Летнія рэкалекцыі для сужэнцаў прайшлі ў Баранавічах з 31 ліпеня па 2 жніўня 2026 г.

Не ўхіляйцеся адно ад аднаго ў Хрысце

У рэкалекцыях Руху END, тэмай якіх сёлета выбраны пытанні будавання сужэнскіх адносінаў і блізкасці, прынялі удзел 19 пар. Сужэнцам з дзеткамі дапамагалі аніматары: дзякуючы іх самаадданай працы бацькі мелі магчымасць засяродзіцца на духоўных практыкаваннях і прысвяціць час адно аднаму.

У сваіх канферэнцыях кс. Андрэй Лысы SChr звярнуў увагу, што сужэнскія адносіны будуюцца на трох узроўнях – розуму, волі і любові. На кожным з іх ёсць высілкі і плёны, а пэўныя занядбанні вядуць да разбурэння еднасці. Святар таксама закрануў пытанні фізіялогіі і маралі сужэнскай блізкасці з пазіцый вучэння Каталіцкага Касцёла.

Псіхалагічныя аспекты сужэнскіх адносінаў у шырокім разуменні і інтымнай блізкасці разгледзела сп. Вераніка Рогач, хрысціянскі псіхолаг і сямейны дарадчык.

Лектары дзяліліся з удзельнікамі матэрыялам, заснаваным на прафесійных ведах, Божым слове, веравучэнні  Каталіцкага Касцёла, актуальных навуковых даследаваннях у псіхалогіі і фізіялогіі. Гэта дазволіла па-новаму паглядзець на сужэнскія адносіны, усвядоміць прыгажосць, выключнасць і  святасць блізкасці паміж мужам і жонкай.

Глыбока перажыць рэкалекцыі дапамагалі супольная малітва, невялічкія служэнні, знаёмствы удзельнікаў адно з адным, практыкаванні ў міні-групах, Адарацыя і магчымасць споведзі.

А запрашэннем да шчырага сужэнскага дыялогу, які ёсць падставай для адносінаў, стаў падрыхтаваны арганізатарамі сюрпрыз – сапраўдны рамантычны вечар.

Вялікі дзякуй кс. Андрэю, сп. Вераніцы, Артуру і Кацярыне Ваяводскім – арганізатарам рэкалекцый, а таксама аніматарам і ўсім удзельнікам за цудоўны час духоўнага ўзрастання.

Адлюстраваннем перажытай атмасферы стаў цудоўны верш аднаго з удзельнікаў, Віталія Яцкевіча з Лагойска:

 

Складана мне той верш пачаць, які павінен расказаць.

Пра ўсе падзеі ў жыцці, што дазваляюць уверх расці.

Бярэ пачатак ўся падзея ў дзень, а  нават пад вячэру.

Калі Артур патэлефанаваў і запісацца прапанаваў.

 

І вось у вечар пасля працы з каханай сталі сабірацца.

Адразу шмат сумненняў, нават смутак:

“Якое узяць адзенне і абутак?

Куды дзяцей малых падзець, каб больш зручней з усімі пасядзець?”

І вырашыўшы ўсе пытанні гэтай фазы,

у дарогу кінуліся мы адразу.

 

Прыехаўшы на месца, размясцілісь,

пасля сваім жыццём мы падзялілісь:

“Дзе мы, адкуль, і хто такія,

якія справы ў нас, і мы самы якія.”

А раніцою, амаль з ранку, распачалася ў нас навука - не гулянка.

Пачулі там, як трэба жыць сужонкам, а па-народнаму - мужу з жонкай.

Навука тая - наша дапамога, якая йдзе ад сэрца, мабыць, Бога.

Каб жылі мы па правілам, законам,

якія слушныя прад нашым Богам:

“Кахаць павінен жонку муж,

але і сам  каб ён ёй быў не чуж.”

Увечары на балі для каханых,

мы разважалі аб сямейных справах,

і што за дзень тут з намі адбылося,

і тое, што ў думках засталося.

А сёння пасля супольнага дзялення,

адправімся ўсе па сваіх сяленнях,

з якіх сюды мы паз'язджалісь,

навуку спасцігалі, развівалісь.

 

Падзякаваць хачу я сёння Богу,

што Ён мяне мяне вядзе ўласціваю дарогай.

З Артурам, Кацяй пазнаёміў,

сюды прывёў без нейкіх перашкодаў.

І Вам ўдзячны ўсім, сябры,

што побач з намі тут  былі,

і на навуцы, на святой Імшы,

дарылі частачку нам сваёй душы.

Няхай усіх Вас Бог аберагае,

цяплом і ласкаю бацькоўскай атуляе.

І водзіць толькі той дарогай,

дзе добры словы будуць перамогай.

І каб былі мы побач, недалёка,

калі патрэбна будзе наша дапамога.

 

Тэкст: Вольга Краскоўская

Верш: Віталій Яцкевіч

Фота: Дзмітрый і Караліна Дабаровіч

Каб паглядзець фатаграфіі ў добрай якасці перайдзице па спасылцы: Фатаграфіі ў добрай якасці

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 170 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай! З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт сужэнства.

+375333829439, +375293730091