Любыя Сем’і руху END, шаноўныя духоўныя дарадчыкі Беларускага рэгіёну!
У Папяльцовую сераду мы распачалі нашую велікапосную дарогу, час, які праз сорак дзён вядзе да велікоднай радасці, да перамогі жыцця над смерцю. У гэтым часе хрысціяне, трываючы на малітве і ў дзейснай любові, праходзяць сваю дарогу духоўнага ачышчэння праз малітву, міласціну і пост. Нам варта прыгадаць, а можа, і нанова зразумець, якім чынам хрысціянскім сужэнцам і сем’ям улучыцца ў Хрыстовы шлях пакуты і крыві, каб захоўваць
і ўдасканальваць узаемную любоў, што вядзе нас да святасці. Прапаную звярнуцца да выбраных фрагментаў Апостальскай адгартацыі Amoris letitia Папы Францішка. У большасці гэта будуць роздумы над біблійнымі фрагментамі, якія пакажуць нам добры і плённы шлях велікапосных пастаноў і магчымых змен у нашых сем’ях.
Прыгажосць і ідылія, якую можам знайсці ў Бібліі на тэму сужэнскага і сямейнага жыцця, не адмаўляе горкай рэчаіснасці, прадстаўленай у Святым Пісанні. Гэта прысутнасць болю, зла, гвалту, якія руйнуюць сям’ю і яе інтымную супольнасць жыцця і кахання. Небеспадстаўна прамова Хрыста адносна сужэнства (пар. Мц 19, 3-9) уключана ў палеміку на тэму разводу. Божае слова – нястомны сведка гэтага цёмнага вымярэння, якое адкрываецца ўжо напачатку, калі разам з грахом адносіны кахання і чыстасці паміж мужчынам і жанчынай ператвараюцца ў дамінаванне: “да мужа твайго будзе скіравана прагненне тваё, а ён будзе панаваць над табою” (Быц 3, 16).
Гэта шлях пакуты і крыві, якім прасякнута шмат старонак Бібліі, пачынаючы ад братазабойчага гвалту Каіна ў дачыненні да Абэля, а таксама розных спрэчак паміж дзецьмі і жонкамі патрыярхаў Абрагама, Ісаака і Якуба, да трагедый, якія перапаўнялі крывёй сям’ю Давіда пасля многіх сямейных цяжкасцяў, прысутнічалі ў гісторыі Тобія або ў горкім прызнанні пакінутага Ёва: “Браты ўцяклі ад мяне, староняцца мяне знаёмыя, найбліжэйшыя і хатнія расчаравалі [...]. Жонцы мой подых нямілы, і я – смурод для сваіх дзяцей” (пар. Ёў 19, 13-14.17).
Сам Езус нарадзіўся ў сціплай сям’і, якая неўзабаве павінна была ўцякаць на чужыну. Ён увайшоў у дом Пятра, чыя цешча была хворай (пар. Мк 1, 30-31); дазволіў уцягнуць сябе ў драму смерці дома Іаіра або дома Лазара (пар. Мк 5, 22-24. 35-44; Ян 11, 1-44); выслухаў крык роспачы ўдавы з Наіна перад абліччам смерці яе сына (пар. Лк 7, 11-15); адрэагаваў на крык бацькі эпілептыка ў малой вёсцы (пар. Мк 9, 17-27); сустракаўся з мытнікамі Мацвеем і Закхеем у іх уласных дамах (пар. Мц 9, 9-13; Лк 19, 1-10), а таксама з грэшнікамі, сярод якіх жанчына, якая ўвайшла ў дом фарысея (пар. Лк 7, 36-50). Ён ведаў турботы і канфлікты сем’яў, кажучы пра іх у сваіх прыпавесцях: пачынаючы ад сітуацыі, калі дзеці пакідаюць свае дамы, каб шукаць прыгод (пар. Лк 15, 11-32), да цяжкіх сыноў, чые паводзіны не паддаюцца тлумачэнню (пар. Мц 21, 28-31), або да ахвяр гвалту (пар. Мк 12, 1-9). Ён клапоціцца таксама пра вясельную гасціну, якая можа апынуцца пад пагрозай зрыву з-за адсутнасці віна (пар. Ян 2, 1-10) або адгаворак гасцей (пар. Мц 22, 1-10), а таксама адчувае смутак з прычыны страты манеты ў беднай сям’і (пар. Лк 15, 8-10).
У гэтым сціслым аглядзе мы можам убачыць, што Божае слова з’яўляецца не наборам абстрактных тэорый, а спадарожнікам сем’яў, якія перажываюць крызіс і розныя пакуты, яно ўказвае ім мэту дарогі, калі Бог “вытра кожную слязу з іх вачэй, і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю” (Ап 21, 4).
Добра разумеем, што кожны крок, якім Езус прынёс нам збаўленне праз сваю муку і крыж, быў здзейснены з любові. Таму таксама ўсяго сказанага будзе недастаткова, каб выразіць велікапосную духоўнасць і Евангелле сужэнства і сям’і, асабліва калі мы не прысвецім крыху часу для таго, каб падрабязна распавесці пра любоў. Мы не можам заахвочваць да вернасці і ўзаемнага дару сябе, калі не будзем заклікаць да развіцця, умацавання і паглыблення сужэнскай і сямейнай любові. Ласка сакрамэнту сужэнства па сутнасці павінна ў першую чаргу “ўдасканальваць любоў сужэнцаў”. Таксама і ў гэтым выпадку маюць слушнасць словы пра тое, што калі маю „паўнату веры, каб перастаўляць горы, а любові не маю, то я – нішто. І калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці”
(1Кар 13, 2-3). Больш за тое – слова “любоў” стала адным з найчасцей ужываных, а таксама злоўжываных.
Велікапосны шлях нашай штодзённай любові.
У так званым “Гімне любові”, напісаным св. Паўлам, мы бачым пэўныя рысы сапраўднай любові: “Любоў доўгацярплівая, любоў ласкавая, не зайздросціць, любоў не пыхлівая, не ганарыцца, не бессаромная, не шукае свайго, не гневаецца, не памятае зла, не радуецца несправядлівасці, але радуецца разам з праўдай. Усё зносіць, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё церпіць” (1Кар 13, 4-7). Гэта існуе і ўдасканальваецца ў жыцці, якое сужэнцы штодзённа падзяляюць адно з адным і са сваімі дзецьмі. Таму трэба спыніцца і высветліць значэнне слоў гэтага тэксту, каб спрабаваць прымяніць іх да канкрэтнага жыцця кожнай сям’і.
Цярплівасць. Значэнне гэтага слова мы можам зразумець з грэчаскага перакладу Старога Запавету, калі гаворка ідзе пра тое, што Бог “няскоры да гневу” (Зых 34, 6; Лев 14, 18). Гэта мае месца тады, калі асоба не дазваляе ахапіць сябе імпульсам і пазбягае нападак. Гэта рыса Божага запавету, які заклікае наследаваць Яго таксама ў сямейным жыцці. Тэксты, у якіх св. Павел выкарыстоўвае гэты тэрмін, трэба чытаць у кантэксце кнігі Мудрасці (пар. 11, 23; 12, 2. 15-18): праз праслаўленне памяркоўнасці Бога, даючы месца скрусе, Пісанне адначасова падкрэслівае Яго моц, якая праяўляецца ў дзеянні міласэрнасці. Цярплівасць Бога – гэта спаўненне міласэрнасці да грэшнікаў і праява сапраўднай моцы.
Быць цярплівымі не азначае, што мы дазволім няспынна здзеквацца з сябе, што мы можам цярпець фізічную агрэсію або згаджацца на стаўленне да нас як да прадметаў. Праблема нараджаецца тады, калі мы патрабуем, каб адносіны былі ідылічныя або каб людзі былі дасканалымі ці калі мы ставім сябе ў цэнтр і чакаем, каб адбывалася выключна тое, чаго мы хочам. У выніку ўсё выводзіць нас з раўнавагі, усё вядзе нас да агрэсіўных рэакцый. Калі мы не клапоцімся пра цярплівасць, то заўжды будзем апраўдваць свой гнеў і ўрэшце станем людзьмі, якія не змогуць жыць разам з іншымі, асацыяльнымі тыпамі, няздольнымі апанаваць імпульсы, а сям’я ператворыцца ў поле бітвы. Таму Божае слова заахвочвае нас: “Усякая горыч і раздражненне, і гнеў, і крык, і блюзнерства няхай будуць выдалены ад вас разам з усякай злосцю” (Эф 4, 31). Гэтая цярплівасць умацоўваецца, калі я прызнаю, што і другая асоба, такая, якой яна ёсць, мае права на жыццё на гэтай зямлі, як і я. Незалежна ад таго, што яна замінае мне, змяняе мае планы ці нервуе мяне, што яе спосаб існавання, або яе ідэі, або нават яна сама не зусім такая, як я спадзяваўся. Любоў заўсёды мае пачуццё глыбокага спачування, якое вядзе да прыняцця іншай асобы як часткі гэтага свету, нават калі яна дзейнічае не так, як мне хацелася б.
Ласкавасць. Слова, унікальнае ва ўсёй Бібліі, паходзіць ад “добры чалавек, які праяўляе сваю дабрыню ва ўчынках”. Аднак беручы пад увагу, у якім кантэксце стаіць гэтае слова, у цесным паралелізме з папярэднім дзеясловам, яно становіцца яго дапаўненнем. Таму св. Павел хоча растлумачыць, што “цярплівасць” – гэта не зусім пасіўная пазіцыя, што спадарожнічае ёй актыўнасць, дынамічная і крэатыўная рэакцыя на іншых. Апостал паказвае, што любоў робіць дабро іншым і пашырае яго. Таму перакладаецца як “ласкавая”.
Ва ўсім тэксце відаць, што св. Павел падкрэслівае: любоў – гэта не толькі пачуццё, што яе трэба разумець у тым сэнсе, які слова “любоў” мае ў габрэйскай мове, а значыць, “рабіць дабро”. Як сказаў св. Ігнацы Лаёла, “любоў павінна грунтавацца больш на ўчынках, чым на словах”. Такім чынам яна можа паказаць усю сваю плённасць і дазваляе нам зазнаваць радасць ад давання, высакароднасці і цудоўнасці прынясення сябе ў дар шчодра, без меры, без патрабавання адплаты, толькі дзеля прыемнасці аддавання і служэння.
Далей адкідаецца як супярэчная любові пазіцыя, выказаная словам зайздрасць. Гэта азначае, што ў любові няма месца на шкадаванне дабра для іншай асобы (Дз 7, 9; 17, 5). Зайздрасць – гэта засмучанасць дабром іншых, якая паказвае, што мы не зацікаўленыя ў шчасці іншых, паколькі засяродзіліся выключна на сваім поспеху. У той час як любоў дазваляе нам выйсці з нашых абмежаванняў, зайздрасць вядзе нас да канцэнтрацыі на сабе. Сапраўдная любоў цэніць дасягненні іншых, не ўспрымае іх як пагрозу, яна свабодная ад горкага смаку зайздрасці. Яна прымае тое, што кожны мае розныя дары і розны жыццёвы шлях. Таму імкнецца адкрыць свой шлях да шчасця, дазваляючы іншым знайсці сваё шчасце.
Урэшце ідзе гаворка пра спаўненне таго, чаго патрабуюць дзве апошнія запаведзі Божага закону: “Не пажадай дому бліжняга свайго; не пажадай ні жонкі яго, ні ягонага нявольніка, ні ягонай нявольніцы, ні вала ягонага, ні асла ягонага – нічога, што належыць яму” (Зых 20, 17). Любоў прымушае нас шчыра цаніць кожнага чалавека, прызнаючы яго права на шчасце: «Я люблю іншую асобу, гляджу на яе вачыма Бога Айца, Які “дае нам усё для карыстання” (1Цім 6, 17), а значыць, прымаю, што яна можа карыстацца добрым момантам». У кожным выпадку гэта той самы корань любові, які вядзе мяне да адкідання несправядлівасці, у выніку якой некаторыя маюць занадта шмат, а іншыя – нічога, або які пабуджае мяне да дзеяння, каб адрынутыя грамадствам людзі таксама маглі мець крыху радасці. Гэта не зайздрасць, а жаданне роўнасці.
Чарговы выраз, які азначае ганарыстасць – жаданне паказаць сваю вышэйшасць, робячы ўражанне на іншых педантычнай і крыху агрэсіўнай пазіцыяй. Той, хто любіць, не толькі пазбягае зашмат гаварыць пра сябе, але і мае здольнасць быць на сваім месцы, не спрабуе ставіць сябе ў цэнтры, бо засяроджваецца на іншых.
Наступнае слова паказвае, што любоў не нахабная. Яно літаральна выражае тое, каб “не ўзвышацца” над іншымі, і ўказвае на штосьці больш далікатнае. Гаворка не толькі пра манію дэманстраваць свае станоўчыя рысы, але і пра штосьці, што прыводзіць да страты пачуцця рэчаіснасці. Мы лічым сябе больш цудоўнымі, чым мы ёсць на самай справе, бо мяркуем, што мы больш “духоўныя” або больш “мудрыя”. Св. Павел выкарыстоўвае гэтае слова з рознай нагоды, каб, напрыклад, сказаць, што “пазнанне робіць ганарыстым, а любоў будуе” (1Кар 8, 1b). Гэта азначае, што некаторыя лічаць сябе вялікімі, бо ведаюць больш, чым іншыя, і намагаюцца кантраляваць іх, у той час як у сапраўднасці тое, што робіць нас вялікімі, – гэта любоў, якая разумее, клапоціцца, прымае слабых і з’яўляецца чулай да іх. У іншым вершы св. Павел выкарыстоўвае гэтае азначэнне, каб раскрытыкаваць тых, хто “заганарыўся” (пар. 1Кар 4, 18), а ў сапраўднасці ў іх больш пустаслоўя, чым сапраўднай “моцы” Духа Святога (пар. 1Кар 4, 19).
Важна, каб хрысціяне не былі высакамернымі ў сваім падыходзе да родных, слабых у веры, слабых або менш упэўненых у сваіх перакананнях. Часам адбываецца наадварот: тыя, хто ў сваёй сям’і мусілі быць больш сталымі ў веры, становяцца нязносна нахабнымі. Пастава пакоры ўяўляецца тут як неад’емная частка любові, бо, каб зразумець, прабачыць або служыць іншым усім сэрцам, неабходна вылечыцца ад пыхі і рупіцца пра пакору. Езус нагадваў вучням, што ў свеце ўлады кожны стараецца панаваць над іншым, і таму сказаў ім: “Няхай не так будзе сярод вас” (Мц 20, 26). Логіка хрысціянскай любові – гэта не логіка людзей, якія адчуваюць сваю перавагу над іншымі і імкнуцца дэманстраваць сваю ўладу, але: “хто хоча быць большым сярод вас, няхай будзе вам слугою” (Мц 20, 27). У сямейным жыцці не можа дамінаваць логіка панавання адных над другімі або суперніцтва, каб паглядзець, хто больш разумны і моцны, бо гэтая логіка забівае любоў. Таксама да сям’і адносіцца парада “апраніцеся ўсе ва ўзаемную пакору, таму што Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку” (1П 5, 5).
Разгледзеўшы так падрабязна некалькі гэтых слоў з «Гімну любові», хочам перажыць сёлетні велікапосны шлях, робячы канкрэтныя сужэнскія пастановы. Трэба гэта рабіць з вялікай верай і пакораю. Пастановы нам дапамагаюць “не стаяць на месцы” ў сваім духоўным развіцці, а ўсцяж нанова патрабаваць ад сябе болей – болей любові на шляху да святасці. Часам, можа, засмучае нас досвед невыкананых пастаноў з мінулага, а таксама сваёй чалавечай слабасці і абмежаванасці, але гэта таксама знак і магчымасць больш даверыцца добраму Богу і часцей Яго прасіць аб дапамозе. Толькі такім чынам здолеем увайсці ў глыбокі досвед навяртання і даверу, зразумець і адкрыць тое, што перажыў Святы Павел. «Пан сказаў мне: “Хопіць табе Маёй ласкі, бо моц удасканальваецца ў слабасці”. Найбольш ахвотна буду хваліцца сваёй слабасцю, каб жыла ўва мне моц Хрыста» (2Кар 12, 9).
Любыя Сем’і руху END, шаноўныя духоўныя дарадчыкі Беларускага рэгіёну!
Даручым наш Рух матчынай апецы Найсвяцейшай Панны Марыі! Яна праз сваю поўную любові і даверу прысутнасць падчас крыжовага шляху і смерці Хрыста з’яўляецца для нас чалавечым узорам вытрываласці і надзеі. Няхай Яна будзе нашай дапамогай і суцяшальніцай у хвіліны слабасці!
Марыя, Каралева Сем’яў, будзь нашым натхненнем да сапраўднай хрысціянскай радасці і перамогі любові ў нашых сужэнствах, якая здзейсніцца падчас велікоднага спаткання з Уваскрослым Панам!
З дарам малітвы,
кс. Андрэй Лысы SChr,
духоўны дарадчык Рэгіёну