Сабраныя
ў імя Хрыста
(Дапаможнік для суправаджальнай пары)
Пераклад з польскай паводле дакумента: «Zgromadzeni w imię Chrystusa (zeszyt dla pary pilotującej)»
Змест
Тры галоўныя вымярэнні, у якіх адбываецца служэнне суправаджальнай пары.. 4
Тры практычныя аспекты місіі суправаджальнай пары.. 6
Прапануемы шлях фармацыі 8
Увядзенне новых суполак у Рух END.. 10
Дэкларацыя END 1947 года і дакумент «Што такое Суполкі Маці Божай?» 1977 года. 12
Педагагічная структура штомесячных сустрэчаў у суполцы.. 14
План першай сустрэчы.. 17
Праца над канкрэтнымі заданнямі, 22
або «Шляхі жыцця». 22
II–IV сустрэчы: удзельнікі вучацца жыць у супольнасці 23
Адказная пара суполкі 30
V–VIII сустрэчы суполкі. 33
Шлях ва ўлонні руху. 33
ІХ сустрэча. 38
Падвядзенне вынікаў першага года. 38
«Уік-энд» новых суполак. 39
Магніфікат. 40
Дарагія сябры!
Суполка, адказная за ваш сектар, абрала вас для выканання абавязкаў суправаджальнай пары, і вы прынялі на сябе гэтае служэнне, вельмі важнае для новай суполкі, якая робіць першыя крокі ў END. Дзякуем вам ад імя ўсяго руху. Сапраўды, добры старт новай суполкі мае вялікае значэнне для яе далейшага шляху, а таксама для жыццяздольнасці ўсяго руху.
Для таго, каб падтрымаць вас у выкананні гэтага задання, а таксама паспрабаваць адказаць на пытанні, перад якімі вы апынецеся, робячы гэтую справу, быў падрыхтаваны гэты дапаможнік. Ён складзены з улікам досведу тых сужэнскіх параў, якія ўжо каля дзесяці гадоў суправаджаюць новыя суполкі, і на аснове матэрыялаў, распрацаваных у Францыі і Бельгіі з часу зараджэння руху. Мы пастараліся, каб гэты дапаможнік быў як мага больш поўным, змястоўным і лёгкім для ўспрыняцця.
Апостальскае служэнне Суполак Маці Божай, у якім і вы прымеце ўдзел, ахоплівае тры асноўныя вымярэнні: духоўнае, чалавечае і супольнаснае. Памятаючы пра гэта, складальнікі кнігі спецыяльна засяродзяць вашу ўвагу на прынцыпах і метадах, дзякуючы якім вы зможаце падтрымліваць новую суполку ў яе адкрыццях на працягу ўсяго года. Гэтая кніга дапаможа вам, не зважаючы на ўласныя недахопы, нанова даверыцца Пану ў выкананні сваёй місіі — так, як гэта зрабіў святы Павел: «Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці» (2 Кар 12, 9).
Тры галоўныя вымярэнні,
у якіх адбываецца служэнне
суправаджальнай пары
Духоўная адказнасць
Суправаджальная пара паклікана да выканання задання, якое вынікае з наказаў Пана Бога. У той жа час гэта пакліканне да больш глыбокага перажывання любові да братоў, якіх даручае нам рух і якія пад вашаю духоўнаю апекаю будуць рэалізаваць свае задачы і абавязкі ў сужэнстве і супольнасці.
Для суправаджальнай пары гэта нагода да аднаўлення ў Духу Святым. І наколькі малітва, чытанне Божага слова, удзел у сакрамэнтах і духоўных практыкаваннях заўсёды важныя для нашага асабістага развіцця, настолькі большае значэнне яны набываюць тады, калі мы асаблівым чынам пакліканыя да духоўнай блізкасці з некаторымі братамі.
З вашага боку гэта будзе канкрэтны адказ на атрыманы заклік, гэта будзе спосаб выявіць сваю ўдзячнасць за магчымасць з дапамогаю руху больш глыбока перажываць веру, удзячнасць за пакліканне, якое адкрывае бескарыслівую і незаслужаную любоў Бога. Ён яшчэ раз захацеў надзяліць нас сваім дарам.
Адказнасць перад чалавекам
Суправаджальная пара бярэ на сябе таксама звычайную чалавечую адказнасць, якая патрабуе ад яе прыслухоўвацца да іншага чалавека. Пара павінна рабіць гэта не толькі ўважліва і цярпліва, але і з поўнай адданасцю і суперажываннем, усведамляючы, што ў кожным чалавеку ёсць часцінка праўды, якая павінна быць пазнаная і адкрытая хаця б толькі ім самім. Таму суправаджальная пара прымае пад сваю апеку людзей на тым этапе, на якім яны знаходзяцца ў дадзены момант, дапамагаючы ім дасягнуць чалавечых і духоўных каштоўнасцяў. Гэта патрабуе асабістага ўдзелу ў жыцці новай суполкі. Праявай гэтага ўдзелу, апрача ўсяго іншага, павінна стаць аўтэнтычнае, проста і зразумела пададзенае сведчанне ўласнага жыцця, уважлівае прыгляданне да жаданняў і зацікаўленняў сяброў суполкі, а перадусім пашана да іх сціпласці і сарамлівасці.
Адказнасць перад рухам
Гэтая адказнасць заключаецца ў тым, каб паказаць новай суполцы рух такім, якім ён на дадзены момант з’яўляецца, разам з усёй рэальнаю моцаю ласкі, якой адарыў яго Бог («харызма Суполак Маці Божай»). Аднак гэта трэба зрабіць пакорна, як належыць асобам, што належаць да гэтага руху. Такім чынам, суправаджальная пара абавязкова павінна добра ведаць рух, дух і методыку якога будзе прадстаўляць новай суполцы.
Падагулім патрабаванні, якія стаяць перад суправаджальнаю параю новай суполкі Маці Божай:
- маліцца за суполку і сужэнствы, якія ў яе ўваходзяць;
- старацца як мага бліжэй пазнаёміцца з кожнай парай і яе жыццёвым досведам;
- дбаць пра ўласную фармацыю і вывучаць дакументы, выдадзеныя рухам END, асабліва гэты дапаможнік.
Тры практычныя аспекты
місіі суправаджальнай пары
Чаканні маладых параў шматлікія і разнастайныя, трэба толькі пазнаць іх:
- маладыя чакаюць дапамогі, але пераважна ў форме «прапановы», парады;
- многія жадаюць паглыбіць сваю любоў адно да аднаго, каб яна была больш шчасліваю;
- іншыя імкнуцца лепш арыентавацца на «рэлігійным» узроўні;
- хтосьці вельмі клапоціцца пра развіццё сваіх чалавечых якасцяў;
- некаторыя вельмі цікавяцца сацыяльным аспектам жыцця.
Суправаджальная пара ў сваіх дзеяннях павінна кіравацца добразычлівасцю і спрыяць фармаванню духа ўзаемадапамогі, а менавіта:
- прымаць кожнага такім, якім ён ёсць;
- спрыяць развіццю пачуцця свабоды ва ўдзельнікаў, выяўляць сяброўскія і адкрытыя адносіны да іх;
- прыслухоўвацца да жаданняў, матывацый і апасенняў сяброў суполкі;
- не ствараць уражання, што іх прымусова завярбоўваюць у дзейнасць руху;
- прапаноўваць розныя спосабы дзейнасці і заахвочваць да іх выпрабоўвання;
- даваць сведчанне з уласнага вопыту;
- спалучыць прад’яўленне патрабаванняў з гнуткасцю.
Задачы, якія неабходна выканаць падчас працы ў супольнасці і якія сужэнствы будуць рэалізоўваць у далейшым:
- дапамагчы маладым сужэнствам у вядзенні дыялогу — навучыць іх слухаць адно аднаго ў сужэнстве і ў стасунках з іншымі парамі, асцерагацца асуджэння, шукаць або ахвяроўваць дапамогу;
- стымуляваць кожнага да адкрыцця багацця малітвы, адносінаў з Богам па прынцыпу «для Цябе і Табе», не чакаючы занятку № 5, што прысвечаны малітве і называецца «Любоў, якая жывіцца Богам»;
- скіроўваць новую суполку да адкрыцця шматлікіх каштоўнасцяў, якія заключаюцца ў сужэнстве;
- дзяліцца сваёй радасцю ад прыналежнасці да адной з суполак Маці Божай і абуджаць у іншых жаданне глыбей пазнаць рух;
- падтрымліваць узнікненне сяброўскіх адносінаў у суполцы;
- бліжэй знаёміцца з удзельнікамі суполкі, распавядаючы адно аднаму пра свае жыццёвыя справы;
- падтрымліваць кантакты з удзельнікамі суполкі ў перыяды паміж сустрэчамі, заахвочваць іх да матэрыяльнай узаемадапамогі і сяброўскіх сустрэчаў.
У падагульненне адзначым, што моцнае сяброўства паміж удзельнікамі суполкі, іх жаданне падтрымліваць адно аднаго і весці дыялог павінны дапамагчы кожнаму застацца сабою і развіць сваю асобу.
Прапануемы шлях фармацыі
Гэты шлях будзе новым для ўсіх — як для сяброў новай суполкі, так і для вас. Незалежна ад досведу, які вы ўжо маеце дзякуючы ўдзелу ў жыцці сваёй суполкі або суправаджэнню новых суполак, гэта будзе зусім іншы шлях, адрозны ад таго, што вы перажывалі раней, бо людзі, якія будуць вам давераныя, з’яўляюцца непаўторнымі, як і тыя жыццёвыя шляхі, што прывялі іх у Суполкі Маці Божай.
Непрыдатным (або амаль непрыдатным) будзе для вас папярэдні досвед. У гэтым сэнсе ніякі раней атрыманы вопыт не ўдасца спалучыць з тым, што вас чакае наперадзе. Адзінай кропкай суаднясення застанецеся для сябе вы самі і ваша жыццё ў сужэнстве. Таму пастарайцеся гэта ўсвядоміць з самага пачатку.
Год, прысвечаны знаёмству з нашым рухам
На гэты год распрацавана 8 тэматычных сустрэчаў. У кожнай тэме разглядаецца які-небудзь адзін аспект жыцця ў супольнасці або ў сужэнстве, а таксама падаецца апісанне аднаго канкрэтнага задання, якое трэба будзе выканаць (шлях жыцця).
Частка першая
1. Утварэнне суполкі.
2. Супольнасць у малітве.
3. Любоў, якая ствараецца.
4. Любоў перамененая.
Частка другая
5. Любоў, якая жывіцца Богам.
6. Досвед любові ў штодзённым жыцці.
7. Любоў, адкрытая на бліжніх.
8. Любоў трывалая і верная.
9. Заключная сустрэча.
Фармацыя падчас «ўік-энда»
Пасля цэлага года знаёмства з нашым рухам праводзіцца «ўік-энд» для таго, каб дапоўніць гэтую фармацыю. Падчас яго сустракаюцца некалькі новых суполак, якія прайшлі вышэйакрэслены цыкл заняткаў. Тут ім прапануецца дадатковае навучанне аб сужэнскай духоўнасці і духоўнасці Руху END, а таксама больш інтэнсіўнае практычнае знаёмства з метадамі, якія яны ўжо выкарыстоўвалі на працягу ўсяго года, асабліва з тымі, якія датычацца выканання канкрэтных заданняў.
Такім чынам, знаёмству новых суполак з нашым рухам прысвячаецца адзін год (8 сустрэчаў), пасля чаго праводзіцца дадатковы фармацыйны «ўік-энд» (т.зв. «ўік-энд новых суполак»).
Увядзенне новых суполак у Рух END
Увядзенне новых суполак у Рух END мае вялікае значэнне, таму што дазваляе ім непасрэдна знаёміцца з рухам. Суправаджальныя пары могуць дастасоўваць прапанаваныя матэрыялы да патрэбаў сужэнстваў, якія складаюць новую суполку, да тэмпу развіцця супольнасці, адначасова захоўваючы самае істотнае ў праграме сустрэчаў.
Такая адаптацыя прапанаваных матэрыялаў да патрэбаў канкрэтнай суполкі можа адбывацца за кошт перафармулёўкі пытанняў або ўвогуле падбору іншых пытанняў, за кошт самастойна прыдуманага тлумачэння пэўнага задання на дадзены месяц, расстаноўкі асаблівых акцэнтаў на тым ці іншым аспекце тэмы, нагадвання характару Руху END і г. д.
Дапаможныя матэрыялы самі па сабе нейтральныя. Галоўнае — надаць ім больш жывы характар, дастасоўваючы да сужэнстваў, якія ўтвараюць суполку. У такім выпадку вельмі каштоўным будзе меркаванне духоўнага дарадчыка, асабліва калі ён ужо знаёмы з Суполкамі Маці Божай.
Кожная з васьмі сустрэчаў павінна быць падрыхтавана і падагулена з удзелам суправаджальнай пары. Папярэдняя падрыхтоўка да сустрэчаў дапаможа пазбегнуць лішніх стратаў часу і энергіі. Падвядзенне вынікаў напрыканцы кожнай сустрэчы дапаможа вам скіраваць супольную працу на правільны шлях у выпадку адыходу ад асноўных прынцыпаў.
Падрыхтоўка
Прадумаць ход сустрэчы — гэта ў першую чаргу задача суправаджальнай пары.
Куды мы імкнемся прыйсці? Якая ў нас кропка адпраўлення? Якія шляхі, метады, тэарэтычную базу мы выбіраем? На якія пытанні будзем шукаць адказы? Які досвед ужо маем?
Неабходна вызначыць задачы суправаджальнай пары у падрыхтоўцы сустрэчы, задачы сужэнства, якое прымае ў сваім доме ўдзельнікаў сустрэчы. задачы духоўнага дарадчыка, які дапамагае суполцы.
Важна таксама вызначыць часавы расклад сустрэчы і прытрымлівацца яго.
На наступным этапе падрыхтоўкі ўдзельнічае пара, якая будзе прымаць у сябе суполку, і, калі гэта магчыма, духоўны дарадчык.
Дзякуючы гэтаму другому этапу суправаджальная пара зможа канкрэтызаваць сваё ўяўленне пра ход сустрэчы і праверыць, наколькі яно адпавядае патрэбам суполкі. Мэта гэтага этапа — пазнаёміць усе пары суполкі з асобнымі часткамі сустрэчы і пераканаць іх у неабходнасці падрыхтоўкі да сустрэчы, каб яна была як мага больш эфектыўнай.
Падагульненне
Напрыканцы кожнай сустрэчы суправаджальная пара (а затым — адказная пара) робіць кароткае падагульненне з дапамогаю наступных пытанняў:
- Ці кожны кожны меў магчымасць выказацца?
- Ці клапаціліся мы пра тое, каб кожны быў выслуханы з увагаю?
- Ці завязалася паміж намі сяброўства?
- Ці прынялі мы якія-небудзь пастановы? Якія?
Такое падагульненне можа быць добраю падрыхтоўкаю да наступнай сустрэчы.
Вялікае значэнне мае запісванне падагуленых вынікаў у сшытку, які стане чымсьці накталт Дзённіка супольнасці.
Рэзюмэ
Такім чынам, да кожнай сустрэчы трэба рыхтавацца з удзелам пары, якая будзе прымаць у сваім доме суполку, і духоўнага дарадчыка. Пасля кожнай сустрэчы неабходна падвесці яе вынікі з дапамогаю ўсёй суполкі. Дапаможныя матэрыялы трэба выкарыстоўваць з індывідуальным падыходам, згодна са спецыфікай той ці іншай суполкі.
Дэкларацыя END 1947 года
і дакумент «Што такое Суполкі Маці Божай?» 1977 года
Спантанна ўзніклы ў 1938 годзе Рух Суполак Маці Божай, заснаваны айцом А. Кафарэлем, шчасліва перажыў падзеі Другой сусветнай вайны. Яго далейшае развіццё патрабавала распрацоўкі статута, які ў 1947 годзе быў названы Дэкларацыяй. Праз 30 гадоў адбылася яе практычная актуалізацыя.
У наш час суправаджальная пара можа ў вялікай ступені абаперціся на першапачатковую рэдакцыю Дэкларацыі, а таксама на далейшыя змены ў ёй для таго, каб адшукаць той дух, які спадарожнічаў утварэнню руху END, і даведацца пра педагагічныя прынцыпы, якія ляжаць у аснове жыцця суполак, асабліва пра ролю духоўнага дарадчыка.
Роля святара ў суполцы (паводле Дэкларацыі 1947 года)
Кожная суполка павінна забяспечыць сабе падтрымку святара, таму што ніякі план працы не можа замяніць дактрынальную і духоўную базу, якую прыносіць у суполку святар. Ён не толькі тлумачыць яе асновы, але і дапамагае парам інтэрпрэтаваць іх у кантэксце ўласнага жыцця. Такое супрацоўніцтва вельмі плённае. Святар і сем’і вучацца ўзаемаразуменню, пашане, узаемадапамозе: пары прымаюць узнёслыя апостальскія інтэнцыі святара, ён жа ў сваю чаргу, цэлебруючы эўхарыстычную Ахвяру, даручае Богу сужэнствы, чые высілкі, змаганні і жаданні ён ведае.
Заахвочваем вас цяпер задаць сабе два пытанні, якія датычацца святара, «духоўнага дарадчыка», што згадзіўся дапамагаць вам ісці па шляху да Пана.
Ці сапраўды вы карыстаецеся ўсім багаццем яго святарскага служэння?
У той час, калі ў многіх рэгіёнах, дзе ёсць жывы Касцёл, не хапае святароў, а там, дзе святары ёсць, яны часцей за ўсё абцяжараныя абавязкамі, мы павінны карыстацца іх дапамогаю толькі ў тым выпадку, калі спецыяльнае святарскае служэнне проста неабходнае. Ці так адбываецца ў вашай суполцы? Ці задумваліся вы над тым, якое месца вы адводзіце ў суполцы свайму духоўнаму дарадчыку і што вы ад яго чакаеце? Ён не павінен прымаць за вас адказнасць у суполцы, але вы як суполка можаце і павінны прасіць яго аб усім, што звязана з яго святарскім служэннем. Ці не варта было б узняць гэтую праблему на адной з сустрэчаў у суполцы?
Якім чынам вы выказваеце яму сваю ўдзячнасць?
Яшчэ нават у наш час многія хрысціяне разглядаюць святароў як «чыноўнікаў», якія проста выконваюць свае абавязкі. Безумоўна, гэта не датычыцца сяброў вашай суполкі. Аднак ці прымаеце вы свайго духоўнага дарадчыка як «брата ў Езусе Хрысце»?
Святар шмат ахвяруе дзеля вас. Што вы даеце яму ўзамен? Ці раздзяляеце яго душпастырскія клопаты? Ці памятаеце пра іх у сваёй малітве? Ці мелі вы нагоду аказаць святару канкрэтную дапамогу ў яго служэнні? Ці прапанавалі яе яму? Безумоўна, тут не ідзе гутарка пра ператварэнне суполкі ў групу парафіяльных актывістаў, а хутчэй пра тое, што называецца «насіць цяжар адзін аднаго».
З другога боку, ці думаеце вы пра фінансавую дапамогу святару? Магчыма, ён мае вельмі абмежаваныя сродкі. Таму было б добра арганізаваць у суполцы штогадовы збор сродкаў для духоўнага дарадчыка, дзе кожны складаў бы ахвяраванні па меры сваіх магчымасцяў.
Педагагічная структура
штомесячных сустрэчаў у суполцы
Асноўныя палажэнні
Кожная сустрэча будзе для суправаджальнай пары нагодаю для таго, каб:
- праз выкананне канкрэтных заданняў, якія маюць на мэце духоўны ўзрост удзельнікаў, паказаць ім, у якім духу дзейнічае Рух END: гэта дух узаемнай братэрскай дапамогі ў межах суполкі і паміж суполкамі;
- пазаць удельнікам сэнс сустрэчаў, малітвы, шчырага абмену думкамі, раскрыць значэнне ўзнятай тэмы і сумеснага пасілку ў перспектыве жыцця хрысціянскай супольнасці. У дадзеным выпадку важней за ўсё стварыць для суполкі тыя магчымасці, дзякуючы якім яна зможа перажыць гэтыя разнастайныя моманты сустрэчы, а не паслухаць тэарэтычнае іх тлумачэнне;
- пры магчымасці, падчас дзялення жыццёвым досведам, даваць канкрэтнае сведчанне аб тым, якія пастаўленыя перад чалавекам задачы могуць дапамагчы яму ў працы над сабою і ў яго духоўным росце.
Ход сустрэчы
Суправаджальная пара павінна сачыць за часам, які вызначаны на правядзенне сустрэчы, а таксама ўлічваць форму, у якой адбываецца той ці іншы яе этап (пасілак, малітва і г.д.).
Пасілак.
Ён распачынаецца з благаслаўлення ежы, павінен быць простым і лёгкім, дзякуючы чаму паспрыяе вядзенню размоў і ўсталяванню братэрскай атмасферы.
Супольная размова.
Суправаджальная пара павінна кіраваць абменам думкамі і жыццёвым досведам. На самым пачатку трэба, каб кожная з параў прадставілася, расказала пра свій род дзейнасці, пра сваю сям’ю... Няхай пары пазнаёмяцца паміж сабою як можна лепш і хутчэй. Несумненна, было б добра правесці такую размову ўжо падчас пасілку.
Малітва.
Суправаджальная пара павінна кантраляваць час, які вылучаны на малітву, а таксама сачыць за яе зместам, які павінен быць дастасаваны да патрэбаў суполкі. Паступова кожная пара становіцца актыўным удзельнікам малітвы, спачатку гэта можа быць проста называнне інтэнцый. Суправаджальная пара павінна звяртаць увагу на тое, каб малітва не была зацягнутая ў часе: гэта датычыць і самой суправаджальнай пары, і сяброў суполкі. Распачаць малітву можа пара актывізатараў (аніматараў) суполкі, прачытаўшы перад гэтым фрагмент для медытацыі.
Дзяленне жыццёвым досведам.
Амаль на кожнай сустрэчы неабходна нагадваць сябрам суполкі, у якім духу павінна праходзіць дзяленне жыццёвым досведам. Яно з’яўляецца нагодаю для ўзаемнай дапамогі паміж парамі. Суправаджальная пара таксама прымае ўдзел у дзяленні досведам, па магчымасці дапамагаючы іншым сваімі канкрэтнымі прыкладамі. Паступова трэба выпрацаваць разам з суполкаю хуткую, але дакладную тэхніку вуснага абмеду досведам па любой праблеме. Кожны раз неабходна грунтоўна разглядаць толькі адно канкрэтнае пытанне, бегла закранаючы іншыя, моцна не засяроджваючыся на іх. Напрыканцы гэтага этапа трэба агучыць тэму для абмену досведам на наступнай сустрэчы і сцісла патлумачыць яе.
Гутарка па вызначанай тэме.
Гэта не даклад, падрыхтаваны супаваджальнай парай, і не лекцыя духоўнага дарадчыка. Кожны з удзельнікаў робіць свой унёсак у тое, каб разам з іншымі сябрамі суполкі паразважаць на вызначаную тэму. Калі ёсць жаданне, адна з пар (кожны раз іншая) можа кіраваць размоваю. Гэта дазволіць кожнаму навучыцца ўмела заахвочваць іншых узяць слова і эфектыўна выслухоўваць іх.
Неабходна будзе растлумачыць парам, што вывучэнне абранай тэмы заключаецца не ў інтэлектуальнай працы, а ў тым, каб у святле гэтай тэмы паразважаць над сваім жыццём і распазнаць, што ў гэтым жыцці варта было б змяціць, кіруючыся пазнанаю ісцінай. Дзякуючы гэтаму абмен думкамі не будзе пераходзіць у дыскусію, а стане супольным пошукам Божага замыслу і волі, а таксама спосабам знайсці адказ на іх.
Урэшце рэшт, з самага пачатку суправаджальная пара павінна сачыць за тым, каб сустрэчы праходзілі без марнавання часу. Дзякуючы актыўнаму рытму сустрэчаў пары, якія будуць у іх удзельнічаць, прызвычаяцца да таго, што сустрэча кожны раз заканчваецца ў вызначаную гадзіну, пасля чытання гімна «Магніфікат».
План першай сустрэчы
Мэты і метады
Умовы, у якіх будзе праходзіць першая сустрэча, могуць быць вельмі розныя: у некаторых выпадках сужэнскія пары ўвогуле не ведаюць адна адну, у іншых — цалкам наадварот, яны ўтвараюць супольнасць яшчэ за некалькі месяцаў да таго, як вырашаць уступіць у Рух Суполак Маці Божай.
Таму было б добра, каб суправаджальная пара даведалася пра такія падрабязнасці ў адказнай пары свайго сектара і згодна з атрыманай інфармацыяй прадумала ход першай сустрэчы, якую зазвычай яна сама і праводзіць.
Тым парам, якія не ўтваралі раней супольнасці, можна прапанаваць наступнае:
- няхай кожная з іх прадставіцца, па чарзе беручы слова;
- няхай пары прачытаюць супольную малітву (у той форме, якая прынята ў Суполках Маці Божай, або выбранай па якім-небудзь іншым прынцыпе);
- няхай пары задумаюцца над тым, якім чынам яны будуць утвараць суполку.
Што датычыць сужэнстваў, якія ўжо добра ведаюць адно аднаго, то падчас першай сустрэчы ўжо не трэба будзе траціць шмат часу на знаёмства. Пасля супольнай малітвы можна больш грунтоўна паразважаць над тым, чаму гэтыя сужэнствы выбралі Суполкі Маці Божай і якім чынам яны ўтвораць сваю суполку.
І ў адным, і ў другім выпадку не варта далёка заходзіць у тлумачэнні метадаў і структуры руху падчас першай сустрэчы суполкі, канечне, выключаючы тыя выпадкі, калі трэба будзе адказаць на пытанне, якое можа ўзнікнуць з гэтай нагоды і будзе непасрэдна звязана з гэтаю тэмаю. Для развіцця суполкі прынцыпова, каб гэтыя метады і структура руху з самага пачатку былі не мэтаю дзейнасці, а дапаможнымі сродкамі на шляху да Пана, і выкарыстоўваліся ў той форме, якую ўдзельнікі самі для сябе вызначаць.
Урэшце рэшт, старайцеся падтрымліваць усё, што дапаможа ўдзельнікам суполкі здабыць больш свабоды. Для гэтага асабліва паклапаціцеся пра наступнае:
- каб сустрэчы суполкі былі як мага больш ажыўленыя і радасныя, чаму паспрыяе ўнёсак кожнага ўдзельніка;
- каб ход сустрэчы новай суполкі не паўтараў з дакладнасцю ход сустрэчы ў іншых суполках, якія вы ўжо ведаеце і з якімі працавалі раней. Можна змяніць чарговасць асобных этапаў сустрэчы або іх форму. Кожная суполка павінна вызначыць, што ёй найбольш адпавядае;
- каб малітва была як мага больш спантанная. З самага пачатку пазбягайце «ўціскаць» яе ў вельмі цвёрдыя рамкі;
- каб усе мелі шанец узяць слова. Для гэтага ўмела заклікайце да парадку балбатуноў і заахвочвайце выказацца нясмелых.
З вялікай увагаю прыслухоўвайцеся да імкненняў гэтай маладой суполкі і дапамажыце ёй «згуртавацца»: Рух Суполак Маці Божай павінен служыць парам, а не пары — руху!
Практыка
Перад тым, як увасобіць у жыццё ўсе этапы сустрэчы, трэба распавесці пра кожны з іх асобна, улічваючы яго асаблівасці, таму што не заўсёды відавочна, як кожны з іх павінен праходзіць і якое ён мае значэнне. У першую чаргу трэба растлумачыць вартасць і сэнс асобных частак сустрэчы для Суполак Маці Божай.
Пасілак
Трэба падкрэсліць, што гэты час мае вялікую вартасць з пункту гледжання дзялення адзін з адным (дзяленне хлебам — гэта саўдзел у жыцці), гасціннасці (трэба надаць сустрэчам рухомы характар праз змену месца сходу; дом, у якім адбываюцца сустрэчы, павінен быць непасрэдным увасабленнем нашай ахвяры з таго, чым мы валодаем), радаснага застолля...
Варта нагадаць сабе і іншым, што найлепшыя рэчы наш Пан здзяйсняў менавіта падчас супольнага пасілку, асабліва гэта датычыцца Эўхарыстыі. Такім чынам Ён падкрэсліваў каштоўнасць тых момантаў, калі мы збіраемся разам і разам выконваем пэўную працу...
Супольная размова
Гэта не павінен быць «даклад» пра ўсё тое, што мы зрабілі на працягу месяца, або пра штосьці выключна цікавае, таму што ніхто з нас не перажывае кожны месяц незвычайныя падзеі. Трэба каб з самага пачатку ўсвядоміць: усё, што мы звычайна робім, цяпер мы павінны «прачытваць інакш», больш уважліва і глыбока. Мы павінны настроіцца на гэта і прызвычаіцца да гэтага, запісваючы падзеі, якія нас «паглыналі» на працягу апошняга месяца (калі такое вядзенне запісаў узяць сабе за правіла, то яно хутка прынясе добры плён).
Увага! З самага пачатку сачыце, каб супольная размова не стала месцам дыспутаў. Будзьце чуйныя, далучайцеся да размовы і тактоўна заклікайце да парадку, калі раптам размова павернецца не ў тым кірунку.
Малітва
Трэба абавязкова растлумачыць удзельнікам, што форма іх выказвання неістотная, галоўнае, што дзякуючы малітве суполка перажывае асаблівы час дыялогу з Богам. Сэнс у тым, каб распавесці пра справы, якія ляжаць у вас на сэрцы, з простасцю і шчырасцю, не клапоцячыся пра правільнасць фармулявання сказаў або пра падбор адпаведных словаў...
Асабліва на першай сустрэчы супольная малітва няпростая, таму што ў большасці выпадкаў людзі не прызвычаеныя да таго, каб уголас выказваць свае малітоўныя інтэнцыі.
Дзяленне жыццёвым досведам
Не будзем разглядаць гэты этап тэарэтычна, таму што ён з’яўляецца інтэгральным складнікам тэмы сустрэчы.
Абмеркаванне тэмы
На працягу першага года існавання суполкі тэксты, якія асвятляюць тэмы сустрэчаў, прапануюцца Рухам і змешчаныя ў падручніку для новых суполак.
З самага пачатку важна падкрэсліць, што рэфлексія над кожнаю з прапанаваных тэмаў — гэта нагода паглыбіць веды пра тыя жыццёвыя пытанні, якія моцна хвалююць нас.
Варта заахвоціць кожную пару да таго, каб яна запісвала свае разважанні на вызначаную тэму. Гэта неабходна рабіць па дзвюх прычынах:
- каб пазбегнуць хвіліннай імправізацыі;
- каб рэфлексія сужэнцаў была глыбокай і ясна выкладзенай.
- Трэба падкрэсліць, што гэтая праца пераўзыходзіць рамкі сустрэчы і прадугледжвае існаванне двух іншых складнікаў:
- размовы паміж самімі сужэнцамі;
- удзялення часу на тое, каб падумаць і выкласці разважанні на паперы.
Прапанова: можна выбраць наступны варыянт. Кожна пара адсылае вынікі сваіх разважанняў суправаджальнай пары перад сустрэчаю. Тады на падрыхтоўчай сустрэчы яна разам з сужэнствам, якое будзе прымаць у гасцях суполку, можа прадумаць некалькі канкрэтных пытанняў, якую-небудзь адну ідэю, якая будзе разгледжана ў ходзе сустрэчы суполкі.
Перад развітаннем
Апошняя частка сустрэчы прадугледжвае магчымасць свабоднай гутаркі паміж удзельнікамі. Гэта слушная і вельмі добрая справа. Але перад тым, як канчаткова завяршыць сустрэчу, трэба зрабіць яшчэ дзве рэчы:
- прачытаць малітву «Магніфікат»;
- вызначыць дату наступнай сустрэчы.
Трэба патлумачыць сужэнствам значэнне жыцця ў супольнасці і даверу да Марыі, які павінен нарадзіцца дзякуючы чытанню «Магніфіката», а таксама давесці, што менавіта ў гэтым знаку выяўляецца еднасць і братэрства ўсіх суполак на свеце.
Што датычыць планавання наступнай сустрэчы, то нельга дазволіць, каб група разышлася, перш чым будзе вызначана месца і дата гэтай сустрэчы, а калі магчыма, то і падрыхтоўчага сходу.
На завяршэнне не забудзьцеся пра падагульненне і ўдакладненне праграмы наступнай, другой сустрэчы.
«Мы дапамагаем адно аднаму ўзрастаць у веры, стараючыся асаблівым чынам працаваць над некаторымі пытаннямі, дзякуючы якім у нас абуджаюцца і ўзмацняюцца тры рэчы: імкненне да праўды, дасведчанасці і пачуццё прыналежнасці да супольнасці».
Штодзённая размова з Панам «ад сэрца да сэрца» (малітва) |
Жонка з мужам і дзеці; сужэнская і сямейная малітва |
Штомесячны праўдзівы і шчыры дыялог паміж сужэнцамі перад абліччам Бога |
Штомесячнае разважанне над адным складнікам са сферы асабістых адносін з іншымі і праца над гэтым («правілы жыцця») |
Рэгулярнае слуханне Божага слова (lectio divina) |
Штогадовая сустрэча суполкі перад абліччам Пана (духоўныя рэкалекцыі) |
Праца над канкрэтнымі заданнямі,
або «Шляхі жыцця»
У розных раздзелах падручніка прааналізаваныя некаторыя сферы, якія патрабуюць канкрэтных намаганняў з боку сужэнцаў. Добра было б з самага пачатку заўважыць «унутраную сувязь паміж тымі заданнямі, якія прапануюцца парам, а таксама вядучы матыў, дзякуючы якому гэтыя заданні скіраваныя да адной мэты».
Паводле Дэкларацыі 1947 г. і дакумента 1977 г., а таксама прапановаў а. Кафарэля адносна ўзаемнай духоўнай дапамогі для пар, якія належаць да Суполак Маці Божай, гэтых сапраўдных адзінак Касцёла, сфера прыкладання канкрэтных намаганняў застаецца той жа самай:
- сістэматычнае слуханне Божага слова;
- прысвячэнне часу на штодзённую малітву перад абліччам Пана;
- штодзённая сустрэча сужэнцаў на малітве (калі магчыма, у коле сям’і);
- прысвячэнне часу на штомесячны шчыры сужэнскі дыялог перад абліччам Пана (заданне «Прысядзем разам!»);
- вызначэнне ўласных «правілаў жыцця» і штомесячная праверка таго, як вы рухаецеся па гэтым шляху;
- штогадовы ўдзел у рэкалекцыях (прынамсі 2-дзённых, г. зн., працягласцю 48 гадзін) і разважанне над тым, што вы перажылі падчас іх (па магчымасці, разам з сужэнцам).
Гэтыя заданні дапамагаюць прайсці тыя этапы, якія сапраўды пазначаюць і будуюць нашыя «шляхі жыцця», якія судакранаюцца адзін з адным, залежаць адзін ад аднаго, надаюць адзін аднаму прывабнасці і захапляльнасці. Звычайна напрыканцы кожнага пройдзенага шляху чарговасць паасобных этапаў мае меншае значэнне, чым намаганні, прыкладзеныя да іх. Дзякуючы захапляльнасці кожнага асобнага этапа і ўсіх іх разам заціраецца абавязковы характар, які ім калісьці прыпісваўся, яны становяцца проста сродкамі, і кожны дабравольна карыстаецца імі, каб дасягнуць духоўнага росту, а таксама — і ў першую чаргу — развіцця чалавечнасці, гуманнасці ў нашым штодзённым жыцці.
II–IV сустрэчы:
удзельнікі вучацца жыць у супольнасці
Уступныя назіранні і прынцыпы дзеяння
Першая сустрэча дапамагла парам лепш пазнаёміцца адна з адной і зразумець, што Суполкі Маці Божай — гэта:
- у чалавечым вымярэнні — група сяброў;
- у духоўным вымярэнні — хрысціянская супольнасць.
Першы досвед сустрэчы ў суполцы даў яе ўдзельнікам уяўленне пра важнасць кожнай яе часткі: пасілку і супольнай размовы, малітвы і дзялення жыццёвым вопытам, абмену думкамі па тэме разважанняў. Але першы досвед яшчэ не дазваляе ім ацаніць усяго багацця, якое крыецца ў гэтым пачынанні, і нават яго мэты, таму што ўдзельнікі яшчэ не ўсё распавялі пра свае чаканні і патрэбы... нават калі атмасфера ўсталявалася ўжо вельмі добрая.
Сяброўства, давер і адкрытасць паступова будуць займаць сваё месца ў адносінах паміж удзельнікамі, якія будуць завязвацца на працягу наступных трох сустрэчаў. Пра добрую падрыхтоўку гэтых сустрэч павінна паклапаціцца суправаджальная пара разам з духоўным дарадчыкам і парай, якая будзе прымаць суполку ў сваім доме, а таксама, калі гэта магчыма, з парай актывізатараў, або аніматараў (гэта можа быць тая самая пара, якая прымала ў сябе суполку папярэдні раз).
Дзякуючы гэтаму падрыхтоўчы сход надае рытм самім сустрэчам, таму што спрыяе больш цесным кантактам паміж новымі парамі. Гэтыя кантакты садзейнічаюць непасрэднай адкрытасці на міжасобасныя і духоўныя адносіны з іншымі — адносіны, якія развіваюцца ў прастаце і праўдзе, таму што ўсё адбываецца ў сяброўскай атмасферы.
Рэзюмэ
Варта падкрэсліць вялікае значэнне кантактаў, якія суправаджальная пара ўсталёўвае падчас гэтых першых месяцаў з рознымі парамі і з духоўным дарадчыкам новай суполкі. Гэтыя кантакты дазваляюць суправаджальнай пары дзяліцца радасцю сустрэчы з новымі сябрамі і яднаюць усе этапы распачатага шляху.
Знаёмства з жыццём у суполцы на практыцы
Напрыканцы кожнай сустрэчы суправаджальная пара вылучае дзве канкрэтныя прапановы на наступны месяц, якія датычацца духоўнага росту ўдзельнікаў і якія трэба перажыць у поўні, у супольнасці з іншымі парамі.
Па-першае, гэтыя прапановы датычацца ўсталявання і ўтрымання кантактаў паміж парамі суполкі, перадусім яны арыентаваны на дзяленне досведам па тэме таго канкрэтнага задання, знаёмства з якім адбудзецца на наступнай сустрэчы. Чарговасць знаёмства з канкрэтнымі заданнямі адлюстравана ў падручніку: у межах першых 4 сустрэчаў гэта будзе Божае слова і заданне «Прысядзем разам!».
Падчас кожнай сустрэчы суправаджальная пара ўкараняе на практыцы педагогіку выканання канкрэтных заданняў. Дзякуючы яе сведчанню і заахвочванню адкрываецца магчымасць «перадаць эстафету» новай пары, на кожнай сустрэчы — іншай, у межах абмену думкамі на зададзеную тэму, пасля папярэдняга абмеркавання на падрыхтоўчым сходзе.
З I па IV сустрэчу суправаджальная пара дапамагае суполцы развіваць дух узаемадапамогі ў чалавечай і духоўнай сферы. У сувязі з гэтым яе падыход да кожнай часткі сустрэчы павінен характарызавацца імкненнем задаволіць чаканні і патрэбы кожнага ўдзельніка, кожнай пары, якая належыць да суполкі, а таксама клопатам пра тое, каб кожны ўдзельнік быў выслуханы. У гэтым на дапамогу суправаджальнай пары павінен прыйсці духоўны дарадчык, які з’яўляецца паўнапраўным сябрам суполкі.
На практыцы: суправаджальная пара можа цалкам абаперціся на план сустрэчаў, які прапанаваны ніжэй. |
||
№ сустрэчы |
Тэма |
Педагогіка |
ІІ сустрэча |
Малітва падчас сустрэчы |
Дзяленне досведам |
ІІІ сустрэча |
Супольнасць |
Заданне «Прысядзем разам!» |
IV сустрэча |
Сакрамэнт сужэнства |
Божае слова |
Малітва падчас сустрэчы
Суправаджальная пара ў сваіх дзеяннях шукае падтрымку ў малітве, чэрпае сілы з чытання Божага слова і разважання над ім, праслаўляючы Бога так, як Марыя ў гімне «Магніфікат».
Перш чым распачаць малітву падчас сустрэчы, варта яшчэ раз нагадаць кожнаму ўдзельніку тое, аб чым гаварылася на першай сустрэчы: вельмі важна «разам з сужэнцам, а калі магчыма — з усёй сям’ёй, чытаць Божае слова, а затым вучыцца маліцца, абапіраючыся на прачытанае» (паасобку або разам).
Падчас супольнай размовы на другой сустрэчы трэба даць слова кожнай пары, каб яна распавяла, якое месца ў яе асабістым і сужэнскім жыцці займае малітва. Прааналізаваўшы пачутае, суправаджальная пара павінна высветліць, якое значэнне надаюць малітве ўдзельнікі суполкі, і затым прапанаваць перайсці непасрэдна да этапа супольнай малітвы.
Духоўнага дарадчыка трэба запрасіць да таго, каб ён пракаментаваў фрагмент Святога Пісання, на якім будзе грунтавацца малітва ўдзельнікаў.
Затым трэба ініцыяваць удзельнікаў (па жаданні) узяць слова па чарзе — па коле, так, як яны сядзяць. Першай слова можа ўзяць суправаджальная пара.
Час, прысвечаны малітве, не павінен быць вельмі цвёрда падпарадкаваны ўнутранаму раскладу заняткаў, прынамсі на першых чатырох сустрэчах.
Тым не менш, трэба падкрэсліць, што існуе вялізная розніца ў рэлігійнай культуры маладых параў і ні ў якім разе нельга ігнараваць патрэбы індывідуальнага прыстасавання да ўдзелу ў малітве, а таксама патрэбу кожнага ў той ці іншай ступені выяўляць сваю актыўнасць. Суправаджальная пара і духоўны дарадчык могуць паспрыяць такому асабістаму далучэнню кожнага ўдзельніка да супольнай малітвы, уважліва выслухоўваючы сведчанні іх уласнага досведу.
Паступова можна будзе дапамагаць сужэнствам адпаведнымі друкаванымі матэрыяламі: кнігамі, часопісамі і малітоўнікамі, якія дазволяць знайсці адказы на розныя пытанні, што датычацца канкрэтных жыццёвых праблемаў або нашага штодзённага жыцця.
Урэшце рэшт, суправаджальная пара можа прапанаваць маладым парам марыйную малітву ў свабоднай і метафарызаванай форме — тую малітву, якая будзе чытацца напрыканцы кожнай сустрэчы.
Абмен вопытам у выкананні заданняў
Пачынаючы з другой сустрэчы суправаджальная пара павінна распавесці ўдзельнікам пра ўсе канкрэтныя заданні і схематычна ахарактарызаваць іх, таму што яны будуць разглядацца падчас сустрэчаў на працягу першага года.
Слушна будзе нагадаць, што кожнае заданне — гэта толькі сродак, які вядзе да духоўнага росту, а не мэта сама ў сабе. Усе разам гэтыя заданні ўяўляюць сабою нібы «скрынку з прыладамі», дзе ўсе «прылады» ўзаемадапаўняльныя і кожная з іх вузка спецыялізаваная. Духоўны прагрэс пэўнай асобы, пары, супольнасці ў канчатковым выніку можа абапірацца толькі на адну такую «прыладу» або карыстацца іх разнастайнасцю і ўзаемадапаўняльнасцю, асабліва што датычыць выканання задання «Прысядзем разам!»
Вопыт, які атрымаюць пары ў дачыненні да кожнага канкрэтнага задання падчас абмену думкамі, пасля дапаможа ім як мага больш эфектыўна карыстацца гэтымі «прыладамі».
Менавіта на такім узроўні ўзаемадапамога ў сужэнстве і ў суполцы мае прынцыповае значэнне ў сферы чалавечай і духоўнай.
Такім чынам, абмен вопытам падчас сустрэчы суполкі мае вялікае значэнне: улічваючы гэта, пасля супольнай малітвы суправаджальная пара павінна запрасіць удзельнікаў да абмену вопытам у форме свабодных разважанняў над канкрэтнымі заданнямі. Кожны, жадаючы падзяліцца як цяжкасцямі, так і багаццем свайго жыцця ў сужэнстве, сям’і, сведчыць пра ўласныя рэальныя і фактычныя перажыванні.
Вельмі важна разам шукаць крыніцы поспеху і прычыны няўдачаў, а таксама сродкі да эфектыўнай узаемадапамогі.
На працягу першых сустрэч трэба выразна акрэсліць розніцу паміж супольнаю размоваю, якая разгортваецца вакол пэўных жыццёвых падзей, і духоўным абменам вопытам на тэму канкрэтных заданняў, які з’яўляецца сапраўднай узаемадапамогай да духоўным шляху.
Сужэнская супольнасць
Тэма для разважанняў на трэцяй і чацвёртай сустрэчы — будаванне саюза паміж мужчынам і жанчынаю ў хрысціянскім вымярэнні.
Шматлікія пытанні па гэтай тэме павінны быць таксама аб’ектам індывідуальнай працы кожнай пары ў межах задання «Прысядзем разам!», якое ўласна з гэтай мэтаю і прапануецца Суполкам Маці Божай.
Суправаджальная пара з дапамогаю духоўнага дарадчыка павінна прыступіць да гэтай захапляльнай, але вельмі інтымнай тэмы з усёй далікатнасцю. Тут асабліва трэба ўнікаць тэарэтычных, павярхоўных і бясплённых дыскусій, а замест гэтага даваць канкрэтнае сведчанне ўласнага жыцця і заахвоціць маладыя пары да пісьмовага адказу на пытанні, прапанаваныя ў падручніку.
Такая пісьмовая падрыхтоўка заўсёды застаецца чымсьці асабістым і не выходзіць па-за сужэнскае кола, але актывізуе розум для абмену досведам у суполцы.
Праз некаторы час гэтыя запісы, дапоўненыя і ўзбагачаныя элементамі, якія будуць пачэрпнуты з досведу іншых сяброў суполкі, стануць своеасаблівым дзённікам сужэнскай пары і адлюструюць этапы пройдзенага ёю духоўнага шляху. І калі потым сужэнцы захочуць прыгледзецца да свайго сужэнскага жыцця, гэтыя «сляды» дапамогуць ім скарыстацца агульным досведам суполкі.
Заданне «Прысядзем разам!»
Геніяльная інтуіцыя падказвала айцу Кафарэлю, якім чынам можа быць пабудаваны дыялог сужэнцаў перад Богам. Гэты дыялог прадугледжвае ўпарадкаванне некаторых канкрэтных заданняў — такіх як чытанне Божага слова (служыць у якасці ўводзінаў да задання «Прысядзем разам!»), а таксама сужэнская малітва (стварае спрыяльны клімат для выканання задання «Прысядзем разам!»).
Змест сужэнскага дыялогу можа быць прысвечаны выбару «правілаў жыцця» і малітве, якія з’яўляюцца асабістымі рэчамі, а таксама дням духоўных сустрэчаў, у якіх удзельнічае пара.
Суправаджальная пара павінна закранаць гэтую спецыфічную для Суполак Маці Божай тэму з перакананнем, што яна дасць добры плён у служэнні сужэнскаму саюзу, які дае свету прамяністы вобраз сямейнага жыцця праз сакрамэнт сужэнства.
Сакрамэнт сужэнства
Абмен думкамі на тэму сакрамэнту сужэнства адбываецца падчас чацвёртай сустрэчы, таму што вымагае ад удзельнікаў новай суполкі больш глыбокага знаёмства адзін з адным. У цэнтры гэтага абмену думкамі знаходзіцца духоўнае будаўніцтва саюзу. Адказы на шматлікія пытанні, пастаўленыя ў падручніку для новых суполак, павінны грунтавацца на чытанні адпаведных матэрыялаў і пісьмовых разважаннях, падрыхтаваных з апораю на Божае слова.
Тут таксама неабходны ўнёсак духоўнага дарадчыка, які мае асаблівы душпастырскі досвед у падрыхтоўцы параў да сакрамэнту сужэнства.
Суправаджальная пара ў сваю чаргу павінна даць доказы дабратворнага ўплыву сакрамэнту на сужэнскае жыццё, распавёўшы пра тыя цяжкасці і радасці, якія з’явіліся ў яе жыцці пасля заключэння шлюбу.
Божае слова
Слуханне або чытанне Божага слова — гэта спажытак для душы, неабходны не толькі тым, хто знаходзіцца ў духоўным пошуку, але і ўсім людзям у штодзённым жыцці з яго змаганнямі і клопатамі. Штодзённае слуханне або чытанне Божага слова чыніць з кожнага чалавека, кожнага саюза, кожнай супольнасці сведку часу, у які мы жывём, чыніць з нас носьбітаў Добрай Навіны.
Суправаджальная пара і духоўныя дарадчык заахвочваюць маладыя сужэнствы адкрываць Божае слова ва ўсім — у біблійных тэкстах, у жыцці, у адносінах з іншымі людзьмі. Потым можна падзяліцца адзін з адным гэтым словам падчас малітвы суполкі, заўсёды застаючыся гатовымі да братэрскай узаемадапамогі.
Рэзюмэ
Вось і прайшлі чатыры месяцы. Суправаджальная пара, карыстаючыся падтрымкаю духоўнага дарадчыка і з актыўным удзелаў кожнай з параў па чарзе выканала заданне актывізцыі (анімавання) і сведчання жыцця. Рух, з’яўляючыся крыніцаю педагогікі, якая служыць пошуку сужэнскай духоўнасці, цяпер прапануе новай суполцы распачаць больш незалежнае жыццё, выбраўшы адказную пару.
Адказная пара суполкі
У Дэкларацыі акрэсліваецца аб’ём заданняў адказнай пары, якая выбіраецца на пачатку чацвёртай сустрэчы новай суполкі.
Адна кароткая формула вызначае яе ролю і падкрэслівае важнае значэнне: яна адказная за братэрскую любоў. Яе заданне — учыніць так, каб суполка давала свету вернае сведчанне евангельскай любові, дзякуючы якой кожная пара знойдзе патрэбную ёй дапамогу.
Адказнай пары адразу даручаецца падрыхтоўка штомесячных сустрэчаў разам з духоўным дарадчыкам суполкі.
Менавіта адказная пара запяспечвае сувязь суполкі з рухам, а тым самым — з усімі суполкамі Маці Божай.
Гэтая пара толькі тады зможа добра выканаць сваю місію, калі паклапоціцца пра свой малітоўны «тыл», таму абое адказных сужэнцаў штотыдзень абавязаныя ўдзельнічаць у святой Імшы (за выключэннем сур’ёзных перашкодаў), а таксама штодзень прысвячаць 10 хвілін на малітву.
Тымчасам суправаджальная пара не перастае дапамагаць новай суполцы, і аказвае сяброўскую падтрымку сужэнству, якое было абрана адказнаю параю, асабліва ў падрыхтоўцы наступных сустрэчаў, у кантактах з рухам як на ўзроўні сектара, так і на агульнанацыянальным узроўні.
Адказная пара павінна дбаць пра тое, каб сябры новай суполкі як мага інтэнсіўней далучаліся да жыцця руху. Сужэнствы супрацоўнічаюць з духоўным дарадчыкам, каб у поўні чэрпаць з багацця «Касцёла ў Руху», які рэпрэзентуюць Суполкі Маці Божай, падобна да многіх іншых арганізацый у свеце, толькі з той спецыфікай, з той асаблівасцю, што Рух Суполак Маці Божай шукае і рэалізуе ў жыцці элементы сужэнскай духоўнасці, якая адлюстроўвае любоў Бога да людзей.
Сужэнцы суправаджальнай пары павінны сведчыць новаабранай адказнай пары пра тое, якія ласкі яны атрымалі, калі самі былі абраныя для выканання такой жа функцыі. Абавязкі адказнай пары ўскладаюцца на сужэнства не больш чым на два гады запар, каб іншыя ўдзельнікі суполкі ў сваю чаргу таксама мелі магчымасць узяць на сябе такую адказнасць, што паспрыяе іх асабоваму і духоўнаму развіццю.
Зрэшты, для нашага руху характэрна тое, што яго ўдзельнікі дабравольна прымаюць прынцып перадачы адказнасці на ўсіх узроўнях па чарзе асобным парам і ў тым рытме, які ўласцівы выконваемым функцыям (ад 1 года для адказнай пары суполкі да 6 гадоў у выпадку сужэнсваў, што ўваходзяць у склад Міжнароднай Суполкі).
Пасля выбару адказнай пары суполкі суправаджальная пара мае яшчэ адно заданне: прадставіць удзельнікам арганізацыйную структуру руху, распавесці пра функцыі параў, якія дзейнічаюць на розных узроўнях, а таксама ўдакладніць план далейшых сустрэчаў у бягучым годзе і ў наступных.
Узроўні адказнасці ў руху:
- сувязная пара — з’яўляецца на сустрэчы новай суполкі і, як гаворыць сама яе назва, забяспечвае сувязь паміж суполкаю і сектарам;
- адказная суполка сектара — арганізуе дні духоўных сустрэчаў і сустрэчы ў «змешаных суполках»;
- адказная пара рэгіёна — ладзіць сустрэчы адказных параў суполак і праводзіць «ўік-энды» новых суполак;
- адказная суполка краіны — забяспечвае актыўную дзейнасць усіх суполак і публікуе «Ліст», на які новая суполка можа падпісацца, як толькі спіс яе ўдзельнікаў трапіць да нацыянальнага сакратарыята Суполак Маці Божай;
- Міжнародная суполка — каардынуе дзейнасць усяго руху і штогод збірае прадстаўнікоў 40 тысяч суполак з усяго свету; апошні з’езд меў месца ў Сант’яга-дэ-Кампастэла ў верасні 2000 года з удзелам 4 тысяч сужэнстваў і 400 святароў.
Урэшце, з мэтаю захавання якога-небудзь пісьмовага следу, які пазней дапаможа вярнуцца да найбольш значных падзей у жыцці новай суполкі, суправаджальная пара, якая напрыканцы кожнай сустрэчы рабіла нататкі падчас падвядзення вынікаў, са згоды суполкі можа зрабіць адкрыццё сшытка актыўнай памяці; весці гэты сшытак прызначана адказная пара суполкі, і ён будзе спадарожнічаць суполцы так доўга, як доўга яна будзе існаваць; ён будзе пераходзіць з рук адной адказнай пары да другой, як эстафета, што перадаецца ў бегу да «любові шляхам шчасця і святасці» — так на міжнародным з’ездзе, што адбыўся ў Люрдзе ў 1988 годзе, сказаў айцец Аліўе, які прагнуў аднаўлення духу ў Суполках Маці Божай.
V–VIII сустрэчы суполкі.
Шлях ва ўлонні руху
Уступны агляд і прынцып дзеяння
Часта, не чакаючы дзевятай — выніковай — сустрэчы, або «ўік-энда», якім завяршаецца гадавая праца, суправаджальная пара арганізуе прамежкавае падвядзенне вынікаў, перш чым пакіне кіраванне суполкаю і саступіць месца адказнай пары суполцы, каб тая магла свабодна выявіць свае імкненні, якія датычацца яе новых функцый.
З гэтаю мэтаю можна звярнуцца да дакумента 1976 года «Што такое суполкі Маці Божай?», які надалей застаецца актуальным, у якім асучасніваюцца палажэнні Дэкларацыі ад 8 снежня 1947 года і даюцца парады па практычным яе прымяненні. Абапіраючыся на прачытаныя дакументы, кожная пара можа вызначыць, наколькі прапанаваны праект, аблічча руху і выбраны шлях адпавядае яе спадзяванням і патрэбам, памятаючы аднак, што педагогіка Руху Суполак Маці Божай поўнасцю яшчэ не распрацавана.
Тады можна змяніць пэўныя формы і нават змест узаемных дароў чалавечай і духоўнай дапамогі — гэта трэба ўзяць пад увагу ў перспектыве чатырох сустрэч, якія прыпадаюць на другую палову года. Зразумела, суправаджальная пара дапамагае адказнай пары суполкі ў рэалізацыі структуры і зместу наступных сустрэч па дамоўленасці з суполкаю і духоўным дарадчыкам, з улікам зробленых заўваг (яны захоўваюцца ў пісьмовай форме ў сшытку актыўнай памяці новай суполкі).
Мы як сужэнскія пары жадаем у поўні рэалізаваць ласкі сакрамэнту сужэнства і сэнс абранага шляху: мы прагнем удваіх ісці да Бога, карыстаючыся сродкамі, якія прапануе нам рух, з дапамогаю суполкі і выконваючы канкрэтныя заданні.
Практычны працэс фармацыі ва ўлонні руху
Прапануем вам з канца IV сустрэчы больш намаганняў прыкладаць да чытання Божага слова (проста захоўваць некалькі хвілін цішыні пасля Lectio divina).
Трэба таксама мець на ўвазе, што хоць заданне «Прысядзем разам!» атрымала рэалізацыю ў жыцці новай суполкі, але кожная пара па-рознаму ўспрымае яго.
Урэшце, іншыя канкрэтныя заданні былі толькі бегла згаданыя і ўдзельнікам суполкі будзе вельмі цікава даведацца, на чым грунтуецца малітва, як практыкаваць сужэнскую і сямейную малітву, што мы называем «правіламі жыцця» і куды можна адправіцца на рэкалекцыі?
Жаданне даведацца пра ўсё гэта цалкам нармальнае. Трэба знайсці адказы на гэтыя пытанні, дбаючы пра разважлівы педагагічны падыход, тым больш, што часам могуць з’явіцца непрыемныя вынікі, калі не прытрымлівацца задуманага ў рэалізацыі розных частак сустрэчы.
Суправаджальная пара, карыстаючыся падтрымкаю духоўнага дарадчыка, павінна нагадаць адказнай пары ніжэй прапанаваную схему, якая дапаможа ёй праводзіць сустрэчы з большай карысцю для кожнага ўдзельніка, кожнай пары і, урэшце, усёй суполкі.
Працягласць сустрэчы: не больш за 3 гадзіны.
Агульны план сустрэчы
(выкарыстоўваецца як варыянт)
1-я гадзіна: |
пасілак і супольная размова |
|
2-я гадзіна: |
1. малітва |
1. чытанне Божага слова; 2. разважанні над Божым словам (уголас); 3. малітоўныя інтэнцыі |
2. дзяленне вопытам, які датычыцца выканання канкрэтных заданняў
|
||
3-я гадзіна: |
гутарка па вызначанай тэме (вывучэннем тэмы пары займаюцца на працягу папярэдняга месяца; гутарка ў суполцы праходзіць у свабоднай форме пад кіраўніцтвам адказнай пары суполкі) |
|
Апошнія 15 хвілін сустрэчы: |
падвядзенне вынікаў і чытанне малітвы «Магніфікат» |
Паглыбленне ведаў пра канкрэтныя заданні на працягу V–VIII сустрэчаў
№ сустрэчы |
Тэма |
Педагогіка |
V сустрэча |
Малітва ў нашым жыцці |
Асабістая малітва |
VI сустрэча |
Любоў на ўсё жыццё |
Сужэнская і сямейная малітва |
VII сустрэча |
Сведчанне |
«Правілы жыцця» |
VIII сустрэча |
Любоў трывалая і верная |
Дні духоўных сустрэч |
Асабістая малітва
Мы даведаліся пра значэнне малітвы (тэма V сустрэчы) у жыцці кожнага з сужэнцаў, кожнай пары і суполкі.
Асабістая малітва, якую называюць яшчэ «ўнутранай», — гэта адносіны любові да Бога, якія развіваюцца дзякучы дыялогу сэрца, гэта малітва par excellence, але навучыцца ёй няпроста. Таму ў гэтым выпадку духоўны дарадчык павінен адыграць важную ролю як «настаўнік малітвы» ў суполцы. На ім ляжыць заданне распавесці ўдзельнікам пра гэтую форму малітвы, якая акажацца новай рэччу для многіх маладых пар.
У час абмену вопытам па тэме гэтага канкрэтнага задання кожны раз неабходна агаворваць умовы, дзякуючы якім становяцца магчымымі такія адносіны з Богам — іх складана падтрымліваць, і таму вельмі часта яны застаюцца занядбанымі, перш чым стануць відавочнымі іх дабратворныя вынікі.
Сужэнская і сямейная малітва
Шостая сустрэча прысвечана тэме «Любоў на ўсё жыццё», якая дазволіць яшчэ раз закрануць пытанне жыцця саюзу і паглыбіць веды пра дзве формы малітвы — малітву сужэнцаў і сямейную малітву. Гутаркі на гэтую тэму звычайна праходзяць вельмі плённа.
Трэба добра размяжоўваць гэтыя дзве формы малітвы. Малітва сужэнцаў працягваецца ўвесь час, пакуль існуе сужэнскі саюз, яна спадарожнічае ўсім духоўным клопатам і пачынанням, што дазваляе сужэнцам супольна стаць перад абліччам Бога ў момант распачацця задання «Прысядзем разам!». Выконваючы гэтае заданне, сужэнцы вучацца слухаць адно аднаго, а гэта спрыяе больш шчыраму дыялогу паміж імі самімі, паміж імі і Богам.
Сямейная малітва прысутнічае ў жыцці сужэнцаў толькі ў той перыяд, калі ў доме ёсць дзеці. Калі дзіця дасягне пэўнага ўзросту, яно павінна само праявіць жаданне ўдзельнічаць у малітве.
Падчас абмену досведам па гэтым канкрэтным заданні трэба асабліва дбаць пра тое, каб кожны ў форме простага аналізу мог распавесці пра прычыны сваіх няўдач і ўмовы поспеху.
«Правілы жыцця»
У Дэкларацы Суполак Маці Божай адзначана:
«Без правілаў жыцця адвольнасць вельмі часта кіруе рэлігійным жыццём сужэнцаў і робіць яго хаатычным. Гэтыя правілы жыцця (кожнае сужэнства распрацоўвае свае ўласныя) акрэсліваюць намаганні, якія прыкладае кожнае сужэнства, каб лепей выконваць Божую волю.
Тут маецца на ўвазе не павелічэнне абавязкаў, а іх удакладненне, што дапаможа сужэнствам узмацніць сваю волю і пазбегнуць адступніцтва і здрады».
Каб лепей прыняць (і проста зразумець) сапраўдную вартасць і мэтазгоднасць гэтага новага канкрэтнага задання, трэба спалучыць яго з выкананнем іншых канкрэтных заданняў: «правілы жыцця» могуць быць вызначаныя на ўзроўні нашых духоўных пошукаў, пошукаў кірунку жыцця (напрыклад, да такіх «правілаў» будзе адносіцца пастанова паглыбляць асабістую малітву, прысвячаючы ёй на працягу пэўнага часавага перыяду некалькі хвілін свайго дня) або на ўзроўні больш практычных пастановаў (напрыклад, больш клапаціцца пра адукацыю дзяцей, больш часу і намаганняў прысвячаць дапамозе сужэнцу ў выкананні хатніх справаў, якія ніколі не заканчваюцца, калі толькі мы хочам іх заўважыць). Бясконца можна прыдумваць штосьці для свайго ўдасканалення, калі рэгулярна задумвацца над сваімі адносінамі да Бога і іншых людзей, пачынаючы з самых блізкіх і не забываючыся пра саміх сябе.
Дні духоўных сустрэч
На шляху сужэнскага жыцця могуць з’яўляцца шматлікія перашкоды.
Часам ужо не хапае дыхання, каб працягваць падымацца на вяршыню, адкуль можна было б усё ўбачыць і ацаніць, перш чым распачаць пэўныя дзеянні. Рэкалекцыі, у якіх сужэнцы разам прымаюць удзел, — гэта час, прызначаны для таго, каб затрымацца і знайсці новае дыханне ў жыцці, глыбей і даўжэй папрацаваць над заданнем «Прысядзем разам!».
Для сужэнцаў гэта нагода зрабіць рахунак з усяго свайго жыцця, які датычыцца адначасова чалавечых і духоўных справаў, з выкарыстаннем усіх рэкалекцыйных акалічнасцяў і ўмоваў, якія можна сабе выбраць (месца рэкалекцый, святар-рэкалекцыяніст, тэмы, практыкаванні).
ІХ сустрэча.
Падвядзенне вынікаў першага года
У жыцці новай суполкі заканчваецца першы год знаёмства з педагагічным сродкамі, якія прапануе Рух Суполак Маці Божай і якія даюць магчымасць развіваць свае чалавечыя якасці і расці духоўна ў сужэнскай супольнасці.
Дзякуючы публікацыям («Лістам» і трактатам), разнастайным акцыям, праведзеным на мясцовым, рэгіянальным, дзяржаўным і міжнародным узроўні Рух END даў сужэнствам магчымасць перажыць канструктыўныя моманты групавых сустрэч з іншымі парамі і іншымі суполкамі.
Настаў час падвесці вынікі, або правесці шчырую гутарку ў форме задання «Прысядзем разам!» у межах ўсёй суполкі. Трэба мець адвагу выказаць, наколькі да гэтага часу ў суполцы былі ўлічаныя нашыя спадзяванні і патрэбы, а чаго нам яшчэ не хапае для поўнага задавальнення.
Суправаджальная пара, якая наўмысна не прыходзіла на чатыры апошнія сустрэчы, разам з адказнаю параю і духоўным дарадчыкам праводзіць гэтую выніковую сустрэчу. Высновы і пастановы гэтай сустрэчы фармулююцца і захоўваюцца ў пісьмовай форме.
Гэтая дзевятая сустрэча, так як і ўсе папярэднія, можа грунтавацца на пісьмовым матэрыяле, падрыхтаваным кожнаю з пар, і складацца з наступных этапаў:
- чытанне Божага слова (папярэдне выбраны фрагмент);
- медытацыя, якая праводзіцца ўголас;
- пералічэнне малітоўных інтэнцый;
- вольны абмен думкамі па выбраных пытаннях з падручніка.
Падчас пасілку можа быць створана найбольш спрыяльная атмасфера для таго, каб правесці сапраўды плённую гутарку аб тым, што на працягу года найбольш уразіла ўдзельнікаў суполкі.
«Уік-энд» новых суполак
Прыняцце новых пар у Рух Суполак Маці Божай ініцыявала пара інфарматараў, якая дала ім дакументацыю і неабходныя тлумачэнні і скіравала да адказнай суполкі сектара. Адказная суполка прапанавала ім утварыць новую суполку, каб яны маглі навучыцца жыць у супольнасці і распачаць свой шлях у шэрагах Руху END пасля двух важных этапаў, ахарактарызаваных у гэтым сшытку.
Цяпер можна прапанаваць гэтым маладым парам далучыцца да Суполак Маці Божай, бо яны ўжо ведаюць асноўныя сродкі, прынятыя ў руху, і ўпэўнена далучаюцца да рэалізацыі яго паслядоўнай педагогікі.
Таму суправаджальная пара павінна адразу ж заахвоціць новыя сужэнствы сустрэцца з удзельнікамі іншых суполак, якія таксама завяршаюць этап знаёмства з Суполкамі Маці Божай, і правесці разам з імі гэты «ўік-энд», арганізаваны адказнаю параю рэгіёна.
Суправаджальная пара павінна суправаджаць новую суполку на працягу гэтага «ўік-энда».
«Уік-энды» арганізуюцца паводле наступнай мадэлі:
- павучанне на якую-небудзь агульную тэму (выказванне і актывізацыя ўдзельнікаў даручаецца аднаму з духоўных дарадчыкаў). Прыклад тэмы: «Святасць: яе дэфініцыя і практыка (асабістая і ў сужэнскім саюзе, з дапамогаю суполкі і руху)»;
- агульнае падвядзенне вынікаў па канкрэтных заданнях з удзелам і сведчаннямі суправаджальных параў і духоўных дарадчыкаў; практычныя парады маладым сужэнствам;
- эўхарыстычная Ахвяра, прыгатаваная супольна, падчас якой адбываецца ўрачыстая цырымонія падачы заявы аб уступленні ў Рух Суполак Маці Божай (у якасці памяткі ўдзельнікі атрымліваюць абразок або які-небудзь іншы прадмет).
Магніфікат
Велічае душа мая Пана,
і ўзрадаваўся дух мой у Богу, маім Збаўцы.
Бо ўзглянуў Бог на пакору сваёй слугі,
і цяпер благаслаўляць мяне будуць усе пакаленні.
Бо вялікае ўчыніў мне Усемагутны,
а імя Яго святое.
І міласэрнасць Яго з пакалення ў пакаленне
над тымі, хто Яго баіцца.
Паказаў моц сваёй правіцы,
рассеяў тых, хто пыхлівы сэрцам.
Скінуў магутных з трону
і ўзвысіў пакорных.
Дабром галодных насыціў,
а багатых ні з чым адправіў.
Прыняў свайго слугу Ізраэля,
памятаючы пра сваю міласэрнасць,
як абяцаў бацькам нашым,
Абрагаму і яго патомству навекі.
* * *
Пані наша, апякунка сем’яў,
маліся за нас!