Рэкалекцыі вачыма ўдзельнікаў…

20-22 лютага прайшлі першыя ў 2026 годзе рэкалекцыі нашага Руху END на тэму «Не ўхіляйцеся адно ад аднаго ў Хрысце».

 

Цудоўнае месца Рось. Утульны рэкалекцыйны дом «Голас Айца». 20 сужэнскіх пар з розных куткоў Беларусі. Прафесійныя спікеры. Лёгкае здзіўленне ад тэмы. Баланс духоўнага і псіхалагічнага. Сужэнскі і групавы інтэрактыў. І праз увесь час выразнае адчуванне суправаджэння Духа Святога.

Вось некаторыя прыемныя ўспаміны ўдзельнікаў.

Сям'я Мацерый, г. Барысаў:

«Запісаліся на рэкалекцыі адразу, таму што яны праходзілі менавіта ў Росі. І вось наш прыезд – крыху хвалююча! Сустракаюць нас нашы цудоўныя арганізатары.

Хочацца спыніцца на арганізацыі. Усё прайшло выдатна і лёгка, але мы разумеем, што за гэтым стаіць вялізная праца і бяссонныя ночы. Кожная дробязь была прадумана з вялікай увагай.

Рамантычны вечар быў самым рамантычным! Мы разумелі, што нас шмат, але ў той жа час як быццам мы адны. І з намі – Бог!

Як было ўтульна і спакойна ў каплічцы з нашай вялікай і дружнай сям'ёй, асабліва калі маліліся на Святым Ружанцы, калі разам спявалі пад музычнае суправаджэнне сям'і Ермачонак.

Ранішняя малітва – гэта было цудоўна! Толькі прачнуліся – і адразу да Бога.

Таксама кранула Адарацыя ў цішыні. Я і Бог! Чаго яшчэ жадаць?

Мы прыехалі за новымі ведамі, і мы іх атрымалі. Тэма адразу нас здзівіла. Мы падумалі: чаго ж мы яшчэ не ведаем, бо разам ужо 34 гады? А як аказалася, нам яшчэ ёсць чаму павучыцца. Да гэтага часу разважаем: калі б нам які-небудзь святар распавёў гэтую інфармацыю гадоў так... -наццаць таму, можа і ў нас было б не адно дзіця.

Дзякуй айцу Андрэю за навуку, за яго далікатнасць, за бліскучы гумар, за споведзь, за настаўленне, за тое, што адкрыў у прастаце вочы на адносіны сужонкаў праз духоўнасць.

У тандэме з айцом Андрэем суправаджала нас псіхолаг Вераніка, сапраўдны прафесіянал сваёй справы. Яна тлумачыла, як не аддаляцца адно ад аднаго, як здзіўляць, як быць бліжэй адно да аднаго і разам ісці да святасці.

Дзякуй таксама за вельмі смачную ежу, за атмасферу свята.

Пане Божа, дай нам сілы кожны дзень рабіць выбар на карысць любові адзін да аднаго!»

Алена Манчынская, г. Мінск:

«Для нас гэтыя рэкалекцыі сталі рэанімацыяй нашага сужонскага жыцця. Зразумела я гэта ў апошні дзень, але з першых хвілін адчувалася, што нас вёў Святы Дух.

Усё падчас гэтых рэкалекцый складвалася не так, як звычайна. Дарогу нам лагодзіла незвычайна яркае зімовае сонейка; мы не спяшаліся, бо хапала часу; санаторна-курортныя ўмовы пражывання; адказы на пытанні, якія нараджаліся ў маіх думках, здзіўлялі сваёй прастатой і актуальнасцю; рамантычны настрой, якога ўжо даўно не адчувала; нават натхненне зрабіць сюрпрыз для майго мужа я не адкінула, як раней з думкамі: "Ай, няёмка, сорамна. Можа не трэба." І канешне людзі, якія былі побач усе гэтыя дні!

Сустрэчы, канферэнцыі, жарты, усмешкі, абдымкі.... А самае важнае – адкрытая, прыемная і да слёз шчырая размова з мужам. Усё гэта стала сапраўдным дэфібрылятарам нашага сужонскага шчасця.

Шмат разоў дзякуй Пану Богу і ўсім, хто прычыніўся да арганізацыі гэтых рэкалекцый! А нам застаецца толькі берагчы гэты дар, які атрымалі.»

Вячаслаў Ляшнеўскі, г. Барысаў:

«Любоў, якая ішла ад Бога праз людзей падчас рэкалекцый, прымушае дагэтуль ззяць не толькі нашы твары, але і сэрцы. Хвала Пану!»

Галіна Руткоўская, Васiль Цімашчук г. Пінск:

«Хочацца выказаць словы падзякі ўсім удзельнікам рэкалекцый за вашу цеплыню і шчырасць, за адкрытасць і шляхетнасць. Асаблівая ўдзячнасць арганізатарам: усё прадумана і прадугледжана да драбніц, асабліва на рамантычным вечары. Тэма сёлетніх рэкалекцый нечаканая, але такая важная. Спікеры, айцец Андрэй і спадарыня Вераніка – проста профі: так далікатна і глыбока пра самае патаемнае. Прамова ксяндза Чэслава – таксама адзін з самых яркіх момантаў рэкалекцый. Бытавыя ўмовы, харчаванне і пражыванне, як у пяцізоркавым гатэлі. Жадаем усім дабра і рамантыкі ў адносінах! Няхай эмацыйны настрой, з якім мы вярнуліся з Росі, будзе саграваць нашы сэрцы вельмі доўга! Хвала Пану!»

 

 

Тэкст: Кацярына Ваяводская, г. Мінск

Фота: Віктар Шор, г. Жодзіна

Каб паглядзець фатаграфіі ў добрай якасці перайдзице па спасылцы: Фатаграфіі ў добрай якасці

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 88 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай! З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужэнскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамэнт сужэнства.

+375333829439, +375293730091