапамога святара неабходныя для таго, каб засцерагчыся ад празмернай нагрузкі і не пайсці шляхам найменшага супраціўлення. Сужэнства не абавязана прадстаўляць перад суполкаю ні прынятыя ім правілы жыцця, ні метады іх выканання. Аднак заўважна, што некаторыя дапамагаюць адны адным нават у гэтай сферы;
б) штодзённай супольнай малітвы разам з дзецьмі (па меры магчымасці), таму што сям’я павінна аддаваць пашану Богу, а супольная малітва мае вялікую моц;
в) штодзённага чытання малітвы Суполак Маці Божай у еднасці з усімі сужэнствамі гэтага руху;
г) практыкавання штомесячнага абавязку «сужэнскай размовы» («Прысядзем разам!»). Для кожнага сужэнства гэта добрая магчымасць падвесці вынікі дасягнутага этапу развіцця;
д) разважання ў сужэнстве над тэмаю, узнятаю суполкаю ў бягучым месяцы, перасылкі сваіх меркаванняў адказнай пары ў пісьмовым выглядзе перад сустрэчаю, а таксама ўдзелу ў сустрэчы;
е) чытання рэдакцыйнага артыкула Ліста Суполак Маці Божай;
і) штогадовага ўдзелу ў закрытых рэкалекцыях (мінімум 48 гадзін), па магчымасці муж і жонка павінны прымаць удзел разам. Перад уступленнем у суполку дастаткова толькі адных рэкалекцый;
к) штогадовага ахвяравання — у форме дару — плёну аднаго дня іх працы, каб забяспечыць матэрыяльнае існаванне і развіццё руху, якому ў пэўнай ступені яны абавязаны сваім духоўным узбагачэннем;
л) наведвання, прыняцця і частавання з братэрскім сэрцам сужэнстваў іншых суполак, калі для гэтага з’явіцца нагода.
(З мая 1970 г. ад кожнага сябра Суполак Маці Божай патрабуецца таксама наступнае:
• штодзень дзесяць хвілін прысвячаць на маліву;
• рэгулярна чытаць Святое Пісанне;
• адкрываць сэнс хрысціянскай аскезы, а таксама прыкладаць намаганні для таго, каб увесці яе ў жыццё хрысціянскага сужэнства.)