Рэкалекцыі на тэму: «Эўхарыстыя ў сужэнскiм жыццi»

22-24 сакавiка адбыліся чарговыя рэкалекцыі нашага Руху на тэму «Эўхарыстыя ў сужэнскiм жыццi», сугучную з тэмай сустрэч Суполак Руху у бягучым фармацыйным годзе.

20 сем'яў рознага ўзросту і вопыту сямейнага жыцця, прадстаўнiкi Паўночнага i Паўднёвага Сектараў, прынялі ўдзел у гэтых духоўных практыкаваннях.

Вельмі утульна i спакойна, але, адначасова, даволі інтэнсіўна i iнфарматыўна было падчас гэтых трох дзён. Асаблівая цёплая атмасфера, нiбыта запаволены час паспрыялi ўдзельнікам, каб перажыць усё задуманае арганiзатарамi згодна з планам.

Духоўнае суправаджэнне паважанага кс. Юрыя Пракапюка падчас Эўхарыстыi, Адарацыi, канферэнцыi, асабiстых духоўных размоў было вельмi глыбокiм, а падчас споведзi – найбольш кранальным (ніхто не застаўся без сакрамэнту пакаяння).

Глыбокiя канферэнцыi i псiхалагiчныя практыкi пад чулым кiраўнiцтвам сястры Паўлы Бобер MSF дапамаглi ўдзельнiкам знайсцi адказы на многiя пытанні, закранаючы балючыя тэмы. Ва у́сix з' явiлася яшчэ больш моцнае жаданне жыць з Хрыстом i у́ Хрысце, iмкнуцца выконваць Яго прыказаннi,  глыбей пазнаваць Слова Божае, жыць па Слову Божаму).

Прыемна было бачыць шчаслівыя ўсмешкі дзяцей побач з дасведчанымі чулымі аніматарамі Палiнай Ручан і Мартай Маiсеевай. Дзяўчаты з нагоды падрыхтоўкі да Пальмовай Нядзелі правялі для дзяцей майстар-клас па вырабе вербачак. Далей было шмат розных актыўнасцяу́. Асаблiва дзеці былі ўражаны цудоўнай прагулкай па Баранавічах, невялікі дожджык не сапсавау́ настрою i у́вогуле не перашкаджау́.

Напрыканцы рэкалекцый Пара Рэгіену  Манчынскiя Генадзь і Алёна заахвоцiлі сем'i i надалей быць адкрытымi, не баяцца новых служэнняў i адказнасцяў на карысць Руху.

Рэкалекцыі сапраўды "атрымаліся", дзякуючы актыўнаму ўдзелу i ахвярнаму служэнню ўсiх сем'яў падчас розных адказнасцяў, дзякуючы цудоўнаму спеву і музычнаму суправаджэнню сям'і Рамановіч, фотагiсторыi ад сям'і Маісеевых.

Вельмі адкрыта і шчыра дзяліліся сем'і сваімі думкамі i сведчаннямi падчас сумесна праведзенага часу, і гэта амаль самы каштоўны скарб рэкалекцый!

Уражаннi ўдзельнiкаў пасля рэкалекцый вельмi захапляльныя.

Дзелiцца Сяргей Бобка з Ганцавiч: «Вярнуўся з рэкалекцый вельмi натхнёны. Увесь час узгадваю пэу́ныя моманты з рэкалекцый, пераасэнсоу́ваю. У маёй галаве паўсталі такія вобразы. Сям'я - гэта адзіны жывы арганізм. Так вучыць нас Біблія, і так ёсць на самой справе, хочам мы гэтага ці не. Муж і жонка - гэта як галава і ногі ці яшчэ нешта [у адзiным арганiзме]... Няважна. І як высветлілася на рэкалекцыях, няма, напэўна, нiводнага здаровага арганізма, усе мы хварэем. Хтосьці больш, хтосьці менш. І пакутуем мы па-рознаму і не ведаем, якімi лекамі зняць гэты боль.  Я даведаўся аб тым, што Лекар, якi здольны вылечыць любыя нашыя душэўныя раны, гэта толькі наш Госпад Езус Хрыстус. А самыя эфектыўныя лекi – Божае Слова i Эўхарыстыя. Трэба толькі адкрыць Кнігу, адкрыць душу і даць магчымасць лекам дзейнічаць. Дзякуй медСястры Паўле, медбрату айцу Юрыю, якія падзяліліся з намі рэцэптам сямейнага здароўя».

Важным з'яўляецца досвед Таццяны Ціцяк, якая з мужам i маленькай дачкой прыехалi ўпершыню: «Для нашай пары гэта першы вопыт рэкалекцый. Калі мама [Вольга Курачка з Ганцавiч] прапанавала нам паехаць, чамусьці ў нас не было сумневаў, ехаць ці не. I на працы ўсё склалася, і не было ніякіх перашкод па дарозе. Усё адбылося так, як гэта трэба было Богу. Мы вельмі шмат пагаварылі, абмеркавалі і прааналізавалі. Веру, што гэта будзе новым вітком у нашым духоўным і шлюбным жыцці».

Кранае сведчанне Андрэя i Галiны Ермачонак з Барысава: «Рэкалекцыі вельмі запомніліся і спадабаліся нам. Усе выходныя праходзілі ў атмасферы цеплыні, утульнасці і прыемных сустрэч з іншымі сем'ямі. Канферэнцыі кс. Юрыя і с. Паўлы, сумесныя малітвы, медытацыі, дзяленнi кожнага у́дзельнiка рэкалекцый былі напоўнены духоўнасцю, прастатой і шчырасцю, што асабліва каштоўна і важна. Мы адпачылі фізічна, узраслі духоўна і з новымі сіламі вярнуліся дадому. Дзякуй вялікі ўсім арганізатарам і ўдзельнікам за вашу прысутнасць, актыўны ўдзел і жаданне ўзрастаць у Богу. Хочацца падзялiцца вельмі дакладным і важным вызначэннем Вялікадня ад ксяндза Юрыя, якое трапiла прама ў сэрца: «Вялікдзень – гэта не чыстыя вокны і вымытыя фіранкі. Вялікдзень – гэта веданне і адчуванне Таго, Хто за мяне памёр і ўваскрос».

Водгук Галiны Лабоцкай з г. Баранавiчы: «Рэкалекцыі. Напачатку думкi аб тым, як жа пройдзе гэты час, калі ты далёка ад дома, ад працы… Вялікая колькасць сем'яў, што вельмі цешыла. Цішыня, разважаннi. Эўхарыстыя, дзеля якой пакінуу́ усе справы, думкі, клопаты. Адарацыя – час сустрэчы з Богам у цішыні. Сур'ёзныя тэмы канферэнцый, але ўсё так проста, даступна і лаканічна. Галоўная тэматыка – Эўхарыстыя, сувязь з Хрыстом, сапраўдная Ежа, Якая дае тое, што мы насамрэч патрабуем. А таксама пытанне, якое гучыць і дагэтуль: «А як я служу свайму бліжняму ў сям'і, ці гатовы я з такой паўнатой, як Хрыстос, аддаваць сябе свайму мужу, жонцы, дзецям?»

Сказаць, што было цікава, значыць, нічога не сказаць. Дух Святы дзейнічаў у кожным. Дзяленне было глыбокім. З Божай дапамогай адбыўся цуд адкрыцця сэрцаў. Сведчанні былі розныя: радасныя і балючыя, але, напэўна, кожны зрабіў свае глыбокія падсумаваннi.

Няхай Пан Бог аддзячыць усім, хто зрабіў нам гэтыя тры дні бестурботнымі і бесклапотнымі. Дзякуем за у́сё Пану Богу і да новых сустрэч!»

Аляксандр і Ларыса Мацерый з Барысава: «Рэкалекцыі ўдыхнулі новае жыццё ў нашы адносіны, мы паглядзелі адзін на аднаго па-іншаму. Трэці раз мы прыязджаем на рэкалекцыi і кожны раз атрымліваем моцныя ўражанні, знаёмімся з новымі блізкімі па духу людзьмі, сустракаемся ўжо са знаёмымі. І гэта выдатна! Тэма рэкалекцый была вельмі важная. Кс. Юрый дапамог нам паглядзець на гэтую тэму з любоўю з боку мужа і жонкі, нiбыта па-новаму. Было вельмі цікава i пазнавальна. С. Паўла дадала глыток свежага паветра з тэмай пра адносіны ў сем'ях. У цэнтры абмеркавання была фраза, якая не пакінула нікога абыякавым: «выйсці з зоны камфорту». Шмат удзельнiкаў рэкалекцый падзяліліся сваім досведам сужэнскага жыцця, і гэта класна! Рэкалекцыі – гэта лагічны працяг уік-эндаў, калі мы збіраемся нашай суполкай, рэгулярна практыкуем дыялог у пары. Дзякуй вялікі ўсім, асабліва арганізатарам. Дзякуючы рэкалекцыям нашы адносіны сталі больш глыбокімі і яснымі.»

 

 

Каб паглядзець фатаграфіі ў добрай якасці перайдзице па спасылцы: Фатаграфіі ў добрай якасці

 

Тэкст: Наталля Бобка,  Кацярына Ваяводская.

Сведчаннi: Сяргей Бобка, Таццяна Цiцяк, Андрэй i Галiна Ермачонак, Галiна Лабоцкая, Аляксандр i Ларыса Мацерый.

Фота: Вiталiй Маiсееў, Палiна Ручан.

 

 

 ФОТА ГАЛЕРЭІ
Хвала Хрысту!

Зараз 117 госцяў анлайн

Вітаем Вас на старонцы Equipes  Notre-Dame – Суполкі Маці Божай. З’яўляемся беларускім рэгіёнам міжнароднага руху сужанскай духоўнасці Equipes Notre-Dame, галоўная мэта якога – дапамога хрысціянскім сем’ям найбольш поўна перажываць сакрамант шлюбу.

+375333829439